"Праваабаронцы не спыняць сваёй дзейнасці, пакуль усе палітвязні не будуць вызваленыя". "Вясна" далучылася да Чарнобыльскага шляху Фота
26 красавіка ў Вільні адбыўся мітынг і Чарнобыльскі шлях, прысвечаны 36 гадавіне трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. Ініцыятарам гэтага традыцыйнага шэсця выступіў Экадом.
Сёлета актуальнасць Шляху заўважная як ніколі, а экалагічны парадак дня пераплёўся з антываенным.
“Падчас вайны ва Украіне АЭС упершыню ў гісторыі зрабіліся месцам вядзення ваенных дзеянняў і таксама выкарыстоўваюцца як абароненыя ваенныя плацдармы для расійскага войска, якія вывелі з ладу сістэмы радыяцыйнага маніторынгу на захопленых станцыях, некалькі разоў абясточылі ЧАЭС. Салдаты вялі актыўныя перасоўванні ваеннай тэхнікі і баявыя дзеянні каля АЭС, капалі акопы ў зоне адчужэння, уключаючы высока небяспечны руды лес, дзе былі зафіксаваныя пажары. Усё гэта стварае ўмовы для радыяцыйнай падзеі, што ў некалькі дзясяткаў разоў пераўзыходзіць паводле сваіх маштабаў Чарнобыль і Фукусіму. І гэта пагроза, з якой мы працягваем жыць”, - сказала падчас выступу на Лукішскай плошчы Сабіна Аліева, рэдактарка youtube-канала “Краіны для жыцця”.
Праваабаронцы “Вясны” таксама прынялі ўдзел у мерапрыемстве, бо 26 красавіка – гэта і дзень заснавання арганізацыі, якая абараняе правы чалавека ужо 26 год запар.
Прадстаўніца “Вясны” Дзіяна Пінчук сказала:
“У 1996 годзе ўлады жорстка разагналі шматтысячны Чарнобыльскі шлях і затрымалі больш за 200 чалавек. Тады грамадскія актывісты аб'ядналіся, каб дапамагаць затрыманым і іх сем'ям. Так узнік Праваабарончы цэнтр «Вясна».
Але цяпер за кратамі апынуліся тыя, хто абараняў правы чалавека ў Беларусі і рабілі ўсё, каб беларусы не заставаліся сам-насам з рэпрэсіўнай дзяржаўнай машынай. Гэта старшыня “Вясны” Алесь Бяляцкі, ягоны намеснік і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека Валянцін Стэфановіч, юрыст і каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч. За кратамі ў чаканні суда яны ўтрымліваюцца ўжо больш за дзевяць месяцаў.
Кіраўнік Гомельскай філіі «Вясны» Леанід Судаленка і валанцёрка Таццяна Ласіца ўжо ў калоніях адбываюць свае тэрміны за дапамогу тым, хто пацярпеў ад палітычных рэпрэсій.
Учора ў Мінску распачаўся суд над каардынатаркай Валанцёрскай службы “Вясны” Марфай Рабковай і валанцёрам Андрэем Чапюком. Марфе пагражае да 20 гадоў зняволення, Андрэю – да 8. Яны ўтрымліваюцца ў сумнавядомай “Валадарцы” ужо больш за паўтары гады.
Яны пакутуюць за шматгадовую праваабарончую працу. Краты, якія падзяляюць іх і вольнае жыццё — гэта помста ўладаў за дзейнасць усяго Праваабарончага цэнтра “Вясна”. Гэта помста за тое, што праваабаронцы ніколі не маўчалі і не маўчаць пра рэпрэсіі і парушэнне правоў беларусаў.
На дадзены момант у Беларусі налічваецца 1142 палітычных зняволеных. Гэтая лічба расце амаль штодзённа. І праваабаронцы не спыняць сваёй дзейнасці, пакуль усе палітвязні не будуць вызваленыя, а справядлівасць не адновіцца”.
Таксама слова ўзяў віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага камітэта Сейма Літвы і міжнародны сакратар галоўнай кіруючай партыі Літвы Жігімантас Павільёніс, саветнік і кіраўнік аддзела ўнутранай палітыкі Аляксандр Дабравольскі, прадстаўніца “Экадома” Ірына Сухій.
Пасля мітынгу шэсце рушыла ад Лукішскай плошчы да парка Сапегаў, дзе ўдзельнікі акцыі запалілі знічкі і ўсклалі кветкі да помніку Маці Чарнобыля.