“Вы – тая сіла, якая рухае Беларусь наперад!” Праваабарончаму цэнтру “Вясна” – 26 год Відэа Дапоўнена
26 красавіка сваё 26-годдзе адзначае Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Менавіта ў гэты дзень пасля сілавога разгону Чарнобыльскага Шляху ў 1996 годзе неабыякавыя актывісты аб’ядналіся, каб дапамагаць затрыманым і іх сем’ям.
З той пары “Вясна” стала адной з вядучых праваабарончых арганізацый у Беларусі, дзейнасць якой была накіраваная на дапамогу пацярпелым ад уладаў і абарону правоў чалавека на нацыянальным і міжнародным узроўні. За гэтыя 26 год “Вясна” вырасла колькасна і якасна і працягвае адстойваць правы беларусаў, нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі і ціск з боку рэжыму.
Як стваралася “Вясна”. Успаміны Алеся Бяляцкага
За сваю мірную і выключна праваабарончую дзейнасць цяпер за кратамі знаходзіцца сем сябраў арганізацыі: старшыня Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы Марфа Рабкова, кіраўнік Гомельскага аддзялення Леанід Судаленка, валанцёры Таццяна Ласіца і Андрэй Чапюк.
Святлана Ціханоўская падзякавала праваабаронцам “Вясны” за іх працу:
“Мы так прызвычаіліся да “Вясна”, якая заўсёды побач, што часам забываемся дзякаваць ім за такую важную і складаную працу. Давайце зробім гэта сёння. Дзякую вам, родныя, вы робіце вельмі, вельмі важную для ўсіх нас працу”, - напісала яна ў тэлеграм-канале.
Таксама падзяку за працу “Вясне” выказалі і простыя беларусы ў рэпартажы Беларускага радыё Рацыя:
– “Вясна” мне вельмі дапамагла ў свой час, і я вельмі ўдзячны.
– Прыйшлі да мяне сябры “Вясна”, яны падтрымлівалі ўвесь час пакуль Вадзім 6 месяцаў сядзеў у турме. На судзе таксама.
– Жадаю быць мужнымі, працягваць сваю справу, і ў рэшце рэшт мы пераможам!
Беларусы ўдзячныя “Вясне”
Тым часам “Вольныя паштоўкі” да 26-годдзя “Вясны” выпусцілі новы набор паштовак з малюнкамі палітзняволенай праваабаронцы Марфы Рабковай.
“Ужо 26 гадоў прадстаўнікі “Вясна” падтрымліваюць беларусаў, якія церпяць за сваю грамадскую пазіцыю. Дзякуючы праваабаронцам, беларусы не застаюцца сам-насам з рэпрэсіўным апаратам, а злачынствы рэжыма становяцца вядомымі ўсяму свету”, - адзначаюць у ініцыятыве.
Паштоўкі можна набыць і даслаць палітвязням. Для гэтага трэба зрабіць данат ад 5 еўра і болей, даслаць чэк ініцыятыве і пакінуць адваротны адрас. “Вольныя паштоўкі” абяцаюць адправіць паштоўкі з малюнкамі Марфы ў любую кропку свету.
Задзіночанне беларускіх студэнтаў далучылася да віншаванняў “Вясне”
"ЗБС віншуе “Вясна” з днём заснавання і зычыць далейшых поспехаў у праваабарончай чыннасці! Мы дзякуем вам за самаадданую дзейнасць", - напісана ў тэлеграм-канале арганізацыі.
Павіншуй "вясноўцаў"!
Мы запусцілі віртуальную дошку, дзе можна пакінуць пажаданні да словы падтрымкі для нашых зняволеных калегаў і для сябраў “Вясны” агулам. Салідарныя беларусі ўжо напісалі шмат цёплых словаў да гадавіны стварэння арганізацыі.
"Паважаныя вясноўцы! Вы – тая сіла, якая рухае Беларусь наперад ужо шмат гадоў, і вашы высілкі – гэта тое, што робіць магчымым наша існаванне і рух наперад. Вашу дапамогу палітвязням, іх сваякам і ўсім актывістам не ацаніць. Дзякуй за вашу працу, жадаю, каб настаў час, калі ўсе вясноўцы будуць свабодныя".
Вольга Вялічка напісала:
"Дарагія нашы героі - вясноўцы! Шчыра віншую ўсіх нас з адным з найважнейшых этапаў у сучаснай гісторыі нашай Беларусі.
Бязмерна дзякую за вашу працу, за ваш талент і прафесіяналізм, за вашу моц і ўпартасць, за вашу прынцыпіяльнасць і неадступнасць ад закона!
Асабістыя прывітанні і праменні адпраўляю закладнікам, якія сёння вымушана знаходзяцца за кратамі. Моцна вас усіх абдымаю і веру ў нашу перемогу".
Раман К. з Віцебску таксама павіншаваў "Вясну":
"Дарагія "Вясноўцы"!
Дзякуй вам за вашу доўгую, плённую і самаадданую працу на карысць грамадства Беларусі. Я вельмі ўдзячны вам за вашыя старанні і ахвяры, за вашую адукацыйную дзейнасць. Вы - прыклад для іншых людзей, як можна быць актыўным удзельнікам грамадскага жыцця ў сваёй краіне.
Ваша праца служыла, служыць і будзе служыць нашай агульнай справе будоўлі незалежнай, справядлівай і шчаслівай Новай Беларусі!"
Далучайцеся да віншаванняў!
Са словамі падтрымкі і віншаваннямі выступілі сімвалічныя "хросныя" Алеся Бяляцкага - віцэ-прэзідэнтка Еўрапарламента Нікола Бір, Валянціна Стэфановіча - старшыня дэпутацкай групы “Саюз 90/Зялёныя” у нямецкім Бундэстагу Антон Хофрайтэр.
Намесніца кіраўніка парламенцкай групы “Альянс 90/Зялёныя” ў нямецкім Бундэстагу Агнешка Бругер, якая з'яўляецца сімвалічнай "хроснай" Марфы Рабковай у межах кампаніі #WeStandByYou, павіншавала "Вясну" з 26-годдзем.
Яна адзначыла на сваёй старонцы ў фэйсбуку:
"Марфа Рабкова і шматлікія іншыя мужныя людзі, якія знаходзяцца ў турме ў невыносных умовах за сваю прыхільнасць свабодзе і дэмакратыі, павінны быць, нарэшце, вызваленыя.
На працягу 26 год працы "Вясна" застаецца важнай і актуальнай. Мы не перастанем падтрымліваць "Вясну" на яе шляху да захавання правоў чалавека і вяршэнства закона.
Дзякуй за вашу працу, вашу мужнасць, вашу стойкасць!
Уле фон Ікскюль, выканаўчы дырэктар Right Livelihood, запісаў відэазварот у падтрымку "Вясны" ў 26-ю гадавіну стварэння арганізацыі.
Вясна заўсёды побач!