viasna on patreon

КДБ абнаўляе "тэрарыстычны" спіс, ператрусы ў Салігорску: хроніка пераследу 25 траўня Дапоўнена

2022 2022-05-25T09:12:00+0300 2022-05-26T13:03:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kalesnikava-znak-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» 25 траўня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

КДБ абнавіў спіс «тэрарыстаў» — у ім 15 новых прозвішчаў, сярод іх Марыя Калеснікава і Максім Знак.

Усе новыя фігуранты ўжо асуджаныя раней  і адбываюць пакаранне, большасць з іх прызнаная палітвязнямі.

Аляксандр Зайцаў — асуджаны па арт. 289 (акт тэрарызму) Крымінальнага кодэкса.

Яўген Прывалаў — праходзіў па справе тэлеграм-канала «Армія з народам», асуджаны па арт. 293 (масавыя беспарадкі)  Прызнаны палітвязнем.

Сяргей Ярашэвіч — праходзіў па справе тэлеграм-канала «Армія з народам», асуджаны па арт. 293 (масавыя беспарадкі). Прызнаны палітвязнем.

Сяргей Коршун — праходзіў па справе тэлеграм-канала «Армія з народам», асуджаны па арт. 293 (масавыя беспарадкі). Прызнаны палітвязнем.

Антаніна Канавалава — праходзіла па справе тэлеграм-канала «Армія з народам», асуджаная па арт. 293 (масавыя беспарадкі). Прызнана палітзняволенай.

Сяргей Спарыш — праходзіў па справе тэлеграм-канала «Армія з народам», асуджаны па арт. 293 (масавыя беспарадкі). Прызнаны палітвязнем.

Максім Знак — паплечнік Віктара Бабарыкі, быў асуджаны па трох артыкулах КК Беларусі, але ў спісе КДБ фігуруе толькі адзін — арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы). Прызнаны палітвязнем.

Марыя Калеснікава — паплечніца Віктара Бабарыкі, была асуджаная па трох артыкулах КК Беларусі, але ў спісе КДБ фігуруе толькі адзін — арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы). Прызнана палітзняволенай.

Раман Марусаў — перадаваў інфармацыю тэлеграм-каналу, прызнанаму экстрэмісцкім. Асуджаны па арт. 130 (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) КК Беларусі. Прызнаны палітвязнем.

Яўген Івончык — асуджаны паводле арт. 130 (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) КК Беларусі.

Аляксандр Нагела — паводле абвінавачвання, пакінуў у тэлеграм-чаце «Смаргонь-чат» 13 каментароў, у якіх рэзка негатыўна выказваўся аб дзеяннях міліцыянтаў падчас акцый пратэсту пасля леташніх выбараў. Асуджаны па арт. 130 (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) КК Беларусі. Прызнаны палітвязнем.

Дзяніс Сырэц  — быў асуджаны па трох артыкулах, але ў спісе КДБ фігуруе толькі адзін— арт. 130 (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы). Прызнаны палітвязнем.

Яўген Трушко — асуджаны па арт. 130 (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы). 

Уладзіслаў Зенюк — асуджаны па арт. 130 (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) КК Беларусі.

Анатоль Мацулевіч — асуджаны паводле арт. 130 (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) і арт. 293 (масавыя беспарадкі) КК Беларусі.

Такім чынам, у спісе "Асоб, якія датычныя да тэрарыстычнай дзейнасці" КДБ ужо больш за 60 беларусаў, у тым ліку Святлана Ціханоўская, Павел Латушка і іншыя. Апошні раз спіс змяняўся 20 траўня - тады ў яго ўключылі пяць новых прозвішчаў.


Палітзняволенага Івана Ківу збіраюцца пераводзіць з «хіміі» ў калонію

У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 25 траўня ў 10:45 разгледзяць справу аб узмацненні рэжыму палітзняволенаму Івану Ківе. Па рашэнні суддзі яго могуць перавесці ў калонію за "парушэнне парадку ў папраўчай установе". Вядома, што на яго было складзена чатыры рапарты за тое, што ён "прылёг на ложак". Судовае пасяджэнне будзе адкрытым, таму вы можаце прыйсці і падтрымаць палітвязня.

Іван Ківа. Скрыншот з відэа

Іван Ківа — жыхар Магілёва, асуджаны на два гады «хіміі» па артыкуле аб абразе прадстаўнікоў улады (арт. 369 КК РБ). Згодна з матэрыяламі справы, у верасні 2020 года Ківа размясціў пад адным з тэкстаў у групе "Народны патруль", якая раней існавала ў сацыяльнай сетцы "ВКонтакте", абразлівы каментар у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, які утрымліваў ненарматыўную лексіку. Іван адбывае тэрмін ў ПУАТ №24.

Падтрымайце Івана лістамі салідарнасці: Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу №24, 230025, г. Гродна, вул. Лідская, 29 б, Іван Сяргеевіч Ківа.


Чарговае затрыманне ў Мінску

Вечарам 24 траўня ў Мінску супрацоўнікі міліцыі затрымалі Аляксандра Марука. Пакуль інфармацыі аб прычынах затрымання 40-гадовага мужчыны ў праваабаронцаў няма.


Сайт і сацсеткі выдання «Медыязона» прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Такое рашэнне вынес суд Ленінскага раёну Горадні 20 траўня.


Працэс над фрылансерам Радыё Свабода Андрэем Кузнечыкам пачнецца 8 чэрвеня

Андрэй Кузьнечык

Справу разгледзяць у закрытым рэжыме ў Магілёўскім абласным судзе, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Дагэтуль невядома, у чым вінавацяць Кузнечыка.


Ператрусы ў незалежнага прафсаюза ў Салігорску і высяленне прафсаюзаў з офіса ў Наваполацку

У галоўны офіс Беларускага незалежнага прафсаюза ў Салігорску прыйшлі сілавікі. Прыйшлі супрацоўнікі органаў таксама ў офіс старшыні БНП на ААТ “Беларуськалій” Аляксандра Мішуткі. З імі былі панятыя. У офіс іншых людзей не пускаюць.

Верагодна, праходзяць ператрусы, піша Еўрарадыё.


Проста цяпер высяляюць з офіса пярвічную арганізацыю Беларускага незалежнага прафсаюзу «Нафтана» у Наваполацку, паведамляюць чытачы Свабоды.


КДБ унёс у “спіс тэрарыстаў" асуджанага на 11 гадоў палітвязня Руслана Слуцкага

Пра гэта паведамляе "Медыязона".

Рамеснік Руслан Слуцкі  асуджаны 20 студзеня 2022 года паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 309 КК за замах на прывядзенне ў непрыдатнасць чыгуначных шляхоў зносін — спробу злучыць металічным дротам рэйкі, што магло прывесці да затрымкі руху цягнікоў, а таксама паводле ч. 1 арт. 289 КК за "акт тэрарызму" — падкідванне на аўтамабільную дарогу самаробных металічных шыпоў перад аўтамабілямі, якія ўдзельнічаюць у праўладным аўтапрабегу, у выніку якога былі пашкоджаныя шыны чатырох аўтамабіляў, да 11 гадоў пазбаўлення волі.


Жыхара Наваполацка затрымалі па 342 артыкуле

На жыхара Наваполацка Мікіту Скотнікава завялі крымінальную справу за арганізацыю і прадрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт 342 Крымінальнага кодэкса).

Меркавана, што яго затрымалі ў Полацку ў перыяд з 21 па 24 траўня.

Вядома, што з Полацкага ІЧУ мужчыну перавезлі ў горад Мінск. Дзе ён зараз утрымліваецца – невядома.


Выклікалі ў пракуратуру і прапанавалі напісаць заяву на выхад з прызнанага "экстрэмісцкім" Прафсаюза РЭП

"Сказалі, што ведаюць, што я сябра Прафсаюза РЭП, далі падпісаць папярэджанне пра ўдзел у экстрымісцкім фармаванні, падпісаў. Пасля прапанавалі напісаць заяву на выхад", — распавёў BPN пінскі праваабаронца Алесь Рамановіч.

Заява была ўжо надрукаваная, заставалася ўпісаць сваё імя і адрас і распісацца. Праваабаронца адмовіўся.

Рамановіч кажа, што не разумее, чаму пракуратура бярэ на сябе функцыі пошты. "Калі пазбавяць рэгістрацыі РЭП, я і так не буду сябрам прафсаюза", — дадаў ён.


Хадайніцтва пра вызваленне Эдуарда Бабарыкі зноў адхіленае

Адпаведную пастанову вынес суддзя Міхаіл Лапко па выніках закрытага пасяджання па другой інстанцыі.

Сын Віктара Бабарыкі знаходзіцца ў СІЗА без суда ўжо амаль два гады. Ён быў затрыманы разам з бацькам 18 чэрвеня 2020 года. З таго часу яму пастаянна працягваюць тэрмін утрымання пад вартай, аднак справу ў суд так і не перадаюць.


Затрымалі 25-гадовую супрацоўніцу Альфа-Хаба Алесю Курэйчык

У сацыяльных сетках дзяўчыны ёсць некалькі антываенных пастоў. А з пачаткам вайны яна перавяла ўсе сацсеткі на беларускую мову.

Па інфармацыі ў канале сілавікоў, у віну дзяўчыне ставяць выхад на праезную частку падчас акцыі ў жніўні 2020 года. На яе заведзена крымінальная справа па артыкуле 342 КК, паведамляе @nashaniva


У Мінску затрыманы камерцыйны дырэктар сеткі кінатэатраў «Silver Screen» Аляксандр Дземідовіч

Яго затрымалі на працоўным месцы 25 траўня. Хто менавіта і з якой прычыны гэта зрабіў на дадзены момант невядома.

Раней мэнэджар працаваў на розных пасадах у TUT.ВY. Да разгрому партала ўзначальваў адно з падраздзяленняў камерцыйнай службы.

Пазней стала вядома, што Дземідовіча адвезлі на Акрэсціна. Нібыта ён непадпарадкаваўся супрацоўнікам міліцыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства