Гаспадара ювелірнай майстэрні «Самародак» з Наваполацка асудзілі да 4 год калоніі за абразу і паклёп на прэзідэнта
На закрытым пасяджэнні суда Наваполацка 20 траўня вынесены прысуд Міхаілу Лабаню. Яго абвінавацілі ў паклёпе ў дачыненні да прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі (ч.1 арт. 367), абразе прэзідэнта (ч.1 арт. 368) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядаў суддзя Віталій Лапко.
Міхаіл Лабань – гаспадар ювелірнай майстэрні «Самародак», займаўся вырабам упрыгожанняў для ўдзельнікаў рэканструктарскіх суполак, вывучаў гісторыю Сярэднявечча. Жанаты, сям’я выхоўвае двух дзяцей.
17 лютага 2022 года на старонцы «ВКонтакте» ягоная жонка паведаміла, што Міхаіл знаходзіцца за кратамі, бо ён пад следствам за «каментар у непатрэбным месцы», і што майстэрня часова спыняе прыём замоваў.
Сёння суддзя Віталь Лапко прызнаў яго вінаватым і па сукупнасці пакаранняў канчаткова асудзіў да 4 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штрафу ў памеры 100 базавых велічынь.