viasna on patreon

«Усе 24 чалавекі ў камеры былі адзіныя ў тым, што перамога будзе за намі», — экс-зняволены «Валадаркі»

2022 2022-05-30T15:03:24+0300 2022-05-31T10:03:25+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/amirani_8953.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

33-гадовага мінчука Амірані Бутыяшвілі асудзілі да трох гадоў «хіміі» за ўдзел у акцыях пратэсту 9 і 10 жніўня 2020 года супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Яго знайшлі праз фота ў тэлефоне іншага затрыманага — мінчук выпадкова трапіў на здымкі. Затрымалі Амірані 28 студзеня і змясцілі ў карцар ізалятара часавага ўтрымання на Акрэсціна. Нягледзячы на холад, у яго забралі куртку і ён застаўся ў адной майцы. Але іншыя затрыманыя далі яму швэдар, які застаўся ў карцары ў «спадчыну» ад былых арыштантаў. У ім мінчука перавялі на «Валадарку» — швэдар адразу пазналі іншыя зняволеныя, якія прайшлі гэты ж шлях. Амірані да суда амаль два месяцы ўтрымліваўся ў СІЗА-1. Ён распавёў «Вясне» пра сваё затрыманне і палітычны пераслед, пра збітага сукамерніка — экс-следчага Старажэнку, пра тое, як вязні «Валадаркі» даведаліся пра вайну і як успрынялі гэту навіну.

Амірані Бутыяшвілі. Фота з асабістага архіву
Амірані Бутыяшвілі. Фота з асабістага архіву

Праслухоўвалі тры дні да затрымання

Амірані да затрымання займаўся грузаперавозкамі па маршруце Мінск — Масква. Пасля чарговай паездкі яго і затрымалі. Гэта было ўдзень 28 студзеня:

«Я павёз машыну на станцыю тэхнічнага абслугоўвання — там яны мяне і "прынялі". Супрацоўнікі ГУБАЗіКа прыехалі на шэрым таніраваным Volkswagen Polo. З машыны выйшлі тры чалавекі. У мяне адразу забралі тэлефон. У мяне стаяў "face ID" — мяне трымалі, тэлефон паднеслі да твару і разблакавалі. Так мяне затрымалі.

Як мне сказалі потым, мяне праслухоўвалі тры дні да затрымання.

За рулём паводле апісанняў, як мы потым высветлілі з сукамернікамі, ехаў супрацоўнік ГУБАЗіКа Валер Высоцкі [вядомы тым, што ўжываў фізічны гвалт падчас допыту студэнта хімфака БДУ Арцёма Баярскага — заўв. рэд.]».

Паводле Амірані, менавіта Высоцкі падчас затрымання больш за ўсіх выказваў яму пагроз.

«Быў допыт з пагрозамі — усё як звычайна, у прынцыпе»

У мінчука, які толькі вярнуўся з рэйса, пры сабе былі 6 500 долараў і 330 рублёў — яны дагэтуль знаходзяцца пад арыштам да вырашэння судом пытання па пазове «Мінсктранса».

«Адзін з супрацоўнікаў, калі ўбачыў такую вялікую суму пры мне, сказаў, каб я патэлефанаваў каму-небудзь, хто мог бы прыехаць і забраць грошы. Але Высоцкі сказаў, што нікому грошы не аддадуць — гэта "будзе ім маральная кампенсацыя"».

У ГУБАЗіКу Амірані дапыталі і запісалі з ім «пакаяльнае відэа»:

«Там быў допыт з пагрозамі — усё як звычайна, у прынцыпе. Пагражалі: "Табе дадуць сем гадоў, ты адтуль не выйдзеш, у турме дададуць тэрмін", "Калі ў цябе ў кватэры палазім, то знойдзем тэрмін і табе нармальны"».

Супрацоўнікі ГУБАЗіКа знайшлі Бутыяшвілі праз фота іншага чалавека, якога затрымалі, калі ён вешаў стужкі ў двары. Яго затрымалі, а ў тэлефоне пабачылі здымак з акцый пратэсту, на адным з якіх быў і Амірані. Сілавікі знайшлі ягоны профіль у Facebook, на адной фатаграфіі стаяла БЧБ-рамка:

«Супрацоўнікі казалі, што той затрыманы ім "прынёс" сорак чалавек. Мне казалі: "Зараз паглядзім, колькі ты нам чалавек прынясеш"».

Амірані кажа, што ў галерэі ў яго не было фота- і відэаздымкаў, таму сілавікі палезлі ў Google Photos, дзе знайшлі фота і відэа:

«Але на іх нічога не было відаць — была ноч».

«Запалохвалі, што завязуць у "хату" з "пеўнямі"»

З Амірані запісалі традыцыйнае «пакаяльнае» відэа:

«Адзін супрацоўнік не хацеў, каб са мной запісвалі відэа, але іншы сказаў мне: "Хадзем, у мяне ёсць для цябе хвіліна славы". Мяне завялі ў кабінет з зялёным фонам. Мне казалі, што трэба гаварыць. Але атрымалася запісаць не з першага дубля: мяне прымушалі казаць, што я "браў актыўны ўдзел", а я сказаў першы раз, што выяўляў актыўную пазіцыю. Акрамя гэтага, я нерваваўся — першы раз сутыкнуўся з такім [затрыманнем — заўв. рэд.]. Мяне запалохвалі, што, напрыклад, завязуць у "хату" з "пеўнямі"».

Амірані расказвае, што ў адным кабінеце будынка ГУБАЗіКа ў тэлевізары ішло відэа «NEXTA».

«Губазаўцы злаваліся і гарэлі тым, каб хутчэй пайсці бухаць»

У Цэнтральным Следчым камітэце ўсе спяшаліся, Амірані не давалі нармальна азнаёміцца з дакументамі — прыспешвалі падпісаць іх:

«Губазаўцы ўсю дарогу ў СК лаяліся: "Пятніца, а мы з табой поркаемся! Мы маглі б ужо каньяк піць з горла!" Яны злаваліся і гарэлі тым, каб хутчэй пайсці бухаць у нейкай лазні. Аднаму з іх хтосьці тэлефанаваў і хваліўся, што адпачывае, на што губазавец [па прыкметах Высоцкі] адказаў: "Я прыйду дадому і проста з парога засаджу бутэльку каньяку".

Калі ехалі на машыне, то яны абмяркоўвалі мінакоў паміж сабой. Напрыклад, ідзе дзяўчына, а яны кажуць: "Паглядзі, якая кабыла! Хутка заедзем да яе". Абмяркоўвалі кошт адзежы мінакоў: "Скардзяцца, што херова жывуць, а самі ў натуральным футры ходзяць!"»

Адвакаты не хацелі брацца за «палітычную справу», казалі: «Лепш бы ён забіў каго-небудзь»

Шанцаў, каб да затрыманага выклікалі адваката, не было:

«Яны казалі: "Навошта табе адвакат? Ён усё адно нічога не вырашае!" Ну і галасілі, што яшчэ давядзецца і адваката чакаць.

Калі да мяне потым прыязджаў следчы і пытаўся, ці знаёмы я з дакументамі, я не ведаў, таму што не паспеў прачытаць».

Акрамя гэтага, паводле Амірані, сваякам складана было знайсці адваката праз тое, што справа «палітычная»:

«Наогул адваката было складана знайсці — ніхто не хацеў брацца. Казалі: "Лепш бы ён забіў каго-небудзь". Мы разумелі, што адвакат патрэбен, толькі каб была нейкая сувязь са сваякамі». 

«У ІЧУ ўсе спалі на бетоннай падлозе»

okrestina_9.jpeg
«Палітычны» карцар у ІЧУ на Акрэсціна ў канцы студзеня–пачатку лютага

У ізалятары часавага ўтрымання на Акрэсціна Амірані знаходзіўся дзесяць сутак. Увесь гэты час ён утрымліваўся ў карцары з бетоннай падлогай. У карцары, разлічаным на аднаго чалавека і памерам 120х320 сантыметраў, адначасова знаходзіліся 46 чалавек:

«У мяне па прыездзе забралі куртку, нягледзячы на тое, што быў студзень, і я застаўся ў адной майцы. У карцары было халодна. Усе спалі на бетоннай падлозе, таму што ложак не адшпільвалі. Мне пакінулі швэдар — застаўся ў "спадчыну" ад тых, каго перавялі з ІЧУ на "Валадарку"».

acrescina_9w.jpg
"Бомж" у "палітычным" карцары ў ІЧУ на Акрэсціна ў канцы студзеня–пачатку лютага

У гэтым швэдары Амірані сам з'ехаў у СІЗА-1 — швэдар цяпер застаўся там.

«Усе, хто прыбываў, былі ў цёплых рэчах, таму хлопцы сказалі забіраць з сабой швэдар. Перажывалі, што будзе са мной на "Валадарцы": раптам у мяне забяруць куртку і там. Калі мяне прывялі ў СІЗА ў ім, то гэты швэдар пазналі».

Супрацоўнікі — чалавеку з сухотамі і вошамі: «Трэба суткі адпрацаваць на Акрэсціна»

Як расказвае былы арыштант ІЧУ Акрэсціна, там працуе медсястра — пажылая жанчына з карэ. Паводле ягоных слоў, ад яе патыхала алкаголем:

«Яна прывяла да нас на «суткі» ў карцар бамжа. У яго былі сухоты, на ім і на ягоным адзенні былі вошы, якія скакалі, на нагах былі гнайнікі.

Гэты мужчына нам расказаў, што ў яго "такая праца": "Я нікога не чапаў, я проста піў, але прыйшлі дадому і забралі мяне". Яму сказалі: "Трэба суткі адпрацаваць на Акрэсціна". Медсястра, якая завяла яго да нас у карцар, ставілася да яго лаяльна, а чалавеку, які застудзіўся і не мог у туалет схадзіць, таму прасіў у яе таблеткі, казала: "Не здохнеш"».

Стаўленне да арыштантаў з боку працаўнікоў ІЧУ, кажа Амірані, было рознае і залежала ад змены:

«Напрыклад, адны прымушалі нас да трох ночы стаяць у карцары».

«Трымацца дапамагалі хлопцы»

Праверка на Акрэсціна праходзіла двойчы на дзень: а восьмай раніцы і а восьмай вечара ўсіх выводзілі з камеры і ставілі каля сцяны галавой уніз і з рукамі за спінай у напаўсагнутым стане. Гэта акт псіхалагічнага ціску на затрыманых. Амірані расказвае, што дапамагала не падаць духам у такіх умовах:

«Трымацца дапамагалі хлопцы. Калі я трапіў на Акрэсціна, я быў у шоку, таму што губазаўцы пагражалі, што мяне завядуць у спецыяльную камеру — "прэс-хату" ці да "пеўняў". І яны яшчэ сказалі, што ведаюць, дзе я знаходжуся, таму яшчэ наведаюцца да мяне ў госці. Але яны ўсім так кажуць, як высветлілася потым.

Таму калі мяне прывялі ў ІЧУ, у мяне была асцярога. Але я адразу пабачыў у аднаго хлопца татуіроўку «Перамогі» на руцэ, таму ўжо было зразумела, што гэта не падстаўныя людзі.

У суседнім карцары быў нейкі бізнэсмэн — таксама паводле «палітычнага» артыкулу затрымалі. Мы чулі, як супрацоўнікі гаварылі: "Гэты тып нам яшчэ прыдасца — пракорміць нас"».

На Акрэсціна грэліся пластмасавымі бутэлькамі, калі яны былі ў камеры: налівалі ў бутэльку гарачую ваду, пад швэдар засоўвалі і так саграваліся. 

«Мікіта расказваў, што білі нагамі, дубінкамі, намотвалі анучу на галаву»

Як распавядае Амірані, да іх у карцар прывялі 28-гадовага былога следчага Мікіту Старажэнку, якога затрымалі паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне сацыяльнай варожасці). 17 жніўня 2020 года ён заявіў у сваіх сацсетках, што звольніўся са Следчага камітэта на знак пратэсту. Амірані адзначае, што на Акрэсціна яго прывезлі моцна збітым:

«Ён быў увесь сінім: ад канца пазваночніка і амаль да пятак. На твары і на галаве былі ранкі, сляды ад кайданкоў. Мікіта расказваў, што білі нагамі, дубінкамі, намотвалі анучу на галаву, надзявалі вядро для смецця на галаву і білі па вядры, каб слядоў збівання не заставалася. Але ўсё адно ў яго было рассяканне на носе, каля вуха быў вялікі сіняк.

Працаваў ГУБАЗ. Яны наогул любяць больш за ўсё збіваць айцішнікаў і тых, хто «злівае» інфармацыю.

Мікіта трымаўся. Ён малайчына. Мы яго падтрымлівалі. Мікіта выказаўся начальніку ІЧУ. Паводле яго слоў, пасля выбараў яго прызначылі расследаваць справу 16-гадовага хлопца [найбольш імаверна, гаворка ідзе пра Цімура Міцкевіча: тады супраць хлопца, які знаходзіўся ў коме пасля збіцця, распачалі крымінальную справу паводле арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках)]. Мікіта паехаў да яго ў лякарню і пабачыў, што на ім няма жывога месца. Пасля гэтага ў следчага "ўсё перавярнулася" і ён звольніўся са следчых органаў».

Як расказвае Амірані, паводле арт. 130 КК Мікіту ў ІЧУ ўтрымлівалі толькі трое сутак — пасля гэтага яго перавялі ў СІЗА-1, але яго там першы раз не прынялі праз моцнае збіццё:

«Мы з Мікітам потым яшчэ бачыліся на "хрэсьбінах". Кожны чацвер зняволеных ставяць на прафілактычныя ўлікі. Там гэта называюць "хрэсьбіны". Выйшла так, што тыя, хто быў у карцары на Акрэсціна, сустрэліся на "хрэсьбінах"».

«Адно што — «палітычным» перасталі хадзіць лісты»

Амірані Бутыяшвілі. Фота з асабістага архіву
Амірані Бутыяшвілі. Фота з асабістага архіву

Амаль два месяцы мінчук знаходзіўся ў падвальнай камеры № 60 — у так званым «Шанхаі», дзе адначасова ўтрымліваліся 24 чалавекі:

«Гэта, напэўна, самая вялікая камера ў СІЗА. Адразу, калі я прыехаў, было 12 "палітычных", а потым дайшло да 16».

Паводле Амірані, адмысловага стаўлення да «палітычных» у СІЗА-1 ён не заўважыў, акрамя праблемы з ліставаннем:

«Кармілі аднолькава: на першым, другім і трэцім паверсе. Стаўленне больш-менш людскае. Там і "паважаны" кажуць, і на "вы" звярталіся.

Адно што — "палітычным" перасталі хадзіць лісты. Напрыклад, затрыманым паводле «наркатычнага» артыкулу прыходзілі па 23 лісты на дзень, а "палітычным" — праз ліст, праз тры лісты. Проста маглі вярнуць ліст назад зняволенаму, таму што "шмат людзей і цэнзар не паспявае правяраць лісты"».

«Калі хтосьці чхаў у камеры, то ўсё 24 чалавекі казалі: “Будзь здаровы!”»

Былы зняволены ўзгадвае «Валадарку» як месца, дзе ўсе адзін аднаго падтрымліваюць:

«Там усе адзін аднаго падтрымліваюць. Калі я трапіў на Акрэсціна, у мяне быў шок — хлопцы падтрымалі. Але наступных, якія "заязджалі", ужо я падтрымліваў. Ужо ўсе ўсміхаюцца — нічога ўжо не зменіш, хоць ты плач ці біся аб сцяну.

Мы ўсе адзін аднаго падтрымлівалі, таму ў нас ніхто ні ў чым асабліва не меў патрэбы. Мы настолькі дружнымі былі ў камеры, што калі хтосьці чхаў, то ўсе 24 чалавекі казалі: "Будзь здаровы!" Потым ужо хлопцы чхалі ў падушку, каб ніхто не чуў, таму што трэба ўсім "Дзякуй" адказаць.

Памятаю, неяк гулялі на шпацыры, а ў суседнім дворыку гулялі дзяўчыны. Дзяўчыны крыкнулі: "Жыве Беларусь!", а мы адказалі: "Жыве!" Часам на шпацыры мы спявалі песні, напрыклад, гімн "Пагоня".

З намі былі два чалавекі, якія добра ведалі гісторыю, — адзін гісторык Вадзім Усоскі, а другі начытаны айцішнік Андрэй Лакцевіч, які добра ведае гісторыю. Пра ўсё што заўгодна можна распытаць — пра вайну, цароў. Адзін распавядаў, а другі працягваў. Яны адзін аднаго дапаўнялі і падтрымлівалі. Арцём Салавей больш за ўсіх любіў глядзець тэлевізар і каментаваць навіны. З намі ў камеры быў Аляксей Кедыш, якога нядаўна затрымалі з жонкай. Мы яго адразу падтрымалі». 

«Было страшнавата, але мы ж былі ў «Шанхаі» — амаль у бамбасховішчы»

Пра пачатак вайны вязні камеры № 60 дазналіся амаль адразу:

«Пра вайну мы даведаліся раніцай 24 лютага. А шостай раніцы ў камеры ўключаецца святло — і можна ўключаць тэлевізар. У беларускіх навінах сказалі, што «Расія распачала спецаперацыю». Мы ўсе адразу зразумелі, што гэта вайна.

Я ведаў дакладна, што гэта вайна. Калі я вяртаўся ў Мінск з Масквы ў дзень затрымання, то бачыў на трасе М1 вельмі доўгую калону тэхнікі. Я столькі гадоў езджу і ні разу не бачыў столькі вайсковай тэхнікі. Я здымаў на відэа, але пасля вызвалення я не знайшоў на тэлефоне гэтыя відэа. Напэўна, сілавікі выдалілі.

Але ніхто не верыў у тое, што паказваюць у тэлевізары: што перамагае Расія ці ў расійскага войска ўсё атрымліваецца.

Было страшнавата, але мы ж былі ў "Шанхаі" [камера ў падвале — заўв. рэд.] — амаль у бамбасховішчы. Але мы баяліся, што нас проста забудуць. Усе сыдуць, а мы застанемся. У галаве пракручвалі, як вырываць краты на вокнах. Але больш было за Чарнобыль [Чарнобыльскую АЭС — заўв. рэд.] страшна. Баяліся, каб не бамбанулі.

Да нас у камеру заходзіў старшы прапаршчык і казаў: "Вам трэба было не разувацца перад тым, як на лаўкі стаць, а біцца", "Цяпер мабыць мы тут сядзелі б", "Памылка беларусаў, што яны такія добрыя, а мы зараз будзем гэтым карыстацца".

Прадольны [наглядчык — заўв. рэд.] са шнарам на галаве зайшоў да нас неяк і кажа: "Ну што, пойдзеце віну перад Радзімай крывёй загладжваць! Паставім вас у першыя шэрагі на вайне". Мы яму адказвалі: "Ці не баіцеся, што мы вернемся?"»

«Чалавек нашмат больш карысны на волі, чым у турме»

Амірані Бутыяшвілі. Фота з асабістага архіву
Амірані Бутыяшвілі. Фота з асабістага архіву

Крымінальную справу Амірані ў судзе разгледзелі за адзін дзень. Працэс вяла сумна вядомая «палітычная» суддзя Ленінскага раёна Юлія Шут. Прысуд Амірані чакаў дзве з паловай гадзіны ў «стакане» ў судзе ў падвале. 

«Нягледзячы на тое, што я прызнаў віну, мне падчас працэсу здалося, што я паеду не дадому пасля суда. Таму што суддзя быў такая злая. Яна не ўдакладняла, не запытвала — яна сцвярджала, як быццам са мной побач стаяла 9 і 10 жніўня.

Адвакат сказаў, што трэба прызнаць віну, каб не далі рэальны тэрмін».

Амірані дачакаўся, калі прысуд набудзе моц і адменяць падпіску аб нявыездзе, і пакінуў Беларусь. Праз тыдзень сілавікі прыйшлі дадому да Амірані, але яго там ужо не было.

«Я з'ехаў з прычыны тэрміну: тры гады знаходзіцца дзесьці… За гэты час можна дэградаваць. Невядома, што будзе заўтра. Сёння я на "хіміі", а заўтра па мяне могуць прыехаць і забраць. Я бачу, як цяпер затрымліваюць усіх за План "Перамога". Прычым губазаўцы самі могуць цябе зарэгістраваць, калі ты там упіраешся ў чымсьці. Гэтак жа, як яны падпісваюць на "дэструктыўныя" тэлеграм-каналы.

За гады можа адбыцца ўсё што заўгодна: можна здзічэць, можна сысці ў сябе. А на волі можна рабіць нейкія дзеянні. Чалавек нашмат больш карысны на волі, нават за мяжой, чым у турме».

«Усе 24 чалавекі ў камеры былі адзіныя ў тым, што перамога будзе за намі»

На пытанне «Ці змяніліся вашы погляды за час у зняволенні?» Амірані адказаў: «Канечне, так»:

«Я яшчэ больш веру ў тое, што перамога будзе за намі! Ніхто з тых, каго я сустракаў за кратамі, не сказаў, што мы прайгралі. У нашай камеры было 24 чалавекі. З "непалітычных" — тыя, каго пераследуюць паводле "наркатычнага" артыкулу, паводле артыкулу за крадзеж, цяжкія цялесныя. Але ўсе 24 чалавекі ў камеры былі адзіныя ў тым, што перамога будзе за намі. Нікому не падабалася цяперашняя ўлада».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства