Экс-кіраўніка «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Віктара Фенчука асудзілі да 2,5 гадоў калоніі
12 траўня 2022 года палітзняволенага Віктара Фенчука прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса і асудзілі да 2,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Справу ў судзе Маскоўскага раёна разгледзела суддзя Кацярына Мурашка.
Згодна з матэрыяламі справы, «Фянчук блакаваў рух транспарта на праезнай частцы і выкрыкваў розныя лозунгі. Падчас расследавання выяўлена яшчэ пяць аналагічных эпізодаў, здзейсненых ім».
На паседжанні 10 траўня пракурорка запрасіла менавіта тое пакаранне, якое агучыла суддзя. Па словах пракурора, «такія паводзіны чалавека, які прадстаўляе Беларусь на міжнароднай арэне, проста недапушчальныя». Да матэрыялаў справы былі далучаныя фотаздымкі з маршаў. Таксама вядома, што ў Віктара канфіскаваны кубачак з надпісам «для чаю з малінавым варэннем».
Дзяржабвінаваўца таксама папрасіла спагнаць з Фенчука 196 тысяч рублёў на карысць «Мінсктранса».
Вядома, што Фянчук свядома не з’язджаў з краіны. «Калі б усе перасталі бегаць, то за намі перасталі б ганяцца», — прыводзіць ягоныя словы «Зялёны партал». Віктар — прафесійны арнітолаг, каардынатар праграм Франкфурцкай заалагічнай супольнасці і арганізацыі «Ахова птушак бацькаўшчыны». Узначальваў апошнюю з 2007 па 2014 год, затым быў яе супрацоўнікам. Яго называюць «адвакатам дзікай прыроды». Ён кіраўваў масштабнымі праектамі па вывучэнні, захаванні і ўзнаўленні прыродных экасістэмаў. Праграму АПБ па захаванню дзікай прыроды Палесся ў Мінску АПБ адкрывала сумесна з Кембрыджскім універсітэтам.