Чатыры гады калоніі — столькі прызначылі палітзняволенаму экс-пракурору Бабаку
Сёння ў Мінскім гарадскім судзе вынеслі прысуд палітзняволенаму былому памочніку пракурора Першамайскага раёна сталіцы Яўгену Бабаку. Суддзя Валянціна Зянькевіч прызнала яго вінаватым па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 (групавыя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак) і ч. 1 арт. 130 (распальванне варожасці), і прызначыла чатыры гады пазбаўлення волі, піша "Наша Ніва". Дзяржабвінавачванне падтрымлівала Аліна Касьянчык. Сам працэс праходзіў у закрытым рэжыме. За кратамі палітвязень утрымліваецца 11 месяцаў.
Суд пачаўся яшчэ ў сярэдзіне сакавіка, але потым у ім быў двухмесячны перапынак. Прычыны яго невядомы, бо справа разглядаецца ў закрытым рэжыме. Напачатку працэса Касьянчык заявіла хадайніцтва зрабіць пасяджэнне закрытым, бо ў матэрыялах справы маецца інфармацыя з «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў. Перад закрыццём працэсу Яўген паспеў пацікавіцца курсам рубля і паіранізаваць, што незадоўга да затрымання планаваў пераехаць у Кіеў. Таму цяпер лічыць, што пакуль можна і пасядзець, бо іначай давялося б ваяваць.
Бабак стаў вядомы тым, што ў жніўні 2020-га ініцыяваў праверку людзей у форме ДАІ, якія збілі байкераў ва Уруччы ноччу 11 жніўня. Праверцы, аднак, не далі ход, а самога Бабака прымусілі звольніцца.
Яго затрымалі 11 чэрвеня 2021 года на 15 сутак за "пікетаванне праз размяшчэнне на балконе бчб-сцяга". 25 чэрвеня стала вядома, што Бабак атрымаў яшчэ 15 сутак. Са слоў сукамернікаў экс-пракурора, новы пратакол на яго склалі за інфармацыю, якая была ў яго тэлефоне. Але пасля 30 сутак адміністрацыйнага арышту на волю ён так і не выйшаў, бо супраць Яўгена ўзбудзілі крымінальную справу па артыкула 342 Крымінальнага кодэкса.
Яўген перадае прывітанне ўсім, хто яго падтрымлівае, кажа, што ў яго ўсяго хапае, а калі ёсць жаданне ахвяраваць яму, то лепш накіраваць гэтыя сродкі на дапамогу дзецям з праграмы UNIHELP. Рэкламу з просьбай падтрымкі ад сем'яў ён часта бачыць па тэлевізары ў камеры.
Падтрымаць палітвязня:СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Яўген Ігаравіч Бабак |