11 фігурантам "справы карагодаў" вынеслі прысуды
4 траўня 2022 года ў судзе Жабінкі і Жабінкаўскага раёна вынесеныя прысуды яшчэ 11 абвінавачаным па "справе карагодаў". Суддзя Людміла Рубашэўская падтрымала прапанову пракуроркі Алены Шарко, якая запрасіла для іх тэрміны тыдзень таму, 27 красавіка. Зняволеным агучылі наступныя прысуды:
- Дзмітрыю Шамшуру і Юрыю Клімаўцу, а таксама палітзняволеным Ігару Ляшкевічу і Дзіяне Вашчылінай — па тры гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ ("хатняй хіміі");
- Кацярыне Ярамеевай, Ірыне Кузьмянчук, Юліі Леванюк, Ларысе Яхімовіч, Дзмітрыю Неўмяржыцкаму — па два гады "хатняй хіміі";
- Віталю Брыцько і Людміле Карабанюк — па тры гады абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ ("хіміі").
Да вынясення прысуда двое абвінавачаных — Дзіяна Вашчыліна і Ігар Ляшкевіч — знаходзіліся пад вартай. Іх вызвалілі ў залі суда.
Людмілу Карабанюк таксама прызналі вінаватай паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса. Згодна з абвінавачаннем, яна пакінула зневажальны каментар пра генерал-маёра Вадзіма Дзенісенка, якога ў адным з тэлеграм-каналаў яна назвала "алкашом". Жанчыну ўжо затрымлівалі за каментар, восенню ў праўладным тэлеграм-канале з'явілася "пакаяльнае відэа" з яе ўдзелам.
Нагадаем, суд над чарговымі "карагоднікамі" мусіў пачацца яшчэ месяц таму, але тады суд адклалі, бо вырашылі далучыць да яго яшчэ пяцёх абвінавачаных.
Пасля "Марша герояў" 13 верасня ў Брэсце супраць пратэстоўцаў, якія спявалі і танчылі ў карагодах, узбудзілі крымінальную справа па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Фігурантамі крымінальнай так званай "справы карагодаў" сталі дзясяткі людзей. Ім пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Следчыя, пракуроры і суды працуюць "дзясяткамі": крымінальныя справы размеркавалі па дзесяць чалавек.