Брэсцкая "справа карагодаў": суды, дзясяткі абвінавачаных і новыя затрыманні Дапоўнена
Пасля "Марша герояў" 13 верасня ў Брэсце супраць пратэстоўцаў, якія спявалі і танчылі ў карагодах, узбудзілі крымінальную справа па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Фігурантамі крымінальнай так званай "справы карагодаў" сталі дзясяткі людзей. Ім пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Следчыя, пракуроры і суды працуюць "дзясяткамі": крымінальныя справы размеркавалі па дзесяць чалавек. Першы працэс ужо цягнецца амаль месяц, 11 лютага пракурор запрасіў пакаранне для іх, яшчэ адну "партыю" плануюць судзіць ужо 15 лютага, днямі двух абвінавачаных па гэтай справе змясцілі ў СІЗА — "Вясна" распавядае ўсё, што вядома пра "справу карагодаў" на дадзены момант.
Першы суд па "справе карагодаў"
Гэтую крымінальную справу разглядае суд Ленінскага раёна Брэста. Першы працэс пачаўся 20 студзеня. Справу разглядае суддзя Святаслаў Каліна. На лаве падсудных дзесяць чалавек, сярод якіх і палітзняволеная Марына Глазава, якая пасля двух месяцаў у СІЗА была пераведзена пад хатні арышт. Таксама на лаве падсудных – Мікалай Федарэнка, Яраслаў Ярашук, Яўген Каўпачык, Віктар Дзенісенка, Віталь Літвін, Максім Жараў, Вадзім Варановіч, Аляксей Якубук і Марына Сірацан.
Паводле абвінавачвання, кожны з 10 падсудных у групе з іншымі асобамі наўмысна ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Іх дзеянні былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. У прыватнасці, з-за прастою тралейбуснаму парку быў нанесены ўрон 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму – 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзін зачыніліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчавання. Пацярпелым бокам у справе выступае КУТП "Тралейбусны парк" і ААТ "Брэсцкі Аўтобусны парк".
Некаторыя абвінавачаныя, як настаўніца Марына Глазава, цалкам прызналі сваю віну, частку з іх прызналі віну часткова і некалькі чалавек заявілі, што вінаватымі сябе не лічаць. Абвінавачаныя ў судзе распавядаюць, што 13 верасня "была вельмі святочная абстаноўка, падобная на карнавал, усе адзін аднаго падтрымлівалі, усміхаліся".
У судзе дапытваюць дзясяткі сведак: кіроўцы грамадскага транспарту, супрацоўнікаў тралейбуснага парку і іншых. Па справе ўжо прайшло пяць судовых паседжанняў.
Пракурор запрасіў пакаранне ў суда да 2 гадоў "хіміі"
Як паведмляе "Брэсцкая вясна", 11 лютага адбываюцца судовыя спрэчкі ў судзе. Пракуроры палічылі віну па ч. 1 арт. 342 КК усіх дзесяці абвінавачаных цалкам даказанай. Дзяржабвінавачанне запрасіла ў суда наступнае пакаранне для "першай партыі" абвінавачаных:
- Ярашук Яраслаў, палітзняволеная Марына Глазава – 1,5 года абмежавання волі без накіравання ("хатняя хімія")
- Варановіч Вадзім, Жараў Максім – 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія")
- Калпачык Яўген, Віктар Дзенісенка, Якубук Аляксей, Літвін Віталь, Федарэнка Мікалай – 1,5 гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія")
- Сірэцан Марына – 1 год і 3 месяцы без накіравання ("хатняя хімія")
Абвяшчэнне прысуду прызначана на 25 лютага ў 11:00.
У Брэсце судзяць адразу 10 чалавек па "справе карагодаў". Не ўсе прызнаюць сваю віну
Прастой тралейбусаў склаў больш за 29 гадзін: другі працэс па "справе карагодаў" у Брэсце
Што з астатнімі фігурантамі справы?
25 студзеня Генеральная пракуратура паведаміла, што ў суд накіраваная крымінальная справа ў дачыненні да яшчэ 10 абвінавачаных па "справе карагодаў".
"Прычыненая злачынствам матэрыяльная шкода не кампенсаваная – пракуратура прад'явіла да абвінавачаных пазоў аб спагнанні шкоды ў салідарным парадку ў інтарэсах КУТП "Тралейбусны парк" і ААТ "Брэсцкі Аўтобусны парк", – паведамляе ведамства.
Па інфармацыі "Брэсцкай Вясны", суд прызначаны ўжо на панядзелак 15 лютага. Таксама праваабаронцам "Вясны" вядома, што двух берасцейцаў па "справе карагодаў" 9 лютага пасля выкліку ў Следчы камітэт змясцілі ў СІЗА. Гаворка ідзе пра Рамана Яхіна і Арсенія Сіняка. На дадзены момант гэта адзіныя затрыманыя абвінавачаныя па гэтай справе. Марына Глазава, якую ўтрымлівалі ў СІЗА два месяцы, перавялі пад хатні арышт. У адносінах да астатніх абвінавачаных выбраныя меры стрымання, не звязаныя з пазбаўленнем волі.
Таксама завершана папярэдняе следства па "трэцяй" партыі. У гэты раз абвінавачаных адзінаццаць чалавек: 63-гадовая актывістка Алена Гнаук, Алена і Вікторыя Лысковічы, Юрый Чубрык, Даніла Чамаданаў, Віктар Лобка, Васіль Чарнецкі, Кіріл Луда, Радзіон Кандрацюк, Уладзіслаў Навіцкі, Людміла Луцкая. Хутка над імі таксама адбудуцца суды.
«Справа карагодаў» у Брэсце. Што вядома праз 1,5 месяца пасля ўзбуджэння справы