У Брэсце судзяць адразу 10 чалавек па "справе карагодаў". Не ўсе прызнаюць сваю віну
У судзе Ленінскага раёна Брэста 20 студзеня пачаўся разгляд крымінальнай справы паводле часткі 1 артыкула 342 (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за ўдзел 13 верасня ў карагодзе на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава. Справу разглядае суддзя Святаслаў Каліна. Пратэстоўцы былі разагнаныя вадамётам. На лаве падсудных цяпер — дзесяць чалавек.
На лаве падсудных – палітвязняволеная Марына Глазава, якая знаходзіцца пад хатнім арыштам, Мікалай Федарэнка, Яраслаў Ярашук, Яўген Каўпачык, Віктар Дзенісенка, Віталь Літвін, Максім Жараў, Марына Глазава, Вадзім Варановіч, Аляксей Якубук і Марына Сірацан. Сёння ў зале суда апыталі сем абвінавачаных з 10-ці.
Паводле версіі абвінавачвання, кожны з 10 падсудных у групе з іншымі асобамі наўмысна ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Іх дзеянні былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. У прыватнасці, з-за прастою тралейбуснаму парку быў нанесены ўрон 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму – 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзін зачыніліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчавання.
Некаторыя абвінавачаныя, як настаўніца Марына Глазава, цалкам прызналі сваю віну, частку з іх прызналі віну часткова і некалькі чалавек заявілі, што вінаватымі сябе не лічаць, пра гэта паведамляе "Брэсцкая газета".
Першым даў паказанні Мікалай Федарэнка. Ён кажа, што ў той дзень сядзеў у кавярні, убачыў вялікую калону пратэстоўцаў і вырашыў далучыцца да натоўпу. У карагодзе не ўдзельнічаў, але перашкаджаў руху транспарту. Сваю віну прызнаў цалкам.
Віталь Літвін сказаў што далучыўся да пратэстоўцаў у раёне ЦУМа. Людзі смяяліся, размаўлялі “было выдатна". Калона спынілася на скрыжаванні. "Я не разумеў, чаму мы стаім, хадзіў туды-сюды". Калі пачаўся карагод, Літвін таксама пайшоў удзельнічаць. Сваю віну Віталь Літвін прызнае часткова – транспарт ён спыняў ненаўмысна і ў той момант не думаў пра тое, што нешта парушае: "Была вельмі святочная абстаноўка, падобна на карнавал, усе адзін аднаго падтрымлівалі, усміхаліся". Віну ў тым, што перашкаджаў працаваць аб'ектам гандлю і грамадскага харчавання на скрыжаванні, Літвін не прызнае.
Пасля перапынку паказанні даў Яраслаў Ярашук. Кажа, што пра акцыю даведаўся з телеграм-канала, прыйшоў на Савецкую. Потым разам з усімі пайшоў на Машэрава. "Людзей было так шмат, што яны не змяшчаліся на ходніках", – тлумачыць мужчына. Калі людзі спыніліся на скрыжаванні бульвара і Машэрава, па словах Ярашука, ён пляскаў пад музыку і выкрыкваў "Жыве Беларусь!" – таму што настрой быў патрыятычны. Калі калона спынілася, ён нейкі час знаходзіўся на праезнай частцы, а потым стаў на тратуары, дзе цяпер стаіць ёлка. З ягоных словаў, кіроўцы таксама пляскалі, ніякай агрэсіі ні ў тых, хто стаяў на скрыжаванні, ні ў тых, хто стаяў у пробке, ён не бачыў. "Калі б я хацеў перашкаджаць руху транспарту, я б не сышоў на тратуар", – дадае Ярашук. Сваю віну ён прызнае часткова: на скрыжаванні быў, але не перашкаджаў аўтаранспорту ехаць, а "нейкай краме гандляваць".
Яўген Каўпачык 13 верасня быў у кафэ ў цэнтры, калі выйшаў, убачыў калону, атмасфера была святочная і хлопец вырашыў далучыцца. Разам з усімі ён дайшоў да скрыжавання Машэрава і бульвара. Чаму сабралашся натоўп ён не ведаў. "Я выйшаў на праезную частку пасля таго, як убачыў машыну ДАІ на скрыжаванні, падумаў, што можна". Яўген кажа, што не вадзіў карагоды, а ў далоні пад музыку пляскаў. Віну ён не прызнае.
Віктар Дзенісенка ў судзе растлумачыў, што 13 верасня быў у цэнтры, да калоны далучыўся каля ЦУМа пайшоў з ёй на Машэрава, каб сесці там на грамадскі транспарт і ехаць адтуль дадому на Кавалеўку. Быў у натоўпе на скрыжаванні, але не вадзіў карагоды, не выкрыкваў лозунгі, ні з кім не меў зносіны. У той жа дзень яго затрымалі прыкладна ў 17:11 па артыкуле 23.34 КаАП і павезлі ў РАУС.
Дырэктар фірмы Максім Жараў распавядае, што быў у бары ў цэнтры, калі выйшаў, убачыў калону. Далучыўся. На злашчасным скрыжаванні быў, але карагоды не вадзіў, лозунгі не выкрыкваў, стаяў бліжэй да кніжнай крамы, праезду транспарту не перашкаджаў. У той жа вечар быў затрыманы па артыкуле 23.34 КаАП. Віну прызнае цалкам, да суда часткова кампенсаваў шкоду тралейбуснаму і аўтобуснаму паркам.
Настаўніца англійскай мовы, якая два месяцы правяла ў СІЗА як абвінавачаная па гэтай справе, а потым перакладзеная пад хатні арышт Марына Глазава распавядае, што ў той дзень выйшла за пакупкамі. Думала, далучацца ці не, у выніку стала ў хвасце. Знаёмых у калоне не знайшла, таму ішла побач з людзьмі, якія неслі калонкі. На скрыжаванні сустрэла знаёмую, яны разгаварыліся. Калі з калонак загучала "Тры чарапахі", людзі сталі ў карагод, Глазава таксама перыядычна станавілася ў ланцуг. Віну сваю прызнае часткова, не згодная з тым, што яе дзеянні перашкаджалі працы шапікаў і рэстарана.
У судзе абвешчаны перапынак да 27 студзеня.
«Справа карагодаў» у Брэсце. Што вядома цяпер?