viasna on patreon

"Святое права на мір"... Што казалі праваабаронцы на акцыі ПЦ “Вясна” супраць вайны

2022 2022-03-05T20:23:44+0300 2022-03-05T21:30:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viasna-vs-vajny.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр “Вясна” правёў акцыю пратэста супраць вайны і незаконнага ўварвання расійскіх войскаў на тэрыторыю Украіны.

“Нас шмат вучылі таму, што нацызм павінен  быў памерці ячшэ ў сярэдзіне 20-га стагоддзя, — адзначыў Алесь Буракоў з праваабарончага цэнтра “Вясна”. — Мне цікава, што зараз будуць прамаўляць настаўнікі Беларусі сваім вучням, калі іх краіна і ўлада (якой у тым ліку яны служаць) зрабіла такі крок. Мне цікава, што сказаў бы Васіль Быкаў, які прайшоў Вялікую айчынную вайну, які бачыў смерць і гора. Які бачыў, як знішчалі беларускі і ўкраінскі народ. У яго вельмі шмат добрых кніжак наконт таго, што вайна — гэта зло. І менавіта Беларусь, якая прадстаўлена ў кнігах Быкава — менавіта гэтая краіна зараз выступае на баку агрэсара”.

Алесь Буракоў падкрэсліў: важна ведаць, што не беларусы пачалі гэтую вайну. Яе пачаў Лукашэнка.

“Нажаль, зараз мы ў такой сітуацыі, калі нам трэба зрабіць звышкрок: нам трэба быць сільнымі, аб’яднанымі. Нам трэба разам усім казаць аб тым, што вайсковая агрэсія ва Украіне — гэта непрымальна, гэта парушэнне, гэта крымінал. І ён павінен быць скончаны”.

Алесь Буракоў дадаў: зараз мы маем справу з наступствамі 2020 года і гадоў, якія папярэднічалі яму, калі ўладу захапіў адзін чалавек. ПЦ “Вясна” і ўвогуле праваабарончая супольнасць Рэспублікі Беларусь амаль 30 год змагалася з тым, каб у беларусаў была свабода выбара, дэмакратычныя выбары, каб не было рэпрэсій.

Праваабаронца “Вясны” Наталля Сацункевіч выйшла на акцыю з плакатам “Дэкларацыя ААН аб праве народаў на мір”. Яна нагадала, што права на жыццё без вайны запісана ў Дэкларацыі, а Беларусь з’яўляецца краінай-стваральніцай ААН — яна падпісала Устаў аб утварэнні Арганізацый аб’яднаных нацый.

“У Дэкларацыі падкрэсліваецца, што гэта абавязак дзяржавы — забяспечваць мір і існаванне людзей у міры. І мне вельмі шкада, балючы і горка, што мая радная краіна Беларусь зараз разам з Расіяй апасрэдавана ўдзельнічае ў вайне ва Украіне. Гэта цалкам не нармальна… Гэта ўжо не проста катэгорыя ненармальнасці, гэта катэгорыя парушэнняў нормаў міжнароднага права”, — звярнула ўвагу праваабаронца.

Праваабаронца “Вясны” Анастасія Васільчук звярнула ўвагу і на гуманітарную катастрофу, якая разгортваецца ва Украіне:

“Мы будзем усімі сіламі, якія толькі мае, выказваць свой пратэст. І спадзяемся, што заходнія краіны, краіны цывілізаванага свету, усё ж такі змогуць паўплываць на сітуацыю — і вайна ў хуткім часе скончыцца”.

“Нам вельмі сорамна і сумна, што мы зараз фактычна грамадзяне краіны, якая дапамагае агрэсару, і я магу запэўніць, што праваабаронцы “Вясны” і іншых арганізацый зробяць усё у іх сілах, каб гэта хутчэй скончылася”, — адзначыў Алесь Буракоў.

Акцыя ПЦ “Вясна” супраць незаконнага ўторгнення Расійскіх войскаў на тэрыторыю Украіны прайшла каля пасольства Рэспублікі Беларусі ў Літве. Яе прыйшлі падтрымаць і неабыякавыя людзі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства