viasna on patreon

"Спыняцца ніхто не збіраецца". Распавядаем, што цяпер з расследаваннем смерці ў калоніі Вітольда Ашурка

2022 2022-05-18T15:30:00+0300 2022-05-20T14:26:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vitold_9w.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

21 траўня 2021 года ў шклоўскай калоніі №17 пры нявысветленых абставінах памёр палітзняволены актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак. Афіцыйная прычына — спыненне сэрца, хоць, па словах сваякоў, да зняволення на здароўе мужчына не скардзіўся. Следчы камітэт заявіў, што смерць палітвязня не мела крымінальнага характару і да гэтага часу не завёў крымінальную справу. Следчыя не імкнуцца высвятліць сапраўдныя прычыны смерці асуджанага Вітольда Ашурка — экспертызы за год не падрыхтаваныя, праверка зацягнутая. Замест гэтага следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу супраць людзей, якія пасля прысуду палітвязня скандавалі ў залі суда “Ганьба!”. Праз гэта брат і сябры вымушаныя былі пакінуць Беларусь. Што цяпер з праверкай па факту смерці ў калоніі Вітольда Ашурка, ці ёсць спадзевы на ўзбуджэнне крымінальнай справы і прыцягнення да адказнасці вінаватых, якая практыка па падобных справах у Беларусі — пра гэта распавялі брат Вітольда Андрэй Ашурак і праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка.

Вітольд Ашурак, фота з Facebook
Вітольд Ашурак, фота з Facebook

Што здарылася 21 траўня ў шклоўскай калоніі?

Вітольд — актывіст з Бярозаўкі, супраць якога ў жніўні 2020-га распачалі крымінальную справу за паслявыбарчыя падзеі. Суддзя Лідскага раёна Максім Філатаў у закрытым рэжыме асудзіў Вітольда да пяці гадоў зняволення. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў шклоўскую калонію. 21 траўня 2021 года, на 244-ы дзень свайго зняволення, там памёр 50-гадовы палітвязень Вітольд Ашурак. 

21 траўня 2021 года родным Вітольда патэлефанавалі з калоніі і паведамілі пра гэта. Афіцыйная прычына – спыненне сэрца, але па сцвярджэнні сваякоў палітвязня, у яго раней не было праблем са здароўем.

25 траўня 2021 года цела Ашурка было перададзена родным з забінтаванай галавой. Сваякам паведамілі, што цела выранілі пры выгрузцы з халадзільніка. У гэты ж дзень Следчы камітэт апублікаваў відэа з прыкметамі мантажу з камеры (як мяркуецца, – ШІЗА), на якім адлюстравана два спантанныя падзенні Ашурка. У ведамстве таксама заявілі, што Ашурак не скардзіўся на здароўе і адмаўляўся ад дапамогі і шпіталізацыі. У папярэднім пасведчанні аб смерці, выдадзеным сваякам і падпісаным магілёўскай управай Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, прычына смерці не была пазначаная (код МКЗ-10 R99 «Іншыя недакладна пазначаныя і неўдакладненыя прычыны смерці»).

Праверка па факту смерці Вітольда Ашурка працягваецца да гэтага часу. Экспертызы праз год не гатовыя.

"Праверка замыльваецца, хоць усе тэрміны па ўсіх экспертызах даўно ўжо выйшлі"

Андрэй Ашурак
Андрэй Ашурак

Андрэй Ашурак распавёў “Вясне”, што камунікацыя са следчымі наконт расследавання смерці брата, па сутнасці, скончылася дзевяць месяцаў таму:

"На пачатку ў мяне была вусная дамоўленасць з падпалкоўнікам Паўлам Старыкавым са Следчага камітэта Магілёва, што раз на тыдзень я буду яму тэлефанаваць, а ён распавядаць пра ход справы. Я спраўна яму тэлефанаваў раз у тыдзень, але ён мне ўсё казаў, што негатовыя экспертызы. І так кожны тыдзень некалькі месяцаў. Апошняя гутарка ў мяне з ім адбылася 6 жніўня 2021 года. Я тады задаў яму шмат нязручных пытанняў, ён стушаваўся ад іх і сказаў нешта накшталт: «Так, я разумею вас, патэлефануйце праз тыдзень». Але гэта было ўсё: адразу ён трубку не браў, потым ён нібыта ў адпачынку быў. Больш у мяне не атрымалася з ім звязацца.

Тады я даслаў запыты ў пракуратуру і Следчы камітэт Магілёўскай вобласці. З пракуратуры мне прыйшла адпіска, што мой запыт быў перанакіраваны ў Генеральную пракуратуру, а са Следчага камітэта што я не маю права атрымаць матэрыялы праверкі. Сам дакумент быў падпісаны падпалкоўнікам Старыкавым у снежні, але атрымаў я яго толькі ў лютым. Афіцыйнай інфармацыі нуль, праверка замыльваецца, хоць усе тэрміны па ўсіх экспертызах даўным-даўно ўжо выйшлі". 

"Гэтая справа павінна быць раскрытая цалкам"

Пры гэтым, Андрэй кажа, што, нягледзячы на абмежаваныя магчымасці, робіць усё, каб урэшце рэшт крымінальная справа па факту смерці  ў калоніі Вітольда Ашурка была ўзбуджаная, а вінаватыя прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці:

"Спыняцца ніхто не збіраецца. Настаяць на ўзбуджэнні крымінальнай справы на дадзены момант немагчыма ў  прынцыпе. Адзінае, што цяпер яшчэ магчыма, гэта збор і акумуляцыя ўсіх звестак з нагоды праверкі і самога здарэння, якія пацягнулі смерць Вітольда Міхайлавіча. На будучыню. Калі прыйдзе момант, гэтая справа павінна быць раскрытая цалкам. Да гэтага моманту ўжо павінны быць вядомыя ўсе дзейныя асобы, якія гэта зрабілі і якія не жадаюць знайсці вінаватых. Мы жа разумеем, што ў яго не проста спынілася сэрца". 

Рэдкія выпадкі прыцягнення да адказнасці за гібель зняволеных

Юрыст “Вясны” Павел Сапелка адзначае, што ў гэтай справе маюцца прыкметы службовага злачынства:

"Гэта не выклікае сумневаў. Палітвязня ўтрымлівалі ў ШІЗА з відавочнымі прыкметамі стану, пры якім ён там па законе не мог знаходзіцца, і гэта было вядома прадстаўнікам адміністрацыі калоніі".

Як адзначае Павел Сапелка, гэта не першы выпадак гібелі асуджаных у месцах пазбаўлення волі, за некаторыя з іх нават былі прыцягнутыя да адказнасці вінаватыя:

“Праваабаронцы па-ранейшаму фіксуюць невыкананне абавязку правесці своечасовае дбайнае эфектыўнае расследаванне. Рэдкія выпадкі прыцягнення да адказнасці за гібель зняволеных становяцца вядомыя дзякуючы справаздачнасці Беларусі ў ААН. Так стала вядома аб прыцягненні да адказнасці за давядзенне асуджанага да самагубства і за збіццё зняволенага: у двух выпадках крымінальныя справы распачатыя за наўмыснае здзяйсненне службовымі асобамі дзеянняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, прадастаўленых ім па службе, звязанае з гвалтам, у адным выпадку крымінальная справа ўзбуджаная ў дачыненні да медыцынскага работніка за дзеянні, якія пацягнулі па неасцярожнасці смерць пацыента. Так, да 6 гадоў пазбаўлення волі ў снежні 2014 года асуджаны прапаршчык унутранай службы турмы №8 за давядзенне да самагубства затрыманага. Прысудам суда Салігорскага раёна Мінскай вобласці ад 31 жніўня 2015 года былому міліцыянту спецыялізаванага ізалятара Салігорскага РАУС, які з ужываннем гвалту наўмысна прычыніў цялесныя пашкоджанні затрыманай асобе, прызначанае пакаранне ў выглядзе чатырох гадоў пазбаўлення волі з пазбаўленнем спецыяльнага звання "старшына міліцыі" і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады тэрмінам на пяць гадоў.

Таксама дзякуючы намаганням праваабаронцаў і сям'і загінулага, 26 верасня 2013 года ў дачыненні да фельчара медыцынскай часткі СІЗА №1 Крылова А. В. упраўленнем Следчага камітэта па г. Мінску была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 2 арт. 162 Крымінальнага кодэкса (неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медыцынскім работнікам). 21 кастрычніка 2016 года суд вынес абвінаваўчы прысуд фельчару Крылову – тры гады пазбаўлення волі ў калоніі-пасяленні, які быў у наступстве скарочаны на два месяцы. Акрамя гэтага, фельчару следчага ізалятара забаронена займаць пасады ў медустановах і працаваць ва ўстановах крымінальна-выканаўчай сістэмы краіны”.

"Мы надаём вялікае значэнне дзейнасці ў рамках IAPB"

Юрыст “Вясны”, як і Андрэй Ашурак, адзначае, што цяпер трэба прыкласці ўсе намаганні, каб сабраць і захаваць усе доказы па справе Вітольда для далейшага расследавання:

“Мы аддаём сабе справаздачу, і практыка гэта даказвае, што з часам доказы віны губляюцца, дакладней – доказы і магчымасць атрымання новых прапускае следства, таму мы зараз надаём вялікае значэнне дзейнасці ў рамках IAPB – міжнароднай платформы падсправаздачнасці Беларусі, кааліцыі незалежных няўрадавых арганізацый, якія аб'ядналі свае намаганні для збору, кансалідацыі, праверкі і захавання доказаў грубых парушэнняў правоў чалавека, якія ўяўляюць сабой злачынствы па міжнародным праве, учыненых беларускімі ўладамі”.

Замест справы па факту смерці Вітольда – крымінальная справа за скандаванне пасля прысуду “Ганьба” 

Пракуратура Гродзенскай вобласці ўзбудзіла крымінальную справу супраць людзей, якія прыйшлі падтрымаць Вітольда ў дзень абвяшчэння прысуду, паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства, здзейсненае групай асобаў). Падазраваныя – усе, хто прысутнічаў у студзені 2021 года падчас абвяшчэння прысуду Вітольду Ашурку і скандаваў «Ганьба!» ды «Верым, можам, пераможам!», у тым ліку сябры і брат Вітольда. Праз гэта яны вымушаныя былі з’ехаць з Беларусі.

Як распавядае Андрэй Ашурак, справу прыпынілі трэці раз, але Андрэй не выключае, што яе могуць аднавіць чацвёрты раз.

"Я не планаваў выязджаць. У мяне нават візы не было. Я прынцыпова не збіраўся з’язджаць, але абставіны склаліся так, што давялося ўсё гэта рабіць у вельмі кароткі прамежак.

Я спытаў у следчага, калі прыпынялі гэта справа, калі зноў яго адкрыюць. На што ён адказаў: "Калі нам патэлефануюць – тады і адкрыем!”

“Мама настроена рашуча – дачакацца нас” 

ashurak_9.jpeg
Маці Вітольда і Андрэя з сынам

Дома засталася маці Андрэя і Вітольда. 13 траўня ёй споўнілася 84 гады. 

"Маме складана усё ж такі ўзрост. Але яна настроена рашуча – дачакацца нас у любым выпадку. Адна яна не засталася, хоць і здаецца, што адна. Вакол яе людзі — да яе пастаянна ходзяць. Падтрымка ёсць. Мы з ёй пастаянна стэлефаноўваемся... Ну хоць неяк – гэта ж мама наша!”

У гадавіну смерці палітвязня імша пройдзе ў родным горадзе Вітольда — Бярозаўцы. Акрамя гэтага, імша плануецца ў Варшаве ў касцёле Святога Аляксандра — весці яе будзе вядомы ксёндз Вячаслаў Барок.

"21 траўня ўпісваецца ў Дзень палітвязня" 

Праваабарончы цэнтр “Вясна” абвясціў 21 траўня — Днём палітвязня.

“У прынцыпе, хоць і сумна ўсё гэта, натуральна. Але менавіта гэты дзень — 21 траўня ўпісваецца ў Дзень палітвязня. Забітых шмат. Кожнае забойства — гэта трагедыя. Але тут нонсэнс: чалавека пасадзілі ў турму і забілі. Пытанне: навошта?” — разважае Андрэй Ашурак.

У гэты дзень у многіх гарадах плануюцца мерапрыемствы, прысвечаныя салідарнасці з палітвязнямі Беларусі і памяці Вітольда Ашурка.

Як далучыцца да Дня палітвязня:

21 траўня — Дзень палітвязня ў Беларусі. Далучайся да акцый салідарнасці!

Праваабарончы цэнтр «Вясна» абвяшчае 21 траўня Днём палітвязня ў Беларусі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства