viasna on patreon

21 траўня — Дзень палітвязня ў Беларусі. Далучайся да акцый салідарнасці! Дапоўнена

2022 2022-05-19T22:41:00+0300 2022-05-21T10:17:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dzen_paliatviaznia.jpeg.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр «Вясна» абвяшчае 21 траўня Днём палітвязня ў Беларусі. У гэты дзень год таму ў шклоўскай калоніі №17 пры нявысветленых абставінах памёр палітзняволены актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак. Праваабаронцы заклікаюць у гэты дзень узгадаць Вітольда, выказаць салідарнасць з палітвязнямі Беларусі і ў чарговы раз запатрабаваць ад уладаў іх вызвалення. 

21 траўня ў калоніі памёр палітзняволены Вітольд Ашурак

Праваабаронцы абралі дату Дня палітвязня ў Беларусі невыпадкова. 21 траўня — гадавіна смерці ў калоніі палітзняволенага Вітольда Ашурка.

Вітольд — актывіст з Бярозаўкі, супраць якога ў жніўні 2020-га распачалі крымінальную справу за паслявыбарчыя падзеі. Суддзя суда Лідскага раёна Максім Філатаў у закрытым рэжыме асудзіў Вітольда да пяці гадоў зняволення. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў шклоўскую калонію. 21 траўня 2021 года, на 244-ы дзень свайго зняволення, палітвязень Вітольд Ашурак памёр у шклоўскай калоніі. Афіцыйная прычына — спыненне сэрца, хоць, па словах сваякоў, да зняволення на здароўе мужчына не скардзіўся. Родныя дагэтуль не ведаюць, чаму памёр мужчына. Крымінальнай справы па факце ягонай смерці таксама да гэтага часу няма. 

Застанецца свабодным навечна. У зняволенні памёр Вітольд Ашурак

Пайшоў з жыцця палітвязень з Бярозаўкі Вітольд Ашурак, якому 18 студзеня ў Лідзе на закрытым працэсе прысудзілі да 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Менавіта Вітольд быў першым палітзняволеным за падзеі 2020 года, хто распавёў пра масавую пазнаку палітвязняў у калоніях жоўтымі біркамі. Пра гэта ён напісаў у сваім лісце на волю:

«Палітычных тут [у шклоўскай калоніі] не бракуе. Так што сумаваць нагоды няма. Тым больш, што адміністрацыя выдала загад мець жоўты колер бірак на адзенні, і таму палітычных можна адрозніць здалёк».

Нагадаем, падчас Другой сусветнай вайны нацысты нашывалі яўрэям жоўтыя «зоркі Давіда».

1481 чалавекі за два гады атрымалі статус палітвязня

На дадзены момант у Беларусі налічваецца 1204 палітычныя зняволеныя. За кратамі знаходзяцца амаль усе прадстаўнікі беларускага грамадства: праваабаронцы, журналісты, актывісты, палітыкі, студэнты, завадчане, былыя чыноўнікі і сілавікі, настаўнікі, культурныя дзеячы, лекары, будаўнікі, навукоўцы і іншыя. За ўдзел у акцыях пратэсту ў калоніі адпраўляюць шматдзетных маці, непаўнагадовых, пенсіянераў і людзей з захворваннямі. Палітвязняў у месцах зняволення ўтрымліваюць у бесчалавечых умовах, збіваюць, катуюць і не аказваюць неабходную медыцынскую дапамогу. 

У сувязі з палітычнай сітуацыяй у Беларусі з 1 ліпеня 2020 года статус палітычнага вязня атрымалі 1481 чалавекі! Гэта беспрэцэндэнтная сітуацыя па рэпрэсіях у Беларусі. Праваабаронцы патрабуюць вызвалення палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій супраць жыхароў Беларусі. 

Што можна зрабіць да Дня палітвязня?

Праваабаронцы заклікаюць далучыцца да акцый салідарнасці па падтрымцы палітвязняў у Беларусі!

1. Далучайся да акцый салідарнасці ў тваім горадзе 21 траўня ў падтрымку беларускіх палітвязняў і ў памяць пра Вітольда Ашурка.
Плануемыя акцыі:

  • Вільня, Літва: 21 траўня, з 17 да 19 гадзін, амбасада Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы (вул. Міндаўга, 13);
    22 траўня, 14:00, «Вясна» сумесна з фондам дапамогі беларусам ў Вільне "Разам" ладзяць падпісанне паштовак для зняволеных беларусаў (Vilniaus g., 20);
  • Батумі, Грузія: 21 траўня, а 16 гадзіне, акцыя ў порце;
  • Тэль-Авіў, Ізраіль: 20 траўня, 10:00, акцыя памяці Вітольда Ашурака са знічкамі каля амбасады (Reines st. 3, каля плошчы Дзізінга);
  • Варшава, Польшча: 21 траўня, 18:00, вечар памяці героя Беларусі Вітольда Ашурка, Беларускі Дом у Варшаве (ul. Kryniczna 6);
    21 траўня, 13:00-14:00 — імпрэза ў Беларускім Моладзевым Хабе (plac Konstytucji 6). Праваабаронца "Вясны" Зміцер Салаў'ёў распавядзе гісторыі палітвязняў у Беларусі, а прадстаўнікі мясцовага праекта "Лісты палітвязням" распавядуць пра важнасць лістоў салідарнасці. Акрамя гэтага, на будынку Хаба дзве ночы — 20-21 і 21-22 траўня — праз праектар будуць паказаныя фатаграфіі палітвязняў Беларусі;
    22 траўня ў 11:30 у касцёле Святога Аляксандра адбудзецца імша па Вітольду Ашурку, адтуль у 13.00 шэсцем усе ахвочыя пойдуць да помніка Каперніку, дзе ў 14.00 адбудзецца акцыя;
  • Беласток, Польшча: 21 траўня, 15:30, рэдакцыя Беларускага Радыё Рацыя (вуліца Ciepla, 1)
  • Кракаў, Польшча: 21 траўня, 14:00, акцыя салідарнасці каля помніка Адаму Міцкевічу;
  • Прага, Чэхія: 21 траўня, 12:00, Malostranské náměstí;
  • Эдынбург: 21 траўня, 15:00, Mercat cross;
  • Рыга, Латвія: 21 траўня, 16:00-18:00, падпісанне паштовак, Common Ground, Andrejostas iela, 27.
  • Лондан, Велікабрытанія: 28 траўня, 14:00-15:30, Ланцуг салідарнасці з палітвязнямі, усходні бок Westminster Bridge, London;

Што яшчэ можна зрабіць?

  1. прычапі да адзення “жоўтую бірку экстрэміста” ў знак салідарнасці з палітвязнямі (прамавугольнік жоўтага колеру памерам 4 на 10 см);
  2. распавядзі ў сацсетках гісторыю аднаго ці некалькіх палітвязняў з хэштэгам #МойСябраПалітвязень;
  3. напішы адкрыты ліст-пост палітзняволенаму з хэштэгам #свабодупалітвязням;
  4. запалі ўвечары 21 траўня ў сябе дома ці ў іншым месцы свечку памяці палітзняволенаму Вітольду Ашурку;
  5. далучайся да праекту па вышыванні партрэтаў палітвязняў framedinbelarus.net;
  6. дашлі палітвязню ліст салідарнасці (гэта можна зрабіць анлайн праз Майстэрню паштовак салідарнасці, а абраць палітвязня можна з дапамогай рандамайзера
  7. падтрымай палітвязняў іншым спосабам: пасылкай, грашовым пераводам, тэлеграмай;
  8. прыдумай і рэалізуй іншае дзеянне з патрабаваннем вызваліць палітзняволеных (можаш прапанаваць сваю ідэю нам у тэлеграме @Spring96info).

Дзяліся акцыямі салідарнасці ў сацсетках з хэштэгамі #свабодупалітвязням #свободуполитзаключенным #freepoliticalprisoners 

Свабоду палітвязням! 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства