viasna on patreon

Застанецца свабодным навечна. У зняволенні памёр Вітольд Ашурак

2021 2021-05-22T11:31:34+0300 2021-05-22T11:45:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/asurak-04-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вітольд Ашурак

Вітольд Ашурак

Пайшоў з жыцця палітвязень з Бярозаўкі Вітольд Ашурак, якому 18 студзеня ў Лідзе на закрытым працэсе прысудзілі да 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Сэрца зняволенага актывіста спынілася ў шклоўскай калоніі №17. Яму было ўсяго толькі 50 гадоў.

Вітольд Міхайлавіч Ашурак – актывіст з Бярозаўкі, сябра Партыі БНФ. Каардынатар руху «За свабоду». Ня раз балятаваўся ў мясцовыя дэпутаты і парлямэнт. Падымаў экалагічныя пытанні: ён змагаўся супраць шкоднай вытворчасці шкловаты. Разам з паплечнікамі ўшаноўваў мясціны паўстанцаў Каліноўскага: яны ставілі крыжы на месцы пахавання паўстанцаў па ўсёй Горадзеншчыне. Зрабілі помнік паміж вёскамі. 

Доўгі час працаваў выдзімальнікам на шклозаводзе, рабіў рамонт кватэр.

Палітыкай Вітольд зацікавіўся 10 гадоў таму. Знянацку вырашыў паехаць на Плошчу-2010. Атрымаў свае першыя 12 дзён арышту. Пасля выхаду адразу ўступіў у партыю БНФ, стаў сябрам сойму БНФ. Пачаў гаварыць па-беларуску.


Вітольд Ашурак: «Што тычыцца мяне, то тэрмін у 5 год я ўспрымаю як адзнаку "выдатна" за тое, што меў гонар падняць паходню паўстання супраць дыктатуры сярод самых лепшых людзей Ліды! Сапраўды, для мяне гэта гонар!».


У Вітольда Ашурка сярэдняя адукацыя. «Калі ў яго пыталіся, якая ў яго адукацыя, ён любіў паўтараць: „Мая адукацыя найлепшая — я самавук“. Ён вельмі гісторыяй цікавіўся, гісторыяй мастацтва. Горы кніг пра гэта прачытаў. Турызмам цікавіўся. Мы ж кожны год сплаўляемся на плытах па Нёмане», — прыгадвае лідзкі актывіст, сябра Ашурка Сяргей Пантус.

«Вітольд — гэта адзін з самых прынцыповых, сумленных і сапраўдных людзей, з якімі я знаёмая. Мне здаецца, што ў свабоднай Беларусі ён будзе сапраўды вялікім рэгіянальным палітыкам», — выказалася пра Вітольда ягоная паплечніца і сяброўка Вольга Быкоўская.

Справа Вітольдта Ашурка: па двух артыкулах - пяць год калоніі

Суддзя Максім Філатаў абвясціў суд закрытым, спаслаўшыся на 23 артыкул Канстытуцыі і “пагрозу дзяржаўнай бяспецы”. Нягледзячы на абурэнне вялікай колькасці сабраўшыхся гледачоў, ён адмовіўся размаўляць па-за межамі працэсуальных дзеянняў і хутка зайшоў у судовую залу.

Праваабаронцы "Вясны" глыбока смуткуюць з нагоды заўчаснай смерці актывіста і грамадскага дзеяча і выказваюць спачуванні ягоным родным і блізкім.

Варта пачытаць:  «Татарын, дагестанец і грэк — трое беларускіх нацыяналістаў»: гісторыя палітвязня Вітольда Ашурка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства