viasna on patreon

«Ты ведаеш, як балгаркай пальцы адразаюць?» Былы арыштант распавёў пра затрыманне і ўмовы ў баранавіцкім ІЧУ

2022 2022-05-25T13:01:11+0300 2022-05-25T13:01:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/okrestina_902.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ужо некалькі месяцаў у Баранавічах працягваецца хваля рэпрэсій. Мясцовых жыхароў выклікаюць на «прафілактычныя гутаркі», прымушаюць праходзіць паліграф і здаваць біяматэрыялы, выклікаюць на допыты і арыштоўваюць за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Так адбылося і з хлопцам, якога затрымалі ў красавіку проста на працоўным месцы. Ператрус у ягонай кватэры праводзілі ў межах крымінальнай справы, распачатай па факце спробы падпалу Баранавіцкай пракуратуры. Былы арыштант расказаў «Вясне» пра пагрозы ад сілавікоў у РАУС і ўмовы ўтрымання ў мясцовым ізалятары.

Ілюстратыўнае фота spring96.org
Ілюстратыўнае фота spring96.org

«Можа быць датычны да падпалу пракуратуры ў Баранавічах»

На пачатку красавіка падчас чарговага «рэйду» сілавікі затрымалі на працоўным месцы жыхара Баранавічаў. Яго выклікалі на «гутарку» ў службовы аўтамабіль, дзе паказалі пастанову на ператрус у ягонай кватэры. У пастанове было пазначана, што хлопец «можа быць датычны да падпалу пракуратуры ў Баранавічах». Імаверна, гаворка ішла пра інцыдэнт, які адбыўся 12 кастрычніка 2020 года, калі ў акно будынка Баранавіцкай міжраённай пракуратуры закінулі слоік з вадкасцю і рыззём. У выніку былая распачатая крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (Хуліганства).

Ператрус у кватэры, паводле хлопца, праводзілі павярхоўна, а ў якасці панятых былі запрошаны суседзі. У пратаколе ператрусу сілавікі напісалі, што «нічога не знойдзена», але сказалі, што трэба будзе праехаць з імі ва ўпраўленне на чарговую гутарку. Там у хлопца праверылі тэлефон, а калі знайшлі падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы, то сказалі: «Гэтага пакідаем». Ён адзначае, што ў той дзень за «экстрэмізм» былі затрыманы і дастаўлены ў мясцовы РАУС адразу некалькі чалавек.

«Зараз усю тваю сям'ю змагароў перасадзім»

Пасля складання пратаколу хлопцу давялося прайсці паліграф.

«Потым ужо былі допыты з класічнымі «Чаго ж вам усё нестае». Пагрозы былі таксама ў жанры «Зараз усю тваю сям'ю змагароў перасадзім», ну і вельмі банальныя: «Ты ведаеш, як балгаркай пальцы адразаюць?», «Цяпер будзем рукі ламаць, пальцы ў дзверы, пазногці выдзіраць і гэтак далей», «У камеру з апушчанымі пасадзім», маўляў, прызнавайся, што рабіў, мы і так ужо ўсё ведаем — цябе здалі. Казаць мне было няма чаго, таму я так і казаў, што я ўсё, што ведаў, — сказаў».

Акрамя гэтага, хлопец расказаў, што яго пару разоў «пляснулі» па галаве дзеля «запалохвання». Допыты на працягу некалькіх дзён праводзілі супрацоўнікі Брэсцкага крымінальнага вышуку, брэсцкі ГУБАЗіК і начальнік баранавіцкага ІЧУ.

Арыштантаў у ІЧУ па-за камерай вадзілі ў кайданках

Бліжэй да вечара яго перавялі ў ізалятар часавага ўтрымання. За час арышту ў камеры ў розны час было ад чатырох да дзевяці чалавек на чатыры «шконкі». Арыштантаў па-ранейшаму ўтрымліваюць у нечалавечых умовах: матрацы і коўдры «не прызначаныя»; святло ў камеры гарыць увесь час; затрыманым забаронена чытаць, пісаць і курыць; з перадач прымаюць толькі ніжнюю бялізну і сродкі гігіены; уначы для «праверак» будзяць тры-чатыры разы. У душ не выводзяць, але ў камеры ёсць гарачая вада і дазваляюць перадаваць вільготныя сурвэткі. Хлопец адзначае, што на шпацыры не вадзілі нават «непалітычных» праз недахоп персаналу. Акрамя гэтага, арыштантаў у ІЧУ па-за камерай вадзілі ў кайданках.

Суд над жыхаром Баранавічаў прайшоў на наступны дзень. Суддзя Баранавіцкага раёна Аксана Копач прызнала яго вінаватым у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП) і арыштавала на 10 сутак. Хлопец адзначае, што ў той дзень на «суткі» адправілі каля дзесяці чалавек.

«Дапытвалі супрацоўнікі контрвыведкі». Жыхар Баранавічаў распавёў, як яго затрымлівалі за інфармацыю для «Беларускага Гаюна»

Хлопец распавёў «Вясне» пра допыт супрацоўнікамі контрвыведкі, пра стаўленне сілавікоў да вайны і ўмовы ўтрымання ў баранавіцкім ІЧУ.

Дзяжурныя ў ІЧУ не дазвалялі рабіць шашкі і «косткі» з хлеба і туалетнай паперы

Былы арыштант расказаў і пра тое, чым яны з сукамернікамі займаліся ў вольны час:

«Вельмі шмат размаўлялі, гулялі ў гарады, спявалі песні і хадзілі ў камеры па коле — вялікае кола складае роўна 19 крокаў. Спрабавалі рабіць шашкі, «косткі» з хлеба і туалетнай паперы, але дзяжурныя сварыліся, таму мы больш не спрабавалі».

Хлопец адзначае, што стаўленне дзяжурных да арыштантаў было «строгае, але адэкватнае» і медыцынскую дапамогу аказвалі своечасова.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства