viasna on patreon

«Дапытвалі супрацоўнікі контрвыведкі». Жыхар Баранавічаў распавёў, як яго затрымлівалі за інфармацыю для «Беларускага Гаюна»

2022 2022-05-05T17:44:55+0300 2022-05-05T18:38:40+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/cupryianchyk.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ад пачатку ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну баранавіцкі аэрадром актыўна выкарыстоўваўся расійскімі вайскоўцамі для палётаў, а інфраструктура чыгункі была задзейнічана для перавозу вайсковай тэхнікі. Некаторыя мясцовыя жыхары вырашылі актыўна супрацьстаяць агрэсіі Расіі, таму дасылалі фотаздымкі расійскай тэхнікі ў тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн», а таксама ладзілі дыверсіі на чыгунцы. Праз гэта цягам некалькі тыдняў сілавікі праводзілі рэйды ў Баранавічах па пошуку «рэйкавых партызанаў» і тых, хто распаўсюджвае месцазнаходжанне вайсковай тэхнікі. Так, у сярэдзіне сакавіка супрацоўнікі КДБ затрымалі 19-гадовага Паўла Цупрыянчыка з Баранавічаў, якога спачатку дапыталі ў вайсковай камендатуры, а потым кінулі за краты за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пасля арышту ён быў вымушаны з’ехаць за мяжу праз пераслед уладамі. Хлопец распавёў «Вясне» пра допыт супрацоўнікамі контрвыведкі, пра стаўленне сілавікоў да вайны і ўмовы ўтрымання ў баранавіцкім ІЧУ.

Павел Цупрыянчык
Павел Цупрыянчык

Што адбываецца ў Баранавічах з пачатку вайны ва Украіне?

Незадоўга да вайны ў тэлеграме быў створаны канал «Беларускі Гаюн» для маніторынгу вайсковай актыўнасці на тэрыторыі Беларусі. З першага дня нападу Расіі на Украіну ў ім штодзённа адсочваецца перасоўванне вайсковай тэхнікі, а таксама час ракетных запускаў і палётаў расійскіх самалётаў.

Баранавіцкі аэрадром стаў адным з самых «задзейнічаных» у краіне. «Гаюн» з першых дзён пачаў пахвілінна трансляваць палёты з аэрадрома і публікаваць фота самалётаў. Акрамя гэтага, беларускія «партызаны» праз дыверсіі на чыгунцы блакавалі перавоз расійскай вайсковай тэхнікі. У хуткім часе «Беларускі Гаюн» быў прызнаны ўладамі экстрэмісцкім фармаваннем, а па краіне прайшла хваля рэпрэсій.

Масавая «зачыстка» ў Баранавічах пачалася з сярэдзіны сакавіка. Сярод мясцовых жыхароў шукалі «рэйкавых партызанаў», якія ладзілі дыверсіі на чыгунцы, і тых, хто дасылаў інфармацыю і фотаздымкі з расійскай вайсковай тэхнікай у тэлеграм-канал. Ператрусы звычайна праводзілі супрацоўнікі брэсцкага ГУБАЗіКу і КДБ. Па інфармацыі праваабаронцаў, ператрусы, санкцыянаваныя намеснікам Брэсцкага транспартнага пракурора, праводзілі у межах «рэйкавай» справы па артыкулу 309 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін).

У затрыманых сілавікі правяралі тэлефоны, а калі знаходзілі падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы ці рэпосты з іх — адпраўлялі на суткі ці каралі штрафамі па арт. 19.11 КаАП. Так, сярод арыштаваных за «захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў» быў мужчына, якога затрымалі на 308 кіламетры чыгуначнага перагону Баранавічаў. У судовай пастанове па яго справе суд адзначыў:

«Ацэньваючы дадзеныя асобы, суддзя прыйшоў да высновы, што ў сілу сваёй адукацыі, сацыяльнага становішча, мужчына меў магчымасць азнаёміцца з рэспубліканскім спісам экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Мужчыну прызналі вінаватым і пакаралі 5-сутачным арыштам. Таксама вядома, што некаторых жыхароў судзілі за «непадпарадкаванне супрацоўнікам ГУБАЗіКу», бо яны нібыта адмаўляліся адчыніць дзверы па першаму патрабаванню.

«Павезлі дапытваць у ваенную камендатуру»

19-гадовы Павел Цупрыянчык — былы студэнт філфака БДУ, адлічыўся ў снежні мінулага года. Раней Паўла ўжо двойчы затрымлівалі па палітычных матывах. За ўдзел у акцыі пратэсту з нагоды Дня Волі ў 2021 годзе хлопца пакаралі 30-сутачным арыштам па двух пратаколах. Тады свой арышт ён адбываў на Акрэсціна.

На гэты раз яго затрымалі 22 сакавіка падчас аднаго з «рэйдаў» у горадзе. Дадому да хлопца прыйшлі з КДБ, але прадставіліся яны супрацоўнікамі ваенкамата. Ператрус не праводзілі, а адразу павезлі на допыт з-за інфармацыі, якую ён дасылаў у «Беларускі Гаюн».

«На вуліцы я запытаў прычыну майго затрымання, на што мне адказалі, што гэта з-за таго, што я зліваў інфармацыю па перамяшчэнню расейскіх вайскоўцаў у Баранавічах у «Беларускі Гаюн», а таксама назвалі мой нік у тэлеграме. Павезлі дапытваць мяне ў вайсковую камендатуру на Тэксеры, а не ў КДБ. Там жа я даведаўся, што дапытвалі мяне супрацоўнікі з аддзялення контрвыведкі.

Я быў вымушаны даць ім доступ да майго тэлефону, бо яны пачалі пагражаць мне збіццём. Падчас агляду тэлефону пастаянна пагражалі мне крымінальнымі справамі за ўдзел у экстрэмісцкіх фарміраваннях, тэрарызм, шпіянаж на карысць варожай дзяржавы.

Праз гадзіну допыту ў камендатуру прыехаў брэсцкі ГУБАЗіК. Яны былі больш агрэсіўныя, чым КДБшнікі: адразу пачалі пагражаць збіццём, раўці ва ўвесь голас. Змякчаючы абстаноўку, я спрабаваў жартаваць і пераводзіць тэмы, з-за чаго допыт у камендатуры скончыўся размовамі пра Украіну».

«У ІЧУ праз нашу камеру прайшло каля 30 "палітычных"»

Па дадзеных праваабаронцаў, ад пачатку вайны ў Баранавічах было асуджана мінімум 40 чалавек за «распаўсюд экстрэмізму». Вядома, што некаторых адпраўлялі за краты тэрмінам ад 5 да 15 сутак. Але, па словах Паўла, палітычных арыштантаў у ІЧУ было значна больш:

«Шмат людзей не хочуць дзяліцца фактамі затрымання з-за будучай пагрозы пераследу, наколькі я разумею. Але такіх людзей зашмат, з сакавіка месяца больш за сотню прайшлі праз любога роду ціск з боку сілавікоў.

Па інфармацыі ад знаёмых, дапытваюць іх з-за дыверсій на чыгунцы і распаўсюд сімволікі ў горадзе, а бонусам — падымаюць ўсю інфармацыю пра іх дзейнасць у жніўні 2020. Большасць "палітычных" сядзела па 19.11, рэдка былі выпадкі з непадпарадкаваннем. Адзін чалавек быў асуджаны за несанкцыянаванае пікетаванне аватаркай у нейкай сацыяльнай сетцы.

За той час, што я сядзеў у ІЧУ праз нашу камеру прайшло каля 30 "палітычных". Матывацыю даваць некаму штраф, а кагосьці пакідаць на сутках, мы так і не зразумелі. У карнай сістэме сапраўды працуе нейкі рандом. Большасць "палітычных" праходзілі па першаму разу, у некаторых былі цалкам ідэнтычныя гісторыі: працуюць на чыгунцы, затрымалі першы раз, праходзяць па 19.11. Але ў адзін дзень аднаму даюць 10 сутак, дваім — штрафы».

Супрацоўнікі баранавіцкага ІЧУ крычалі "Слава Украіне" і спявалі гімн Украіны

У мясцовым часовым ізалятары Павел правёў 15 сутак арышту. Баранавіцкая суддзя Аксана Копач асудзіла яго за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» па арт. 19.11 КаАП. А перад судом хлопца прымусілі здаць біяматэрыял, а таксама прапанавалі прайсці паліграф.

Акрамя допыту ў контрвыведцы, супрацоўнікі КДБ прыходзілі да Паўла яшчэ і ў ІЧУ. Яны зноў пагражалі яму крымінальнымі справамі і нават шукалі ў яго сувязь з валанцёрамі фонду «BYSOL» і праваабарончага цэнтру «Вясна», а таксама з партызанамі «Дружыны Народнай Самаабароны» і вайскоўцамі з батальёна Кастуся Каліноўскага. Падчас другога допыта яны паведамілі Цупрыянчыку пра тое, што яны забралі яго бацькоў на допыт у КДБ, дзе яны нібыта «ўсё расказалі».

Хлопец кажа, што арышт для яго прайшоў «ціха». Але ўмовы ўтрымання ў баранавіцкім ІЧУ для «палітычных» былі са «звычайнымі» абмежаваннямі:

«Умовы ўтрымання наўрадці змяніліся з мінулых часоў. Зайшоў я ў камеру без матрацаў, аніякага душа не было ("нармальных" асуджаных у душ вадзілі), прагулак не было ўвогуле (для "нармальных" таксама), кніг няма, цыгарэт няма, настольных гульняў няма, перадаваць рэчы ад родных не хочуць. Медыцынская дапамога пры мне аказвалася ўсім, акрамя дзіўнага моманту з маскамі, калі самі супрацоўнікі запыталі, ці патрэбны яны нам, а потым сказалі, што масак у іх няма.

Стаўленне з боку супрацоўнікаў было лепш, чым на Акрэсціна. Большая частка ставілася да нас з разуменнем, падчас аглядаў камеры ніхто на нас не крычаў і не злаваўся, але ж "Загад ёсць загад".

Але ў супрацоўнікаў ІЧУ было спецыфічнае пачуццё гумару. Нярэдка мы чулі ад іх крыкі "Слава Украіне" ці нават напевы першых радкоў украінскага гімну, якія, як мы потым даведаліся, былі адрасаваныя аднаму з тых, хто чакаў дэпартацыі».

Што кажуць сілавікі пра вайну ва Украіне?

Былы арыштант адзначае, што сілавікі любяць разважаць на тэму вайны ва Украіне, таму яны часта абмяркоўвалі гэта падчас допытаў. Пры гэтым меркаванні яны выказваюць розныя:

«Супрацоўнікі КДБ з аддзялення контрвыведкі, якія спачатку і дапытвалі мяне, да вайны ставяцца дастаткова прарасейскі. ГУБАЗіК таксама. Яны мяне абвінавачвалі ў тым, што з-за такіх як я на нашую тэрыторыю прылятаюць украінскія снарады (пад нашай тэрыторыяй яны мелі на ўвазе менавіта Беларусь). Расказвалі пра свае справы на поўдні Брэсцкай вобласці, казалі пра абстрэлы ўкраінцамі мяжы і Лунінца. На ўсе мае "але" адказвалі пытаннем: "А дзе ты быў 8 гадоў таму?". Пры тым, мой адказ, што мне тады было 11 гадоў, іх не задавальняў.

Супрацоўнікі КДБ, якія дапытвалі мяне ў ІЧУ, мелі крыху іншае бачанне вайны. Хоць яны і казалі пра "ўкраінскіх фашыстаў", але поўнасцю пагадзіліся з маім "Фашысты ёсць у кожнай краіне" і пачалі расказваць пра імперскую палітыку Масквы і тое, як яна іх не задавальняе. Пасля размовы з імі ў мяне было ўражанне, што палітрукі іх падрыхтоўваюць да магчымай агрэсіі Расіі ў наш бок і абароны, па меншай меры, дзяржаўнага апарату ад рускіх».

Пасля «сутак» Паўла сілавікі працягвалі дапытваць яго сваякоў, сяброў і знаёмых

Пасля выхаду з ізалятара хлопец даведаўся пра ператрус дома і допыты ягоных сваякоў. Таксама супрацоўнікі пачалі актыўна дапытваць сяброў і знаёмых Паўла наконт яго, дыверсій на чыгунцы і падзеяў 2020 года. Дапытвалі нават былога сукамерніка Цупрыянчыка наконт таго, што Павел распавядаў яму падчас арышту.

Раніцай 20 красавіка хлопцу патэлефанавалі міліцыянты з просьбай прыйсці на размову ў РАУС. У гэты ж дзень Павел прыняў рашэнне тэрмінова пакінуць краіну. Цяпер ён знаходзіцца ў бяспецы.

«Некалькі дзён таму я даведаўся, што дадому прыходзілі з ператрусам са Следчага камітэту. Каментаваць штосьці яны адмовіліся, толькі сказалі, што яны не ад ваенкамата. Аніякіх копіяў дакументаў яны таксама не давалі маёй маці. А яшчэ паведамілі, што я цяпер невыязны».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства