Судовы канвеер па брэсцкай “справе карагодаў”. Якія суддзі ў гэтым удзельнічаюць
Напрыканцы студзеня брэсцкія суды пачалі разглядаць адну з самых масавых «палітычных справаў» у гісторыі Беларусі — «справу карагодаў». Праз месяц пасля выбараў, 13 верасня, на Маршы герояў у Брэсці на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава пратэстоўцы вадзілі карагод, спявалі і танчылі. "На скрыжаванні ўсё было прасякнута гармонамі шчасця", — казалі на судзе абвінавачаныя. Тады для разгону каля тысячы ўдзельнікаў акцыі ўпершыню быў ужыты вадамёт, а потым узбудзілі крымінальную справу па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх. Колькасць фігурантаў «справы карагодаў» падбіраецца пад сотню: па гэтай справе затрымліваюць і цяпер. Суды адбываюцца ў канвеерным парадку — судзяць «партыямі». На дадзены момант агулам на лаву падсудных па гэтай справе патрапіла ўжо 58 чалавек, з іх за кратамі знаходзяцца адзінаццаць палітзняволеных. Цяпер у Брэсце ідзе ўжо чацвёрты суд па гэтай справе. «Вясна» распавядае, хто судзіць фігурантаў «справы карагодаў» і ў якіх «палітычных» справах яны яшчэ «засвяціліся».
Як абвінавачванне гучыць у матэрыялах справы?
Паводле версіі абвінавачвання, кожны з абвінавачаных у групе з іншымі асобамі наўмысна ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Іх дзеянні былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. У прыватнасці, з-за прастою тралейбуснаму парку быў нанесены ўрон 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму – 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзін зачыніліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчавання. Такая фармуліроўка гучыць ва ўсіх абвінавачваннях.
Судовы канвеер па "справе карагодаў" распачаў Святаслаў Каліна
Першы суд па «справе карагодаў» пачаўся 20 студзеня. Пратэстоўцаў судзілі ў судзе Ленінскага раёна Брэста. Справу разглядаў суддзя Святаслаў Каліна.
На лаве падсудных, сярод абвінавачаных, апынулася тады палітвязняволеная настаўніца англійскай мовы Марына Глазава. Па гэтай справе яна правяла два месяцы ў СІЗА. Гэта была адзіная на той момант фігурантка гэтай справы, у дачыненні да якой абралі меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай. Потым гэтая практыка атрымала даволі шырокі распаўсюд.
25 лютага Каліна вынес першыя прысуды па крымінальнай "справе карагодаў":
- Ярашук Яраслаў, Марына Глазава– 1,5 года абмежавання волі без накіравання ("хатняя хімія")
- Варановіч Вадзім, Жараў Максім – 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія")
- Калпачык Яўген, Віктар Дзенісенка, Якубук Аляксей, Літвін Віталь, Федарэнка Мікалай – 1,5 гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія")
- Сірэцан Марына – 1 год абмежавання волі без накіравання ("хатняя хімія").
У Брэсце судзяць адразу 10 чалавек па "справе карагодаў". Не ўсе прызнаюць сваю віну
Справа "парванай курткі" і "скрадзенай рацыі". Каго яшчэ судзіў Каліна
Святаслаў Каліна – вядомы ў Брэсце «палітычны» суддзя. З пачатку выбарчай кампаніі за ўдзел у акцыях ён асудзіў на штрафы і суткі мінімум 15 чалавек. За ўдзел у акцыі супраць нерэгістрацыі ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты Бабарыкі і Цапкалы 14 ліпеня ён арыштаваў на 15 сутак Яўгена Сіняка – фігуранта «справы карагодаў», якога цяпер разам з палітзняволеным сынам Арсеніям судзяць у чацвёртай «партыі». Раней ён пакараў за ўдзел у пратэстах больш за дзесятак праціўнікаў заводу АКБ, праваабаронцаў Уладзіміра Вялічкіна і Тамару Шчапёткіну, незалежных журналістаў. На суткі ў 2018 годзе ён адпраўляў блогера Аляксандра Кабанава (цяпер палітзняволены).
Цяпер Каліна судзіць яшчэ па крымінальных «палітычных» справах. Так, ён асудзіў па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса (Гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутранных спраў) на 2 гады «хатняй хіміі» Дар'ю Палякову за парваную куртку міліцыянта 25 кастрычніка.
Таксама Каліна разглядаў справу аб "скрадзенай" рацыі. Нагадаем, падчас нядзельнай акцыі ў Брэсце 20 верасня Дзмітрыя Шчурко паспрабавалі затрымаць трое чалавек без апазнавальных знакаў, у чорнай вопратцы і балаклавах. Людзі побач з Дзмітрыем сталі арганізоўвацца ў счэпку, завязалася бойка. Дзмітрыя "адбілі" пратэстоўцы, пасля чаго мужчына ўбачыў рацыю, якая ляжыць на зямлі. Ён яе падняў, "ні з якога падсумка не выхопліваў". Каліна асудзіў Дзмітрыя на 2 гады «хатняй хіміі» па ч. 1 арт. 205 (Крадзеж).
Суддзя Святаслаў Каліна таксама разглядаў крымінальную справу супраць экс-кіроўцы школьнага аўтобуса Мікалая Вакуліча, які напаў на медыка 5 студзеня ў Брэсце. Паводле ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства) яго пакаралі на 2 гады "хіміі".
Пачаў адпраўляць у калонію. Дзмітрый Шурын судзіў другую «дзесятку»
Паралельна з першым працэсам у гэтым жа судзе Ленінскага раёна Брэста пачалі судзіць яшчэ адну «дзясятку». Іх справу разглядаў суддзя Дзмітрый Шурын. Ён распачаў практыку вынясення прысудаў па гэтай справе, якія рэальна звязаныя з пазбаўленнем волі. 15 сакавіка Шурын асудзіў Дзмітрыя Буневіча і Аляксея Арцецкага (цяпер палітзняволеных) да 1 года і 8 месяца і паўтары гады калоніі агульнага рэжыму адпаведна. Яшчэ шэсць чалавек ён пакараў "хіміяй" і "хатняй хіміяй":
- Дзмітрый Абрамук і Віталь Брух – 2 гады "хіміі";
- Аляксей Бараноўскі, Дзмітрый Качурка і Уладзімір Талатыннік – 1,5 гады "хіміі";
- Генадзь Місюта – 1,5 гады хатняй хіміі.
Дзяржаўнае абвінавачванне ў гэтым працэсе падтрымлівалі пракуроры Юшчук і Ляшок.
"Справа карагодаў" у Брэсце: судзяць другую дзесятку
Асудзіў падлетка за спробу спаліць дзяржаўны сцяг
Суддзя Дзмітрый Шурын «засвяціўся» на судах усіх пратэстных актыўнасцях у Брэсце. Раней ён актыўна судзіў за «кармленне галубоў», потым пачаў судзіць людзей, якія былі затрыманыя за ўдзел у акцыях, звязаных з выбарамі.
Суддзя Ленінскага раёна Шурын асудзіў 17-гадовага кобрынца Арцёма Зелянкова па артыкуле 370 Крымінальнага кодэкса да 6 месяцаў "хатняй хіміі" за спробу спаліць 27 верасня дзяржаўны сцяг у Брэсце каля фантана на цэнтральнай вуліцы горада.
Па "справе карагодаў" прызнала вінаватымі адразу 14 чалавек, палітвязня адправіла ў калонію. Трэцюю "партыю" вяла Іна Клышпач
Суд Маскоўскага раёна Брэста 7 траўня асудзіў яшчэ 14 фігурантаў па "справе карагодаў". Дзяржабвінавачванне па справе падтрымлівалі Бараноўскі і Алена Шарко. Суддзя Іна Клышпач прызнала ўсіх вінаватымі і прызначыла пакаранне ад 1,5 года "хатняй хіміі" да 1 года калоніі:
- палітзняволены грамадзянін Расіі Даніла Чамаданаў — 1 год пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму (цяпер знаходзіцца ў СІЗА-7);
- мясцовая актывістка Алена Гнаук, Марыя Скакавец і Васіль Чарнецкі — 2 года "хатняй хіміі";
- Віктар Лабко, Сяргей Наліўка і Кірыл Луд, студэнты Уладзіслаў Навіцкі і Радзівон Кандрацюк — 2 гады "хіміі";
- Вікторыя і Алена Лысковіч (маці і дачка) — 1,5 "хіміі";
- лекар Юрый Чубрык, Валянціна Жукоўска, маці чатырох дзяцей Людміла Луцкая — 1,5 "хатняй хіміі".
"На скрыжаванні ўсё было прасякнута гармонамі шчасця": у судзе па "справе карагодаў" у Брэсце пачаўся допыт абвінавачаных
"Вам я дарую, вызваляю ад асабістай адказнасці за мой прысуд". Што сказалі фігуранты "справы карагодаў" у апошнім слове
1 красавіка вынесла прысуд па "справе падвешанага пудзілы"
Калі суддзі Ленінскага раёна Брэста Дзмітрый Шурын і Святаслаў Каліна ладзілі “судовыя канвееры”, на якіх ужо дзясяткі берасцеўцаў былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у акцыях, шэсцях і мітынгах. То ў судзе Маскоўскага раёна Іна Клышпач была не такой актыўнай па “палітычных” адміністрацыйных справах. Але 8 лістапада адразу на 15 сутак яна адправіла мясцовага актывіста Андрэя Шарэнду за ўдзел у восеньскай акцыі пратэсту ў Мінску.
1 красавіка Клышпач асудзіла па крымінальнай справе па ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства, здзйсненае групай асоб) за вывешванне пудзіла ў Брэце Андрэя Коласа да 3 гадоў «хіміі», палітычных зняволеных Вольгу Завадскую і Юлію Бодак — да 3 гадоў «хатняй хіміі». Паводле версіі следства, 23 кастрычніка мінулага года яны вырабілі са смеццевых пакетаў, пластыкавых бутэлек і рэшткаў сухой расліннасці пудзіла і прывезлі да месца "імправізаванага пакарання" на Варшаўскай шашы, дзе яго падвесілі.
На адной лаве падсудных — тры палітвязні па "справе карагодаў". Іх судзіць старшыня суда Сяргей Маручак
Чацвёртую «партыю» фігурантаў «справы карагодаў» 14 траўня пачаў разглядаць старшыня суда Брэсцкага раёна Сяргей Маручак. На лаве падсудных — бацька і сын, які сядзіць у СІЗА, муж і цяжарная жонка, пружанскі паэт. У гэты раз судзяць таксама трох палітычных зняволеных, якія ўтрымліваюцца ў СІЗА-7: 46-гадовага Рамана Яхіна, 34-гадовую Вольгу Глушань і 19-гадовага Арсенія Сіняка. Справа знаходзіцца на стадыі допыту абвінавачаных.
Справа размаляванага Леніна і ўлётак з "абражальным зместам". Каго яшчэ судзіў старшыня суда
Сяргей Маручак таксама знакаміты праз адміністрацыйныя суды за “кармленне галубоў” у Брэсце.
У красавіку ў Маручак асудзіў 33-гадовага Аляксандра Кашпанава па артыкуле 369 Крымінальнага кодэксу да 2,5 гадоў "хіміі" за расклейванне улётак са звесткамі абразлівага характару ў дачыненні да супрацоўніка Ленінскага РАУС Брэста Андрэя Хвесюка. Тэкст улёткі пра Хвесюка быў узяты з аднаго з телеграм-канала. Там сцвярджалася, што міліцыянт "пасля затрыманняў 9-11 жніўня асабіста збіваў затрыманых у спартзале за тое, што яны няправільна стаялі перад ім на каленях". Таксама Хвясюк называўся "капітанам гестапа". На судзе міліцыянт заявіў пазоў на 1000 рублёў для кампенсацыі яму маральнай шкоды: суддзя задаволіў пазоў.
Таксама Маручак асудзіў па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу шэсць хлопцаў на тэрміны ад 2,5 года «хатняй хіміі» да 3 месяцаў арышту за нанясенне надпісаў віду "3%" на помнік Леніну ў пасёлку Дамачава (Брэсцкі р-н).
Тры палітвязні, пружанскі паэт і дзве сям'і. У Брэсце пачалі судзіць яшчэ 12 фігурантаў "справы карагодаў"