viasna on patreon

Тры палітвязні, пружанскі паэт і дзве сям'і. У Брэсце пачалі судзіць яшчэ 12 фігурантаў "справы карагодаў" Дапоўнена

2021 2021-05-14T13:34:00+0300 2021-05-16T18:52:59+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/horovody.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Скрыншот з відэа з гарадскіх камер відэаназірання 13 верасня 2020 года ў Брэсце

Скрыншот з відэа з гарадскіх камер відэаназірання 13 верасня 2020 года ў Брэсце

Суд Брэсцкага раёна 14 траўня пачынае разглядаць "карагодную" крымінальную справу па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса супраць яшчэ 12 берасцеўцаў за ўдзел 13 верасня ў карагодзе на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава, калі пратэстоўцы былі разагнаныя вадамётам. На лаве падсудных — бацька і сын, які сядзіць у СІЗА, муж і цяжарная жонка, пружанскі паэт. У гэты раз судзяць таксама трох палітычных зняволеных, якія ўтрымліваюцца ў СІЗА-7: 46-гадовага Рамана Яхіна, 34-гадовую Вольгу Глушань і 19-гадовага Арсенія Сіняка. Разглядае справу старшыня суда Брэсцкага раёна Сяргей Маручак. Колькасць абвінавачаных па "справе карагодаў" дасягае больш за 70 чалавек, асуджаныя ўжо 46 чалавек — гэта адна з самых масавых "палітычных справаў" у Беларусі.

Каго судзяць у гэты раз?

На гэты раз на лаве падсудных — Раман Дзямідовіч, Марына Дарашук, Вікторыя Каральчук, Алеся Крамчаніна, муж і жонка Андрэй і Паліна Ляшко, Святлана Марчук, пружанскі паэт і пчаляр Мікалай Папека, палітзняволены сын і бацька Арсеній і Яўген Сінякі, палітзняволеныя 46-гадовы Раман Яхін і 34-гадовая Вольга Глушань.

Пад крымінальны пераслед трапіла маладая сям'я

Сярод падазраваных "па справе карагодаў" — 32-гадовыя муж і жонка з Брэста Андрэй і Паліна Ляшко.

У чым іх абвінавачваюць?

Паводле версіі абвінавачвання, кожны з 12 абвінавачаных у групе з іншымі асобамі наўмысна ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Іх дзеянні былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. У прыватнасці, з-за прастою тралейбуснаму парку быў нанесены ўрон 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму – 40 рублёў 37 капеек. Акрамя таго, на розны час прыйшлося зачыніцца трох ларка і рэстарана KFC. Пацярпелым бокам у справе выступае КУТП "Тралейбусны парк" і ААТ "Брэсцкі Аўтобусны парк". Абвінавачванне прад'яўленае па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса.

"Вы не ў тэатры!" Што адбываецца ў судзе

Як піша "Брестская газета", падчас высвятлення асобы абвінавачаных Мікалай Папека папрасіў суддзю размаўляць з ім на беларускай і павесіў на сябе "шпаргалку" з цытатай з Закона "аб мове". "Вы не ў тэатры!" — адказаў суддзя і працягнуў весці слуханне на рускай мове.

Пазней Папека заявіў хадайніцтва аб адводзе суддзі і дзяржабвінаваўцы, паколькі яны не валодаюць беларускай мовай. Яго падтрымала яшчэ адна абвінавачаная. Таксама Папека папрасіў змяніць меру стрымання для трох абвінавачаных, якія знаходзяцца пад вартай на падпіску аб нявыездзе.  Хадайніцтва падпісалі іншыя абвінавачаныя. Пра гэта ж хадайнічала для сябе і падсудная Глушань. Аднак дзяржабвінаваўца заявіў, што для задавальнення хадайніцтва няма падставаў.

Суд пайшоў на перапынак да 12:00, каб вырашыць задавальняць заяўленыя хадайніцтвы. Пасля перапынку ў гэтых просьба да суду было адмоўлена.

Пасля таго, як дзяржаўны абвінаваўца зачытаў абвінавачванне падсудным, з ім часткова пагадзіліся пяць фігурантаў справы. Астатнія не прызналі віну.

Затым суд прыступіў да допыту абвінавачаных. Першай паказанні давала Алеся Крамчаніна. Яна распавяла, што ў той дзень не ведала аб тым, што будзе праводзіцца масавае мерапрыемства. Калі яна апынулася на скрыжаванні, яе паклікалі на праезную частку. На яе думку, колькасць людзей выглядала, як свята з добрымі намерамі, а не як людзі, якія сабраліся ўчыніць злачынства.

"Там было проста вельмі шмат шчаслівых людзей!" — заявіла яна.

Яна сваю віну прызнала часткова і патлумачыла, што ў яе не было ніякага злога намеру. Віну яна адчувае толькі за прычыненую з-за прыпынення працы шкоду прадпрыемствам (аўтобусны і тралейбусны парк, кіёскі і крамы).

Вікторыя Каральчук заявіла на допыце, што 13 верасня яна сустрэлася з сяброўкамі, і яны вырашылі пайсці ў кавярню. Па дарозе яны ўбачылі натоўп людзей, а дайшоўшы да скрыжавання Машэрава і бульвара выйшлі на праезную частку, дзе была навала людзей, каб сфатаграфавацца (фота потым выклалі ў сацсеткі). Потым яны з сяброўкамі пайшлі ў кавярню, а выйшаўшы на вуліцу Вікторыя ўбачыла мокры асфальт. Са словаў людзей яны даведаліся, што прыязджала спецтэхніка.

Потым дапытвалі Яўгена Сіняка. У той дзень ён прыехаў у цэнтр горада з мікрараёна Рэчыца з сынам Арсеніем, дзе яны пражываюць. Убачыўшы натоўп людзей, яны далучыліся да калоны каля помніка 1000-годдзя з цікаўнасці. У карагодзе на скрыжаванні бульвара і праспекта Яўген, з яго словаў, не прымаў удзел. Але лічыў, што мерапрыемства не забароненае, бо там было некалькі экіпажаў ДАІ.

"Я думаў, яны нас ахоўваюць!" — заявіў ён.

Раней Яўген двойчы затрымліваўся за ўдзел у масавых мерапрыемствах. Затрымалі абвінавачанага і ў дзень карагоду. У ІЧУ ён сустрэў сына Арсенія, з якім згубіўся ў натоўпе. Яўген прызнае, што ўдзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, аднак заявіў, што ўжо адседзеў 15 сутак за гэта.

Палітзняволены Раман Яхін родам з Баку, аднак ужо 30 гадоў жыве ў Беларусі. Ён быў некалькі разоў судзімы. Больш за 10 гадоў таму ён перажыў трэпанацыю чэрапа, зарабіў эпілепсію і атрымаў трэцюю групу інваліднасці. 13 верасня ён выйшаў, каб "падтрымаць народ". Ён прызнае, што выходзіў на праезную частку ў той дзень. Сваю віну Яхін прызнаў часткова.

Пасля яго допыту ў судзе абвясцілі перапынак да 10.00 17 траўня.

Асудзілі ўжо 46 чалавек. Як караюць па гэтай справе іншых? 

Па гэтай справе адбыліся ўжо тры суды. Cуд Ленінскага раёна Брэста 25 лютага вынес першыя прысуды па крымінальнай "справе карагодаў". Суддзя Святаслаў Каліна асудзіў першую дзясятку:

  • Ярашук Яраслаў, Марына Глазава – 1,5 года абмежавання волі без накіравання ("хатняя хімія")
  • Варановіч Вадзім, Жараў Максім – 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія")
  • Калпачык Яўген, Віктар Дзенісенка, Якубук Аляксей, Літвін Віталь, Федарэнка Мікалай – 1,5 гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія")
  • Сірэцан Марына – 1 год абмежавання волі без накіравання ("хатняя хімія").

Суд Ленінскага раёна Брэста 15 сакавіка вынес прысуды другой партыі. Суддзя Дзмітрый Шурын асудзіў адразу восем чалавек, прызначыўшы ім пакаранне ад 1,5 года "хатняй хіміі" да 1 года і 8 месяцаў калоніі:

  • Дзмітрый Буневіч – 1 год і 8 месяцаў калоніі агульнага рэжыму;
  • Аляксей Арцецкі – 1,5 гады калоніі агульнага рэжыму;
  • Дзмітрый Абрамук і Віталь Брух – 2 гады "хіміі";
  • Аляксей Бараноўскі, Дзмітрый Качурка і Уладзімір Талатыннік – 1,5 гады "хіміі";
  • Генадзь Місюта – 1,5 гады хатняй хіміі.

Суд Маскоўскага раёна Брэста 7 траўня асудзіў яшчэ 14 фігурантаў па "справе карагодаў". Суддзя Іна Клышпач прызнала ўсіх вінаватымі і прызначыла пакаранне ад 1,5 года "хатняй хіміі" да 1 года калоніі:

  • палітзняволены грамадзянін Расіі Даніла Чамаданаў — 1 год пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму (цяпер знаходзіцца ў СІЗА-7);
  • мясцовая актывістка Алена Гнаук, Марыя Скакавец і Васіль Чарнецкі — 2 года "хатняй хіміі";
  • Віктар Лабко, Сяргей Наліўка і Кірыл Луд, студэнты Уладзіслаў Навіцкі і Радзівон Кандрацюк — 2 гады "хіміі";
  • Вікторыя і Алена Лысковіч (маці і дачка) — 1,5 "хіміі";
  • лекар Юрый Чубрык, Валянціна Жукоўска, маці чатырох дзяцей Людміла Луцкая — 1,5 "хатняй хіміі".

У выніку, брэсцкія суды ўжо ацанілі святочны карагод 13 верасня ў цэнтры горада ў 4 гады і 3 месяцы калоніі, 33 гады "хіміі", 16 гадоў "хатняй хіміі" на 46 чалавек. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства