Дваім – калонія. У Брэсце асудзілі другую "дзесятку" па "справе карагодаў"
Суд Ленінскага раёна Брэста 15 сакавіка вынес прысуды па крымінальнай справе па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел 13 верасня ў карагодзе на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава, калі пратэстоўцы былі разагнаныя вадамётам. Суддзя Дзмітрый Шурын асудзіў адразу восем чалавек, прызначыўшы ім пакаранне ад 1,5 года "хатняй хіміі" да 1 года і 8 месяцаў калоніі. Гэта ўжо другая "партыя" асуджаных, але пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі было прызначана ўпершыню. Колькасць абвінавачаных па "справе карагодаў" дасягае паўсотні — гэта адна з самых масавых "палітычных справаў" у Беларусі.
Як перадае брэсцкая "Вясна", суд палічыў даказанай віну васьмі чалавек па ч. 1 арт. 342 КК і прызначыў наступныя пакаранні:
- Дзмітрый Буневіч – 1 год і 8 месяцаў калоніі агульнага рэжыму;
- Аляксей Арцецкі – 1,5 гады калоніі агульнага рэжыму;
- Дзмітрый Абрамук і Віталь Брух – 2 гады "хіміі";
- Аляксей Бараноўскі, Дзмітрый Качурка і Уладзімір Талатыннік – 1,5 гады "хіміі";
- Генадзь Місюта – 1,5 гады хатняй хіміі.
Менавіта такое пакаранне прасілі дзяржаўныя абвінаваўцы пракуроры Юшчук і Ляшок. Што тычыцца абвінавачаных Валянціны Жукоўскай і Сяргея Наліўкі, то разгляд іх спраў будзе праходзіць асобна, бо яны не наведвалі некаторыя паседжанні па стане здароўя.
Аляксея Арцецкага ўзялі пад варту ў залі суда. Дзмітрыя Буневіча затрымалі яшчэ да вынясення прысуда – 12 сакавіка. Да яго прыехалі дадому і сказалі, што трэба ў Следчы камітэт.
У чым іх абвінавацілі?
Паводле абвінавачвання, кожны з 10 падсудных у групе з іншымі асобамі наўмысна ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Іх дзеянні былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. У прыватнасці, з-за прастою тралейбуснаму парку быў нанесены ўрон 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму – 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзін зачыніліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчавання. Пацярпелым бокам у справе выступае КУТП "Тралейбусны парк" і ААТ "Брэсцкі Аўтобусны парк".
Што з астатнімі фігурантамі справы?
Cуд Ленінскага раёна Брэста 25 лютага вынес першыя прысуды па крымінальнай "справе карагодаў". Суддзя Святаслаў Каліна асудзіў першую дзясятку — да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу:
- Ярашук Яраслаў, палітзняволеная Марына Глазава – 1,5 года абмежавання волі без накіравання ("хатняя хімія")
- Варановіч Вадзім, Жараў Максім – 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія")
- Калпачык Яўген, Віктар Дзенісенка, Якубук Аляксей, Літвін Віталь, Федарэнка Мікалай – 1,5 гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія")
- Сірэцан Марына – 1 год абмежавання волі без накіравання ("хатняя хімія").
Праваабаронцам "Вясны" вядома, што чатырох берасцейцаў па "справе карагодаў" змясцілі ў СІЗА:
- Раман Яхін;
- Арсеній Сіняк;
- палітзняволеная Вольга Глушань;
- палітвязень Даніла Чамаданаў.
На дадзены момант гэта адзіныя затрыманыя абвінавачаныя па гэтай справе. У адносінах да астатніх абвінавачаных выбраныя меры стрымання, не звязаныя з пазбаўленнем волі.
У суд паступілі справы па "трэцяй" партыі. У гэты раз абвінавачаных адзінаццаць чалавек: 63-гадовая актывістка Алена Гнаук, Алена і Вікторыя Лысковічы, Юрый Чубрык, Даніла Чамаданаў, Віктар Лобка, Васіль Чарнецкі, Кіріл Луда, Радзіон Кандрацюк, Уладзіслаў Навіцкі, Людміла Луцкая. Хутка над імі таксама адбудуцца суды, яны ўжо знаёмяцца з матэрыяламі справы.
Брэсцкая "справа карагодаў": суды, дзясяткі абвінавачаных і новыя затрыманні