"Справа карагодаў" у Брэсце: судзяць другую дзесятку Дапоўнена
У судзе Ленінскага раёна Брэста 15 лютага пачаўся разгляд крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксаза ўдзел 13 верасня ў карагодзе на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава, калі пратэстоўцы былі разагнаныя вадамётам. Справу разглядае суддзя Дзмітрый Шурын. На лаве падсудных цяпер — дзесяць чалавек. Гэта ўжо другая "партыя" абвінавачаных. Колькасць абвінавачаных дасягае паўсотні абвінавачаных — гэта адна з самых масавых "палітычных справаў" у Беларусі. Дзяржаўнае абвінавачванне падтрымліваюць пракуроры Юшчук і Ляшок. "Вясна" назірае за гэтым працэсам і распавядае падрабязнасці.
Каго судзяць 15 лютага?
На лаве падсудных дзесяць чалавек:
- Абрамук Дзмітрый
- Арцецкі Аляксей
- Бараноўскі Аляксей
- Брух Віталь
- Буневіч Дзмітрый
- Качурка Дзмітрый
- Жукоўская Валянціна
- Генадзь Місюта
- Наліўка Сяргей
- Талатыннік Уладзімір
Меры стрымання ў абвінавачаных не звязаныя з пазбаўленнем волі. На суд усе прыйшлі самастойна.
У чым іх абвінавачваюць?
Паводле абвінавачвання, кожны з 10 падсудных у групе з іншымі асобамі наўмысна ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Іх дзеянні былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. У прыватнасці, з-за прастою тралейбуснаму парку быў нанесены ўрон 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму – 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзін зачыніліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчавання. Пацярпелым бокам у справе выступае КУТП "Тралейбусны парк" і ААТ "Брэсцкі Аўтобусны парк".
Прызнаюць віну?
Як паведамляе "Брэсцкая газета", Генадзь Місюта віну прызнаў цалкам. Дзмітрый Абрамук, Віталь Брух і Аляксей Бараноўскі прызналі віну часткова. Валянціна Жукоўская сказала, што не разумее, як яе дзеянні расцэньваюцца як крымінальная справа, якая прычыніла гораду шкоду. Віну яна не прызнала. Таксама віну не прызнаў Уладзімір Талатыннік.
Аляксей Арцецкі на судзе заявіў: "Я менавіта на бульвары не браў удзел. Я не перакрываў. Знаходжанне там было каля 3 хвілін. За гэты час я не мог прынесці столькі ушэрба".
Абвінавачаная Жукоўская заявіла хадайніцтва:
"Я б хацела адзначыць, што гэта справа "карагодная". Наколькі я ведаю са СМІ па гэтай жа справе праходзіць шмат чалавек. Таму мяне турбуе, што тут можа быць тое, што суд можа вынесці рашэнне абапіраючыся на першую дзясятку. Я лічу, што трэба разглядаць цэласна. Я пісала па гэтаму скаргу ў пракуратуру. Прашу прыпыніць гэта разбіральніцтва па нашай дзесятцы, альбо аднавіць разгляд усіх разам".
Адвакат падтрымала хадайніцтва. Падтрымалі і іншыя абвінавачаныя. Пракурор выступіў супраць. Суд адхіліў хадайніцтва – "не маецца законных падстаў".
У судзе абвешчаны перапынак да 18 лютага, 10:00.
А што па першаму суду?
Гэтую крымінальную справу разглядае суд Ленінскага раёна Брэста. Першы працэс пачаўся 20 студзеня. Справу разглядае суддзя Святаслаў Каліна. На лаве падсудных дзесяць чалавек, сярод якіх і палітзняволеная Марына Глазава, якая пасля двух месяцаў у СІЗА была пераведзена пад хатні арышт. Таксама на лаве падсудных – Мікалай Федарэнка, Яраслаў Ярашук, Яўген Каўпачык, Віктар Дзенісенка, Віталь Літвін, Максім Жараў, Вадзім Варановіч, Аляксей Якубук і Марына Сірацан.
Некаторыя абвінавачаныя, як настаўніца Марына Глазава, цалкам прызналі сваю віну, частку з іх прызналі віну часткова і некалькі чалавек заявілі, што вінаватымі сябе не лічаць. Абвінавачаныя ў судзе распавядаюць, што 13 верасня "была вельмі святочная абстаноўка, падобная на карнавал, усе адзін аднаго падтрымлівалі, усміхаліся".
Пракурор запрасіў пакаранне ў суда да 2 гадоў "хіміі":
- Ярашук Яраслаў, палітзняволеная Марына Глазава – 1,5 года абмежавання волі без накіравання ("хатняя хімія")
- Варановіч Вадзім, Жараў Максім – 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія")
- Калпачык Яўген, Віктар Дзенісенка, Якубук Аляксей, Літвін Віталь, Федарэнка Мікалай – 1,5 гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія")
- Сірэцан Марына – 1 год і 3 месяцы без накіравання ("хатняя хімія")
Абвяшчэнне прысуду прызначана на 25 лютага ў 11:00.
Брэсцкая "справа карагодаў": суды, дзясяткі абвінавачаных і новыя затрыманні