Затрыманні ў Дзяржынске, Брэсце, Пружанах, Гродне і іншыя факты пераследу 12 сакавіка
Праваабаронцы "Вясны" 12 сакавіка працягваюць фіксаваць факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску на грамадзянаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Гродна
У Гродне затрымалі журналіста Дзяніса Івашына, піша "Белсат". Ён вядомы сваімі расследаваннямі для сайту «Інформнапал» і газеты «Новы час». Вядома, што яго забралі каля 18:00 проста з кватэры. Маці Дзяніса паведамляе, што яго затрымалі працаўнікі КДБ. Каля 20:00 гадзін у кватэры адбываецца ператрус, жонка журналіста Вольга не здымае слухаўкі.
Дзяржынск
Ператрусы і агляды прайшлі ў некалькіх актывістаў Дзяржынскага раёна. Ноччу ў сваёй кватэры быў затрыманы стваральніца некалькіх лакальных Telegram-чатаў (адзін з іх да таго моманту ўжо быў выдалены). Як паведамляе TUT.BY, ноччу затрымалі Аксану і яе мужа Уладзіміра. Ноччу сілавікі прыйшлі ў кватэру мужа і жонкі, "ледзь не выламалі дзверы", "напалохалі дзяцей, канфіскавалі ўсю тэхніку". Аксану адпусцілі, а Уладзімір затрыманы. Паводле непацверджаных звестак, Уладзіміра абвінавачваюць у падпале адміністрацыйнага будынка ў Фаніпалі, але, як сказалі TUT.BY, "ён у Фаніпалі быў апошні раз гадоў пяць таму". Цяпер мужчына пад вартай.
Як распавялі TUT.BY, агулам затрыманыя дзевяць чалавек. Прычыны ва ўсіх розныя: кагосьці па адміністрацыйным, кагосьці па крымінальнай (спроба падпалу Фаніпальскага выканкаму), у іншых ператрусы па гэтай справе праходзілі яшчэ ў кастрычніку. Яшчэ ёсць затрыманы па справе аб надпісах на плоце ў вёсцы Петкавічы.
Праваабаронцам "Вясны" паведамілі, што затрыманы 28-гадовы Уладзіслаў Дробыш. Да яго прыйшлі з ператрусам. У пастанове было пазначана, што нібыта 12 лютага ў Петкавічах штосьці напісалі на плоце. Ператрус адбываўся каля 2 гадзін: правяралі дом, падворак, меркавана, гараж. Ва Уладзіслава забралі усё бел-чырвона-белае, два ноўтбукі і тэлефоны. Нават забралі цацку для ялінкі: імверна, БЧБ ці з пагоняй. Уладзіслава даставілі ў Дзяржынскае ІЧУ.
Таксама паведамляецца пра затрыманне Яўгена Пікулы.
Пазней прэс-служба МУС паведаміла, што супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС затрымалі семярых жыхароў Дзяржынска, якія з'яўляюцца адміністратарамі і актыўнымі ўдзельнікамі telegram-чатаў, у тым ліку закрытых.
"Дадзеныя грамадзяне займаліся вырабам і распаўсюджваннем незарэгістраванай сімволікі, наносілі шкоду інфраструктуры горада, фармавалі пратэстныя настроі сярод удзельнікаў чата, а таксама арганізоўвалі несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы на тэрыторыі горада і раёна".
Ведамства паведамляе, што дзеянням затрыманых будзе дадзеная прававая ацэнка, у тым ліку на прадмет стварэння або кіраўніцтва экстрэмісцкімі фарміраваннямі.
Мінск
Генпракуратура палічыла прысуд журналістке TUT.BY Кацярыне Барысевіч занадта мяккім і падала пратэст на яго. На думку ведамства, адна з падстаў для падачы пратэсту — "неадпаведнасць прызначанага пакарання цяжкасці злачынства з прычыны мяккасці".
Журналістка Барысевіч атрымала 6 месяцаў зняволення і вялікі штраф. Доктару Сарокіну прысудзілі два гады зняволення з адтэрміноўкай на адзін год. Іх абвінавачвалі ў разгалошванні медычнай таямніцы аб адсутнасці ў крыві забітага Рамана Бандарэнкі алкаголю.
Справа "нуль праміле" : Вынеслі прысуды журналістцы Барысевіч і лекару Сарокіну
Брэст
У Брэсце па дарозе на працу раніцай затрымалі Паўла Кравчука. Цяпер яго ўтрымліваюць у ІЧУ Ленінскага раёна Брэста. Прычыны затрымання высвятляюцца.
Таксама ў Брэсце затрымалі абвінавачанага па "справе карагодаў" Дзмітрыя Буневіча. Гэта адзін з двух фігурантаў гэтай справы, каму дзяржабвінавачванне запрасіла пазбаўленне волі. Прысуд будзе абвешчаны 15 сакавіка ў 11:00. Але сёння за Дзмітрыем прыехалі і вязуць яго ў Следчы камітэт.
Як піша TUT.BY, дырэктар ТАА «Польская школа» Ганна Панішава вярнулася ў Беларусь на наступны дзень пасля затрымання ў Брэсце сузаснавальніка арганізацыі па крымінальнай справе аб гераізацыі ваенных злачынцаў. Падставай для разбору стала «незаконнае масавае мерапрыемства» у памяць пра «праклятых жаўнераў», якое прайшло 28 лютага ў памяшканні, якое арандуюць Брэсцкі форум польскіх лакальных ініцыятываў і «Польская школа».
Па дадзеных TUT.BY, Панішава ехала з Польшчы на аўтобусе. Каля 1.20 яна павінна была прыбыць у Брэст. Цяпер яе тэлефон недаступны. Па непацверджанай інфармацыі, дырэктар «Польскай школы» затрыманая.
Нагадаем, 11 сакавіка стала вядома аб затрыманні сузаснавальніка «Польскай школы». 43-гадовы берасцеец з'яўляецца падазраваным па заведзенай пракуратурай крымінальнай справе за распальванне расавай, нацыянальнай і рэлігійнай варожасці, паведамляла МУС.
Крымінальную справу распачалі 10 сакавіка па факце здзяйснення групай асоб наўмысных дзеянняў, накіраваных на ўзбуджэнне нацыянальнай, рэлігійнай варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасці, і здзяйснення наўмысных дзеянняў па рэабілітацыі нацызму — гэта значыць па ч.3 арт. 130 КК. Санкцыя артыкула прадугледжвае ад пяці да дванаццаці гадоў пазбаўлення волі.
Падчас даследчай праверкі, паведамляе пракуратура, устаноўлена, што 28 лютага ў памяшканні, арандаваным Берасцейскім форумам польскіх лакальных ініцыятыў і «Польскай школай», з удзелам непаўналетніх і моладзі прайшло незаконнае масавае мерапрыемства.
"Убраныя ў нацыянальную форму польскай скаўцкай арганізацыі Маладыя людзі выконвалі песні, чыталі вершы ў славу ваенных злачынцаў, у тым ліку Рамуальда Райса, вядомага пад мянушкай Буры", — паведамляе пракуратура.
Пружаны
Па інфармацыі "Белсат", візіты міліцыі да жыхароў Пружанаў працягваюцца і сёння. Паведамляецца, што забралі аднаго мужчыну проста з працы ў лясгасе.
Гомель
Як стала вядома "Вясне", палітзняволеная Наталля Хершэ спыніла сваю галадоўку. Яна галадала з 22 лютага.
Інфармацыя дапаўняецца.
Затрыманні, ператрусы. Пераслед у Беларусі 11 сакавіка