Пудзіла са смецця палічылі падобным да прэзідэнта і пакаралі ягоных "аўтараў" абмежаваннем волі
Суд Маскоўскага раёна Берасця 1 красавіка вынес прысуд па крымінальнай справе за вывешванне у абласным цэнтры пудзіла (ч. 2 арт. 339 КК - хуліганства, здзйсненае групай асоб).
Абвінавачваюцца жыхары Берасця Андрэй Колас і палітычна зняволеныя Вольга Завадская ды Юлія Бодак.
Вольгу Завадскую затрымалі 17 студзеня, а Юлію Бодак 18 лютага. Ад моманту затрымання да суда ўсё трое знаходзіліся пад хатнім арыштам.
Справу разглядала суддзя Іна Клышпач.
Паводле версіі следства, 23 кастрычніка мінулага года вырабілі са смеццевых пакетаў, пластыкавых бутэлек і рэшткаў сухой расліннасці пудзіла і прывезлі да месца "імправізаванага пакарання" на Варшаўскай шашы дзве дамы - 35-гадовая Юлія і 32-гадовая Вольга. А падняццем яго на "лобнае месца" займаўся 37-гадовы Андрэй, разам з «неўстаноўленай асобай», з якім той пазнаёміўся ў адным з чатаў.
За пудзіла прэзідэнта пракурор запрасіў абмежаванне волі для траіх берасцейцаў
Суддзя Іна Клышпач сёння абвясціла прысуд па справе.
Усе трое абвінавачаных прызнаныя вінаватымі па ч. 2 арт. 339 КК РБ "Злоснае хуліганства".
Вользе Завадзкай і Юліі Бадак прызначана пакаранне ў выглядзе трох гадоў "хатняй хіміі" (абмежаванне волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову). Трэцяму абвінавачанаму, Андрэю Коласу, суддзя прызначыла тры гады "хіміі" (абмежаванне волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу).
Менавіта такое пакаранне і запытвала дзяржабвінавачанне.