Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязняў Вольгі Завадскай і Міхаіла Беркаса

2021 2021-03-22T18:27:42+0300 2021-10-01T15:40:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/berkas_zavadskaja1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый

Мінск, 22 сакавіка 2021 г.

У сувязі з прад'яўленнем абвінавачванняў і абраннем меры стрымання ў выглядзе хатняга арышту жыхарцы г. Брэста Вользе Завадскай (абвінавачаная па ч.2 арт. 339 КК) і асуджэннем да аднаго месяца арышту жыхара г. Оршы Міхаіла Беркаса (абвінавачаны па арт. 341 КК) мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, адзначаем наступнае:

Вольга Завадская пастановай следчага Брэсцкага міжраённага аддзела СК ад 17.02.2021 г. была прызнаная абвінавачанай у здзяйсненні злачынства, прадуглежанага ч.2 арт. 339 КК (хуліганства). У дачыненні да яе абраная мера стрымання ў выглядзе хатняга арышту.

Згодна з прад’яўленым Вользе Завадскай абвінавачваннем, яна разам з іншымі грамадзянамі 23.10.2020 г. вырабіла пудзіла, “прадстаўляя яго перад грамадскасцю як прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, далучыўшы да яго два аркушы паперы, на якіх неўстаноўленая асоба ўчыніла надпіс “скраў галасы” і “асудзіў невінаватых”, разам з іншымі асобамі вывесіла пудзіла на дрэве на ўчастку мясцовасці па Варшаўскай шашытым самым выставіўшы пудзіла на агляд невызначанаму колу асобаў”. Такім чынам, па меркаванні следства, Вольга Завадская здзейсніла злачынства, прадугледжанае ч.2 арт. 339 КК (хуліганства)  — наўмысныя дзеянні, здзейсненыя групай асобаў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, выражаюць яўную непавагу да грамадства і вызначаюцца выключным цынізмам.

Сутнасць дзеянняў – змест надпісаў, а таксама выгляд пудзіла, па нашым меркаванні, сведчаць аб іх пратэсным змесце. Відавочна, што  мэтай дадзенага ўчынку было выказванне свайго пратэсту і нязгоды з фальсіфікацыяй прэзідэнцкіх выбараў і склаўшайся сітуацыяй у краіне ў поствыбарчы перыяд.

Мы лічым, што дадзеная форма выказвання меркавання патрапляе пад абарону Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і не мае нічога агульнага з прад’яўленымі абвінавачваннямі.

У адпаведнасці з арт. 19 Пакта кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэтае права ўключае ў сябе свабоду шукаць, атрымліваць усялякага рода інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці праз сродкі друку ці мастацкія формы выяўлення, ці іншымі сродкамі па свайму выбару. Карыстанне гэтым правам можа накладаць асаблівыя абавязкі і асаблівую адказнасць. Яно можа быць, адпаведна, звязана з некаторымі абмежаваннямі, якія, аднак, павінны быць устаноўленыя законам і з’яўляцца неабходнымі: для павагі правоў і рэпутацыі іншых асобаў, для аховы грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя і маральнасці насельніцтва.

Абвінавачаная не пасягала на сакральныя ці гісторыка-культурныя каштоўнасці. Самі надпісы не ўтрымліваюць нецэнзурнай лексікі альбо мовы варожасці і нянавісці па прыкметах нацыянальнай, расавай, рэлігійнай прыналежнасці ці сацыяльнага паходжання і іншых прыкметах.

Такім чынам, гэтыя дзеянні нельга кваліфікаваць як хуліганства.

24 лютага 2021 г. прысудам суда Аршансага р-на Міхаіл Беркас быў прысуджаны да аднаго месяца артышту па арт. 341 КК (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці).

Згодна з абвінавачваннямі, Міхаіл Беркас нанёс некалькі графіці (Жыве Беларусь, 3% і г.д.) на збудаваннях ў аршанскім мікрараёне Заходняя. Так, графіці, якія мелі пратэсны характар, былі намаляваны на краме, табакерцы, на будынку дома састарэлых, канткэйерах для збора смецця і на некаторых іншых аб’ектах горада. Паволе абвінавачвання сваімі дзеяннямі абвінавачаны пашкодзіў указаныя аб’екты, што выразілась “у зніжэнні іх эстытычных характэрыстык шляхам пашкоджання абаронча-дэкаратыўнага паркыцця”, і “нанёс матэыряльную шкоду іх уладальнікам на суму 583 рублі 57 капеек”.

Як бачна са зместу дадзеных графіці, яны насілі выключна пратэсны характар і з’яўляліся выказванннем меркавання аўтара на грамадска-палітычныя падзеі ў краіне і не былі цынічнага ці абразлівага зместу, не заклікалі да гвалтоўных дзеянняў і не распальвалі варажнечу па якіх бы ні было прыкметах.

У сувязі з гэтым мы ў чарговы раз адзначаем, што змест надпісаў у кантэксце грамадска-палітычных падзей і публічных грамадскіх дыскусій, палітычных пратэстаў, якія адбываюцца ў краіне на працягу апошніх месяцаў, сведчаць аб тым, што матывамі іх нанясення было выказванне меркавання на дадзеныя грамадска значныя тэмы.

Змест нанесеных надпісаў не можа быць кваліфікаваны як апаганьванне збудаванняў надпісамі цынічнага зместу і адпаведна кваліфікаваны па арт. 341 КК.

Мы лічым, што дадзеная форма выказвання меркавання патрапляе пад абарону Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і не мае нічога агульнага з прад’яўленымі абвінавачваннямі.

Надпісы не маглі і не прывялі да значнага пашкоджання ці знішчэння аб'ектаў, на якія яны былі нанесеныя, а матэрыяльная шкода ад такіх надпісаў відавочна насіла сімвалічны характар.

У гэтым кантэксце лічым пазбаўленне волі  Вольгі Завадскай і Міхаіла Беркаса палітычна матываваным, а саміх Вольгу Завадскую і Міхаіла Беркаса палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”.

У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, патрабуем:

  1. Неадкладнага і безумоўнага вызвалення з-пад варты (хатняга арышту)Вольгі Завадскай і Міхаіла Беркаса, спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да іх.
  2. Неадкладнага вызваленн ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій у краіне.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

РГА "Прававая ініцыятыва";

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве " Хьюман канстанта”;

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

Простае таварыства "Ініцыятыва FORB";

РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт";

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства