Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Красавік 2021

2021 2021-05-01T13:52:53+0300 2021-05-01T14:08:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vokladka_april_2021.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы:

  • на працягу месяца ўлады працягвалі актыўна ўжываць крымінальны пераслед грамадзянаў па палітычных матывах. Па дадзеных Генеральнай пракуратуры, за перыяд са жніўня 2020 г. было распачата больш за тры тысячы крымінальных справаў за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў і акцый пратэсту;
  • па дадзеных ПЦ "Вясна", на працягу месяца судамі былі вынесеныя прысуды ў дачыненні да прынамсі 98 чалавек па палітычна матываваных крымінальных справах. Маніторынг судовых працэсаў, які праводзіцца валанцёрамі і юрыстамі ПЦ "Вясна", засведчыў шматлікія парушэнні прынцыпаў справядлівага судовага разбіральніцтва і працэсуальных правоў і гарантый абвінавачаных;
  • у месцах несвабоды знаходзяцца 360 палітвязняў, іх колькасць працягвае павялічвацца;
  • працягваюцца затрыманні ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту, а таксама адвольныя затрыманні грамадзянаў за выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі, у тым ліку ў прыватным жыллі і тэрыторыях. Усяго за красавік ПЦ "Вясна" валодае інфармацыяй аб затрыманні 304 чалавек (з іх у Мінску 253) і аб вынясенні больш за 210 судовых пастановаў: у 131 выпадку накладзены адміністрацыйны арышт, у 68 – штраф;
  • 17 красавіка ў Маскве супрацоўнікамі ФСБ Расіі ва ўзаемадзеянні з КДБ Беларусі былі затрыманыя грамадзянін Беларусі і ЗША Юрась Зянковіч і палітычны дзеяч Аляксандр Фядута. Пазней дзяржаўныя СМІ Беларусі паведамілі пра затрыманне ў Мінску старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва і Вольгі Галубовіч. У дачыненні да затрыманых распачата крымінальная справа па ч. 1 арт. 357 КК (змова і іншыя дзеянні з мэтай захопу ўлады). Дадзеныя працэсы суправаджаюцца актыўнай і агрэсіўнай прапагандысцкай рыторыкай афіцыйнага Мінска і Масквы аб нібыта датычнасці спецслужбаў ЗША да падрыхтоўкі дзяржаўнага перавароту ў Беларусі і замаху на А. Лукашэнку і членаў яго сям'і;
  • працягваўся ціск на праваабаронцаў. На працягу месяца праходзілі ператрусы і затрыманні прадстаўнікоў шэрагу праваабарончых арганізацый, а таксама актыўныя следчыя дзеянні ў дачыненні да сябраў ПЦ "Вясна";
  • выклікаюць занепакоенасць шматлікія факты жорсткага абыходжання ў дачыненні да грамадзян, затрыманых і падвергнутых адміністрацыйнаму арышту за ўдзел у мірных сходах. Наўмысна створаныя адміністрацыяй ЦІП і ІЧУ бесчалавечныя ўмовы ўтрымання для дадзенай катэгорыі арыштаваных расцэньваюцца экспертамі ПЦ "Вясна" як катаванні;
  • асаблівую занепакоенасць выклікаюць прынятыя парламентам змены ў шэраг законаў і Крымінальны кодэкс, накіраваныя на ўзмацненне крымінальнай адказнасці за ўдзел у пратэстных сходах і публічную крытыку дзейнага палітычнага рэжыму, а таксама датычных працы СМІ;
  • на працягу месяца сітуацыя з правамі чалавека ў краіне працягвала пагаршацца.

Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны крымінальны пераслед

У красавіку ўлады працягвалі актыўна ўжываць крымінальны пераслед у якасці асноўнага віду палітычных рэпрэсій. ПЦ "Вясна" вядома пра не менш чым 96 асуджаных па палітычна матываваных крымінальных справах на працягу месяца.

Па дадзеных Генеральнай пракуратуры, за перыяд са жніўня 2020 г. па красавік 2021 г. былі ўзбуджаныя больш за тры тысячы крымінальных справаў, звязаных з арганізацыяй і правядзеннем незаконных масавых мерапрыемстваў і акцый пратэсту. Таксама было выяўлена звыш 750 фактаў апаганьвання збудаванняў і псавання маёмасці, каля 600 абразаў прадстаўнікоў улады, больш за 300 выпадкаў гвалту або пагрозы яго прымянення ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.

ПЦ "Вясна" вядомыя дадзеныя аб больш за 1 000 асобах, якія пераследуюцца па палітычных матывах.

Колькасць палітвязняў, прызнаных такімі беларускай праваабарончай супольнасцю, на канец месяца склала 360 чалавек і працягвае пастаянна расці па меры атрымання інфармацыі пра крымінальныя справы і яе аналізу.

Намеціліся новыя тэндэнцыі ў крымінальным палітычна матываваным пераследзе грамадзянаў — прызнанне лакальных чатаў і тэлеграм-каналаў апазіцыйнай накіраванасці экстрэмісцкімі і абвінавачванне іх адміністратараў у стварэнні экстрэмісцкіх арганізацый адпаведна. На думку экспертаў ПЦ "Вясна", дадзеныя тэндэнцыі ў правапрымяняльнай практыцы абумоўлены прыняццем Нацыянальным сходам зменаў і дапаўненняў у Закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму». Дадзеныя змены крыміналізуюць практычна любую публічную крытыку органаў дзяржаўнай улады як у цэлым, так і асобных яе прадстаўнікоў.

Так, 18 сакавіка была затрыманая грамадская актывістка з п. Ждановічы Мінскага р-на, шматдзетная маці Вольга Залатар. 29 сакавіка жанчыне было афіцыйна прад'яўленае абвінавачванне па ч. 1 арт. В арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармiравання) і абраная мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай. 2 красавіка праваабарончая супольнасць краіны асудзіла затрыманне Вольгі, прызнаўшы яе палітычнай зняволенай і запатрабаваўшы яе неадкладнага вызвалення.

16 красавіка пасля 25 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваным сходзе быў затрыманы і змешчаны ў СІЗА студэнт БДУ Арцём Баярскі. Ён падазраецца па ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармiравання) і, на думку следства, з'яўляецца адміністратарам ТГ-канала «Мая краіна Беларусь». Як заявіў сам Арцём свайму адвакату, перад запісам відэа, якое з'явілася ў тэлеграм-канале вядомага прапагандыста дзяржаўнага тэлебачання Азаронка, для атрымання прызнальных паказанняў ён быў падвергнуты катаванням супрацоўнікамі МУС, якія збівалі яго дубінкамі па нагах і ягадзіцах.

Гэтак жа на працягу месяца прайшоў шэраг гучных крымінальных працэсаў па палітычна матываваных справах, што выклікала асаблівы рэзананс як у Беларусі, так і за яе межамі.

14 красавіка суд Кастрычніцкага р-на г. Магілёва вынес прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да палітвязняў, брэсцкіх блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава. Суддзя Вольга Краўчанка прызнала іх вінаватымі ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэкса), і абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў (арт. 369 КК). Пятрухін таксама прызнаны вінаватым у абразе суддзі Брэсцкага абласнога суда Андрэя Лешчанкі (артыкул 391 КК). Абодва блогеры пакараныя трыма гадамі зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Акрамя гэтага, Пятрухін і Кабанаў павінны выплаціць па 750 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды супрацоўніку магілёўскага АМАП Віталю Аўтушэнку, якога, паводле прысуду, прынізіла публікацыя блогераў у сацыяльных сетках. Суд над блогерамі прайшоў без іх удзелу і фактычна ў закрытым рэжыме (зала судовага пасяджэння загадзя была запоўнена студэнтамі і на працэсе не маглі прысутнічаць усе жадаючыя, у тым ліку прадстаўнікі незалежных СМІ і праваабаронцы).

27 красавіка суд Ленінскага р-на г. Гродна прысудзіў кіроўцу аўтадома «Краіна для жыцця» Аляксандра Арановіча да шасці гадоў пазбаўлення волі, прызнаўшы яго вінаватым у здзяйсненні злачынстваў па ч. 1 арт. 342 КК (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і па ч. 2 арт. 13 ч. 2 арт. 293 КК (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках). Гэта чарговы вынесены прысуд па г.зв. «справе Ціханоўскага», звязанай з падзеямі 29 траўня ў г. Гродна. Менавіта ў гэты дзень у выніку дрэнна арганізаванай правакацыі спецслужбаў быў затрыманы вядомы блогер ютуб-канала «Краіна для жыцця» Сяргей Ціханоўскі. Пазней гэта паслужыла фармальнай падставай для ізаляцыі ў траўні-чэрвені 2020 г. цэлага шэрагу вядомых блогераў (Пятрухін, Кабанаў, Лосік, Няронскі) і палітыкаў (Статкевіч, Севярынец). Характэрным для працэсаў «справы Ціханоўскага» з'яўляецца тое, што ўсім абвінавачаным інкрымінуюць дзеянні па папярэдняй змове з Ціханоўскім, Статкевічам і Севярынцам, але іх саміх пры гэтым у судовых працэсах не дапытваюць. Такім чынам складаецца сітуацыя, калі факты ўдзелу Ціханоўскага, Статкевіча і Севярынца ў арганізацыі масавых беспарадкаў на момант судовага разгляду іх справаў ужо будуць устаноўлены набыўшымі сілу прысудамі судоў і не будуць падлягаць даказванню.

Пры гэтым, як стала вядома, судовы разгляд справы самога П. Севярынца, а таксама актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Зміцера Казлова, Максіма Вінярскага і Андрэя Войніча пройдзе 12 траўня ў Магілёўскім абласным судзе ў закрытым рэжыме ў сувязі з тым, што матэрыялы справы «адносяцца да ахоўваемай законам тайны».

На працягу месяца працягваліся групавыя судовыя працэсу ў г. Брэсце (трэцяя група абвінавачаных па ч. 1 арт. 342 КК г.зв. «справы карагодаў»), а таксама ў дачыненні да абвінавачаных ва ўдзеле ў масавых беспарадках у г. Пінску.

30 красавіка суд Маскоўскага р-на г. Брэста прысудзіў сатырнаццаць абвінавачаных па ч. 2 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі) па г.зв. «пінскай справе» да пазбаўлення волі на тэрміны ад 5,5 да 6,5 гадоў.

Ціск на праваабаронцаў

Улады працягнулі практыку ціску і пераследу праваабаронцаў у сувязі з ажыццяўленнем iмi праваабарончай дзейнасці.

5 красавіка супрацоўнікі міліцыі затрымалі арганізатарак выставы «Машына дыхае, а я не», прысвечанай працы беларускіх медыкаў ва ўмовах пандэміі каронавірусу. Затрыманыя актывісткі грамадскага аб'яднання «Звяно» Наталля Трэніна, Таццяна Гацура-Яворская і Юлія Сяменчанка былі змешчаны ў ІЧУ, у і кватэрах і ў офісе арганізацыі былі праведзеныя ператрусы.

Пасля стала вядома, што ў дачыненні да ўсіх іх адбыліся суды ў рамках адміністрацыйнай справы і яны былі прызнаныя вінаватымі ў непадпарадкаванні законнаму распараджэнню ці патрабаванню супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Да Таццяны Гацуры-Яворскай таксама была ўжыта адміністрацыйная санкцыя: штраф у памеры 50 базавых велічынь. Аднак Таццяна не была адпушчаная з будынка ІЧУ, а была затрыманая ўжо ў рамках крымінальнай справы і пераведзена ў СІЗА на Валадарскага.

6 красавіка сілавікі правялі ператрус у кватэры бацькоў і ў асабістай кватэры праваабаронцы, удзельніцы каманды Human Constanta, сябры Назіральнай рады Офіса па правах людзей з інваліднасцю Эніры Браніцкай. Афіцыйнай падставай для ператрусу была названая крымінальная справа аб масавых беспарадках і дзейнасць Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі. Падчас ператрусу ў кватэры праваабаронцы выключылі электрычнасць, сувязі з ёй не было да заканчэння працэсуальных дзеянняў. У цяперашні час яна на волі, у яе канфіскавалі тэхніку і абмежавалі выезд з краіны. Таксама 7 красавіка яна была дапытаная ў якасці сведкі ў Следчым камітэце.

Праваабарончая супольнасць краіны выступіла з сумеснай заявай, у якой выказала пратэст з сувязі з дзеяннямі ўладаў і запатрабавала спынення пераследу праваабаронцаў і неадкладнага вызвалення Таццяны Гацуры-Яворскай, а таксама зняволеных праваабаронцаў Алега Граблеўскага, Сяргея Драздоўскага, Леаніда Судаленкі, Марфы Рабковай, Таццяны Ласіцы і Андрэя Чэпюка.

16 красавіка па заканчэнні 10 дзён затрымання Таццяна Гацура-Яворская была вызвалена з СІЗА без прад'яўлення абвінавачванняў, але пры гэтым яна застаецца ў статусе падазраванай і ёй часова абмежавалі права выезду за межы Рэспублікі Беларусь. У той жа час супрацоўнікамі ГУБАЗіК МУС быў затрыманы яе муж, вядомы праваабаронца, грамадзянін Украіны Уладзімір Яворскі, які быў збіты і пад пагрозай дэпартацыі быў вымушаны пакінуць краіну.

На працягу месяца працягвалася правядзенне актыўных следчых дзеянняў у межах крымінальнай справы па факце дзейнасці ПЦ "Вясна", на допыты ў якасці сведак выклікаліся сябры арганізацыі, у тым ліку старшыня Алесь Бяляцкі.

14 красавіка ў судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы затрымалі мясцовага праваабаронцу "Вясны" Аляксандра Вайцешыка, які ажыццяўляў маніторынг судовага працэсу. На наступны дзень стала вядома, што праваабаронцу арыштавалі на 15 сутак па артыкуле 25.1 КаАП – непавага да суда. У знак пратэсту на незаконнае затрыманне і несправядлівы арышт Аляксандр абвясціў галадоўку.

22 красавіка пастанова суда была адмененая Брэсцкім абласным судом, а справа накіраваная на новы разгляд у суд першай інстанцыі. Такім чынам А. Вайцешык паспеў адбыць 8 з 15 сутак арышту.

Парушэнне права на мірныя сходы

Нягледзячы на ​​выключна мірны характар ​​пратэстных акцый у Беларусі, іх удзельнікі падвяргаюцца суровым рэпрэсіям.

1 сакавіка гэтага года ўступіў у сілу новы Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, якім устаноўлены новыя, шматкроць павялічаныя памеры штрафу за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, а таксама ўдвая павялічаны тэрмін максімальнага арышту за паўторнае ўчыненне дадзенага правапарушэння. Сам парадак арганізацыі масавых мерапрыемстваў крытыкуецца праваабаронцамі і экспертамі, паколькі ён парушае прэзумпцыю на карысць мірных сходаў і ўстанаўлівае празмерныя патрабаванні да арганізатараў такіх мерапрыемстваў.

Разам з тым, улады адмовілі ў дазволе на правядзенне 26 красавіка традыцыйнага «Чарнобыльскага шляху», а вечарам у гадавіну трагедыі на Чарнобыльскай АЭС у цэнтр Мінска былі сцягнутыя сілавікі і спецтранспарт. З 17-й гадзіны міліцыянты пачалі спыняць людзей, правяраць іх заплечнікі і тэлефоны; таксама супрацоўнікі ДАІ спынялі аўтамабілі. Пачаліся і кропкавыя затрыманні.

Па дадзеных ПЦ "Вясна", за красавік судамі былі вынесены больш за 210 судовых пастановаў: у 131 выпадку накладзены адміністрацыйны арышт, у 68 – штраф. Вядома пра затрыманне 304 чалавек (з іх у Мінску 253), сярод іх – 6 журналістаў.

Варта адзначыць прынятыя ўжо ў двух чытаннях Палатай прадстаўнікоў змены ў Закон «Аб масавых мерапрыемствах», якімі скасаваны паведамляльны парадак правядзення статычных масавых мерапрыемстваў (мітынгаў, пікетаў, сходаў), якія праводзяцца ў спецыяльна адведзеных рашэннямі мясцовых органаў улады месцах. Таксама змены ў закон забараняюць распаўсюджваць інфармацыю аб несанкцыянаваных сходах (забарона вядзення стрымаў у анлайн рэжыме). Акрамя таго змены ў КК прадугледжваюць увядзенне крымінальнай адказнасці за сістэматычнае парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў — пасля двух прыцягненняў да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных сходах на працягу года.

Парушэнне свабоды выказвання меркаванняў

Пад дзеянне закона «Аб масавых мерапрыемствах» адвольна адносяць розныя формы выказвання грамадзянамі меркавання: выкарыстанне нацыянальнай і пратэстнай сімволікі ў дамах, на прадметах адзення і аўтамабілях, раздачу інфармацыйных матэрыялаў.

Напрыклад, Кацярыну Якубенка затрымалі за двухсантыметровую бел-чырвоную брошку, якая вісела пад шалікам. Суддзя Сяргей Шаціла пацікавіўся, ці разумее жанчына, “што гэтая брошка азначае ў выніку апошніх падзей”. Кацярына патлумачыла, што гэта падарунак сяброўкі, які носіць ужо пяць гадоў. Суддзя Савецкага суда г. Мінска ацаніў гэты падарунак ў 1 450 рублёў.

Не спыняецца шэраг крымінальных справаў, звязаных з абразай супрацоўнікаў міліцыі і дзяржапарату. Пад крымінальны пераслед як правіла падпадаюць тыя, хто выказаў сваю ацэнку падзей, якія адбываліся пасля выбараў прэзідэнта, і ролі ў гэтых працэсах прадстаўнікоў дзяржаўнай улады. Часта гэтыя выказванні мяжуюць з маральна-этычнымі нормамі ці пераходзяць гэтую мяжу, аднак за рэдкім выключэннем з'яўляюцца рэакцыяй не на законную службовую дзейнасць, а на дэманстратыўнае парушэнне правоў чалавека і нацыянальнага закона як цэлымі дзяржаўнымі інстытутамі, так і канкрэтнымі асобамі.

1 красавіка суд Маскоўскага раёна Брэста вынес прысуд па крымінальнай справе за вывешванне ў абласным цэнтры пудзіла прэзідэнта. Гэтыя дзеянні Андрэя Коласа, Вольгі Завадзкай і Юліі Бодак кваліфікаваныя па ч. 2 арт. 339 КК як хуліганства, здзейсненае групай асобаў. Усе трое пакараныя абмежаваннем волі.

Асаблівае месца займае закрыццё ўладамі выставы пра працу беларускіх медыкаў у перыяд распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі «Машына дыхае, а я – не». Гэтая экспазіцыя пачала працу ў Мінску ў прасторы “Месца” 30 сакавіка, а ўжо 1 красавіка санстанцыя і МНС знайшлі на пляцоўцы парушэнні, таму выставу арганізатарам прыйшлося закрыць.

У «Новай Баравой» — квартале новабудоўляў у прыгарадзе Мінска, прайшлі масавыя ператрусы і затрыманні жыхароў. Прэтэнзіі міліцыі і суддзяў, якія падтрымліваюць рэпрэсіі, — да размешчаных у вокнах выразаных з паперы сэрцаў.

У г. Жодзіна былі затрыманыя 20 чалавек: супрацоўнікі міліцыі прыйшлі ў прыватную лазню, дзе 13 жанчын і 7 мужчын нібыта праводзілі "несанкцыянаванае масавае мерапрыемства". Усіх прысутных затрымалі і даставілі ў РУУС, дзе на іх склалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП. Чацвёра затрыманых мужчын абвясцілі галадоўку, пратэстуючы супраць абвінавачванняў ва ўдзеле ў масавым мерапрыемстве і супраціве міліцыі. Ва ўсіх затрыманых дома прайшлі ператрусы.

А 30 красавіка МУС паведаміла аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да настаўніцы музыкі, якая размясціла ў інтэрнэце пост, “у якім здзейсніла здзек з тэксту дзяржаўнага гімна, змяніўшы словы». У гэтым міліцыя ўгледзела здзек з дзяржаўных сімвалаў.

Парушэнне свабоды асацыяцыяў

Арышты прадстаўнікоў апазіцыйнага да ўладаў Саюза палякаў, якія адбыліся ў сакавіку, выліліся ў прад'яўленне актывістам Саюза Анжаліцы Борыс, Марыі Цішкоўскай і Андрэю Пачобуту абвінавачанняў па частцы 3 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса РБ – “наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці”, а таксама “рэабілітацыя нацызму, учыненая групай асоб”. Нагодай для пачатку рэпрэсій паслужылі правядзенне Саюзам шэрагу “незаконных масавых мерапрыемстваў па ўшанаванні удзельнікаў антысавецкіх бандфарміраванняў, якія дзейнічалі падчас і пасля Вялікай Айчыннай вайны, якія здзяйснялі рабаванні, забойствы мірнага насельніцтва Беларусі, знішчэнне маёмасці”, як заявіла Генеральная пракуратура. Гаворка ідзе пра мерапрыемствы ў памяць воінаў Арміі Краёвай – асноўнай арганізацыі польскага супраціву, які змагаўся супраць нацысцкай акупацыі, а пасля заканчэння Другой сусветнай вайны стварыў антысавецкае і антыкамуністычнае падполлі.

Працягваецца пераслед арганізатараў і ўдзельнікаў так званых “дваровых супольнасцяў” — нефармальных аб'яднанняў людзей па месцы жыхарства, якія ўтварыліся на хвалі палітычнай і грамадскай актыўнасці лета-восені 2020 года і пераследуюць выключна мірныя і законныя ў дэмакратычным грамадстве мэты.

У сувязі з гэтым асаблівую занепакоенасць праваабарончай супольнасці выклікае шэраг змяненняў у законы краіны, якія закранаюць свабоду выказвання меркаванняў, у прыватнасці ў Закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму». Прапанаваныя змены адносяць да экстрэмізму і адпаведна крыміналізуюць фактычна любую крытыку ўлады, дзяржаўных органаў і іх прадстаўнікоў. На думку экспертаў ПЦ "Вясна", дадзеныя змены не сумяшчальныя з міжнароднымі абавязацельствамі Рэспублікі Беларусь, добраахвотна ўзятымі ёй у галіне правоў чалавека, і выходзяць за рамкі дапушчальных абмежаванняў свабоды выказвання меркаванняў, прадугледжаных арт. 19 МПГПП.

Катаванні, забароненае абыходжанне

Эксперты па правах чалавека ААН заклікалі Беларусь пакласці канец няспыннай практыцы празмернага прымянення сілы, арыштаў, адвольных затрыманняў і жорсткага абыходжання ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў і ажыццяўлення рэпрэсій, накіраваных супраць журналістаў і супрацоўнікаў сродкаў масавай інфармацыі.

Праваабаронцы глыбока занепакоеныя паўсюднымі парушэннямі правоў затрыманых і арыштаваных па адміністрацыйных справах іншадумцаў: адміністрацыя і супрацоўнікі ізалятараў ствараюць невыносныя ўмовы ўтрымання для палітвязняў – менавіта так вызначаюцца пазбаўленыя волі ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленне свабод, гарантаваных міжнароднымі нормамі права ў галіне правоў чалавека. У гэтай сітуацыі характар ​​абыходжання з імі расцэньваецца як катаванні. Таксама некаторых палітвязняў збіваюць.

Арцём Баярскі, 19-гадовы студэнт другога курсу хімфака БДУ, быў зняволены і яму было прад'яўлена абвінавачванне ў стварэнні экстрэмісцкага фарміравання. Каб атрымаць відэа для праўладнага прапагандысцкага телеграм-канала, дзе студэнт прызнаецца ў адміністраванні пабліку, Арцёма збілі – яго білі дубінкамі па спіне і ягадзіцах, пра што ён паведаміў на допыце адвакату.

Акрамя таго, пра збіццё ў працэсе дасудовай вытворчасці на працягу месяца неаднаразова заяўлялі ў судах фігуранты крымінальных справаў. Суды і пракуратура не рабілі захадаў па расследаванні такіх заяваў.

Парушэнне правоў асобаў, падвергнутых крымінальнаму пераследу

Юрысты і аналітыкі "Вясны" падрыхтавалі і апублікавалі чарговы даклад — «Крымінальны пераслед па палітычных матывах. Беларусь 2020-2021 гг.». Па выніках назірання за крымінальнымі справамі ў судзе і ацэнкі расследавання праваабаронцы прыйшлі да высновы аб тым, што падчас вытворчасці па крымінальных справах у дачыненні да іншадумцаў, у тым ліку ў судах, адзначаецца паўсюднае парушэнне нацыянальных нормаў права, канстытуцыйных і міжнародна прызнаных стандартаў справядлівага суда. Грэбаванне правамі чалавека і ігнараванне найгрубейшых парушэнняў у корані падарвала давер да органаў правапарадку, а таксама давер і павагу да сістэмы правасуддзя.

Праваабаронцы адзначаюць пагаршэнне становішча з галоснасцю і адкрытасцю разгляду крымінальных справаў: ужо некалькі працэсаў у дачыненні да пратэстоўцаў і грамадскіх актывістаў праведзены ў закрытым рэжыме без наяўнасці да таго важкіх падставаў. У закрытым пасяджэнні будзе разглядацца справа П. Севярынца і актывістаў «Еўрапейскай Беларусі». Варта заўважыць, што ўдзельнікі такіх пасяджэнняў, акрамя абвінавачаных, не маюць права выдаваць вядомыя ім звесткі пад пагрозай крымінальнага пакарання.

Фігуранты крымінальных справаў і іх адвакаты неаднаразова адзначалі факты перашкоды ў ажыццяўленні абароны: спатканні адвакатаў і падабаронных адвольна абмяжоўваюцца, падазраваныя і абвінавачаныя часта дапытваюцца ў адсутнасць абаронцы, суддзі не забяспечваюць атрыманне юрыдычнай дапамогі ў адміністрацыйным працэсе. Падазраваным у некаторых выпадках несвоечасова паведамляюць пра прычыну затрымання і высунутых падазрэннях.

28 красавіка тэлеканал ОНТ апублікаваў відэазапіс размовы Сяргея Ціханоўскага са сваёй адвакаткай у кабінеце СІЗА. Тым самым улады адкрыта прызналіся ў грубым парушэнні права абвінавачанага і абаронцы на канфідэнцыйныя зносіны, перадвызнаўчышы ацэнку выканання гарантый справядлівага суда не толькі ў дачыненні да С. Ціханоўскага, але і іншых палітвязняў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства