viasna on patreon

Катаванні над адміністрацыйна арыштаванымі ў ІЧУ працягваюцца

2021 2021-04-08T19:32:30+0300 2021-04-08T19:32:31+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/akrescina-2020-08-12.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сваякі на Акрэсціна. Фота: belsat.eu

Сваякі на Акрэсціна. Фота: belsat.eu

Людзі, якія вызваляюцца пасля сутак з ЦІП у Мінску і ІЧУ у Жодзіна, працягваюць заяўляць аб жорсткім абыходжанні з боку адміністрацыі і супрацоўнікаў з арыштантамі.

У ізалятарах дастаткова свабодных месцаў, але адміністрацыя гэтых устаноў наўмысна перапаўняе камеры затрыманымі, ствараючы невыносныя ўмовы знаходжання там. А ў адзіныя дні перадач - у сераду для Жодзіна і чацвер для Акрэсціна - у сваякоў арыштаваных не прымалі прадукты харчавання, кнігі, крыжаванкі, алоўкі, ручкі, сшыткі і іншыя пісьмовыя прыналежнасці.

На Акрэсціна камеры заліваюць хлёркай, у Жодзіна збіваюць, у Магілёве будзяць сярод ночы. У якіх умовах утрымліваюцца арыштанты?

Праваабаронцы “Вясны” занепакоеныя значным пагаршэннем умоваў утрымання ў ІЧУ і ЦІП Мінгарвыканкама, а таксама ў ІЧУ Жодзіна і Магілёва.

Вядома, што ўвечары 7 красавіка вывезлі з ЦІП за горад лідэра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова. Ён паведаміў пра ўмовы ўтрымання ў ізалятары.

"Гэта не проста парушэнне закона 24 гадзіны ў суткі, гэта робіцца дэманстратыўна-паказальна. Такое адчуванне, што супрацоўнік ЦІПа – гэта прафесія зневажаць людзей. Вы не можаце напісаць скаргу, таму што ў вас, элементарна няма паперы і ручкі. Вам адмаўляюць у сустрэчы з адвакатам. І вас проста тэрарызуюць", – цытуюць палітыка на афіцыйнай старонцы партыі ў Фэйсбуку.

Па словах Мікалая Казлова, людзі спяць на падлозе, ні матрацаў, ні падушак, ні пасцельных прыналежнасцяў ім не выдаюць. Людзей у камерах столькі, што яны дыхаюць шматкроць перапрацаваным паветрам з мінімальным утрыманнем кіслароду – вокны ў камерах не адчыняюцца.

"Я прайшоў карцэр, пяцідзённую галадоўку, камеру з сямю бамжамі, у якіх любімы занятак – лавіць і ціснуць вошай.

Перадачу, якую ў ЦІП прынеслі для мяне ў мінулы чацвер, на рукі мне выдалі толькі ў дзень выхаду на волю, гэта значыць учора. З такіх дробных мярзотаў сатканыя ўсе паводзіны адміністрацыі ЦІП", – распавёў палітык.

Ён адзначыў, што чалавека толькі за тое, што ён задаў пытанне, забралі з камеры, распранулі і голага вярнулі назад. Таксама Мікалай Казлоў пацвердзіў, што карцэр, дзе ён знаходзіўся з іншымі арыштантамі, залівалі канцэнтраванай хлёркай: людзям станавілася дрэнна праз некалькі хвілін. У палітыка балелі вочы "як пасля зваркі без шчытка", былі праблемы з лёгкімі.

Інфармацыю пацвярджаюць і іншыя: у камеры на восем месцаў утрымліваўся 21 чалавек – людзі спалі на падлозе, матрацаў не выдавалі. Перадачы аддалі ў чацвер 25 сакавіка, а на наступны дзень усё забралі. Перадачы праз тыдзень не прыносілі зусім, хоць у сваякоў іх прымалі. Аддалі ўсе перадачы толькі пры вызваленні.


Сяргей вызваліўся ў канцы сакавіка пасля 15 сутак арышту, і, паводле яго слоў, яшчэ не застаў усіх жахаў і катаванняў у ізалятарах. Аднак ён распавёў праваабаронцам, што пасля затрымання яго даставілі ў ЦІП, завялі ў 6-мясцовую камеру 12 чалавекам, пазней прывялі яшчэ дваіх. У камеры было вельмі душна і вільготна, паветра не хапала, святло на ноч не выключалі, на прагулкі не выводзілі.

У чацвер перадачы не аддалі, а замест гэтага камеру залілі хлёркай, мужчыны выціралі падлогу майкамі. Дыхаць было вельмі цяжка, "кармушку" закрылі.

На наступны дзень раніцай аддалі перадачы. Толькі арыштанты паспелі іх паглядзець, як на праверцы ў іх усё адабралі.

Перад 25 сакавіка практычна ўсіх вывезлі з ЦІП у ІЧУ Жодзіна. І некалькі дзён умовы там былі здавальняючыя: былі матрацы, вадзілі на прагулкі і нават у душ. Аднак "палітычныя" і "бытавыя" сядзелі ўперамешку, у камеры з Сяргеем знаходзіўся 57-гадовы мужчына з IV стадыяй ВІЧ і іншымі хранічнымі захворваннямі.

У Дзень Волі ў камеру прыйшлі "госці" - начальнік ГАУС і пракурор, задавалі пытанні, што не задавальняе. Арыштанты скардзіліся, што святло на ноч не выключаецца, але супрацоўнікі растлумачылі, што святло патрэбнае для камер відэаназірання.

Пасля сутак у Сяргея ўжо больш 10 дзён не праходзіць кашаль. Мужчына здаў тэст на COVID-19, але вынік атрымаў адмоўны. Пагаршэнне стану здароўя звязвае з адседжанымі суткамі. 


Кацярына Атрахімёнак была затрыманая 20 сакавіка і асуджаная на 15 сутак арышту. Дзяўчына распавяла, што двое сутак была ў ІЧУ да суда, пасля ў ЦІП, а пазней пераведзеная ў Жодзіна.

У ІЧУ ў 2-мясцовай камеры спачатку было 5 дзяўчат, потым прывялі яшчэ затрыманых - і іх стала 9. Пасля перавялі ў 5-мясцовую камеру, матрацы не выдавалі, не дазволілі нічога ўзяць з асабістых рэчаў акрамя аднаго цюбіка пасты, святло гарэла пастаянна.

У Жодзінскім ІЧУ спачатку ўмовы былі прымальнымі, але потым забралі матрацы, кнігі, сканворды, ручкі. Дзяўчатам сказалі, што яны "павінны пакутаваць".


Лідар "Маладога фронту" Дзяніс Урбановіч 7 красавіка вызваліўся пасля 15-сутачнага арышту. Ён распавёў "Нашай Ніве" пра ўмовы ўтрымання на Акрэсціна і ў Жодзіна.

"У двухмеснай камеры нас было 10 чалавек. Усё як звычайна: вядро хлоркі на праверцы. Добра так пякло вочы. Цяжка дыхаецца. Асабліва дрэнна, калі ты сядзіш на другім ярусе. Спалі на падлозе хто як можа".

На наступны дзень пасля суда Дзяніса Урбановіча перавялі ў Жодзіна. Там, па словах актывіста, усё было добра: 10 чалавек на 10-мясцовую камеру. Але потым падкінулі яшчэ пецярых.

"Калі нас было ўжо пятнаццаць, то забралі матрацы, падушкі, кнігі, ручкі, сканворды, судоку, шашкі, гульню "Уна". Забіралі, прыгаворваючы: "Добра жывяце? Ну цяпер будзеце яшчэ лепш жыць".

1 красавіка з раніцы з камеры забралі штангіста Аляксандра Ціхановіча і збілі. Яго вывелі літаральна на 10 хвілін і прывялі назад.

"Тады дзяжурны паказвае пальцам на мяне: "Ты таксама выходзь". Я чысціў зубы, нават не спаласнуў, толькі шчотку паклаў.

Мяне адвялі ў душавую. Я нават не паспеў нічога ўцяміць, як дасталі дубінку і сталі біць. Урэзалі па задніцы два разы і разы чатыры па спіне жыганулі. Я пытаюся: "Што такое?" Адказваюць: "Ты смуту ў камеры не наводзь".

Пра якую смуту ішла гаворка Дзяніс Урбановіч так і не зразумеў, але ўся спіна ў яго была сіне-фіялетавая.

Падчас праверак арыштантам трэба было выбягаць з камеры, трымаючы галаву ўніз. Калі не бяжыш – б'юць дубінкамі. На калідоры ставілі на расцяжкі, рукі вывернутымі далонямі вонкі.

Адбіралі прадукты з перадач, калі за дзень ці два не паспявалі з'есці. Ладзілі праверкі ноччу па два разы.

"Паводзяць сябе нахабна, крычаць, абражаюць. Адзін крычаў на іншых: "Я вас вучыў, як праводзіць ператрус, як ствараць умовы, чаму вы гэтага не робіце?" Ён крычаў на міліцыянтаў, я не мог глянуць, хто дакладна гэта быў. Значыць, ініцыятыва зыходзіла не ад іх, а ад кагосьці зверху", – распавёў Дзяніс Урбановіч.

Калі актывіста вызвалялі, малады дзяжурны глядзеў ягоную справу і сказаў:

"О, глядзіце, колькі разоў яго прыцягвалі. Урбановіч, ты зусім знахабіўся? Давайце яму дубінку ў ж*пу засунем!"

Хлопца скруцілі, паклалі на стол, але амаль адразу адпусцілі, нічога не зрабілі. Потым вызвалілі.


Прадпрымальнік Аляксей Мельянец таксама падзяліўся сваім досведам адбыцця адміністрацыйнага арышту.

"Першую ноч правёў на Акрэсціна на драўляных ложках без пасцельнай бялізны і ацяплення. Другую – у двухмеснай камеры 2,5-3 метры, дзе нас было сямёра. Пасцельная бялізна, матрацы адсутнічалі. Мы проста клалі галаву пад ложак на падлогу, каб неяк змясціцца там і спаць. Раніцай нас вывелі ў калідор, і камеру залілі хлоркай, адразу ж нас вярнуўшы. Прыйшлося ўсё гэта прыбіраць неяк і дыхаць гэтым".

Пасля суда Аляксандра этапавалі ў Жодзіна, умовы там яму адразу падаліся значна лепшымі.

"Нас нават адразу звадзілі ў душ. Назвалі мінскай элітай. Вядома, камера была перапоўненая: 13 чалавек на 10 месцаў, але ў нас былі і падушкі, і пасцельная, і кніжкі, і гульні. Адзінае, што не дазвалялі днём сядзець на ложках. Усё змянілася пасля Дня Волі. Ад нас адсялілі "бывалых", і засталіся адны палітычныя", – успамінае мужчына.

У камеры стала 15 чалавек, забралі ўсё – ад матрацаў да рэшткаў перадач. Калі раней на вячэру разам з кашчавай рыбай давалі бульбу, то цяпер пакінулі адну рыбу. Прычым лыжак не прыносілі – трэба было есці ўсё рукамі. Акрамя таго, у супрацоўнікаў ізалятара з'явілася новае "хобі" – па некалькі разоў прыходзіць у "хату" па начах і рабіць бессэнсоўныя пераклічкі, не даючы спаць.

"Мы падумалі: раз камера перапоўненая, то можам патрабаваць права хаця б сядзець на ложках днём. Паспрабавалі. І вось раніцай яшчэ да праверкі да нас у камеру залятаюць з крыкамі: "Каму там месца не хапае"? Ну і вывелі спачатку сукамерніка Сашу ў душ. Збілі там. А пасля забралі Дзяніса Урбановіча як "самага галоўнага змагара" і таксама збілі. Потым нас усіх вывелі на калідор, ледзь не на шпагат паставілі. Мне таксама дасталася палкай па азадку. Але ў параўнанні з тым, што зрабілі з Дзянісам – гэта, вядома, нішто".

У Дзяржынску днямі "круцяць гімн", а ва Уздзе не прымаюць перадачы

Праваабаронцам "Вясны" вядома, што зрабілі больш жорсткімі ўмовы ўтрымання і ў ІЧУ г. Дзяржынска. Паведамляецца, што пасля нейкай міністэрскай праверкі ў ізалятарах Узды і Дзяржынска ў арыштантаў адабралі матрацы, кнігі, крыжаванкі, размалёўкі, шахматы. У Дзяржынскім ІЧУ ў двухмеснай камеры ўтрымліваецца пяць чалавек, у камеру "вывелі калонку і кругласуткава круцяць гімн, песні тыпу "Саша застанецца з намі". У ІЧУ г. Узда перасталі прымаць перадачы.

У Бабруйску шэсць чалавек змясцілі ў карцэр

Шасцярых затрыманых, якія ў бабруйскім ІЧУ трымалі галадоўку, змясцілі ў карцэр праз "антысанітарыю", піша Еўрарадыё. Прычына, якую дзяжурны назваў сваякам арыштантаў, - адмова прыбіраць памяшканне.

Па словах супрацоўнікаў ІЧУ, затрыманыя на днях прыпынілі галадоўку.

Нагадаем, першым галадоўку 27 сакавіка абвясціў Іван Манько, асуджаны на 30 сутак. На такі ж тэрмін асудзілі і Уладзіміра Міхалапа. Па 20 сутак арышту атрымалі інвалід 3-й групы з хваробай Паркінсона Сяргей Бяляеў і Аляксандр Парахневіч. Па 15 сутак павінны правесці за кратамі Павел Кабанчук і Сяргей Мардушкоў.


Калі вы былі падвергнутыя адміністрацыйнаму пераследу і вам неабходна дапамога - звяртайцеся ў "Вясну". 

Таксама праваабаронцы прапануюць запоўніць анкеты пра ўмовы ўтрыманне ў ізалятары і справядлівасць судовага працэсу

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства