viasna on patreon

На Акрэсціна камеры заліваюць хлёркай, у Жодзіна збіваюць, у Магілёве будзяць сярод ночы. У якіх умовах утрымліваюцца арыштанты?

2021 2021-04-06T17:03:00+0300 2021-04-06T20:42:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ichu-gomel.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Камера ў ізалятары часовага ўтрымання. Фота: TUT.by

Камера ў ізалятары часовага ўтрымання. Фота: TUT.by

Праваабаронцы “Вясны” занепакоеныя значным пагаршэннем умоваў утрымання ў ІЧУ і ЦІП Мінгарвыканкама, а таксама ў ІЧУ Жодзіна і Магілёва.

“У ЦІП на падлогу выліваюць хлёрку”

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Ігар Барысаў пасля адбыцця 15-суткавага арышту распавёў “Нашай Ніве” пра ўмовы ўтрымання ў сталічным ЦІП.

Там ёсць такая асаблівасць: усіх труцяць хлёркай. Пасля ранішняга «шмону» ў камеру заходзілі, раскідвалі рэчы, бралі вядро з хлёркай, вылівалі яго на падлогу і адразу ж выходзілі. Хлопец, які сядзеў там даўно, кажа, што такое адбываецца кожны дзень. Ты мусіш імгненна пачынаць дыхаць праз якую анучку ці майку. Потым усе сядзяць з галаўным болем, бо проста невыносна”, - распавёд палітык.

Раней паведмалялася, што лідэр АГП Мікалай Казлоў быў дастаўлены ў шпіталь праз атруту хлёркай у ЦІП.

Пры гэтым восем чалавек утрымлівалася ў аднамеснай камеры. На падлогу наўмысна вылілі 20 літраў канцэнтраванага раствора хлёркі - катаванне, вядомая як "газавая камера". Пра гэта казаў і сам Казлоў падчас суда над ім. 

Інфармацыю пра невыносныя ўмовы ўтрымання падцвярджае і мастачка Ліза Ганчарова, якая адбыла 15 сутак арышту:

Зачынялі кармушку, закрывалі ўвесь кісларод і проста залівалі хлёркай. Мы гэтым дыхалі, у нас запалілася слізістая ва ўсіх. Рабілі гэта з пэрыядычнасцю раз на два дні.

“Мужчын збіваюць, у жанчын забралі матрасы і коўдры”

З вечара панядзелку 5 красавіка пачалі паступаць трывожныя паведамленні ад тых, хто выходзіў пасля арышту з Жодзінскага ІЧУ. Былыя арыштанты паведамляюць, што мужчын збіваюць. У жанчын забралі ўсе матрасы, коўдры, кнігі і часопісы, гульні, ручкі, на ноч не выключаюць святло. Паведамляецца, што гэта ўсё робіцца, каб “не было так добра, як пра гэта расказваеце ў лістах”.

Ігар Барысаў, які быў пераведзены ў ІЧУ Жодзіна дасіжываць суткі, распавёў, што спачатку ўмовы былі больш-менш нармальныя: былі і матрацы, і бялізна, кніжкі можна было чытаць, на прагулкі вадзілі, у душ два разы. Але пасля 26 сакавіка сітуацыя значна пагоршылася.

“У камеры стала пятнаццаць чалавек на дзесяць месцаў. Хлопцы спалі проста на падлозе.

Нам не далі павячэраць: на 15 чалавек прынеслі пяць рыбак, запяканку і два кубкі гарбаты. Ну як гэта на ўсіх дзяліць? Мы ад усяго адмовіліся. На наступны дзень усёй камерай напісалі 40 скаргаў на імя начальніка ўчастка. У яго знесла дах, прыбег, крычаў, што дадасць яшчэ людзей у камеру. Чапляліся, што няправільна матрацы ляжаць, а на наступны дзень увогуле ўсё забралі, пагражалі, што забяруць перадачы. Начальнік камандаваў, каб не было нічога мяснога, бо гэта хутка псуецца, а да 4 красавіка трэба з’есці ці знішчыць усе сухафрукты і арэхі. Маўляў, калі не з’ясцё, то ўсё будзе выкінута. У нядзелю ў нас быў грандыёзны шмон, шукалі арэхі, гарбату, усё на свеце”, - распавёў палітык.

Таксама ён падкрэсліў, што пасля 27 сакавіка ў арыштантаў забралі ўсе сшыткі, кнігі, ручкі, а 2 красавіка падчас ранішняга агляду некаторых збівалі:

“Мы мяркуем, што гэта былі амапаўцы. Аднаму хлопцу з камеры так ногі адбілі, што не мог стаяць. Калі звяртаешся па медыцынскую дапамогу, то абсалютны ігнор”.

Акрамя таго, святло на ноч не выключалі, праводзіліся начныя “пераклічкі”, часам па некалькі разоў за ноч.

Гэтую інфармацыю падцвердзіў ячшэ адзін былы арыштант - Юрый Куўшынаў:

"На Жодзіне пасля 25 сакавіка расцяжкі і ўдары пачаліся. Пазабіралі матрацы з падушкамі, у васьмімясцовай камеры нас 13 чалавек знаходзілася. Спалі на падлозе. Вентыляцыі не было. Як атрымалі перадачы, праз два дні забралі ўсе кнігі, часопісы, асадкі, алоўкі. Соль з прыправамі нават. Уначы будзіць праверкамі адмыслова сталі".

У Магілёўскім ІЧУ перапоўненыя камеры і начныя пераклічкі

Праваабарончы канал MAYDAY паведамляе, што ў Магілёўскім ІЧУ таксама значна пагоршыліся ўмовы ўтрымання адміністрацыйна арыштаваных - затрыманыя напярэдадні і пасля 25 сакавіка жыхары горада ўтрымліваліся і працягваюць утрымлівацца ў жудасных умовах.

Як паведаміў адзін з вызваліўшыхся, першыя некалькі дзён пасля 25 сакавіка ўмовы былі звычайныя. Аднак пазней асуджаных па палітычных матывах пачалі перакідваць паміж камерамі, і ў нейкі момант у чатырохмясцовай камеры аказалася шэсць чалавек.

У сераду, 31 сакавіка, у арыштантаў забралі ўсе кнігі і матрасы. Перадачы, якія перадавалі родныя ў чацвер, ім не аддалі. Перадалі толькі “тры бутэлькі мінералкі і кулёк печыва”.

Акрамя таго, мужчын па чатыры разы на дзень выводзілі ў кайданках на вобшук, распраналі да майткоў.

Адзін з арыштантаў спаў трое сутак на падлозе. Матрасы не выдавалі нават на ноч, а пасля адбою ў камеры заходзілі супрацоўнікі ІЧУ, будзілі людзей і праводзілі пераклічку.

На дадзены момант у ІЧУ знаходзяцца збіты Аляксей Барысаў, Анатоль Прасаловіч, Віктар Шаўцоў.

Маці Анатоля паведаміла "Новаму часу", што яе сына і яшчэ 5 чалавек сагналі ў адну 4-месную камеру, забралі матрасы, усю літаратуру. Па два-тры разы за ноч да іх прыходзяць з праверкамі, прымушаючы распранацца да майткоў. Удзень не дазваляюць прысядаць на нары, сядзець можна толькі на лаве.


Юрыст ПЦ “Вясна” Павел Сапелка адзначае, жорсткае, бесчалавечнае, прыніжаючае абыходжанне, у якой бы форме яно не выяўлялася, - гэта злачынства.

“Любое дзеянне, якім якой-небудзь асобе наўмысна наносіцца моцны боль альбо пакута, фізічная альбо маральнае, каб пакараць яе за рэалізацыю сваіх правоў і свабод, а таксама запалохаць ці прымусіць адмовіцца ад перакананняў або грамадскай дзейнасці – гэта катаванні, забароненыя міжнароднымі дамовамі і заканадаўствам Беларусі, за якія ўстаноўлена адказнасць у Крымінальным кодэксе.

Улады не спыняюць знішчэнне іншадумства - проста мадыфікуюцца метады і сродкі. На змену брутальным збіванням і расстрэлам гумовымі кулямі і светлашумавымі гранатамі на вуліцах прыйшлі здзекі ў ізалятарах і турмах. Таму я заклікаю пракуратуру і Следчы камітэт успомніць пра сваю функцыю і абараніць грамадзян Беларусі ад самавольства; беспакаранасць злачынцаў спараджае катастрафічныя наступствы для прававой сістэмы дзяржавы”, - падкрэсліў праваабаронца.

Праваабаронцы звяртаюць увагу, калі вы ці вашы блізкія сутыкнуліся са збіццём супрацоўнікамі міліцыі, фізічным або маральным ціскам, жорсткім і бесчалавечным абыходжаннем, дрэннымі ўмовамі ўтрымання раскажыце пра гэта ім у тэлеграме @ViasnaDOC або на пошту: viasnadoc@spring96.org.

Калі вы не гатовыя з кімсьці размаўляць, зафіксуйце тое, што адбылося самастойна, выкарыстоўваючы рэкамендацыі Дацкага інстытута супраць катаванняў "DIGNITY".

Калі вы не згодныя з тым, што адбылося і хочаце адстойваць свае правы, юрысты "Вясны" дапамогуць вам скласці скаргі ў адпаведныя органы. Звязацца з юрыстамі можна праз тэлеграм @zvarot96 ці пошту: zvarot@spring96.org.

Вашы гісторыі і сведчанні важныя, бо толькі яны дазволяць захаваць праўдзівую гісторыю таго, што адбылося.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства