Патрабуем неадкладнага вызвалення палітзняволенай праваабаронцы Таццяны Гацуры-Яворскай
Сумесная заява беларускіх праваабарончых арганізацый
12 красавіка 2021 года
5 красавіка прайшоў ператрус у кватэры і на дачы ў праваабаронцы Таццяны Гацуры-Яворскай, а таксама ў Грамадскім аб'яднанні "Звяно", якое яна ўзначальвае. Таццяна і яшчэ чатыры чалавекі, якія маюць дачыненне да выставы "Машына дыхае, а я - не", прысвечанай беларускім медыкам і выклікам, з якімі яны сутыкнуліся за апошні час: пандэміяй COVID-19 і палітызацыяй сістэмы аховы здароўя, былі затрыманыя і змешчаныя ў ІЧУ на Акрэсціна. Пасля стала вядома, што ў дачыненні да ўсіх пецярых адбыліся суды ў рамках адміністрацыйнай справы і яны былі прызнаныя вінаватымі ў непадпарадкаванні законнаму распараджэнню ці патрабаванню супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Да Таццяны Гацуры-Яворскай таксама была ўжытая адміністрацыйная санкцыя: штраф у памеры 50 базавых велічынь. Аднак Таццяна не была адпушчаная з будынка ІЧУ, была затрыманая ўжо ў межах крымінальнай справы і пераведзеная ў СІЗА на Валадарскага.
Пацвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў Сумеснай заяве беларускай праваабарончай супольнасці аб недапушчальнасці ціску на праваабаронцаў Таццяну Гацуру-Яворскую і Эніру Браніцкую, лічым пераслед Таццяны Гацуры-Яворскай з боку ўладаў палітычна матываваным, накіраваным на спыненне яе публічнай і негвалтоўнай дзейнасці, накіраванай на абарону правоў чалавека і асноўных свабод, а яе саму палітычнай зняволенай, згодна з п.3.1(b) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены".
У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, патрабуем ад адпаведных дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь:
- Неадкладнага і безумоўнага вызвалення з-пад варты палітвязня праваабаронцы, кіраўніка Грамадскага аб'яднання «Звяно» Таццяны Гацуры-Яворскай, спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да яе.
- Спынення пераследу і ціску ў дачыненні да ўсіх праваабаронцаў краіны, а таксама прыцягнення да крымінальнай адказнасці беларускіх праваабаронцаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці ў сувязі з іх законнай дзейнасцю, у тым ліку па вядзенні асветніцкай дзейнасці, аказанні прававой, дабрачыннай і іншай дапамогі ахвярам парушэнняў правоў чалавека, неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій.
- Выканання ўзятых на сябе абавязацельстваў у дачыненні да забеспячэння гарантый ажыццяўлення праваабарончай дзейнасці і прыняцця для гэтага ўсіх неабходных мер.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend);
РГА "Прававая ініцыятыва”;
"Ініцыятыва FORB";
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Хьюман канстанта";
Беларускі ПЭН-цэнтр;
РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт";
Беларускі дакументацыйны цэнтр;
Беларуская асацыяцыя журналістаў.