viasna on patreon

"Рэалізоўвалі планы арганізацыі пратэставага руху": блогераў Пятрухіна і Кабанава асудзілі на тры гады калоніі

2021 2021-04-14T10:30:00+0300 2021-04-14T11:32:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/piatruhin_kabanau_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Кастрычніцкі суд Магілёва 14 красавіка вынес прысуд па крымінальнай справе супраць палітзняволеных берасцейскіх блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава. Суддзя Вольга Краўчанка прызнала іх вінаватымі ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэксу) і знявазе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў (арт. 369 КК). Пятрухін таксама прызнаны вінаватым у абразе суддзі Брэсцкага абласнога суду Андрэя Лешчанкі (артыкул 391 КК). Абодва блогеры пакараныя трыма гадамі зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Акрамя гэтага, Пятрухін і Кабанаў мусяць выплаціць па 750 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды супрацоўніку магілёўскага АМАП Віталю Аўтушэнку, якога, паводле прысуду, зняважыла публікацыя блогераў у сацыяльных сетках.

Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін у судзе. Фота
Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін у судзе. Фота "Наша Ніва"

У чым абвінавацілі блогераў?

Як піша "Радыё Свабода", паводле прадстаўніцы дзяржаўнага абвінавачвання Тацяны Амосавай, Пятрухін і Кабанаў у змове з Сяргеем Ціханоўскім і Мікалаем Статкевічам ажыццяўлялі «ўзгодненую і мэтанакіраваную дзейнасць у стварэнні напярэдадні выбараў 2020 году грамадска-палітычнай напружанасці», рэалізоўвалі планы арганізацыі пратэставага руху пад выглядам пікетаў, збірання подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты.

Са словаў пракурора, наступствы іхнай дзейнасці адчуваліся, нават калі іх затрымалі. У матэрыялах справы згадваліся таксама палітык Павел Севярынец і блогер Ігар Лосік. Сваіх паказанняў суду фігуранты справы не давалі.

Тацяна Амосава прасіла суд пакараць Пятрухіна і Кабанава трыма гадамі калоніі агульнага рэжыму, а таксама задаволіць у поўным аб’ёме пазоўныя патрабаванні міліцыянта Аўташэнкі. Ён ацаніў свае маральныя пакуты ў 3000 рублёў.

Што казалі Пятрухін і Кабанаў

Віны ў інкрымінаваных злачынствах Пятрухін і Кабанаў не прызналі. Патлумачыць сваю пазіцыю на судзе ім не ўдалося, бо 11 лютага іх выдалілі з першага судовага пасяджэння за парушэнне парадку яго правядзення.

Хадайніцтвы падсудных аб вяртанні на працэс пакідаліся без задавальнення. Не выступалі яны і з апошнім словам. Цягам двух месяцаў разгляду справы на суд блогераў не прывозілі.

«Хоць расстрэльвайце — я тут стаяць не буду». Блогераў Кабанава і Пятрухіна выдалілі з суда над імі

11 лютага пачаўся суд над брэсцкімі блогерамі Сяргеем Пятрухіным і Аляксандрам Кабанавым. Але іх судзяць не ў Брэсце і нават не ў Брэсцкай вобласці. Справу разглядае суд Кастрычніцкага раёна Магілёва. Рэпартаж с закрытага пасяджэння зрабіла "Наша Ніва".

Што казалі адвакаты падсудных

Паводле адвакатак падсудных Галіны Азолінай і Ірыны Тачкар, віна іх падабаронных не даказаная і трымаецца на меркаваннях. Высновы следства, даводзілі яны, выклікаюць больш пытанняў, чым адказаў. На іхны погляд абвінавачанне не прывяло доказаў віны, якія немагчыма было абвергнуць.

Паводле адвакатак, Пятрухін і Кабанаў дзейнічалі ў межах правоў, гарантаваных канстытуцыяй. У відэароліках на YouTube-канале «Народный репортёр» яны выказвалі сваё бачанне сітуацыі ў краіне.

Адвакаткі казалі, што следства прыцягнула ў справу Ціханоўскага і Статкевіча, каб паказаць сур’ёзнасць злачынных намераў падсудных, але не абгрунтавала іхнае ўзаемадзеянне.

Тачкар, абаронца інтарэсаў Пятрухіна, заклікала суд «прыняць апраўдана смелае і законнае рашэнне з вынясеннем апраўдальнага прысуду». Яе падтрымала і адвакатка Галіна Азоліна, якая бараніла Кабанава.

Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў — вядомыя блогеры і актывісты. Яны звярталі ўвагу на мясцовыя праблемы, выкладвалі ролікі на Ютубе, спрабавалі балатавацца ў дэпутаты. Абодвух затрымалі яшчэ ўлетку.

Кабанаў знік 15 чэрвеня, калі пайшоў па выкліку ў паліклініку для кантроля па адбыцці каранціна. Блогер атрымаў 15 сутак, прапаў з ізалятара і ўрэшце знайшоўся ў Мінску на Валадарцы.

Сяргея Пятрухіна затрымалі 16 чэрвеня ў вёсцы пад Пухавічамі, пасля чаго таксама адвезлі ў мінскае СІЗА. 

З таго часу блогераў утрымлівалі на Валадарцы. Праваабаронцы прызналі і Пятрухіна, і Кабанава палітвязнямі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства