«Хоць расстрэльвайце — я тут стаяць не буду». Блогераў Кабанава і Пятрухіна выдалілі з суда над імі ж
11 лютага пачаўся суд над брэсцкімі блогерамі Сяргеем Пятрухіным і Аляксандрам Кабанавым. Але іх судзяць не ў Брэсце і нават не ў Брэсцкай вобласці. Справу разглядае суд Кастрычніцкага раёна Магілёва. Рэпартаж с закрытага пасяджэння зрабіла "Наша Ніва".
Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў — вядомыя блогеры і актывісты. Яны звярталі ўвагу на мясцовыя праблемы, выкладвалі ролікі на Ютубе, спрабавалі балатавацца ў дэпутаты. Абодвух затрымалі яшчэ ўлетку. Кабанаў знік 15 чэрвеня, калі пайшоў па выкліку ў паліклініку для кантроля па адбыцці каранціна. Блогер атрымаў 15 сутак, прапаў з ізалятара і ўрэшце знайшоўся ў Мінску на Валадарцы. Сяргея Пятрухіна затрымалі 16 чэрвеня ў вёсцы пад Пухавічамі, пасля чаго таксама адвезлі ў мінскае СІЗА. З таго часу блогераў утрымлівалі на Валадарцы. Праваабаронцы прызналі і Пятрухіна, і Кабанава палітвязнямі. Блогерам выставілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Таксама іх вінавацяць у абразе прадстаўніка ўлады, а Сяргея Пятрухіна яшчэ і ў абразе суддзі. Цяпер блогерам пагражае да 3 гадоў калоніі. |
Негледзячы на тое, што суд праходзіць у Магілёве, людзі прыйшлі падтрымаць блогераў. З Мінска прыехалі былы і цяперашні лідары АГП Анатоль Лябедзька і Мікалай Казлоў.
Але ж — сюрпрыз! — адкрытае пасяджэнне аказалася па факце закрытым. Проста на лесвіцы ўсталі двое міліцыянтаў, якія аб'явілі людзям, што ў залу суда іх не пусцяць.
«Там дастатковая колькасць народу, зала запоўненая», — паведамілі міліцыянты.
У выніку карэспандэнту «Нашай Нівы» атрымалася трапіць на працэс. Нікога з мясцовай незалежнай прэсы ці сяброў блогераў не пусцілі.
І так малую судовую залу забілі студэнтамі, якіх рассадзілі праз аднаго. Пятрухін і Кабанаў у клетцы, каля яе аж 4 міліцыянты ў бронекамізэльках. І гэта прытым што пасяджэнне праходзіць на паўпадвальным паверсе, яшчэ некалькі міліцыянтаў дзяжураць звонку ля дзвярэй, а выхады на лесвіцу замкнёныя на замкі!
Пятрухін у бадзёрым настроі, кажа студэнтам:
«Вы глядзіце, дзеткі, глядзіце. Вам яшчэ ў гэтай сістэме прыйдзецца працаваць — але спадзяюся, што і не»
Пасля разважае ўслых: «Так, нам дадуць тры гады… Але ў калоніі лепш, чым у турме».
Кабанаў спакойны, але слухаючы развагі свайго сябра, пасміхаецца.
Сяргея Пятрухіна абараняе адвакатка Ірына Точкар, Аляксандра Кабанава — адвакатка Галіна Азоліна.
На пачатку працэса Сяргей Пятрухін заявіў адвод і суддзі Вользе Краўчанка, і дзяржабвінаваўцы. Натуральна, гэтыя хадайніцтвы не задаволілі. Пасля адводы заявіў і Аляксандр Кабанаў.
«Ёсць народная мудрасць: сумленне — найлепшы кантралёр. Вы — і абвінаваўца, і суддзя — працягнулі мне тэрмін знаходжання пад вартай, — прамовіў Кабанаў. — У кагосьці пачуццё самазахавання перамагло сумленне. Я і Пятрухін — невінаватыя, але замест таго, каб разабрацца, вы нам працягнулі тэрмін пад вартай. Значыць, альбо на вас ідзе ціск, альбо вы некампетэтныя. А такім людзям я не магу даверыць разгляд маёй справы.
Ды і паглядзіце, як праходзіць працэс: не пусцілі прэсу, не пусцілі блізкіх, якія адмыслова ехалі сюды, а нагналі студэнтаў і зладзілі цырк».
Таксама ён дадаў:
«Пракуратура не завяла справу пасля фальсіфікацый на выбарах, таксама за 20 гадоў так і не знайшлі забойцаў Захаранкі. Адпаведна, следчыя ворганы і пракуратура — прафнепрыдатныя. Адпаведна, я заяўляю адвод абінаваўцу ў сувязі з профнепрыдатнасцю».
Суддзя выйшла, каб прыняць рашэнне. Пакуль цягнуўся перапынак, Пятрухін прапанаваў студэнтам: «Хочаце, распавяду пра турму, каб не баяліся?»
Але ж моладзь чамусьці не адгукнулася на прапанову.
Чакана, што хадайніцтвы Кабанава таксама не задаволілі.
Затым суддзя занялася разглядам хадайніцтваў, якія папярэдне паступілі ў суд поштай.
Сяргей Пятрухін 24 студзеня прасіў прадаставіць дакументы, якія пацвярджаюць паўнамоцтвы суда.
«Мне трэба пераканацца, што мяне судзіць законна створаны суд. Кім і калі створаны суд Кастрычніцкага раёна Магілёва? Нейкі дэкрэт ці пастанову, кім і калі створаны суд, вось што я прашу прадаставіць», — растлумачыў на працэсе Пятрухін.
Кабанаў падтрымаў хадайніцтва, пракурор — не. Суддзя Краўчанка хадайніцтва не задаволіла — «гэта не тычыцца абставінаў справы, якая разглядаецца».
У наступным хадайніцтве Пятрухін просіць даць прававую адзнаку свайму затрыманню. Суддзя, спачатку не агучыўшы цалкам хадайніцтва, спытала, ці падтрымілівае яго сам абвінавачаны.
«Дачытайце, там усё напісана. Вы не разумееце беларускую ці ў мяне дрэнны почырк?» — прамовіў блогер.
Пракурорка папрасіла зрабіць Пятрухіну заўвагу, суддзя Краўчанка гэтую заўвагу вынесла.
І апошняе хадайніцтва Пятрухіна, дасланае поштай: аб змене меры стрымання на падпіску аб нявыездзе ці хатні арышт.
Пятрухін таксама выказаўся, каб і гэтае яго хадайніцтва зачыталі цалкам:
«Бо ў ім падрабязна распісана пра следства, пра тое, як у турме ціснулі на мяне, не даваючы лістоў. Зразумейце — мяне судзяць за тое, што я кажу. Бо я казаў: не бойцеся, давайце выбіраць сябе новага прэзідэнта. А нейкай іншай небяспекі, небяспечных дзеянняў я з сябе не ўяўляю. У мяне малы сын, якога я выхоўваю ў любові да гісторыі і мовы, і збягаць я нікуды не збіраюся. Хаця б таму, што мяне паўсюль ведаюць».
Але абодва хадайніцтвы блогера суддзя Краўчанка не задаволіла.
Пятрухін не спыніўся і заявіў яшчэ адно хадайніцтва.
«Суд Кастрычніцкага раёна Магілёва падпарадкоўваецца Магілёўскаму абласному суду. Але Магілёўскі абласны суд не мае даты рэгістрацыі як юрасобы і не мае звестак аб рэгіструючым органе, то-бок не можа выконваць юрыдычную дзейнасць, — сказаў Сяргей. — Гэты суд існуе, але належным чынам ён не створаны — паводле заканадаўства, ён не можа ажыццяўляць сваю дзейнасць».
Сваё хадайніцтва Пятрухін папрасіў далучыць да справы. Таксама ён папрасіў прадаставіць яму дакументы з юрыдычнымі абгрунтаваннямі працы і дзейнасці суда Кастрычніцкага раёна.
«Я ж хачу, каб усё было па законе ў нашай краіне, у нашай любімай Беларусі», — сказаў ён.
Рашэнне суддзі нікога не здзівіла: хадайніцтва блогера да справы далучаць, але ніякіх звестак прадастаўляць ніхто не будзе.
Але і гэта было не ўсё.
«Вытворчасць па справе вядзецца на беларускай ці рускай мове. Я прашу разглядаць маю справу на маёй роднай беларускай і, падкрэсліваю, дзяржаўнай мове!» — заявіў наступнае хадайніцтва Пятрухін.
Пракурорка выказалася супраць: маўляў, і ў школе абвінавачаны вывучаў рускую, і ва ўніверсітэце адвучыўся адзін курс на настаўніка рускай мовы. Акрамя таго, вёў сацсеткі, здымаў ролікі і падчас следства гаварыў на рускай мове. Значыць, рускай валодае ў поўнай меры.
Хадайніцтва не задаволілі, канечне.
«Дзякуй. Расія ў Магілёве ўжо», — сказаў Пятрухін, за што атрымаў яшчэ адну заўвагу ад суддзі.
«Суд робіць вам афіцыйнае папярэджанне, каментары свае выказваць не трэба. Паўторнае парушэнне парадку пасяджэнне — і вы будзеце выдаленыя», — паведаміла яму суддзя Краўчанка.
Пасля чаго няўрымслівы Пятрухін заявіў яшчэ адно хадайніцтва: папрасіў прадаставіць яму службовае пасведчанне суддзі.
Адказ суддзі чаканы: хадайніцтва да справы далучылі, але не задаволілі.
«Хачу зрабіць заяву. Тое, што адбываецца, парушае мае законныя інтарэсы. Прашу, каб людзі, якія сядзяць у залі і не маюць ніякага дачынення да мяне ці Кабанава, выйшлі і саступілі месцы нашым блізкім і прэсе. Ці знайдзіце вялікую залу, альбо можна нават клуб ці ДК.
Калі вы адмовіцеся — я проста буду маўчаць і нічога не казаць, пратэстуючы такім чынам», — — сказаў Пятрухін.
Алякснадр Кабанаў падтрымаў хадайніцтва і дадаў:
«Аб’яўлены год народнага адзінства, а з нас і нашымі сваякоў працягваюцца здзекі. Калі гэта не спыніцца — я не буду плясаць пад вашу дудку. Выдаляйце мяне з зала і хоць расстрэльвайце — я тут стаяць не буду».
Пракурорка заявіла, што ўсё законна, маўляў, людзі ў залі нічога не парушаюць, усё іншае адбываецца ў сувязі з эпідэміялагічнай абстаноўкай.
«Вы прафнепрыдатны чалавек, вам не месцы ў пракуратуры».
Паркурорка зноў папрасіла зрабіць заўвагу Пятрухіну. Суддзя зрабіла, а пасля хадайніцтва адхіліла.
Тады слова ўзяў Кабанаў:
«Праводзьце пасяджэнне без нас. Збярыце лепш тройку. А мы просім канвой адвесці нас у камеру — будзе сацыяльнае дыстанцыяванне».
Суддзя Краўчанка адмовіла ў задавальненні хадайніцтва.
«Навошта вы нас правакуеце? Хочаце, каб мы пачалі парушаць парадак і вы нас выдалілі?», — спытаў Кабанаў.
Выдаліць яго з залі суда папрасіў і Пятрухін. Адказ: не задаволіць хадайніцтва.
«Сядайце», — сказала суддзя.
Кабанаў і Пятрухін працягнулі стаяць.
«Хай нас судзіць тройка», — сказаў Пятрухін.
«Займіце свае месцы!», — сказала суддзя.
«Выдаліце нас з залі суда!» — адказалі абвінавачаныя.
«Ці давайце зробім перапынак, мы параімся з адвакатамі», — прапанаваў Пятрухін.
Суддзя пасля гэтага выдаліла Пятрухіна.
«Хлопцы, падпісвайцеся на «Народны рэпарцёр»!» — крыкнуў ён студэнцікам на развітанне.
А суддзі сказаў: «Дай вам бог здароўечка. Не забудзем»
«Яшчэ хадайніцтвы?» — спытала суддзя Краўчанка.
«Выдаліце мяне, — сказаў Кабанаў. — Справа палітычна матываваная, вы не маеце права трымаць нас пад арыштам і судзіць. Прашу яшчэ раз: выдаліце мяне адсюль. Не мае ніякага значэння, тут я ці не. Навошта мне тут знаходзіцца? Прыехалі сваякі — іх сюды не пусцілі, журналісты прыехалі — іх не пусцілі, а нагналі дзяцей. Што вы ім паказваеце? Брава! Выдаліце мяне з гэтага канцэрта!»
Пракурорка нарэшце падтрымала гэтае хадайніцтва — але суддзя адмовіла. Кабанава пакінулі ў залі суда.
«Яшчэ хадайніцтвы?»
«Прашу выдаліць мяне з залі суда! — паўтарыў Кабанаў. — Буду заяўляць, пакуль мяне не выдаляць».
Суд пастанавіў выдаліць Кабанава. Але не задаволіць хадайніцтва, а выдаліць яго за парушэнне парадку судовага пасяджэння.
Аляксандру Кабанаву надзелі кайданкі і вывелі яго з залы суда.
«Да пабачэння», — сказаў перад выхадам ён.
На гэтым усё скончылася. Працяг — у 9.30 16 лютага.