viasna on patreon

14 палітвязняў "пінскай справы" пазбавілі волі на тэрміны ад 5,5 да 6,5 гадоў

2021 2021-04-30T10:52:55+0300 2022-02-25T12:18:37+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pinsk_miting_3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Маскоўскага раёна Брэста 30 красавіка вынес прысуд па крымінальнай справе па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса супраць 14 пінскіх палітвязняў, якіх абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках у ноч з 9 на 10 жніўня ў Пінску. Пацярпелымі па справе выступілі 109 супрацоўнікаў міліцыі і чыноўнікаў, якія ў агульнай суме патрабуюць ад палітзняволеных каля 530 тысяч рублёў кампенсацыі. Свае маральныя пакуты пінскія міліцыянты абгрунтавалі тым, што яны «адчувалі страх, прыніжэнне, боль і сорам, праз перажытыя падзеі яны страцілі сон, спакой і апетыт, адчувалі і адчуваюць трывогу». Суддзя Яўген Брэган асудзіў усіх 14 палітвязняў на тэрміны ад пяці з паловай да шасці з паловай гадоў калоніі.

Як асудзілі пінскіх палітвязняў?

  1. 36-гадовы маналітчык Багнавец Раман – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  2. 20-гадовы фанат ФК "Хваля" Богнат Данііл  – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  3. 31-гадовы Гунько Рыгор – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  4. 28-гадовы работнік "Пінскдрэва" Ляжэнка Сяргей – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  5. 43-гадовы дальнабойшчык Міхайлаў Станіслаў – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  6. 44-гадовая санітарка Маўшук Алена – 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму;
  7. 42-гадовы Маўшук Сяргей – 6,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  8. 20–гадовы Масціцкі Дэвід – 5,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  9. 35-гадовы таксіст Рагашчук Вячаслаў – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  10. 19-гадовы фанат ФК "Хваля" Рубец Алег – 5,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  11. 37–гадовы актывіст руху «За Свабоду» Салавей Ігар – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  12. 35-гадовы Цярэшка Аляксандр – 6,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  13. 32-гадовы Халімончык Артур – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  14. 20-гадовы Шэлямет Вячаслаў – 5,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Усе, акрамя палітзняволеных Данііла Богната, Ігара Салаўяў, Станіслава Міхайлава прызналі віну часткова. Данііл, Ігар, Станіслава віну не прызналі цалкам. Некаторыя тлумачылі, што не збіраліся наносіць траўмы супрацоўнікам міліцыі, а білі толькі па шчытах, іншыя не згаджаліся з колькасцю нанесеных удараў. Таксама яны не прызнаюць папярэдні намер і змову.

Усе, акрамя Сяргея Маўшука, знаходзіліся ў брэсцкім СІЗА-7. Сяргею была абраная мера стрымання ў выглядзе хатняга арышту, а яго жонка ўжо больш васьмі месяцаў утрымліваецца пад вартай. Пасля абвяшчэння прысуду яго ўзялі пад варту.

У чым іх абвінавацілі?

Паводле версіі абвінавачвання, 14 абвінавачаных, "прыняўшы 9 жніўня 2020 года ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве каля будынка Пінскага райвыканкама, груба парушылі грамадскі парадак".

"У яго развіццё ўчынілі пагромы, нанеслі супрацоўнікам міліцыі ўдары рукамі, нагамі і рознымі прадметамі – дошкамі, палкамі, вулічнымі скрынямі, фрагментамі тратуарнай пліткі і бетонных парапетных пліт, бутэлькамі, камянямі, металічнымі вырабамі і арматурай. Пасля чаго наўмысна знішчылі і пашкодзілі транспартныя сродкі і іншую маёмасць, якія належалі АУС, фізічным і юрыдычным асобам".

Так, па версіі абвінавачвання, Ляжэнка выламаў палку з лаўкі і нанёс ёю не менш за 10 удараў па супрацоўнікам міліцыі, потым дастаў іншую палку і нанёс яшчэ не менш за тры ўдары. Багнавец выламаў кол для падвязкі дрэў і кінуў у пабудову сілавікоў. Халімончык шпурнуў у міліцыянтаў пластыкавую бутэльку і палку, нанёс не менш за два ўдары палкай. Гунько ўдарыў адзін раз рукой у шчыт, потым вырваў з клумбы кветкі з каранямі і грунтам "вырабіўшы тым самым прыладу злачынства", і кінуў у сілавікоў. Туды ж кінуў і металічную скрыню. Шэлемет кінуў у міліцыянтаў камень, пластыкавую бутэльку, падпалены пачак цыгарэт і дошку. Рагашчук кінуў неўстаноўлены прадмет, спрабаваў вырваць скрыню, не менш за пяць разоў ударыў палкай па супрацоўнікам АУС. Рубец кінуў у шарэнгу міліцыянтаў жменю зямлі з клумбы і камень. Цярэшка кінуў палку і неўсталяваныя прадметы. Богнат кінуў камень, фрагмент разбітай шкляной бутэлькі і неўсталяваны прадмет. Міхайлаў біў нагой у шчыты, падняў бетонную паўсферу і шпурнуў яе ў бок міліцыянтаў. Масціцкі ударыў чатыры разы палкай. Салавей заклікаў дэмантаваць плітку, кінуў неўсталяваны прадмет. Алена Маўшук падышла да шарэнгі сілавікоў і ўдарыла па шчытах рукамі, драўляным калом і палкай. Сяргей Маўшук кінуў у міліцыянтаў палку.

14 падсудных, 109 пацярпелых міліцыянтаў. Пачаўся суд па "масавых беспарадках" пасля выбараў у Пінску

У судзе Маскоўскага раёна Брэста 23 сакавіка пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць 14 пінскіх палітвязняў. Іх усіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках у ноч з 9 на 10 жніўня ў Пінску (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса).

Што казалі пацярпелыя на судзе?

Пацярпелымі па справе выступаюць 109 супрацоўнікаў міліцыі, большасці якіх прычыненыя шкоды, якія не пацягнулі за сабой кароткачасовага расстройства здароўя. На судзе ўсіх міліцыянтаў дапытваюць дыстанцыйна з пінскага суда – праз відэаканферэнцсувязь.Так дапыталі 72 пінскіх міліцыянтаў, якія ў агульнай суме ацанілі маральную шкоду на суму 382 500 рублёў. Свае маральныя пакуты міліцыянты абгрунтоўваюць тым, што яны «выпрабавалі страх, прыніжэнне, боль і сорам, праз перажытыя падзеі яны страцілі сон, спакой і апетыт, адчувалі і адчуваюць трывогу».

Супрацоўнікі Пінскага дэпартамэнту аховы адмовіліся ад матэрыяльнай кампэнсацыі ад 14 фігурантаў «пінскай справы». У адрозненне адсупрацоўнікаў Пінскага РАУС і ГАУС, прэтэнзій матэрыяльнага характару да абвінавачаных яны не маюць. Таксама не заявілі патрабаванняў аб кампенсацыі шкоды супрацоўнікі Іванаўскага РАУС, якія прыбылі ноччу з 9 на 10 жніўня ў Пінск на падмацаванне. Аднак іншыя міліцыянты і чыноўнікі патрабуюць ад палітзняволеных у межах гэтай справы ў агульнай суме каля 530 тысяч рублёў кампенсацыі.

Падрабязнасці па справе:

«Як бы я глядзеў у вочы сваім дзецям?» Што сказалі фігуранты «пінскай справы» ў апошнім слове

30 красавіка суд Маскоўскага раёна Брэста агучыць прысуд 14 фігурантам «пінскай справы». Усіх іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса.

Па "пінскай справе" міліцыянты заявілі маральную шкоду на 380 тысяч рублёў. У адказ на гэта пінчукі просяць правесці іх атэстацыю на адпаведнасць займаемым пасадам

Суд Маскоўскага раёна Брэста ужо трэці тыдзень разглядае крымінальную справу па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса супраць 14 пінскіх палітвязняў, якіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках у ноч з 9 на 10 жніўня ў Пінску.

«Гэта было ўжо не збіццё, гэта былі катаванні». Пяць гісторый палітвязняў «Пінскай справы»

"Вясна" сустрэлася са сваякамі пінскіх палітвязняў у Баранавічах каля СІЗА, куды яны прыехалі ўсе разам, каб перадаць сваім блізкім перадачы. Мы пагутарылі з імі і нам удалося даведацца гісторыі пяці палітычных зняволеных пінчукоў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства