viasna on patreon

14 падсудных, 109 пацярпелых міліцыянтаў. Пачаўся суд па "масавых беспарадках" пасля выбараў у Пінску  Дапоўнена

2021 2021-03-23T16:30:00+0300 2021-05-31T13:35:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pinsk_miting_3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Маскоўскага раёна Брэста 23 сакавіка пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць 14 пінскіх палітвязняў. Іх усіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках у ноч з 9 на 10 жніўня ў Пінску (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса). На лаве падсудных – пінчукі ад 19 да 44 гадоў: муж і жонка, два сябра, актывіст Руху "За Свабоду", таксіст, у якога дагэтуль траўмы пасля збіцця сілавікамі. Пацярпелымі па справе выступаюць 109 супрацоўнікаў міліцыі, большасці якіх прычыненыя шкоды, якія не пацягнулі за сабой кароткачасовага расстройства здароўя. Некаторым пацярпелым па матэрыялах справы – "спрабавалі ўжыць гвалт". Пракуратура выставіла пазоў на суму 24 тысячы рублёў – у столькі ацанілі шкоду ад дзеянняў пратэстоўцаў у Пінску. Усе, акрамя палітзняволеных Данііла Богната і Ігара Салаўяў, прызналі віну часткова. Данііл і Ігар віну не прызналі цалкам.  "Пінскую справу" разглядае сумнавядомы суддзя Яўген Брэган. На судовы працэс пусцілі толькі сваякоў абвінавачаных і дзяржаўную прэсу – незалежныя журналісты і назіральнікі не змаглі патрапіць у залю.

Пінск, 9 жніўня 2020 года
Пінск, 9 жніўня 2020 года

«Людзі проста хацелі даведацца вынікі выбараў». Што адбылося ў Пінску ў ноч з 9 на 10 жніўня?

Увечары 9 жніўня пінчукі пачалі збірацца каля сваіх выбарчых участкаў, каб даведацца пра вынікі выбараў па сваіх раёнах. Аднак там іх пачалі адпраўляць да Пінскага гарадскога выканаўчага камітэта, тлумачачы гэта тым, што ўсе дадзеныя ўжо перададзеныя ў гарвыканкам. Калі ўвечары 9 жніўня каля гарвыканкама сабралася каля тысячы чалавек, да іх з мегафонам выйшаў начальнік Пінскага ГАУС Дзмітрый Каравякоўскі і чыноўнік. Было прапанавана вылучыць ад людзей пяць дэлегатаў, якія змогуць пагутарыць з кіраўніцтвам горада. Па словах пінчукоў, людзі проста хацелі даведацца вынікі выбараў. Калі пяць чалавек увайшлі ў будынак гарвыканкама, начальнік міліцыі сказаў усім чакаць. Каля будынка гарвыканкама яны прачакалі каля дзвюх гадзін, але сваіх пяці дэлегатаў у той вечар яны так і не дачакаліся. Як высвятлілася ў далейшым, улады проста цягнулі час. За гэтыя дзве гадзіны ў горад прыбыло падмацаванне сілавікоў. Людзей сталі акружаць. Апынуўшыся ў такой сітуацыі, людзі пачалі прарывацца з "кальца". Па словах мясцовых, далей пачаліся сутыкненні з АМАПам: сілавікоў пачалі адціскаць. Пачаліся масавыя жорсткія затрыманні. Затрыманых збівалі на працягу некалькіх дзён.

«Гэта было ўжо не збіццё, гэта былі катаванні». Пяць гісторый палітвязняў «Пінскай справы»

"Вясна" сустрэлася са сваякамі пінскіх палітвязняў у Баранавічах каля СІЗА, куды яны прыехалі ўсе разам, каб перадаць сваім блізкім перадачы. Мы пагутарылі з імі і нам удалося даведацца гісторыі пяці палітычных зняволеных пінчукоў.

Хто на лаве падсудных?

  1. 36-гадовы маналітчык Багнавец Раман
  2. 20-гадовы фанат ФК "Хваля" Богнат Данііл
  3. 31-гадовы Гунько Рыгор
  4. 28-гадовы работнік "Пінскдрэва" Ляжэнка Сяргей
  5. 43-гадовы дальнабойшчык Міхайлаў Станіслаў
  6. 44-гадовая санітарка Маўшук Алена
  7. 42-гадовы Маўшук Сяргей
  8. 20–гадовы Масціцкі Дэвід
  9. 35-гадовы таксіст Рагашчук Вячаслаў
  10. 19-гадовы фанат ФК "Хваля" Рубец Алег
  11. 37–гадовы актывіст руху «За Свабоду» Салавей Ігар
  12. 35-гадовы Цярэшка Аляксандр
  13. 32-гадовы Халімончык Артур
  14. 20-гадовы Шэлямет Вячаслаў

Усе, акрамя Сяргея Маўшука, знаходзяцца ў брэсцкім СІЗА-7. Сяргею абраная мера стрымання ў выглядзе хатняга арышту, а яго жонка ўжо больш васьмі месяцаў утрымліваецца пад вартай.

У чым іх абвінавачваюць?

Паводле версіі абвінавачвання, 14 абвінавачаных, "прыняўшы 9 жніўня 2020 года ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве каля будынка Пінскага райвыканкама, груба парушылі грамадскі парадак".

"У яго развіццё ўчынілі пагромы, нанеслі супрацоўнікам міліцыі ўдары рукамі, нагамі і рознымі прадметамі – дошкамі, палкамі, вулічнымі скрынямі, фрагментамі тратуарнай пліткі і бетонных парапетных пліт, бутэлькамі, камянямі, металічнымі вырабамі і арматурай. Пасля чаго наўмысна знішчылі і пашкодзілі транспартныя сродкі і іншую маёмасць, якія належалі АУС, фізічным і юрыдычным асобам".

У пачатку працэсу пракурор зачытаў, хто з пінчукоў у чым абвінавачваецца. Ляжэнка выламаў палку з лаўкі і нанёс ёю не менш за 10 удараў па супрацоўнікам міліцыі, потым дастаў іншую палку і нанёс яшчэ не менш за тры ўдары. Багнавец выламаў кол для падвязкі дрэў і кінуў у пабудову сілавікоў. Халімончык шпурнуў у міліцыянтаў пластыкавую бутэльку і палку, нанёс не менш за два ўдары палкай. Гунько ўдарыў адзін раз рукой у шчыт, потым вырваў з клумбы кветкі з каранямі і грунтам "вырабіўшы тым самым прыладу злачынства", і кінуў у сілавікоў. Туды ж кінуў і металічную скрыню. Шэлемет кінуў у міліцыянтаў камень, пластыкавую бутэльку, падпалены пачак цыгарэт і дошку. Рагашчук кінуў неўстаноўлены прадмет, спрабаваў вырваць скрыню, не менш за пяць разоў ударыў палкай па супрацоўнікам АУС. Рубец кінуў у шарэнгу міліцыянтаў жменю зямлі з клумбы і камень. Цярэшка кінуў палку і неўсталяваныя прадметы. Богнат кінуў камень, фрагмент разбітай шкляной бутэлькі і неўсталяваны прадмет. Міхайлаў біў нагой у шчыты, падняў бетонную паўсферу і шпурнуў яе ў бок міліцыянтаў. Масціцкі ударыў чатыры разы палкай. Салавей заклікаў дэмантаваць плітку, кінуў неўсталяваны прадмет. Алена Маўшук падышла да шарэнгі сілавікоў і ўдарыла па шчытах рукамі, драўляным калом і палкай. Сяргей Маўшук кінуў у міліцыянтаў палку.

Што з пацярпелымі і шкодай?

Па матэрыялах справы, у выніку супрацьпраўных дзеянняў 7 супрацоўнікам міліцыі прычыненыя менш цяжкія цялесныя пашкоджанні, 6 – лёгкія цялесныя пашкоджанні, якія пацягнулі за сабой кароткачасовае расстройства здароўя, 42 – лёгкія цялесныя пашкоджанні, якія не пацягнулі за сабой кароткачасовага расстройства здароўя, 54 – пабоі. Сярод пацярпелых: Артур Канько, Міхаіл Наскоў, Мікалай Ханцэвіч, Аляксандр Тарасевіч, Алег Мацкевіч, Аляксей Аніскавец, Аляксандр Квяткоўскі, Віктар Гапееў, Аляксандр Юхнюк, Дзяніс Процька, Сяргей Семянюк, Дзмітрый Краўцоў, Мікалай Ліхтар, Юрый Дорох, Дзяніс Ляшко, Аляксандр Барычэўскі, Васіль Германовіч, Андрэй Шышло, Аляксандр Спасюк, Валерый Будзько, Віталь Нарывончык, Аляксандр Архіпенка, Арцём Сярэдзіч, Алег Ганчар і многія іншыя. Амаль ва ўсіх пацярпелых траўмы: сінякі і ранкі, не пацягнулі за сабой кароткачасовага расстройства здароўя або нязначнай стойкай страты працаздольнасці.

"Ім спрабавалі ўжыць гвалт"

З усіх пацярпелым тром прычыненыя пашкоджанні, якія пацягнулі доўгі разлад здароўя на тэрмін да 4 месяцаў: Вячаславу Шэлесту (закрыты пералом ступні), Аляксандру Барычэўскаму (надрыў звязкі калена), Сяргею Сімончыку (пералом пэндзля рукі). У матэрыялах справы пералічваецца каля 35 супрацоўнікаў АУС, якія выступаюць у якасці пацярпелых, з фармулёўкай «ім спрабавалі ўжыць гвалт і прычыніць цялесныя пашкоджанні ў выглядзе збіцця». 54 супрацоўнікам АУС прычыненыя пабоі без удакладнення пашкоджанняў.

Шкода ад дзеянняў пратэстоўцаў пракуратура ацаніла ў 24 тысячы рублёў. Да абвінавачаных заяўлены пазоў аб спагнанні шкоды ў салідарным парадку. У матэрыялах справы пералічаныя прадметы, якім нанесены ўрон дзеяннямі пратэстоўцаў: 11 металічных супрацьударных шчытоў (адзін – 145 руб. 33 кап.), 18 шлемаў «Джэта» з забралам (адзін – 140 руб.), 4 кулеахоўных шлема без забрала (адзін – 540 рублёў), 5 бронекамізэлек (адзін – 595 руб. 50 кап.), гумовых 10 палак (адна – 2 руб. 66 кап.), 17 газавых балончыкаў «Стандарт пякучы перац» (адзін – 6 руб. 78 кап.), 13 скрыняў (адна – 34 руб. 20 кап.), 30 раслін «Петунія» (адна – 72 кап.), 7 лавак, тэлефон супрацоўніка Samsung Galaxy S7, шыльда «Пінскі раённы выканаўчы камітэт» (на двух дзярж. мовах) (140 рублёў) і іншыя.

Ці прызналі віну палітвязні?

Усе, акрамя палітзняволеных Данііла Богната, Ігара Салаўяў, Станіслава Міхайлава прызналі віну часткова. Данііл, Ігар, Станіслаў віну не прызналі цалкам. Некаторыя тлумачылі, што не збіраліся наносіць траўмы супрацоўнікам міліцыі, а Білі толькі па шчытах, іншыя не згаджаліся з колькасцю нанесеных удараў. Таксама яны не прызнаюць папярэдні намер і змову.

Актывіст Руху "За Свабоду" Ігар Салавей віну не прызнаў. На ўсіх этапах следства адмаўляўся ад дачы паказанняў, спасылаючыся на артыкул 27 Канстытуцыі.

Алег Рубец на судзе сказаў, што супрацоўнікі пасля ягонага затрымання прымушалі яго казаць, што ён кінуў камень. Алег кажа, што дапамагаў на акцыі чалавеку і абраваўленай галавой і калі сыходзіў кінуў жменю зямлі, якая не даляцела.

Аляксандр Цярэшка віну не прызнаў на ўсіх этапах адмаўляўся ад дачы паказанняў, спасылаючыся на артыкул 27 Канстытуцыі. Віну ён не прызнаў. На відэа бачна, што ён нагнуўся да зямлі (нібыта нешта ўзяць), але пасля ў яго ў руках нічога не было.

Раман Багнавец віну прызнаў часткова: прызнае, што кінуў у супрацоўнікаў тронак драўлянай палкі, але не прызнае пры гэтым суму шкоды. 

Дэвід Масціцкі віну прызнаў. Сказаў, што ён біў брусам па шчытах, потым нейкі хлопец даў шчыт і ён з ім хадзіў.

Артур Халімончык віну прызнаў часткова. Паводле яго словаў, калі пачаліся сутычкі паміж АМАПам і людзьмі, ён спалохаўся і з мэтай абараніць людзей ён ударыў па шчытах палкай, кінуў бутэльку і ўцёк. 

Станіслаў Міхайлаў віну не прызнаў цалкам. Ён сказаў на судзе, што прызнае, што ўдзельнічаў у масавым мерапрыемстве, але ніяк не ў беспарадках. Па яго словах, ён нічога не рабіў. На відэадоказах Міхайлаў адсутнічае.

Сяргей Ляжэнка: Каб яны перасталі ўжываць гвалт да людзей

“Апазналі па відэа”. Яшчэ аднаго пінчука ўзялі пад варту па справе аб масавых беспарадках

Праваабаронцам “Вясны” вядома, што пасля акцый пратэсту 9-10 жніўня каля Пінскага гарвыканкама былі заведзеныя крымінальныя справы аб масавых беспарадках мінімум на 11 чалавек, сярод іх — 27-гадовы пінчук Сяргей Ляжэнка, які яшчэ два з паловай тыдні таму быў на волі. Жонка Сяргея Вольга распавяла "Вясне" падрабязнасці гэтай справы.

Першым у судзе дапыталі Сяргея Ляжэнку, піша TUT.BY. на судзе ён распавёў, што 9 жніўня прыйшоў на вуліцу Леніна і заўважыў людзей, якія каля гарвыканкама чакалі абвяшчэння вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. На вуліцы Заслонава стаяў строй супрацоўнікаў міліцыі. Бліжэй да ночы з паралельнай вуліцы выбеглі сілавікі са шчытамі і, па словах пінчука, "пачалі збіваць людзей". Гэта яго абурыла, ён выламаў дошку і ўдарыў ёй па міліцэйскіх шчытах.

"Каб яны адышлі і перасталі ўжываць гвалт да людзей", — патлумачыў свае дзеянні Сяргей, дадаўшы, што міліцыянтаў ён не біў, а ўдары наносіў толькі па шчытах.

Калі сілавікі адышлі да будынка гарвыканкама, людзі пайшлі за імі. Нейкіх каманд або заклікаў з натоўпу праяўляць агрэсію да міліцыянтаў ён не чуў, але ў нейкі момант заўважыў, што людзі "пачалі ўжываць гвалт да супрацоўнікаў".

"Я гэта не вітаю", — сказаў абвінавачаны, дадаўшы, што аднаму пацярпеламу міліцыянту ён дапамог падняцца і адвёў яго за шчыты.

Сваю віну Сяргей прызнаў часткова. Ён пагадзіўся з тым, што наносіў ўдары палкай, але падкрэсліў, што біў па шчытах.


У судзе хацелі дапытаць Рыгора Гунько, Шэлямета Вячаслава, Рагашчука Вячаслава, Алену Маўшук, але на дадзеным этапе судовага працэсу яны адмовіліся даваць паказанні. Яны заявілі, што будуць даваць паказанні пасля допыту пацярпелых. Суддзя зачытаў іх паказанні, дадзеныя падчас следства, і пачаў вывучаць відэадоказы.

Суд працягнецца заўтра.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства