“Апазналі па відэа”. Яшчэ аднаго пінчука ўзялі пад варту па справе аб масавых беспарадках
Праваабаронцам “Вясны” вядома, што пасля акцый пратэсту 9-10 жніўня каля Пінскага гарвыканкама былі заведзеныя крымінальныя справы аб масавых беспарадках мінімум на 11 чалавек, сярод іх — 27-гадовы пінчук Сяргей Ляжэнка, які яшчэ два з паловай тыдні таму быў на волі. Жонка Сяргея Вольга распавяла "Вясне" падрабязнасці гэтай справы.
Першы раз Сяргея Ляжэнку затрымалі 28 жніўня. Як распавяла яго жонка Вольга, супрацоўнікі міліцыі пазналі яго па адным відэа з пратэсту, якое з’явілася ў інтэрнэце. Тады яго затрымалі на 72 гадзіны і вызвалілі ў статусе падазраванага па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках).
“Сяргея два разы затрымлівалі на ягонай працы на “Пінскдрэве”. Першы раз, калі яго затрымлівалі, выйшаў дырэктар і запытаўся ў супрацоўнікаў міліцыі, што адбываецца і куды яны вядуць іх рабочага. На што яны адказалі: “Да пайшоў ты нах**й”. Сяргей абурыўся, што яны нахамілі ягонаму начальніку. І на гэта яны сказалі, што ім усё роўна, хто гэта: “Хоць бог, хоць цар”, — распавяла Вольга.
30 жніўня ў дачыненні да Сяргея Ляжэнкі была прымененая мера стрымання ў выглядзе хатняга арышту. Але амаль праз месяц, 23 верасня, яго зноў затрымалі ў межах гэтай крымінальнай справы і змянілі меру стрымання на ўтрыманне пад вартай.
“Калі яго затрымлівалі, супрацоўнікі міліцыі паказальна яго вывелі з цэха, дзе ён працаваў”, — кажа жонка Сяргея.
Па словах Вольгі Ляжэнкі падставай для змянення меры стрымання стала нібы парушэнне рэжыму хатняга арышту і меркаванне следства, што ў яе мужа ёсць намер з’ехаць за мяжу, што нібы падцверджваецца перапіскай у мясцовым чаце.
“Другая працоўная змена Сяргея сканчваецца ў 23 гадзіны. І ў супрацоўнікаў міліцыі ёсць працоўны расклад яго, яны ў курсе гэтага. Але яны прыйшлі з праверкай у палову адзіннаццатага. Гэта яны прызналі парушэннем рэжыму”, — распавяла Вольга.
Нягледзячы на тое, што ў Сяргея Ляжэнкі пяцігадовае дзіця, на ўтрыманне якога ён зарабляў на “Пінскдрэве”, яго змясцілі пад варту. 29 верасня яго перавялі ў СІЗА-6 у Баранавічах.