viasna on patreon

«Як бы я глядзеў у вочы сваім дзецям?» Што сказалі фігуранты «пінскай справы» ў апошнім слове

2021 2021-04-15T21:16:42+0300 2021-04-15T21:16:44+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pinsk_miting_4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

30 красавіка суд Маскоўскага раёна Брэста агучыць прысуд 14 фігурантам «пінскай справы». Усіх іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса. Пракурор запатрабаваў пінчукам ад 5,5 да 6,5 гадоў пазбаўлення волі і сумарна 530 тысяч рублёў кампенсацыі 109 міліцыянтам і чыноўнікам. Палітзняволеныя выступілі з апошнім словам. "Радыё Свабода" цытуе некаторыя з іх.

Пінск, 9 жніўня 2020 года

Алена Маўшук (44 гады): «Я вінаватая толькі ў тым, што нанесла ўдары па шчыце. Але зрабіла я гэта ў мэтах абароны. Пасля таго, як мне нанеслі моцныя ўдары дубінкай. Я вельмі моцна шкадую і раскайваюся. Больш ніякіх [супрацьпраўных] дзеянняў я не прадпрымала. Прашу вас жорстка мяне не караць. Я вельмі патрэбная сваім дзецям, мяне хвалюе іх лёс (у Алены трое дзяцей, дваіх з сям'і забралі органы апекі). Прашу змякчыць маё пакаранне, бо ў мяне непаўналетнія дзяўчаткі, адной 11, другой 5 гадоў (плача). Дзякуй».

Сяргей Маўшук (42, знаходзіцца пад хатнім арыштам): «Я вельмі шкадую, што так здарылася. Назад нічога не вернеш. Хачу папрасіць прабачэння ва ўсіх пацярпелых. Дзецям вельмі неабходная маці. Прашу прызначыць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі».

Вячаслаў Рагашчук (36): «У сваім апошнім слове я хачу выказаць словы ўдзячнасці сваякам. Усім людзям, якія, нягледзячы на гэтую сітуацыю, не забыліся пра мяне і падтрымлівалі. Вялікі вам дзякуй! Я спадзяюся, што вы [суд] дасце адэкватную і прававую ацэнку ўсім тым супярэчлівым сведчанням супрацоўнікаў міліцыі. Бо вы толькі падумайце! 14 чалавек, з якіх адна жанчына, збілі і запалохалі сотню міліцыянтаў (пацярпелымі ў „пінскай справе“ праходзяць 109 сілавікоў. — РС). Што тычыцца маіх дзеянняў, то думаю, што я зрабіў правільна. Зрабіў бы я па-іншаму, як бы я глядзеў у вочы сваім дзецям (у яго 3 дзяцей. — РС) і тлумачыў ім, што не дапамог збітым супрацоўнікамі міліцыі людзям? Што тычыцца пазоваў, то прашу зрабіць пацярпелым псіхалягічную экспертызу. Яны наогул усведамляюць, якія пазовы яны нам заяўляюць? Дзе нам узяць гэтыя грошы? Высокі суд, мы, напэўна, сваякі Ілона Маска. У выпадку прызнання судом гэтых сум мне прыйдзецца прадаць кватэру і маёмасць. Я прашу разабрацца вас і прызначыць пакаранне толькі за тое, што я рабіў, а не за тое, што выдумалі некаторыя асобы. Дзякуй».

Рыгор Гунько (31): «Я не думаў і не ўсведамляў, што так магло атрымацца, бо я звычайны хлопец. Ніколі нікому не нарабіў зла. За ўсе тыя месяцы, праведзеныя ў СІЗА, я шмат чаго пабачыў, усвядоміў свае памылкі і зразумеў, што пазбавіўся самага каштоўнага — свабоды! У мяне было столькі планаў на будучыню — хацеў стварыць сям’ю, пабудаваць дом і жыць нармальным жыццём, як грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Паважаны суд, прашу вас строга не караць. Не пазбаўляць мяне волі. Дазвольце мне выправіцца, працягнуць працаваць і дапамагаць сваёй сямʼі. У мяне ўжо немаладыя бацькі, а жыццё праходзіць вельмі хутка. Я спадзяюся на ваш перагляд справы».

Дэвід Масціцкі (20): «Мам, не хвалюйся за мяне. Усё будзе добра. Вельмі моцна цябе люблю. Высокі суд, я ўсё зразумеў, прашу апраўдаць мяне».

Раман Багнавец (36): «Калі б была магчымасць перажыць той дзень нанова, я думаю, усё б па-іншаму склалася».

Алег Рубец (19) — «(...) Хачу выказаць удзячнасць бацькам і ўсім тым, хто падтрымліваў мяне. Хачу папрасіць прабачэння ў мамы і таты за прынесеныя ім перажыванні. У мяне ёсць прычыны, з-за якіх я кінуў у супрацоўніка міліцыі жменю зямлі. Я зрабіў гэта пад уздзеяннем эмацыйнага ўзрушэння ад скрываўленага выгляду мужчыны, які ўпаў недалёка ад мяне. Мяне абурыла несправядлівасць. Гэты кідок стаў ахоўнай рэакцыяй з майго боку. І сам ён не можа быць кваліфікаваны як наўмыснае дзеянне з мэтай прычынення гвалту. Жменя зямлі не з'яўляецца прыладай здзяйсьненьня злачынства, як гаворыцца ў абвінавачванні. Яна не можа прычыніць шкоды. Абвінавачваньні ў мой адрас не абгрунтаваныя. Следствам няевызначана, які менавіта гвалт псіхалагічны ці фізічны я здзейсніў. Як і тое, што зрабіў гэта менавіта я. Няма доказаў і таго, што пашкодзіў альбо знішчыў маёмасць. Следствам таксама не ўстаноўлена, якім спосабам я асабіста пасягаў на грамадскую бяспеку... Прашу ў сувязі з адсутнасцю ў маіх дзеяннях складу злачынства мяне апраўдаць».

Аляксандар Цярэшка (35): «Мне няма чаго сказаць, акрамя таго, што я ні перад кім не вінаваты».

Артур Халімончык (32): «Найперш хачу падзякаваць людзям, якія падтрымалі мяне за час знаходжання ў СІЗА, пад следствам. Шмат чаго новага я ўсвядоміў і зразумеў у сваіх дзеяннях. І шмат да чаго новага прыйшоў. Гэты пэрыяд застанецца часткай майго жыцця».

Данііл Богнат (19): «Высокі суд, тое, у чым мяне абвінавачваюць, — няпраўда. Прашу вас даць справядлівую ацэнку маім дзеянням».

Станіслаў Міхайлаў (43): «Высокі суд, я проста хачу, каб вы разабраліся ў гэтай справе. Таму што я не браў удзелу ў падзеях, у якіх мяне абвінавачваюць, нікому нічога не зрабіў. Я спадзяюся, вы ва ўсім разберацеся. Таму што я ўвогуле не разумею. Такі тэрмін...».

Ігар Салавей (37): «...У Пінску існуе такая праблема, як чынавенства і „бязмежжа“ з боку супрацоўнікаў міліцыі. У нашым горадзе ўсе гэта ведаюць, але мала хто пра гэта кажа (...), бо гэта можа прынесці дыскрымінацыю ў працы і выклікаць рэпрэсіі з боку ўлады... Ёсць такі афарызм — „Хто больш лянуецца, той сваю працу прадстаўляе як нейкі подзвіг“, што мы і бачым з паказанняў пацярпелых супрацоўнікаў міліцыі. Тое, як яны рызыкавалі жыццём, ратавалі таварыша, затуляючы яго шчытом. Нібыта гэта мэмуары пра Другую сусветную вайну. Толькі пінскія міліцыянты рабілі з сябе герояў і пакутнікаў (...). Яшчэ не вынесены прысуды ў адносінах да абвінавачаных, а Каравякоўскі (начальнік Пінскага ГАУС. — РС) ужо атрымаў званне ад гарвыканкаму „Чалавек году“... Значыцца, у Пінску нас ужо ўсіх завочна асудзілі. Што тычыцца маёй ролі ў гэтых падзеях, то, як я сказаў раней, сваіх паказанняў не змяняю. І цалкам падтрымліваю абарону. Пацярпелыя не пазначылі канкрэтна, што атрымалі траўмы менавіта ад маіх дзеянняў. Абвінавачванне будуецца толькі на домыслах і здагадках следчых, якія пры тых падзеях нават не прысутнічалі і толькі па відэа выказалі здагадку, што я там раблю нешта супрацпраўнае. Сведак няма».

Пракуроры запрасілі пакаранне для 14 фігурантаў "пінскай справы": да 6,5 гадоў калоніі

14 красавіка пракуроры Дайнэка і Ляшок запрасілі ў суда пакаранне для абвінавачаных: ад пяці з паловай да шасці з паловай гадоў калоніі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства