Алесь Бяляцкі пасля допыту: Крымінальная справа мае яўны палітычны падтэкст
Старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі дзевятага красавіка быў выкліканы на допыт у Цэнтральны апарат Следчага камітэту ў якасці сведкі па крымінальнай справе.
Следчыя дзеянні праводзяцца ў межах крымінальнай справы, заведзенай паводле часткі 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса - навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Следчая СК Конанава прызначыла допыт паўторна, на 10 гадзін раніцы пасля таго, як праваабаронца 7 красавіка заявіў патрабаванне, згодна з арт. 21 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, пра вядзенне допыту і пратаколу па-беларуску.
Допыт працягваўся болей за чатыры гадзіны. Усе працэсуальныя дакументы - пратакол, правы сведкі, пытаннні падчас допыту і нават падпіска аб неразгалошванні былі прадстаўленыя Алесю па-беларуску.
Пасля допыту Алесь Бяляцкі заявіў:
"На жаль, беларуская мова допыту ня можа выправіць найвялікшай несправядлівасці - узбуджэнне крымінальнай справы супраць сяброў Праваабарончага цэнтру "Вясна" і правядзенне дзясяткаў вобшукаў і допытаў па гэтай справе. Мае сябры, праваабаронцы ўжо месяцы як незаконна ўтрымліваюцца ў турме. А сама крымінальная справа мае яўны палітычны падтэкст".