viasna on patreon

Жыхарку Мінску асудзілі на год "хатняй хіміі" за абразу гарадзенскага падпалкоўніка

2021 2021-04-08T20:45:47+0300 2021-04-08T20:56:40+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dvajnych-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дар'я Двайных. Фота "Гарадзенскай Вясны"

Дар'я Двайных. Фота "Гарадзенскай Вясны"

Восьмага красавіка ў судзе Кастрычніцкага раёну Гародні прайшоў працэс па крымінальнай справе жыхаркі Мінску Дар'і Двайных. Яе судзілі паводле артыкулу 369 (абраза прадстаўніка ўлады пры выкананні службовых абавязкаў). Разгляд справы заняў палову дня, піша "Гарадзенская Вясна".

Працэс вёў вядомы суддзя Дзмітрый Кедаль. Бок абвінавачання прадстаўляла супрацоўніца пракуратуры Ульянава. У працэсе ўдзельнічаў таксама пацярпелы падпалкоўнік міліцыі Вадзім Палякоў.

30 кастрычніка 2020 года Дар'я Двайных пад фотаздымкам Палякова ў адным з тэлеграм-каналаў размясціла каментар абразлівага зместу. Тры словы з гэтага каментара былі прызнаныя ў матэрыялах справы абразлівымі. Хоць адмысловай лінгвістычнай экспертызы праведзена не было.

На судзе Дар'я Двайных прызнала сваю віну часткова. Прызнаючы зневажальны характар напісанай ёй фразы, яна разам з тым сцвярджала, што яна не ведала спачатку, што на фотаздымку службовая асоба. На фота Вадзім Палякоў быў у цывільным адзенні і без прыкметаў службовай формы. Сітуацыя датычылася тых дзён, калі міліцыя папярэджвала і затрымлівала работнікаў прадпрыемства "Азот". Начальнік аддзелу аховы парадку і прафілактыкі правапарушэнняў Кастрычніцкага РАУС Гародні Вадзім Палякоў быў у той дзень, калі яго сфатаграфавалі, на працы, але без формы і знакаў адрознення. Двайных сказала, што падумала, што гэта адзін з прадстаўнікоў адміністрацыі заводу, напрыклад начальнік цэху. 

Вадзім Палякоў заявіў у судзе, што гэты каментар у тэлеграм-канале яму паказалі яго падначаленыя, пазней каментар бачылі таксама яго дзеці, што прынесла падпалкоўніку маральныя пакуты. Дадатковых праблемаў са здароўем пры тым не ўзнікла. Палякоў напісаў адпаведную заяву ў следчыя органы па факце гэтага каментара і на іншыя абразлівыя каментары іншых людзей. Следчыя органы выявілі аўтарства каментара толькі Дар'і Двайных. Пры тым у яе ў кватэры прайшоў ператрус, які ажыццяўлялі агулам ажно 9 чалавек (5 з іх былі ў форме АМАПу). Дар'я Двайных і яе блізкія перажылі тады сапраўдны шок. Пазней следчыя заявіліся ў кватэру паўторна і хацелі нават узяць Двайных пад варту. 

Дар'я Двайных выхоўвае двух непаўналетніх дзяцей і знаходзіцца зараз у адпачынку па даглядзе малодшага дзіцяці. На судзе Двайных выказала прабачэнні Палякову. Прабачэнні былі прынятыя, хоць Палякоў і выказаў сумневы ў шчырасці раскаяння і прабачэння жанчыны.

Паралельна падпалкоўнік Палякоў заявіў пазоў на кампенсацыю маральных стратаў - была агучана сума 500 беларускіх рублёў. Ён абяцаў перавесці гэтыя грошы ў адну з дзіцячых установаў. Двайных прызнала гэты іск, але папрасіла суд знізіць суму кампенсацыі да 300 рублёў. Пасля гэтага адбылося даследаванне пісьмовых матэрыялаў справы. Іх было няшмат і яны змясціліся ў адзін том. Прадстаўніца пракуратуры зачытала важнейшыя матэрыялы справы. Пасля гэтага быў абвешчаны непрацяглы перапынак.

Пасля перапынку адбыліся кароткія судовыя спрэчкі. Абвінаваўца Ульянава выказала меркаванне, што віна Дар'і Двайных цалкам даказаная і прапанавала суду з улікам змякчальных абставінаў пакараць жанчыну 1 годам і 6 месяцамі абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія"). Палякоў пагадзіўся з бокам абвінавачання, але прапанаваў не караць Двайных жорстка.

Адвакат Дар'і Двайных выказаў упэўненасць у тым, што дзеянні жанчыны не мелі крымінальнага характару, а здзейсненае правапарушэнне можна перакваліфікаваць у адміністрацыйнае. Дзеянні Двайных паводле ранейшай рэдакцыі КаАП падпадаюць пад артыкул 9.3 (цяпер гэта артыкул 10.2 у адміністрацыйным кодэксе). Адвакат таксама звярнуў увагу на тое, што Двайных "стала крайняй", паколькі аўтараў іншых аналагічных каментароў не судзяць зусім. Адвакат прапанаваў поўнасцю спыніць крымінальны пераслед Дар'і Двайных і перакваліфікаваць абвінавачанне на адміністрацыйнае, што больш адпавядае характару здзейсненага.

Пасля паўгадзінавага перапынку Дзмітрый Кедаль агучыў прысуд: 1 год абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу і 500 рублёў маральнай кампенсацыі пацярпеламу, акрамя гэтага Двайных мусіць заплаціць 87 рублёў дзяржаўнай пошліны.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства