Кропкавыя затрыманні ў 35-ую гадавіну трагедыі на Чарнобыльскай АЭС Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу. Сёння - ў гадавіну трагедыі на Чарнобыльскай АЭС - улады забаранілі праводзіць традыцыйнае шэсце і мітынг. Каля 16.30 у цэнтр Мінска пачалі сцягваць спецтэхніку - вадамёты, аўтазакі, аўтобусы з сілавікамі.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Ад 17 гадзін 26 красавіка у Мінску міліцыянеры пачалі спыняць людзей, правяраць іх заплечнікі і тэлефоны, таксама ГАІ спынялі аўтамабілі. Пачаліся і кропкавыя затрыманні.
Сярод затрыманых:
- Аляксеева Яўгенія (адпусцілі, дзяўчына з Мендзялеева, у якой сёння дзень нарадэння)
- Барышнікава Дар'я
- Іваноў Данііл (дома правялі ператрус)
- Карпей Іван (забралі з дома)
- Кірцун Кацярына
- Косцік Ян
- Крукоўскі Аляксей (затрыманы каля дома)
- Літвінава Наталля (папярэдне забралі з дома)
- Порхун Максім
- Рымша Уладзімір
- Хляба Аліна
- Эльяшэвіч Ілона (адпусцілі, затрыманая на віншаванні сяброўкі з днём нараджэння)
Каля 10 чалавек было затрымана ў двары па вул. Мендзялеева, куды маладзёны прыйшлі павіншаваць сваю сяброўку з Днём нараджэння і сканчэннем каранціну ў сувязі з каранавірусам. Хлопцы і дзяўчаты былі апранутыя ў спецыяльныя медыцынскія касцюмы і трымалі плакаты. У хуткім часе ў двор прыехалі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, які спачатку акружылі людзей, праверылі дакументы, а потым усіх затрымалі. Сярод затрыманых і сама імянінніца.
Дапоўнена: блогер Антон Матолька ў сваім тэлеграм-канале паведамляе, што затрыманых на віншаванні адпусцілі з РУУС.
У мінскі офіс беларускай партыі “Зялёныя” ламіліся невядомыя. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў старшыня партыі Дзмітрый Кучук.
Ён адзін знаходзіцца ў офісе і не можа выйсці, бо ў пад'ездзе і на вуліцы дзяжураць “ціхары”.
"Да нас у офіс ламіліся ў дзверы, але не адкрылі. Зараз адрубілі інтэрнэт і электрычнасць. Сілавікі стаяць у пад'ездзе, некаторыя пад дажджом на вуліцы. У офісе я адзін. Атрымліваецца, выйсці не магу... Калі выйду — складана сказаць, пакуль яшчэ няма рашэння. Хацеў бы, вядома, трапіць на памятныя мерапрыемствы, якія планаваліся, ускласці кветкі", — распавёў Кучук.
Сузаснавальніку KYKY, палітвязню Аляксандру Васілевічу працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на два месяцы. Пра гэта распавяла яго жонка Надзея Зелянкова на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Вядомага юрыста Аляксандра Жука сёння на 10:00 выклікалі на допыт у Следчы камітэт у якасці сведкі па "справе Прэс-клуба Беларусь"
Інфармацыя будзе дапаўняцца