Тыднёвы агляд паслявыбарчай сітуацыі ў Беларусі (28 сакавіка - 3 красавіка)
Напачатку тыдня былі пакараныя адміністрацыйнымі арыштамі затрыманыя 25 сакавіка ў Дзень Волі Віктар Івашкевіч, Мікола Дземідзенка, Ірына Губская, Зміцер Салаўёў і журналіст Уладзімір Лапцэвіч. Працягваўся крымінальны пераслед па падзеях 19 снежня: да трох з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму прыгавораны 20-гадовы актывіст Мікіта Ліхавід, справы яшчэ сямі абвінавачаных у "масавых беспарадках" перададзеныя ў суд, іншыя фігуранты пачалі знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы. Рэдактарка сайта “Хартыя’97” Наталля Радзіна пакінула Беларусь. 30 сакавіка следчае упраўленне папярэдняга расследавання ГУУС Менгарвыканкаму перапрад’явіла абвінавачванні фігурантам крымінальнай справы Уладзіміру Някляеву, Аляксандру Фядуту, Сяргею Вазняку, Андрэю Дзмітрыеву, Віталю Рымашэўскаму і Насце Палажанцы па ч. 1 арт. 342 КК РБ (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадcкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Паляпшэння сітуацыі са свабодай слова не назіраецца: папярэджанне “Народнай Волі”, вынесенае Міністэрствам інфармацыі, суд пакінуў у сіле. Аўтарадыё застаецца закрытым – Вышэйшы гаспадарчы суд адмяніў ранейшае рашэнне.
Палітычна матываваны крымінальны пераслед
29 сакавіка суддзя Партызанскага райсуду Наталля Пыкіна прызнала 20-гадовага актывіста руху «За Свабоду» Мікіту Ліхавіда вінаватым ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» і асудзіла на 3,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адна з галоўных высноваў – вылучэнне справы М. Ліхавіда ў асобную вытворчасць з’яўляецца незаконным, паколькі папярэдняе следства па падзеях 19 снежня 2010 г. яшчэ не завершанае, факт масавых беспарадкаў, іх арганізацыі канкрэтнымі асобамі, не ўстаноўлены. Суд над М.Ліхавідам стаў восьмым па ліку працэсам па дадзеным абвінавачванні, сярод ужо асуджаных Васіль Парфянкоў, Аляксандр Атрошчанкаў, Зміцер Новік, Аляксандр Малчанаў, грамадзяне РФ Арцём Брэўс і Іван Гапонаў, Дзмітрый Мядзведзь. Пазіцыя праваабаронцаў пасля чарговага судовага працэсу застаецца нязменнай: доказы масавых беспарадкаў адсутнічаюць. “Міжнародная амністыя” выступіла з асуджэннем апошніх прысудаў, вынесеных беларускімі судамі палітычным актывістам Змітру Дашкевічу, Эдуарду Лобаву і Мікіту Ліхавіду.
На знак пратэсту супраць вынесенага прысуду М. Ліхавід абвесціў галадоўку, да якой далучыліся пісьменнік Сяргей Малалеткін і вядомы блогер Будзімір.
30 сакавіка следчае упраўленне папярэдняга расследавання ГУУС Менгарвыканкама перакваліфікавала абвінавачванне экс-кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Уладзіміру Някляеву і Віталю Рымашэўскаму, а таксама Аляксандру Фядуце, Сяргею Вазняку, Андрэю Дзмітрыеву і Анастасіі Палажанцы по арт.342 КК РБ "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадcкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”. Некаторыя з іх пачалі знаёміцца з матэрыяламі крымінальных справаў.
Напрыканцы сакавіка ў Менгарсуд паступілі справы былых кандыдатаў у прэзідэнты Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Уса, якіх абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў, а таксама Аляксандра Класкоўскага, які абвінавачваецца не толькі па двух частках арт. 293 (арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках), але і па арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 382 КК (самавольнае прысваенне звання ці ўлады службовай асобы). Акрамя таго ў гарадзкую пракуратуру накіраваны матэрыялы яшчэ чатырох фігурантаў справы - Аляксандра Квяткевіча, Дзмітрыя Буланава, Андрэя Пазьняка і Арцёма Грыбко (ч.2 арт.293 КК РБ).
Стала вядома, што Алегу Гнедчыку, які знаходзіўся ў сатусе падазраванага пад падпіскай аб нявыездзе, 25 сакавіка прад’явілі абвінавачванне і змясцілі пад варту.
2 красавіка прад'яўленае абвінавачанне па ч. 2 арт. 293 КК РБ ("Масавыя непарадкі") маладафронтаўцу Алесю Кіркевічу і валанцёру агітацыйнай кампаніі Я.Раманчука Андрэю Пратасені.
Праваабаронцы ўстанавілі прозвішча яшчэ аднаго абвінавачанага па справе аб масавых беспарадках – гэта Яўген Сакрэт, які ўтрымліваецца ў СІЗА №1 на Валадарскага.
Па стану на 31 сакавіка па крымінальнай справе аб масавых беспарадках праходзяць 33 абвінавачаных, 13 падазраваных і 8 асуджаных.
31 сакавіка ўвечары ў менскай кватэры быў затрыманы жыхар Слуцку Вадзім Раманаў, якога неаднаразова да гэтага запрашалі для гутаркі ў міліцыю ў сувязі з тым, што ягоны тэлефон знаходзіўся ў раёне Плошчы ў момант дэманстрацыі пратэсту. В.Раманава пратрымалі ў Маскоўскім РУУС сталіцы 17 гадзінаў, дзе дапытвалі ў сувязі з крадзяжом манітора з кабінета галоўнага ўрача аднаго са сталічных шпіталёў, пасля чаго адпусцілі, а сваякам параілі шукаць адваката.
1 красавіка ўпершыню за тры месяцы з 29 снежня 2010 году адвакат змагла наведаць у следчым ізалятары КДБ абвінавачанага Сяргея Марцалева, кіраўніка штабу кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча.
31 сакавіка рэдактарка сайта “Хартыя’97” Наталля Радзіна пакінула Беларусь і знаходзіцца ў лагеры для ўцекачоў. Нагодай паслужыў выклік на допыт у КДБ, адкуль яна асцерагалася ўжо не выйсці.
Асуджаны Аляксандр Атрошчанкаў у чаканні разгляду касацыйнай скаргі адпраўлены ў калонію “Віцьба”, дзе сядзеў палітык Аляксандр Казулін.
Зняволеныя актывісты анархісцкага руху Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок, Максім Веткін і Аляксандр Францкевіч знаёмяцца з матэрыяламі крымінальнай справы, пасля чаго справу перададуць у суд.
Старшыня Рэспубліканскай грамадскай рады па маральнасці Мікалай Чаргінец прапанаваў забараніць апазіцыянерам выезд з Беларусі.
Адміністрацыйныя пакаранні дэмакратычных актывістаў
28 сакавіка суд Ленінскага раёну Магілёву пакараў затрыманых у Дзень Волі журналіста БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча (суддзя Ірына Ланчава) адміністрацыйным арыштам на 7 сутак, лідэра абласной арганізацыі БНФ “Адраджэнне” Змітра Салаўёва (суддзя Станіслаў Шандаровіч) – на 5 сутак. Яны прызнаныя віноўнымі ў здзяйсненні дробнага хуліганства і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі.
28 сакавіка Савецкі райсуд сталіцы прызнаў затрыманых 25 сакавіка Віктара Івашкевіча (суддзя Аксана Рэлява) і Ірыну Губскую (суддзя Дзмітрый Паўлючэнка) віноўнымі ў здзяйсненні дробнага хуліганства і пакараў адміністрацыйным арыштам на 10 і 3 сутак адпаведна. Маладафронтаўца Міколу Дземідзенку суддзя Іна Ляўкова пакарала арыштам на 15 сутак па абвінавачванню ў арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства паўторна цягам аднаго году (ч. 3 арт. 23.34 КаАП РБ)
28 сакавіка Ленінскі райсуд Брэста пакараў актывістку “Маладога Фронту” Паліну Панасюк, затрыманую 26 сакавіка за вывешванне бел-чырвона-белага сцягу з партрэтамі палітвязняў, штрафам у памеры 22 базавыя велічыні: 2 б.в. – “за хуліганскія дзеянні” і 20 – за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.
1 красавіка віцебскі актывіст КХП БНФ Сяргей Каваленка выйшаў з ізалятару часовага ўтрымання пасля заканчэння тыднёвага адміністрацыйнага арышту, але тут жа быў затрыманы зноў. Яго абвінавацілі ў парушэнні рэжыму адбыцця “умоўнага” пакарання, так званай «хатняй хіміі» (летась С. Каваленка быў асуджаны на тры гады абмежавання волі «ўмоўна» за вывешванне бел-чырвона-белага сцягу на навагодняй ёлцы 7 студзеня) і прысудзілі яшчэ 15 сутак арышту.
Абмежаванні свабоды слова
Вышэйшы гаспадарчы суд адхіліў скаргу рэдакцыі «Народнай волі» на папярэджанне Мінінфармацыі і пакінуў санкцыю ў сіле. Такое рашэнне прыняла 28 сакавіка суддзя Кацярына Караткевіч.
29 сакавіка Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі пакінуў у сіле рашэнне Рэспубліканскай камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні аб спыненні вяшчання «Аўтарадыё». Такім чынам, суддзя Дзмітрый Аляксандраў не задаволіў іск радыёстанцыі да камісіі і адмяніў ранейшае рашэнне ВГС. 28 сакавіка ВГС не задаволіў яшчэ адзін іск ЗАТ «Аўтарадыё» — да Міністэрства інфармацыі з патрабаваннем адмяніць вынесенае FM-станцыі папярэджанне.
У КДБ у якасці сведкаў па падзеях 19 снежня былі дапытаныя галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Скурко і намесьніца галоўнага рэдактара газеты "Народная Воля" Марына Коктыш.
Крымінальная справа ўзбуджаная ў дачыненні да журналіста часопіса «Gazeta Wyborcza» Анджэя Пачобута. Яго вінавацяць у абразе Прэзідэнта Беларусі.
29 сакавіка Праўленне «БАЖ» выступіла з заявай з нагоды ўзмацнення ціску на журналістаў (канец сакавіка 2011 г.)
Міжнародная назіральная місія падрыхтавала чарговую сістэматызаваную падборку фактаў, якія ілюструюць ўмяшанне ў дзейнасць журналісцкай супольнасці ў Рэспубліцы Беларусь. Аналітычная даведка з'яўляецца лагічным працягам работы, прадстаўленай у Аналітычнай даведцы № 02/01 «Становішча з правамі журналістаў у святле падзей у Рэспубліцы Беларусь за перыяд снежань 2010 года - студзень 2011 г» і ахоплівае перыяд з 12 студзеня па 15 сакавіка 2011 года.
Пераслед праваабаронцаў
Сябрам праваабарончага цэнтру не ўпершыню даводзіцца чуць ад грамадскіх актывістаў, што праваахоўныя органы і спецслужбы цікавяцца дзейнасцю “Вясны”. Пра чарговы такі выпадак яны даведаліся з відэа, размешчанага на рэсурсе YouTube.
Палітычна матываваныя звальненні
Былая настаўніца гісторыі Талькаўскай сярэдняй школы Наталля Ільініч, звольненая з палітычных меркаванняў, звярнулася з касацыйнай скаргай у суд Менскай вобласці з просьбай адмяніць рашэнне папярэдняй інстанцыі і аднавіць яе на працы. Грамадзкія актывісты са Слуцку заклікалі падтрымаць Н. Ільініч і падалі заяўкі на пікеты, запланаваныя на 15 красавіка на плошчы перад Пухавіцкім райвыканкамам у горадзе Мар’іна-Горка.
Цэнзура
28 сакавіка стала вядома, што канцэрты рок-гурту “Ляпіс Трубяцкой” у сталічным клубе “Рэактар” 1 і 2 красавіка адменены. На тэлеканале НТВ з’явіўся рэпартаж пра «чорны спіс» забароненых у Беларусі музыкаў. У сюжэце прысутнічаюць Аляксандр Кулінковіч, Сяргей Міхалок. Беларуская цэнзура не прапусціла гэта ролік. Лідэр групы С.Міхалок распаўсюдзіў заяву з нагоды забароны канцэртаў, у якой адзначыў, што ў Беларусі ідзе нейкі культурны генацыд.
2 красавіка каля паўсотні аматараў гурту «Ляпіс Трубяцкой» праспявалі ўлюбёныя песні ля клуба «Рэактар» у знак салідарнасці з музыкамі. Маладэчанскі праваабаронца Эдуард Баланчук раіць патрабаваць кампенсацыі за маральную шкоду ад вінаватых у адмене канцэртаў у Маладэчна, дзе ён мусіў адбыцца 5 красавіка.
Катаванні і іншыя віды жорсткага абыходжання
Затрыманых 25 сакавіка Марыю Квіцінскую і Касю Далідовіч у апорным пункце міліцыі біў нагамі супрацоўнік у цывільным. Дзяўчаты спрабавалі перашкодзіць затрыманню маладафронтаўца Міколы Дземідзенкі. Пры гэтым М.Квіцінскай парвалі паліто, а К.Далідовіч адарвалі капялюш. Хамілі і абражалі, пагражалі адвезці да бамжоў.
“Праваабарончая хроніка”