Стартавала кампанія дапамогі Натальлі Ільлініч
Былая настаўніца гісторыі Талькаўскай
сярэдняй школы Натальля Ільлініч зьвярнулася з касацыйнай скаргай у суд Менскай
вобласьці з просьбай адмяніць рашэньне суду Пухавіцкага раёну і аднавіць яе на
працы. У раённым судзе яна спрабавала аспрэчыць рашэньне адміністрацыі школы не
працягваць зь ёй працоўны кантракт. Грамадзкія актывісты са Слуцку заклікалі
падтрымаць Натальлю Ільлініч.
Дырэктарка Талькаўскай сярэдняй школы Натальля Меркуль звольніла настаўніцу
вышэйшай катэгорыі Натальлю Ільлініч 27 студзеня. Афіцыйная прычына –
парушэньні ў выкананьні службовых абавязкаў. Пухавіцкі раённы суд падтрымаў
гэтае рашэньне, не зважаючы на шматлікія пратэсты калегаў-настаўнікаў, вучняў і
іх бацькоў. Натальля Ільлініч, якая мае дачку-студэнтку, два месяцы сядзіць бяз
працы і без заробку. Ільлініч ня ўпэўненая, што яе адновяць на працы:
“Пакуль што я жыву за тыя выплаты, якія атрымала: адпускныя, а таксама выплаты
за тое, што пра звальненьне была папярэджаная пазьней тэрміну, які
прадугледжаны законам. Але ж гэтыя грошы неўзабаве скончацца, канечне. Тыя
людзі, якія мяне ведаюць, яны мяне падтрымліваюць маральна, а тыя, хто не –
баяцца. Мая вучаніца хадзіла да загадчыцы РАНА, дык тая ёй сказала – ня лезь, а
то і ты атрымаеш”.
Працоўны кантракт Натальлі Ільлініч адмовіліся прадоўжыць пасьля таго, як у яе
доме адбыўся ператрус. Падзеі разгортваліся ў часе прэзыдэнцкай кампаніі ў
сьнежні 2010-га. На плошчы Незалежнасьці настаўніца не была. Але пазыцыя
грамадзкай актывісткі, сябры Партыі БНФ вядомая.
Ільлініч перакананая, што яе звольнілі з палітычных меркаваньняў.
Падтрымаць настаўніцу плянуюць грамадзкія актывісты Слуцку. Гаворыць Зінаіда Цімошчык:
“Мы падалі заяўкі на пікеты 15 красавіка на плошчы перад Пухавіцкім
райвыканкамам у горадзе Мар’іна-Горка супраць несправядлівага звальненьня
настаўніцы. Мы хочам паставіць “на вушы” Пухавіцкі райвыканкам за
несправядлівае звальненьне настаўніцы. Мы таксама просім падтрымаць гэтую акцыю
салідарнасьці ў рэгіёнах. Мы таксама просім усіх, хто мае магчымасьць,
перайсьці ад маральнай падтрымкі да практычнай. Чалавек два месяцы застаецца
бяз працы, яна спрабавала ўладкавацца – яе нідзе не бяруць, а дачка ў яе яшчэ
студэнтка. Мы са Слуцку ўжо двойчы пералічылі ёй па 300 тысяч”.
Падтрымка Натальляй Ільлініч – не адзіны прыклад грамадзянскай салідарнасьці з
пацярпелымі пасьля 19 сьнежня. Так, дзясяткі людзей адгукнуліся на заклік
менскага юрыста Дар’і Каткоўскай падтрымаць вязьняў. Многія дапамагаюць
пацярпелым праз праваабарончыя арганізацыі “Вясна”, “БХК”, камітэт
“Салідарнасьць”. Гэтую хвалю салідарнасьці камэнтуе палітоляг Аляксандр
Класкоўскі:
“Пасьля 19 сьнежня найчасьцей кажуць пра хвалю рэпрэсій. А варта было б казаць
і пра хвалю салідарнасьці. Гэта таксама такі беларускі фэномэн, які паказаў,
што ў нас ёсьць грамадзянская супольнасьць, што людзі ў нас не такія
разьяднаныя, як гэта можа здацца. І адно з тлумачэньняў гэтага фэномэну, што
ўсё ж вялікі пласт грамадзтва лічыць несправядлівай палітыку ўладаў. Але ня ў
кожнага хопіць сьмеласьці, каб выйсьці на плошчу. А за салідарнасьць яшчэ,
дзякаваць Богу, не саджаюць у турму, і таму гэты рух салідарнасьці набываў
даволі шырокі размах”.
Грамадзкія актывісты са Слуцку заклікаюць усіх неабыякавых людзей падтрымаць
звольненую Ільлініч матэрыяльна.