«Народная воля» засталася з папярэджаннем
Вышэйшы гаспадарчы суд адхіліў скаргу рэдакцыі «Народнай волі» на папярэджанне Мінінфармацыі і пакінуў санкцыю ў сіле. Такое рашэнне прыняла 28 сакавіка суддзя Кацярына Караткевіч.
Хадайніцтва аб прыцягненні да працэсу спецыялістаў Інстытута журналістыкі дзеля аналізу спрэчнай публікацыі суддзя адхіліла. Рэдакцыя спадзявалася з дапамогай прафесіяналаў у журналістыцы давесці, што фрагменты інтэрв’ю з сябрам якой-кольвек арганізацыі яшчэ не з’яўляецца распаўсюдам інфармацыі ад яе імя. Гэта не быў ні прэс-рэліз, ні зварот, ні заява, — падкрэсліваў прадстаўнік «Народнай волі» Гары Паганяйла.
Прадстаўнікі Мінінфарму па-ранейшаму сцвярджалі, што ў артыкуле «дакладна праглядаецца, ад імя каго выкладаецца інфармацыя», бо ў наўпроставай цытаце актывіст незарэгістраванага «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч казаў «мы», а не «я». Юрысты міністэрства лічаць, што арт. 38 закона «Аб СМІ» забараняе распаўсюд любой інфармацыі ад незарэгістраваных аб’яднанняў, а не толькі афіцыйнай.
«Атрымліваецца, што цэлы пласт грамадзян, якія з’яўляюцца сябрамі незарэгістраваных арганізацый, не зможа выказвацца ў СМІ, — выказаў апасенне Гары Паганяйла. — Іх нельга запрасіць у студыю на дыскусію, нельга працытаваць у публікацыі…»
Прадстаўнікі «Народнай волі» нагадалі пра артыкулы ў дзяржаўных СМІ, дзе былі дапушчаныя аналагічныя «парушэнні» — напрыклад, «Советская Белоруссия» цытавала кіраўніка зарэгістраванага ў Літве Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў Алега Манаева.
На гэты закід юрысты міністэрства заўважылі, што прынялі гэтыя звесткі да ўвагі і будуць іх вывучаць. «Правілы дарожнага руху таксама парушаюць тысячы, а да адказнасці прыцягваюцца адзінкі», — правяла паралель начальніца прававога ўпраўлення Мінінфармацыі Вікторыя Мялешка.
Суддзя ўзяла бок міністэрства і не ўлічыла таго, што ў 2001 годзе па аналагічнай скарзе датычна публікацыі ў недзяржаўным выданні «Брестский курьер» Вышэйшы гаспадачы суд вынес рашэнне на карысць выдання і скасаваў папярэджанне. (Копія судовага рашэння фігуравала ў матэрыялах справы.)
Матывавальную частку бакі атрымаюць на працягу 5-і дзён. Рашэнне можа быць абскарджана ў касацыйным парадку. Галоўны рэдактар газеты Іосіф Сярэдзіч сказаў пасля суда, што абавязкова скарыстае гэтую магчымасць.
Рэдактар лічыць, што вынік слуханняў па скарзе «Народнай волі» яскрава
засведчыў адсутнасць незалежных судоў у Беларусі. Ён лічыць рашэнне
палітычна матываваным.
Нагадаем, што папярэджанне «Народнай волі» было вынесена 14 студзеня 2011 г. Падставай для яго стаў артыкул Любові Лунёвай «Хто пачуе лозунг „Сыходзь!“?» («Народная воля» № № 152–153 ад 28–30 верасня 2010 г.), у якім, на думку міністэрства, была распаўсюджана інфармацыя ад імя незарэгістраванай арганізацыі (арт. 38 закона «Аб СМІ»).
Мінінфармацыі ўгледзела парушэнне ў фрагменце інтэрв’ю з лідарам незарэгістраванай моладзевай арганізацыі «Малады фронт» Дзмітрыем Дашкевічам. Фрагмент гэты пачынаўся так: «У рамках кампаніі „Сыходзь!“ мы праводзім вулічную акцыю 24 лістапада…» Між тым, як даводзілі ў судзе 23 сакавіка прадстаўнікі «Народнай волі», каментар тычыўся ініцыятывы цэлага шэрагу арганізацый, якія ініцыявалі кампанію «Сыходзь!».
Па падліках БАЖ, цягам 12-і месяцаў гэта трэцяе папярэджанне рэдакцыі «Народнай волі». (Першае папярэджанне за 2010 год было вынесена ў маі - за серыю публікацый І. Копыла «Нябышына. Вайна»; другое — 13 верасня за артыкулы «КГБ отправил госконтроль в нокаут» і «В КГК разгорается новый коррупционный скандал».
Між тым, паводле арт. 51 п. 2.2. закона «Аб СМІ», вынясенне рэдакцыі альбо заснавальніку СМІ на працягу года двух і больш папярэджанняў можа пацягнуць за сабой прыпыненне выпуску гэтага СМІ.