viasna on patreon

«Аўтарадыё» застаецца закрытым

2011 2011-03-29T15:50:29+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі 29 сакавіка пакінуў у сіле рашэнне Рэспубліканскай камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні аб спыненні вяшчання «Аўтарадыё». Такім чынам, суддзя Дзмітрый Аляксандраў не задаволіў іск радыёстанцыі да камісіі і адмяніў ранейшае рашэнне ВГС.

Галоўны рэдактар «Аўтарадыё» Юрый Базан заявіў, што абскардзіць гэтае рашэнне ў касацыйнай інстанцыі.

Нагадаем, 28 сакавіка ВГС не задаволіў яшчэ адзін іск ЗАТ «Аўтарадыё» — да Міністэрства інфармацыі з патрабаваннем адмяніць вынесенае FM-станцыі папярэджанне.

Як раней паведамлялася, касацыйная калегія Вышэйшага гаспадарчага суда 17 сакавіка адмяніла рашэнне ВГС па ісках «Аўтарадыё» да Міністэрства інфармацыі і Рэспубліканскай камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні аб спыненні вяшчання радыёстанцыі і накіравала справу на паўторны разгляд.

9 сакавіка ВГС прызнаў несапраўдным папярэджанне Міністэрства інфармацыі, вынесенае ЗАТ «Аўтарадыё», а таксама рашэнне Рэспубліканскай камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні аб спыненні вяшчання радыёстанцыі.

Папярэджанне было вынесена Мінінфармам 10 студзеня і стала адной з падстаў для спынення вяшчання радыёстанцыі 12 студзеня на падставе рашэння камісіі. Згодна з афіцыйнай фармулёўкай, прычынай папярэджання і спынення вяшчання «Аўтарадыё» стала распаўсюджванне ў эфіры радыёстанцыі інфармацыі, якая «ўтрымлівае публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці». Менавіта так чыноўнікі расцанілі фразу кандыдата ў прэзідэнты на выбарах-2010 Андрэя Саннікава ў рэкламным роліку аб тым, што «лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства