У Брэсце затрымана актывістка “Маладога Фронту”
26 сакавіка ў Брэсце на калгасным рынку супрацоўнікамі Ленінскага РАУС затрымана актывістка “Маладога Фронту” Паліна Панасюк. На яе быў складзены пратакол за парушэнне артыкулаў 17.1 і 23.4 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях – “ дробнае хуліганства” і “непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі”.
Як паведаміў праваабаронцу Рыгору Варвашэвічу дзяжурны Ленінскага РАУС маёр Андрэй Грэбень, Паліна на рынку ўзняла бел-чырвона-белы сцяг з партрэтамі палітвязняў. Пры высвятленні асобы, па словах маёра, яна выбіла з рук міліцыянта мабільны тэлефон, крычала на супрацоўнікаў міліцыі, абзывала іх.
Паліна Панасюк змешчана ў ізалятар часовага ўтрымання Ленінскага РАУС, дзе будзе чакаць суда да 28 сакавіка. Дома ў Паліны засталося малое дзіця.
“Праваабарончая хроніка”