viasna on patreon

Аналітычны агляд судовага працэсу па справе Мікіты Ліхавіда

2011 2011-03-30T10:48:41+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/likhavidnasudzie.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікіта Ліхавід на судзе. Фота www.pyx.by

Мікіта Ліхавід на судзе. Фота www.pyx.by

Высновы Праваабарончага цэнтру “Вясна”:

  1. Вылучэнне справы М. Ліхавіда ў асобную вытворчасць з’яўляецца незаконным, паколькі папярэдняе следства  па падзеях 19 снежня 2010 г. яшчэ не завершанае, факт масавых беспарадкаў, іх арганізацыі канкрэтнымі асобамі, не ўстаноўлены.
  2. Практыка вылучэння асобных справаў дазваляе следству дапускаць разнастайныя маніпуляцыі ў выглядзе далучэння да справы пацярпелых, якія не фігуравалі ў якасці такіх падчас папярэдняга следства па канкрэтнай, выдзеленай у асобную вытворчасць, справе.
  3. Падчас разгляду справы ў судзе не прадстаўлена доказаў, што 19 снежня 2010 г. у Мінску на пл. Незалежнасці мелі месца масавыя беспарадкі, якія суправаджаліся сукупнасцю такіх дзеянняў як: падпалы, пагромы, гвалт над асобай, знішчэнне маёмасці, узброены супраціў прадстаўнікам праваахоўных органаў улады.
  4. У судзе не прадстаўлена доказаў здзяйснення М. Ліхавідам злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а менавіта непасрэднага  здзяйснення ім аднаго ці некалькіх супрацьпраўных дзеянняў, характэрных для масавых беспарадкаў (падпалы, пагромы, гвалт над асобай, знішчэнне маёмасці, узброены супраціў прадстаўнікам праваахоўных органаў улады). Нанясенне некалькіх удараў М Ліхавідам па драўляных канструкцыях, якія знаходзіліся ў дзвярных праёмах Дома Ураду, на нашую думку, не з’яўляецца доказам знішчэння маёмасці, паколькі дадзеныя канструкцыі не былі ўказаныя грамадзянскім ісцом (ГГА Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) у пераліку знішчанай маёмасці.
  5. Доказаў здзяйснення іншых дзеянняў М. Ліхавідам на пл. Незалежнасці 19-га снежня 2010 г. суду не прадстаўлена.

 

У сувязі з гэтым Правабарончы цэнтр “Вясна” лічыць, што:

1. Вынесены судом Партызанскага раёна г. Мінска прысуд аб пакаранні Мікіты Ліхавіда 3 гадамі і 6 месяцамі пазбаўлення волі незаконны і палітычна матываваны.           

2. Мікіта Ліхавід з’яўляецца палітычным вязнем, у сувязі з чым Праваабарончы цэнтр “Вясна” настойвае на яго апраўданні і неадкладным вызваленні.

 

Кароткае апісанне судовага працэсу:               

 22 сакавіка 2011 г. у судзе Партызанскага раёна г. Мінска распачаліся судовыя слуханні па крымінальнай справе, якая была ўзбуджаная супраць Мікіты Ліхавіда. Справа слухалася на працягу чатырох дзён, з перапынкам у звязку з хваробай адваката. 22 – 24 сакавіка і 29 сакавіка.

Справу разглядала суддзя Наталля Пыкіна.

Дзяржаўнае абвінавачванне падтрымліваў пракурор Антон Загароўскі.

Абарону М. Ліхавіда ажыццяўляла адвакат Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Дар’я Ліпкіна.

Абвінавачванне.  Згодна з прад’яўленым абвінавачваннем, Мікіта Ліхавід здзейсніў злачынства паводле ч. 2 арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь – удзел у масавых беспарадках. Паводле следства, М. Ліхавід разам з натоўпам, які дзейнічаў як адзінае цэлае, прадпрымаў гвалтоўныя дзеянні, спрабуючы прарвацца ў Дом Ураду, знішчаў маёмасць. Пры гэтым іншыя ўдзельнікі натоўпу пранеслі на сабе прадметы для нанясення пашкоджанняў і падпалаў і выкарыстоўвалі іх. У выніку гэтых дзеянняў была знішчаная маёмасць і нанесеная матэрыяльная шкода ў памеры 14 млн. рублёў.

На пачатку працэса прадстаўнік дзяржаўнага абвінавачвання заявіў хадайніцтва  аб прызнанні пацярпелымі па справе 14-ці супрацоўнікаў ПМСП, якія не фігуравалі ў справе падчас папярэдняга следства. Такім чынам, разам з 15-цю пацярпелымі, якія ўжо фігуравалі ў справе,  колькасць пацярпелых склала 29 чалавек.

Абарона заявіла хадайніцтва аб прыпыненні разгляду справы ў сувязі з тым, што следства па падзеях 19 снежня 2010 г. яшчэ вядзецца і факт масавых беспарадкаў не быў устаноўлены. Таксама абарона пярэчыла прызнанню судом дадатковых 14-ці пацярпелых, паколькі яны не фігуравалі ў справе на этапе папярэдняга следства.

Хадайніцтва абароны не было задаволена судом. Суддзя пастанавіла прызнаць 14 чалавек пацярпелымі па справе.

Пасля дзяржаўны абвінаваўца пачаў допыт абвінавачанага Мікіты Ліхавіда. Мікіта Ліхавід суду паказаў, што прыйшоў па пл. Кастрычніцкую, дзе шукаў сваю знаёмую. Затым прайшоў з дэманстрантамі па пр. Незалежнасці да пл. Незалежнасці. Там ён апынуўся ў шэрагах дэманстрантаў, якія стаялі каля ўваходу ў Дом Урада. Там, паддаўшыся “эфекту натоўпу”, ён нанёс некалькі ўдараў па драўляных загароджах, якімі былі забарыкадзіраваныя ўжо выбітыя вокны і дзверы Дома Урада. Віну сваю часткова прызнаў (у часцы нанясення ўдараў па драўляных канструкцыях) і шкадуе, што іх здзейсніў. У цэлым паказанні М. Ліхавіда былі паслядоўныя і супадалі з паказаннямі, якія ён даваў на папярэднім следстве.

Пасля допыту абвінавачанага пачаўся допыт пацярпелых.

Пацярпелыя. Усе 29 пацярпелых па справе з’яўляліся супрацоўнікамі ПМСП, якія 19-га снежня 2010 г. ажыццяўлялі ахову грамадскага парадку і прыбылі да Дому Урада, каб прысякаць супрацьпраўныя дзеянні дэманстрантаў, якія білі шыбы ў Доме Ураду. 15 пацярпелых фігуравалі ў справе на этапе папярэдняга следства (пратаколы іх допытаў, судова-медыцынскія экспертызы і г.д.). Варта нагадаць, што гэтыя ж 15 пацярпелых праходзілі раней па справах грамадзянаў РФ І.Гапонава і А.Брэуса, а таксама Дз.Мядзведзя. 14 дадактовых пацярпелых на этапе папярэдняга следства ў справе не фігуравалі і былі прызнаныя пацярпелымі  22-24 лютага 2011 г. - пасля вылучэння ў асобную справы М. Ліхавіда.

У сваіх паказаннях пацярпелыя паказалі суду, што ім паступіў загад “ачысціць” ад людзей тэрыторыю, якая прылягала да ганку Дома Урада. Хто і як пачаў біць шыбы, яны не бачылі, прыбылі, калі шыбы ўжо былі разбітыя. Большасць пацярпелых паказала, што ў дачыненні да іх дэманстрантамі выкарыстоўваўся гвалт: ім наносілі ўдары нагамі і рукамі па шчытах, некаторых выхоплівалі з ланцугу і наносілі ўдары рукамі і прадметамі па галаве і целе, супраць двух выкарысталі парашковы вогнетушыльнік. Фактычна ўсе пацярпелыя пацвердзілі, што колькасць людзей, якія здзяйснялі актыўныя дзеянні  на ганку перад дзвярыма Дома Урада, складла ад 35 да 50 чалавек - з улікам карэспандэнтаў з фота- і відэаабсталяваннем.

Пацярпелыя сцвярджалі, што атрымалі пашкоджанні рознай ступені цяжкасці і былі вымушаныя звярнуцца па медыцынскую дапамогу ў ведамасны шпіталь МУС. Там ім аказалі дапамогу, іх агледзелі лекары і ўстанавілі дыягназы. Аднак у 22 выпадках пацярпелым не пацверджаныя і не ўстаноўленыя пашкоджанні судова-медыцынскай экспертызай. У 11 выпадках пацярпелыя, нягледзячы на неаднаразовыя ўведамленні аб яўцы, не з’явіліся для агляду экспертам, а шпіталь МУС не выслаў судова-медыцынскай экспертызе неабходныя медыцынскія дакументы. У 11 астатніх выпадках, нягледзячы на тое, што пацярпелыя былі агледжаныя (на момант агляду пашкоджанняў не было знойдзена), неабходныя для экспертызы медыцынскія дакументы дасланыя экспертам не былі, што таксама не дазволіла ўстанавіць пашкоджанні і іх ступень. Усе іх пашкоджанні зафіксаваныя толькі запісамі ў журнале рэгістрацыі паступленняў у шпіталі МУС, што не з’яўляецца належнай фіксацыяй атрыманых пашкоджанняў. Акрамя паказанняў саміх пацярпелых аб гвалце ў дачыненні да іх з боку дэманстрантаў, іншымі паказаннямі па справе, у тым ліку паказаннямі сведкі Алега Гулака і відэаматэрыяламі, гэтыя паказанні нічым не пацвярджаюцца. Усе пацярпелыя паказалі суду, што зброі, падпалаў, узброенага супраціву супрацоўнікам міліцыі яны не бачылі. Ніхто з пацяпелых не ўказаў на абвінавачанага М. Ліхавіда як на асобу, якую яны бачылі 19-га – усе пацярпелыя бачылі яго першы раз і прэтэнзій да яго не мелі, пацярпелымі сябе ад дзеянняў М. Ліхавіда не лічаць.

Сведкі. Па справе ў якасці сведак былі дапытаныя восем чалавек – адзін з боку абвінавачвання і сем з боку абароны.

З боку абвінавачвання ў якасці сведкі быў дапытаны супрацоўнік ПМСП Аляксандр Багданаў. Менавіта А. Багданаў складаў рапарт аб здзяйсненні М. Ліхавідам адміністратыўнага правапарушэння, прадугледжанага ч.1 ат. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь – удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Таксама А. Багданаў быў указаны ў якасці сведкі ў пратаколе аб адміністратыўным правапарушэнні, які быў складзены ў дачыненні да М. Ліхавіда пасля яго затрымання міліцыяй на пл. Незалежнасці. Згодна са складзеным рапартам і пратаколам аб адміністратыўным правапарушэнні, М. Ліхавід прымаў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, выкрыкваў лозунгі “Жыве Беларусь” і “Сыходзь”, на патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі спыніць супрацьпраўныя дзеянні не рэагаваў, чым парушыў парадак правядзення масавых мерапрыемстваў і быў затрыманы супрацоўнікам міліцыі А. Багданавым. 20 снежня суд прызнаў яго вінаватым у здзяйсненні правапарушэння і парушэння ч.1 арт. 23.34 КаАП і прыгаварыў да адміністратыўнага арышту.

Падчас допыту ў судзе сведка Багданаў сказаў, што пра дзеянні М. Ліхавіда на пл. Незалежнасці ён распавесці не можа, не памятае іх. Пісаў рапарт аб тым, што затрымаў Ліхавіда, як пісаў рапарт - не памятае. Пры гэтым сведка яшчэ раз, адказваючы на пытанні адваката, паказаў, што не бачыў, што рабіў Ліхавід на плошчы. Выснову аб тым, што Ліхваід здейсніў правапарушэнне, якое ён апісваў у рапарце і якое ўказанае ў пратаколе аб адміністратыўным правапарушэнні (выкрыкваў лозунгі і г.д.), сведка Багданаў зрабіў таму, што ўбачыў апошняга сярод затрыманых у ЦІП на вул. Акрэсціна і яму было вядома, што быў загад затрымліваць найбольш актыўных удзельнікаў.

Ліхавід патлумачыў суду, што сведка Багданаў яго не затрымліваў і ніякіх  матэрыялаў аб адміністратыўным правапарушэнні  ў дачыненні да яго не складаў.

29 сакавіка абарона заявіла хадайніцтва аб допыце сямі сведкаў з боку абароны. Суддзя хадайніцтва задаволіла. Сем сведкаў, сярод якіх быў і старшыня Грамадскага аб’яднання “Рух за свабоду” А. Мілінкевіч (М. Ліхавід з’яўляецца сябрам дадзенага аб’яднання), далі характарыстыку асобы абвінавачанага. Усе сведкі характарызавалі Мікіту станоўча, як чалавека з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, спакойнага, добрага, інтэлігентнага і адукаванага чалавека.

Таксама судом быў дапытаны ў якасці сведкі старшыня РГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” Алег Гулак.  Апошні суду паказаў, што 19 снежня 2010 г. разам з іншымі сябрамі БХК ажыццяўляў назіранне за ходам масавага мерапрыемства.  Гулак, у прыватнасці, паказаў суду, што назіранне пачаў ажыццяўляць яшчэ на пл. Кастрычніцкай і праследаваў па тратуары  паралельна з галавой калоны. На перадзе калоны ён не пазнаў каго-небудзь з вядомых яму лідэраў апазіцыі. Таксама Гулак адзначыў, што па ўсяму шляху следвання калоны дэманстрантаў па праезжай частцы пр. Незалежнасці ніякіх гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да асобаў ці маёмасці дэманстрантамі не здзяйснялася, нейкіх прадметаў кшталту арматуры, палак, рыдлёвак у руках дэманстрантаў ён не бачыў. У цэлым расцэньваў дэманстрацыю як абсалютна мірную. Затым ён праследваў з дэманстрантамі да пл. Незалежнасці ў раён Касцёла св. Сымона і Алены (Чырвонага касцёла). Чуў заклікі Саннікава ісці да Дому Урада. Ніякіх заклікаў да гвалтоўных дзеянняў і пагромаў не было. Каля ўваходу ў Дом Урада бачыў каля 10-ці чалавек, якія пачалі наносіць удары па шклу дзвярэй будынка. Сведка знаходзіўся ў метрах 20-ці ад дзвярэй Дома Урада. Бачыў, як тры-чатыры чалавекі пачалі біць шкло, а журналісты гэта здымалі. У метрах 20-ці Гулак заўважыў асобаў у цывільным, якія, на ягоную думку, прадстаўлялі спецслужбы. Сведку здзівіў факт таго, што невялікая група людзей б’е шкло і ніхто не спыняе іх, не папярэджвае аб адказнасці. А. Гулак звярнуўся да людзей у цывільным з пытаннем, чаму яны не спыняюць дадзеныя супрацьпраўныя дзеянні. Гэтыя людзі сказалі, што яны тут не камандзіры. Таксама сведка казаў, што з бакоў плошчы ён бачыў сканцэнтраваныя вялікія сілы міліцыі і спецназу, аднак на ганку Дома Урада нікога не было, ніяікіх заклікаў, у тым ліку па гукаўзмацняльным абсталяванні. Усяго на ганку было каля 40-50 чалавек, большасць з іх - журналісты. Толькі праз 20-30 хвілін з’явіліся шэрагі сецназу. Яны беглі праз натоўп, супраціву ім фактычна не было. Яны выстраіліся ланцугом, біццё шкла спынілася. А. Гулак адыйшоў да трыбуны каля помніка Леніну і назіраў за падзеямі адтуль. З трыбуны чуў заклікі спыніцца і не паддавацца на правакацыі. У прыватнасці, кандыдат у прэзідэнты В. Рымашэўскі неаднаразова асабіста заклікаў людзей не біць шкло і не рабіць правакацый супраць міліцыі. А. Гулак адзначыў, што ланцуг міліцыі быў відавочна значна меньшы па колькасці за колькасць дэманстрантаў. На ягоную думку, гэта магло быць зроблена адмыслова ў мэтах правакавання дэманстрантаў на актыўныя дзеянні супраць міліцыі. Увогуле адсутнасць рэакцыі міліцыі працяглы час на супрацьпраўныя дзеянні грамадзянаў, якія білі шкло, сама па сабе дзейнічала правакацыйна і магла спрыяць уцягванню вялікай колькасці дэманстрантаў у супрацьпраўныя паводзіны. Заклікаў ад кандыдатаў да гвалтоўных дзеянняў не было. Кандыдаты ў прэзідэнты Саннікаў і Статкевіч заклікалі дамагацца перамоваў з прадстаўнікамі Урада. Затым на плошчу ўвайшлі вялікія сілы спецназу і вайскоўцаў унутраных войскаў, якія часта з неабгрунтаванай жорсткасцю, з выкарыстаннем фізічнай сілы і спецсродкаў пачалі разгон мітынгу. Людзі на плошчы былі рассечаныя на дзве часткі, тыя, хто не паспеў збегчы з кола, былі затрыманыя і загружаныя ў спецтранспарт. Пры гэтым нейкага супраціву міліцыі сведка не бачыў. А.Гулак расцэньвае тое, што адбылося 19 снежня, як лакальнае парушэнне правапарадку невялікай, адносна асноўнай масы дэманстрантаў, колькасцю грамадзянаў.

Пісьмовыя матэрыялы справы і рэчавыя доказы. Пісьмовыя матэрыялы па справе складаліся з трох тамоў і ўключалі ў сябе пратаколы допытаў абвінавачанага, пацярпелых, іншыя матэрыялы справы. Значную колькасць матэрыялаў складалі вынікі судова-медыцынскіх і іншых экспертызаў, у тым ліку экспертызаў знойдзеных на месцы здарэння прадметаў: арматураў, сякеры, ледарубаў, бутэлек з вадкасцю і тканінай. Па выніках дадзенай экспертызы гэтыя прадметы не адносяцца да зброі і выбуховых, запальваючых рэчываў.

У якасці рэчавага доказу ў судзе было прагледжана відэа працягласцю ў 30 хвілін, дзе былі заснятыя падзеі 19-га снежня. На відэа зафіксаваны Ліхавід, які піхае драўляныя канструкцыі ў Доме Урада, пры гэтым шкло у раз’ёмах ужо выбіта, таксама Ліхавід перадае камусьці шчыт, адняты ў супрацоўніка міліцыі, які  знаходзіўся ўнутры будынка. Іншых дзеянняў Ліхавіда на відэа няма. Трэба адзначыць, што відэа знята лакальна, на ім няма буйных планаў, якія б давалі ўяўленне аб дзеяннях усіх дэманстрантаў на плошчы і дазвалялі б меркаваць аб тым, ці мелі месца масавыя беспарадкі. Таксама на відэа зафіксаваны дзеянні ПМСП на працягу толькі трох хвілін, што не дазваляе казаць аб характары дзеянняў дэманстрантаў у дачыненні да міліцыі.

Трэба адзначыць, што адвакатам некалькі разоў заяўляліся хадайніцтвы аб запатрабаванні судом дадатковых відэаматэрыялаў з ГУУС Мінгарвыканкама, адзнятых 19 снежня 2010 г. Аднак судом хадайніцтвы задаволеныя не былі.

29 сакавіка судовае следства было завершанае і бакі выступілі ў судовых спрэчках.

Дзяржаўны абвінаваўца Антон Загароўскі палічыў віну М. Ліхавіда цалкам устаноўленай і даказанай і прапанаваў з улікам змякчаючых і абцяжарваючых віну абставінаў пакараць абвінавачанага 4 гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Змякчаючымі віну абставінамі пракурор прапанаваў лічыць станоўчыя характырыстыкі абвінавачанага, яго малады ўзрост і тое, што ён раней не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці. Што канрэтна ён лічыў абцяжваючымі віну абставінамі - пракурор не ўдакладняў. Таксама падчас прамовы пракурор дапусціў шэраг непацверджаных доказамі здагадак.

Абаронца Дар’я Ліпкіна ў сваім выступе падрабязна спынілася на складзе злачынства па арт. 293. Яна ў прыватнасці адзначыла, што ў Беларусі няма склаўшайся судовай практыкі па справах аб масавых беспарадках і крымінальная справа па дадзеным артыкуле ўзбуджаная ўпершыню. Адвакат адзначыла, што згодна з Крымінальным кодэксам масавыя беспарадкі павінны суправаджацца сукупнасцю паводзінаў: падпаламі, пагромамі, гвалтам над асобай, знішчэннем маёмасці, узброеным супрацівам супрацоўнікам праваахоўных органаў. Яна адзначыла, што крымінальны закон не ўтрымлівае ўказанняў на магчымасць здзяйснення толькі  аднаго  з пералічанага вышэй набору дзеянняў (у артыкуле няма словаў “альбо”, “ці”). Пры гэтым пры масавых беспарадках натоўп мусіць быць як адзіная, раз’юшаная,  разбуральная сіла, якая дзейнічае ў адзіным парыве.

Яна адзначыла, што следствам не прадстаўлена доказаў падрыхтоўкі да падпалаў ці саміх падпалаў.

Не прадстаўлена доказаў таго, што дэманстранты аказвалі ўзброены супраціў, г.зн. з выкарыстаннем зброі, якая адпавядае крытэрам, вызначаным Законам Рэспублікі Беларусь “Аб зброі”.

Пад пагромамі таксама трэба разумець не лакальныя, а больш масштабныя дзеянні, звязаныя з рабаваннямі, знішчэннем маёмасці, гвалтам.

Датычна гвалту над асобамі адвакат звярнула ўвагу на тое, што ў дачыненні да 22 пацярпелых экспертызай пашкоджанні не пацверджаныя і не ўстаноўленыя. Няма доказаў, хто здзяйсняў гвалт, няма такіх фактаў і на прадстаўленым следствам у суд відэа. Таксама адвакат лічыць, што ўдзел 14-ці пацярпелых у справе парушае нормы Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, паколькі іх удзел у папярэднім следстве не замацаваны адпаведнай пастановай следчага і падчас папярэдняга следства яны ў справе не фігуравалі.

Адносна дзеянняў абвінавачанага адвакат адзначыла, што фактычна ягоны ўдзел у масавых беспарадках, на думку следства,  вызначаўся толькі знішчэннем маёмасці – драўляных канструкцый у праёмах Дома Урада. Доказаў здзяйснення Ліхавідам іншых дзеянняў суду прадстаўлена не было. Адносна маёмасці абаронца адзначыла, што ніякіх драўляных канструкцый у пераліку пашкоджанай ці знішчанай маёмасці, указанай грамадзянскім істцом, няма (8 метраў вадасцёчнай трубы, шкло, шклопакеты, пяць кустоў ядлоўца). Таму яна лічыць віну недаказанай з-за адсутнасці падзеяў злачынтсва (масавых беспарадкаў) і складу злачынства ў дзеяннях Ліхавіда. Адвакат прасіла суд улічыць станоўчыя характарыстыкі апошняга і вынесці апраўдаўчы прысуд.

У 18.00 суд агучыў вынесены прысуд – 3 гады 6 месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Такім чынам Мікіта Ліхавід быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства