viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Студзень 2022

2022 2022-02-02T17:18:34+0300 2022-02-03T12:45:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vokladka_january_2022.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы:

  • на працягу месяца ўлады працягвалі актыўна прымяняць крымінальны і адміністрацыйны пераслед грамадзян па палітычных матывах;
  • у месцах несвабоды па прысудах судоў на 1 лютага знаходзіліся 1 022 палітвязні; іх колькасць працягвае няўхільна павялічвацца;
  • у следчым ізалятары па адвольных абвінавачаннях працягваюць утрымлівацца сябры ПЦ “Вясна”: старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі, сябра Рады ПЦ “Вясна”, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч; юрыст, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч; каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова; валанцёр Андрэй Чапюк. Сябра ПЦ "Вясна", кіраўнік Цэнтра стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка і валанцёрка “Вясны” Таццяна Ласіца асуджаныя адпаведна да трох і двух гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі; прысуд у дачыненні да іх набыў сілу. Праваабаронца Алесь Капуцкі працягвае другі месяц утрымлівацца ў ІЧУ па адвольна вынесеных пастановах па адміністрацыйных справах;
  • працягваюцца затрыманні ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту, а таксама адвольныя затрыманні грамадзян за выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі, у тым ліку ў прыватным жыллі і тэрыторыях; за снежань ПЦ “Вясна” вядома аб 3 штрафах на агульную суму 133 базавых велічыняў і 41 адміністрацыйным арышце агульнай працягласцю ў 543 сутак;
  • праваабаронцы і журналісты працягваюць фіксаваць шматлікія факты жорсткага абыходжання ў дачыненні да грамадзян, пазбаўленых волі па палітычных матывах, затрыманых і падвергнутых адміністрацыйнаму арышту за ўдзел у мірных сходах. Наўмысна створаныя адміністрацыяй ЦІП, ІЧУ і іншых месцаў пазбаўлення волі бесчалавечныя ўмовы ўтрымання для дадзенай катэгорыі арыштаваных расцэньваюцца экспертамі ПЦ "Вясна" як катаванні;
  • катаванні і забароненыя віды абыходжання па-ранейшаму прымяняюцца падчас расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў;
  • 20 студзеня падпісаны ўказ, якім прызначана правядзенне рэспубліканскага рэферэндуму па пытанню ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь; кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” абвясціла аб запуску экспертнай місіі па назіранні за працэсам правядзення рэферэндуму, прадметам якога будзе ацэнка яго адпаведнасці міжнародным стандартам, якія тычацца правядзення сапраўднай, свабоднай і дэмакратычнай выбарчай кампаніі;
  • арганізацыя Human Rights Watch апублікавала свой штогадовы агляд сітуацыі з правамі чалавека ва ўсім свеце. Адзін з раздзелаў прысвечаны агляду рэпрэсій у Беларусі, якія ўлады абрынулі на грамадзянскую супольнасць у 2021 годзе.

Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед

Мінулы месяц паказаў, што працэс прыцягнення да крымінальнай адказнасці ўдзельнікаў пратэсных выступаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 г., іншадумцаў і крытыкаў улады далёкі ад завяршэння. Крымінальны пераслед – гэта самая жорсткая форма рэпрэсій, якая захоўвае масавы і паўсюдны характар. Да формаў пераследу прыхільнікаў дэмакратычных перамен трэба аднесці таксама шырока распаўсюджаную практыку іх палітычна матываваных звальненняў з працы і службы.

Па звестках Генеральнай пракуратуры, за 2021 год было асуджана больш за 1 600 фігурантаў у межах больш як 1 200 крымінальных спраў супраць удзельнікаў пратэстаў, іншадумцаў і актывістаў.

Колькасць палітвязняў за месяц павялічылася на 52 чалавекі і па стане на 1 лютага склала 1 022 чалавекі, працягваючы няўхільна расці.

У СІЗА працягваюць утрымлівацца па надуманых абвінавачаннях старшыня ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі, сябра Рады ПЦ “Вясна”, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, юрыст, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы “Вясны” Марыя (Марфа) Рабкова, валанцёр “Вясны” Андрэй Чапюк. Асуджаныя да пазбаўлення волі кіраўнік гомельскага аддзялення Леанід Судаленка (да трох гадоў калоніі) і валанцёрка Таццяна Ласіца (да двух з паловай гадоў калоніі).

Другі месяц утрымліваецца пад адміністрацыйным арыштам праваабаронца Алесь Капуцкі; ён чатыры разы асуджаны на 15 сутак арышту за распаўсюд “экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

Беларускія ўлады павінны неадкладна вызваліць кіраўніка і валанцёрку гомельскага аддзялення Праваабарончага цэнтра “Вясна”, Леаніда Судаленку і Таццяну Ласіцу, заявіла Amnesty International пасля таго, як Гомельскі абласны суд 14 студзеня, пацвердзіў іх абвінаваўчы прысуд, вынесены судом ніжэйшай інстанцыі. “Судаленка і Ласіца не здзейснілі ніякай міжнароднай прызнанай крымінальнай дзеі, прысуд ім – пакаранне за іх законную праваабарончую дзейнасць, якое разам з крымінальным пераследам іх калег па Праваабарончым цэнтры “Вясна” з'яўляецца часткай развязанай уладамі Беларусі кампаніі па знішчэнні грамадзянскай супольнасці і падаўленні асноўных правоў чалавека ў краіне. Судаленка і Ласіца павінны быць неадкладна і безумоўна вызваленыя”, – заявіла дырэктарка Amnesty International па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Мары Стразэрс.

Парушэнні свабоды мірных сходаў. Падаўленне свабоды выказвання меркаванняў

Працягваецца крымінальны і адміністрацыйны пераслед удзельнікаў мірных пратэстаў і іншадумцаў. У судах да гэтага часу выносяцца прысуды ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэсных выступаў 2020 года.

У судзе Заводскага раёна Мінска 14 снежня вынесены прысуд па крымінальнай справе палітвязня Яна Нікішына, які 16 жніўня 2020 года, “знаходзячыся на праспектах Незалежнасці і Пераможцаў, вуліцы Леніна, а таксама 23 жніўня 2020 года — на праспектах Незалежнасці, Пераможцаў і Машэрава, і 13 верасня 2020 года – на праспектах Пераможцаў і Пушкіна, вуліцах Кальварыйскай, Ціміразева і Арлоўскай… прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”, за што суддзя Анжэла Касцюкевіч асудзіла яго да года пазбаўлення волі.

У тым жа судзе вынесены прыгавор Антону Бароўскаму, які праходзіць тэрміновую службу: з 10 па 11 жніўня 2020 года на праспекце Пераможцаў у Мінску ён удзельнічаў у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, выходзіў на праезную частку дарогі. Суддзя Алена Капцэвіч прысудзіла яго па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса да трох месяцаў арышту з адбываннем на гаўптвахце ваеннай камендатуры.

У судзе Савецкага раёна Мінска быў вынесены прысуд па крымінальнай справе Сяргея Лагуткіна, якому ставілася ў віну арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх (ч. 1 арт. 342 КК). Справу разглядаў суддзя Сяргей Шаціла, прысуд – два гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.

Іван Гаўрылаў і Аляксей Дудко разам з іншымі жыхарамі Жлобіна бралі актыўны ўдзел у масавых акцыях пратэсту, якія прайшлі ў Жлобіне 9-10 жніўня 2020 года. 12 студзеня 2022 года суддзя Яўген Ерафееў прысудзіў іх па ч. 1 арт. 342 КК да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі тэрмінам на два з паловай гады кожнага.

У Магілёве вынеслі першы ў Беларусі прысуд па г.зв. “справе Зельцэра” – пасля інфармацыі аб перастрэлцы паміж супрацоўнікамі спецслужбаў, якія ўварваліся ў кватэру Андрэя Зельцэра, і гаспадаром кватэры, падчас якой загінулі сам А. Зельцэр і супрацоўнік КДБ, за каментары, якія з'явіліся ў сетцы Інтэрнэт, было затрымана больш за сто чалавек. Затрыманні працягваюцца да гэтага часу; затрыманых вінавацяць у абразе прадстаўніка ўлады і распальванні сацыяльнай варожасці. 5 студзеня суддзя суда Ленінскага раёна Магілёва Таццяна Рахманенка прысудзіла Аляксандра Гаўрыленку да двух гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штрафу ў 100 базавых велічынь па арт. 369 КК. Як падкрэслена ў крыніцы, справу Аляксандра Гаўрыленкі разглядалі па адным артыкуле Крымінальнага кодэкса – публічная абраза прадстаўніка ўлады. У той жа час, вядомым праваабаронцам затрыманым па гэтай справе інкрымінуецца таксама і распальванне сацыяльнай варожасці.

Па-ранейшаму супрацоўнікі міліцыі ажыццяўляюць "адпрацоўку" гарадоў, розных раёнаў Мінска і прыгарадаў, урываюцца ў дамы і кватэры ў пошуках пратэснай сімволікі, затрымліваюць на працы; праводзяць ператрусы і допыты. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій за актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў. У судах праходзяць разбіральніцтвы адміністрацыйных спраў у дачыненні да грамадзян, якіх затрымлівалі за сцягі і налепкі на вокнах і ў кватэрах, вывешванне нацыянальных сцягоў і іншай сімволікі, рэпосты і каментары ў сацсетках, а таксама за іншыя формы пратэсту ці выказвання меркаванняў.

У “Вясны” ёсць наступныя звесткі аб адміністрацыйным пераследзе за рэалізацыю правоў на мірны сход і свабоду выказвання меркаванняў, а таксама па адвольных абвінавачваннях за “распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў”: не менш за 3 штрафы на агульную суму 132 базавыя велічыні і не менш за 41 адміністрацыйны арышт. Гэта далёка не поўныя дадзеныя аб колькасці палітычна матываваных адміністрацыйных спраў: у многіх выпадках суддзі таемна праводзяць пасяджэнні ў фактычна закрытым рэжыме з дапамогай відэаканферэнцыі без аб'яўлення аб даце і месцы слухання, што груба парушае працэсуальныя і канстытуцыйныя правы асоб, у адносінах да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс, а назіральнікі пераследуюцца за сваю правамерную дзейнасць.

Артыкул 19.11 КаАП, па якім караецца распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў, усё часцей выкарыстоўваецца беларускімі ўладамі для рэпрэсій у дачыненні да іншадумцаў. Як правіла, караецца рэпост розных матэрыялаў грамадска-палітычнага характару з рэсурсаў, чыя інфармацыйная прадукцыя прызнана экстрэмісцкай.

Распаўсюджаным інструментам рэпрэсій зараз з'яўляецца пераслед за паклёп на прэзідэнта, абразу прадстаўнікоў улады, суддзяў, пракурораў, міліцыянтаў, А. Лукашэнкі (арт. 367, 368, 369, 391 Крымінальнага кодэкса), здзек з дзяржаўных сімвалаў. Па ўсёй тэрыторыі Беларусі праходзяць судовыя пасяджэнні па такіх абвінавачаннях.

Так, судом Іванаўскага раёна 12 студзеня вынесены прысуд у дачыненні да Сяргея Дубіка: за абразу А. Лукашэнкі, паклёп на А. Лукашэнку, абразу прадстаўніка ўлады і паклёп у дачыненні да начальніка Глыбоцкага РАУС суддзя прыгаварыў яго да 3 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, “улічваючы” змякчальныя віну акалічнасці – прызнанне віны, раскаянне, наяўнасць 3 малых дзяцей.

У судзе Савецкага раёна 19 студзеня вынесены прысуд па крымінальнай справе вядомага спартыўнага журналіста, блогера і гульца футбольнага клуба “Крумкачы” Аляксандра Івуліна. Яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядаў суддзя Сяргей Шаціла. Прысуд – 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі.

14 студзеня ў Мінгарсудзе абвешчаны прысуд палітвязням — дырэктару прыватнай друкарні Арцёму Федасенку і адміністратару Telegram-канала “Атоліна” Паўлу Юхневічу, якіх абвінавацілі ў вырабе і распаўсюдзе “пратэсных улётак, стыкераў, газет”, а таксама ва ўдзеле ў нядзельных Маршах у жніўні-верасні 2020 года і кваліфікавалі дзеянні па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 3 арт. 361 (распаўсюд матэрыялаў, якія змяшчаюць заклікі да ўчынення дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). Мужчын асудзілі за друк і распаўсюджванне стыкераў да Дня волі, газет “Гродненское время”, “Честная газета” і “Народная воля”. Суд прайшоў у закрытым рэжыме, суддзя Валянціна Зянкевіч прызнала Фядосенку і Юхневіча вінаватымі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса і асудзіла на чатыры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму кожнага.

Праваабаронцы абагульнілі выпадкі прымянення крымінальнага пакарання па дыфамацыйных складах па палітычных матывах за месяц. У аглядзе, у прыватнасці, згадваецца крымінальная справа па абвінавачанні Марыі Кісляк, асуджанай за абразу А. Лукашэнкі да года абмежавання волі: на следстве абвінавачаная сцвярджала, што свой каментар (“шызік”) яна адрасавала іншаму, папярэдняму каментатару, які прапаноўваў далучыць Беларусь да РФ, але эксперт быў непахісны: аб'ектам каментатара быў названы Лукашэнка. Таксама згадваюцца прысуды ў сувязі з абразай супрацоўніка ДАІ з Ганцавіч Ігара Вольніча: бурную рэакцыю ў сетцы выклікала фота, дзе Вольніч паказаны ў момант, калі ён стаіць каленам на шыі і галаве затрыманага, які ляжыць на тратуары.

У Бабруйску 28 студзеня адбыўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Вольгі Кукушкінай. Яе абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368 Крымінальнага кодэкса) і прадстаўнікоў улады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса). Вядома, што восенню 2021 года ў жанчыны прайшоў ператрус, у тэлефоне Вольгі знайшлі выяву Лукашэнкі і беларускіх чыноўнікаў у нацысцкай форме, што стала падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы. Па версіі следства, гэтую выяву Вольга размясціла ў закрытым чаце больш за год таму. Суддзя Андрэй Літвін прызнаў яе вінаватай і пакараў 1 годам і 6 месяцамі пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Жанчыну ўзялі пад варту ў зале суда.

Суд Стаўбцоўскага раёна 31 студзеня вынес прысуд па рэзананснай “справе размаляваных цюкоў з саломай” супраць сямі палітвязняў, затрыманых 1 верасня мінулага года ў Дзяржынскім раёне. Суддзя Вікторыя Суднік прызнала ўсіх вінаватымі на падставе ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства) і прызначыла амаль усім год пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі – Андрэю Арыку, Максіму Дубешку, Аляксандру Бабко, Вользе Дубовік, Алене Дзядзюлі і Ігару Мысліўцу. Кацярыну Арыка прысудзілі да 1,5 года абмежавання волі і вызвалілі ў зале суда.

За снежань спіс прызнаных экстрэмісцкімі інтэрнет-рэсурсаў вырас больш чым на 60 пазіцый. Акрамя розных рэгіянальных Telegram-каналаў і груп у сацыяльных сетках, у спіс патрапіў, у прыватнасці, інтэрнэт-рэсурс з назвай BYPOL і шэраг рэсурсаў гэтай ініцыятывы ў сацыяльных сетках, а таксама праваабарончы Telegram-канал MAYDAY.

Па звестках Генеральнай пракуратуры, за 2021 год падчас падаўлення пратэснай актыўнасці пракуроры накіравалі ў суды 300 заяў аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі, з якіх на сёння разгледжана і задаволена 259 заяў; абмежавалі доступ да 15 сайтаў і сеткавых выданняў; забяспечылі шляхам падачы пазоваў і ўнясення прадстаўленняў ліквідацыю 60 арганізацый “дэструктыўнай накіраванасці”; абвясцілі больш за 8 тысяч афіцыйных папярэджанняў.

Парушэнні свабоды асацыяцый

З 22 студзеня ўступілі ў сілу змены ў Крымінальны кодэкс: новы артыкул 193-1 КК прадугледжвае крымінальную адказнасць за арганізацыю дзейнасці і ўдзел у дзейнасці незарэгістраваных і ліквідаваных арганізацыях: палітычных партыях, грамадскіх і рэлігійных аб'яднаннях, фондах.

Між тым, паводле дадзеных Lawtrend, у студзені 2022 года “колькасць прымусова ліквідаваных некамерцыйных арганізацый дасягнула адзнакі 344 арганізацыі, а колькасць некамерцыйных арганізацый, якія прынялі рашэнне аб самастойнай ліквідацыі, — 208. Такім чынам, у перыяд масавых рэпрэсій беларуская грамадзянская супольнасць пазбавілася ўжо больш за 550 зарэгістраваных арганізацый”.

У другой палове месяца адбыліся ператрусы ў сябраў грамадскай арганізацыі “Магілёўскі праваабарончы цэнтр”. Як паведамляе Mayday Team, 18 студзеня супрацоўнікі невядомага сілавога ведамства ў цывільным прыйшлі да сябра праўлення МПЦ Аляксандра Паўловіча. Раніцай 19 студзеня сілавікі ўварваліся да сяброўкі кантрольна-пагаджальнай камісіі 82-гадовай Яўгеніі Цюркінай, у якой быў канфіскаваны сістэмны блок камп'ютара. У гэты ж дзень з працы забралі яшчэ аднаго сябра МПЦ Васіля Ліпскага. Яго павезлі ў кватэру, якую таксама абшукалі. Затрыманы таксама сябра арганізацыі Віктар Грэкаў. Яго даставілі ў 11-е упраўленне ГУБАЗіК МУС РБ, дзе і дапыталі. Акрамя таго, у праваабаронцы канфіскавалі тэлефон, увайшлі ў мэсэнджары і адпісалі яго ад розных Telegram-каналаў, падпісаўшы на праўладныя.

У дадзены момант Грэкаў на волі. Праведзеныя ператрусы ў старшыні МПЦ Уладзіміра Краўчанкі.

Магілёўскі праваабарончы цэнтр — адзіная ў Беларусі рэгіянальная арганізацыя праваабаронцаў, зарэгістраваная ўладамі. Аднак апошнія паўтара года МПЦ актыўна не функцыянаваў.

13 студзеня ў Мінску затрымалі актывістку і дырэктарку “Генома” Дар'ю Царык. “Геном” — арганізацыя, якая займаецца дапамогай людзям з рэдкімі генетычнымі нейра-мышачнымі захворваннямі. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа правялі ў кватэры Царык ператрус, а потым павезлі на допыт. Ужо ў Першамайскім РУУС на дзяўчыну склалі пратакол па адміністрацыйнай справе. Суд над актывісткай адбыўся ў той ж дзень. Вынік – 8 сутак адміністрацыйнага арышту. Вядома, што затрыманая ўваходзіць у праўленне арганізацыі “Радзіслава”, якая дапамагае жанчынам і дзецям, якія сталі ахвярамі хатняга гвалту. Таксама праваабаронцам стала вядома, што акрамя Дар'і Царык ператрусы таксама адбыліся ў трох прадстаўніц "Радзіславы".

13 студзеня ўлады заблакавалі сайт праваабарончай арганізацыі Human Constanta. Паводле інфармацыі Генпракуратуры, “на сайце ў свабодным доступе была размешчана недакладная інфармацыя, накіраваная на распаўсюджванне дэструктыўных настрояў у грамадстве, падрыў аўтарытэту дзейнай улады, супрацоўнікаў праваахоўнага блока”.

Ціск на журналістаў і медыі

У месцах пазбаўлення волі на канец студзеня 2022 года знаходзіліся 28 прадстаўнікоў медыяў.

Журналістаў па-ранейшаму рэгулярна адвольна затрымліваюць, абшукваюць іх і іх жыллё, падвяргаюць пазбаўленню волі за выкананне прафесійнага абавязку.

Раніцай 14 студзеня прайшлі ператрусы ў журналіста Барыса Вырвіча ў Бялынічах па месцы жыхарства, а таксама ў фрылансера-відэааператара Яўгена Глушкова. Абодва праходзяць як сведкі па крымінальных справах. Вырвіч – адразу па некалькіх артыкулах: арт. 188, 203, 361 і 369 КК. У Глушкова ператрус пачаўся ў 6:20 раніцы. Была канфіскаваная ўся тэхніка, таксама яму пагражалі ІЧУ, калі ён не дасць пароль ад свайго смартфона. Пасля ператрусу Глушкова адвезлі ў міліцыю, дзе дапыталі ў якасці сведкі па крымінальнай справе па арт. 188 КК ("Паклёп").

У рэдакцыю магілёўскага партала 6TV уварваліся сілавікі. Улетку там ужо праводзілі ператрус, а таксама неаднаразова затрымлівалі супрацоўнікаў сайта.

MAYDAY паведамляе, што да аднаго з жыхароў Магілёва раніцай 14 студзеня ўварваліся ўзброеныя супрацоўнікі АМАПа. Чалавека, які адчыніў дзверы, адразу паклалі тварам на падлогу. Падпісчыкі апазналі ў затрыманым журналіста-фрылансера Алеся Сабалеўскага.

Катаванні. Жорсткае, бесчалавечнае, зневажальнае абыходжанне

Вызваленыя палітвязні працягваюць адзначаць наўмыснае пагаршэнне ўмоваў утрымання для арыштаваных па палітычна матываваных справах, якія ў выніку мяжуюць з катаваннямі, з'яўляюцца жорсткімі, зневажальнымі і бесчалавечнымі. Праваабаронцам "Вясны" працягвае паступаць інфармацыя аб нечалавечых умовах утрымання ў ізалятарах Мінска. Затрыманыя і арыштаваныя па палітычных матывах утрымліваюцца ў перапоўненых камерах, не атрымліваюць ні медыцынскай дапамогі, ні прагулак, ні перадач. Супрацоўнікі ЦІП не рэагуюць на скаргі аб прусаках і іншых паразітарных насякомых у камерах, а хворых COVID-19 часта не лечаць і не ізалююць ад здаровых людзей.

У жорсткіх умовах утрымліваюцца таксама зняволеныя па крымінальных справах; падвяргаюцца ціску і катаванням зняволеныя ў калоніях.

Аб катаваннях і жорсткім абыходжанні заяўлялі абвінавачаныя ў судзе. Па-ранейшаму не расследаваны шакавальныя выпадкі катаванняў, пра якія раней заяўлялі палітвязні.

Грамадзяне, якія сталі ахвярамі катаванняў і забароненага абыходжання, не могуць атрымаць копіі пастаноў аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, на якія яны маюць права паводле закона. Падставай для гэтага ўказваецца наяўнасць у іх звестак, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты. Насамрэч прычынай з'яўляецца ўтойванне доказаў катаванняў і адсутнасці належнага расследавання ад шырокай грамадскасці.

Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH), сябрам якой з'яўляецца ПЦ “Вясна”, падрыхтавала даклад “Пастаўкі інструментаў рэпрэсій у Беларусь” аб незаконным выкарыстанні зброі для разгонаў дэманстрацый у парушэнне правоў чалавека. У дакуменце аналізуецца менш летальная зброя замежнай вытворчасці і агнястрэльная зброя, якая выкарыстоўваецца сіламі бяспекі Беларусі для падаўлення мірных пратэстаў, даецца агляд магчымых шляхоў іх паставак і прымянення, а таксама даследуюцца шляхі прыцягнення да адказнасці дзяржаў і кампаній.

Рэферэндум

20 студзеня А. Лукашэнка падпісаў указ, якім прызначана правядзенне рэспубліканскага рэферэндуму па пытанні ўнясення змен і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” абвясціла аб запуску экспертнай місіі па назіранні за працэсам правядзення рэферэндуму, прадметам якога будзе ацэнка яго адпаведнасці міжнародным стандартам, якія тычацца правядзення сапраўднай, свабоднай і дэмакратычнай выбарчай кампаніі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства