Затрыманні і ператрусы: хроніка пераследу 19 студзеня Дапоўнена
Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады працягваюцца. 19 студзеня працягваецца затрыманне грамадзян і правядзенне ператрусаў у іх, ціск на палітвязняў. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Ціск працягваюць ўжываць і на тых, хто ўжо сядзіць за кратамі. Праваабаронцы «Вясны» збіраюць апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Затрыманая сябра Прэзідыума БСДП Людміла Волкава
Вядома, што сёння па яе на працу прыйшлі праваахоўнікі. Разам з ёй яны накіраваліся да Людмілы дамоў, дзе зладзілі вобшук. Пасля таго, як тэлефон патрапіў у рукі праваахоўнікаў, афіцыйная сімволіка Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі на ТГ-канале была заменена на дзяржаўны герб, а ўсе падпісчыкі ТГ-канала былі выдалены, піша @BSDP_Hramada.
Увечары стала вядома, што Людміла знаходзіцца на Акрэсціна. Яе абвінавачваюць па арт. 342 КК РБ «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».
У Ашмянях 19 студзеня супрацоўнікі міліцыі затрымалі Ягора Багдзевіча па падазрэнні ў абразе прэзідэнта (арт.368 Крымінальнага кодэкса). Падрабязнасцей пакуль невядома.
Ператрусы ў сябраў грамадскай арганізацыі «Магілёўскі праваабарончы цэнтр»
Як паведамляе Mayday Team, 18 студзеня супрацоўнікі невядомага сілавога ведамства ў цывільным заявіліся да сябра праўлення МПЦ Аляксандра Паўловіча, аднак нічога не канфіскоўвалі.
Раніцай 19 студзеня сілавікі ўварваліся да члена кантрольна-пагаджальнай камісіі, 82-гадовай Яўгеніі Цюркінай, у якой быў канфіскаваны сістэмны блок камп'ютара. Ніякіх распісак аб адабранні маёмасці ёй не пакінулі, сведкаў на кватэру не запрашалі. Па факце рабавання маёмасці жанчына патэлефанавала ў 102. Па яе выкліку прыбылі два міліцыянты, якія паведамілі, што маёмасць у яе забралі супрацоўнікі міліцыі.
У гэты ж дзень з працы забралі яшчэ аднаго сябра МПЦ, Васіля Ліпскага. Яго завезлі ў ягоную кватэру, якую таксама абшукалі, але нічога не канфіскавалі.
Затрыманы таксама сябра арганізацыі Віктар Грэкаў. Яго даставілі ў 11-ае Упраўленне Губазік МУС РБ, дзе і дапыталі.
Акрамя гэтага, у праваабаронцы забралі тэлефон, залезлі ў мэсэнджары і адпісалі яго ад розных навінавых тэлеграм-каналаў, падпісаўшы на Праўладныя.
У дадзены момант Грэкаў на волі.
Магілёўскі праваабарончы цэнтр – адзіная ў Беларусі рэгіянальная арганізацыя праваабаронцаў, зарэгістраваная ўладамі. Аднак апошнія паўтара гады МПЦ актыўна не функцыянавала.
Сёння ў другой палове дня Беларусі затрыманы вядомы пісьменнік і журналіст Севярын Квяткоўскі. Прычына затрымання пакуль невядомая.
Як стала вядома Радыё Свабода, Квяткоўскага затрымалі каля дому пасьля таго, як ён вярнуўся ў Беларусь з-за мяжы.
Прычынай затрымання нібыта стаў каментар, пакінуты ў Facebook. Для следчых дзеянняў яго павезлі ў Пінск, піша Беларускае Радыё Рацыя.
У офісе кампаніі A1 праходзяць ператрусы. Пра гэта са спасылкай на свае крыніцы паведамляе ў сваім чаце Антон Матолька.
У першай палове снежня быў затрыманы прэс-сакратар кампаніі Мікалай Брэдзелеў. Прапагандыскія каналы паведамлялі, што ён нібыта "зліваў інфармацыю" Антону Матольку. За кратамі Мікалай ужо больш за месяц, пры гэтым інфармацыі пра яго крымінальную справу няма.
У Полацку 18 студзеня быў затрыманы Андрэй Бунько. Затрымалі па адрасе пражывання супрацоўнікі праваахоўных органаў і даставілі ў СІЗА г. Маладзечна. Паведамляецца, што Бунько абвінавачваюць у негатыўных выказваннях ў адрас суддзі з Маладзечна. Па месцы жыхарства ў кватэры быў праведзены ператрус. Канфіскаваны мабільны тэлефон.