Хроніка палітычнага пераследу 10-14 студзеня
Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады працягваюцца. 10-14 студзеня па-ранейшаму затрымлівалі грамадзян і праводзілі ператрусы. Тэлеграм-чаты і каналы прызнавалі экстрэмісцкімі матэрыяламі і фарміраваннямі, у Беларусі з’явіліся новыя палітвязні. Ціск працягваюць ўжіваць і на тых, хто ўжо сядзіць за кратамі. Праваабаронцы «Вясны» збіраюць апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
14 студзеня: "Ціск на СМІ і новыя затрыманні"
Стала вядома, штто інфармацыйная прадукцыя магілёўскага telegram-канала «MAYDAY» прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі. Як вызначылася, такое рашэнне прыняў суд Ленінскага раёна Магілёва 5 студзеня.
Як стала вядома Mspring.media, раніцай 14 студзеня прайшлі ператрусы ў журналіста Барыса Вырвіча ў Бялынічах, дзе ён жыве, а таксама ў фрылансера-відэааператара Яўгена Глушкова. Абодва праходзяць як сведкі па крымінальных справах. Вырвіч — адразу па некалькіх артыкулах: 188, 203, 361 і 369 КК РБ. У Глушкова ператрус пачаўся ў 6:20 раніцы. Была канфіскавана ўся тэхніка, аднак копію пратакола ператрусу фрылансеру не выдалі. Таксама яму пагражалі ІЧУ, калі ён не дасць пароль ад свайго смартфона. Пасля ператрусу Глушкова адвезлі ў міліцыю, дзе дапыталі ў якасці сведкі па крымінальнай справе па арт. 188 КК РБ ("Паклёп").
У рэдакцыю магілёўскага партала 6TV уварваліся сілавікі. Летам там ужо праводзілі ператрус, а таксама неаднаразова затрымлівалі супрацоўнікаў сайта.
MAYDAY паведамляе, што да аднаго з жыхароў Магілева раніцою 14 студзеня ўварваліся узброеныя супрацоўнікі АМАПу. Чалавека, які адчыніў дзверы, адразу паклалі тварам у падлогу. Падпісанты апазналі ў затрыманым журналіста-фрылансера Алеся Сабалеўскага, які на дадзены момант не выходзіць на сувязь.
13 студзеня: "Ператрусы, суды і блакаванне праваабарончага сайта"
Затрымалі гарадзенку Таццяну Саўко Паведамляецца, што да жанчыны прыйшлі з ператрусам а шостай раніцы. Папярэдне, яе абвінавачваюць у «распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў» (19.11 КаАП).
Улады заблакавалі сайт правабарончай арганізацыі «Human Constanta». Па інфармацыі Генпракуратуры, «на сайце ў свабодным доступе была размешчана недакладная інфармацыя, накіраваная на распаўсюджванне дэструктыўных настрояў у грамадстве, падрыў аўтарытэту дзейнай улады, супрацоўнікаў праваахоўнага блока».
“Гомельская Вясна” паведаміла, што у Жлобіне падчас паездкі ў Жлобін па падазрэнні «ў крадзяжы кашалька» была затрымана жыхарка Светлагорска Таццяна Наскова. Кашалёк пры ёй не знайшлі. Аднак пры даглядзе рэчаў у яе мабільным тэлефоне адшукалі перасланую яшчэ ў мінулым годзе спасылку на матэрыял тэлевізійнага канала, які беларускія ўлады ўключылі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Месяц таму ў яе кватэры праводзіўся вобшук, падчас якога шукалі грошы і экстрэмісцкія матэрыялы.
Папярэдне, жанчына змешчана ў ізалятар часовага ўтрымання Жлобінскага раённага аддзела ўнутраных спраў. Вядома, што 9 снежня 2020 года ў кватэры Таццяны адбыўся ператрус. Ён праводзіўся па крымінальнай справе, нібыта заведзенай у Мінску: шукалі грошы і штосьці экстрэмісцкае. Аднак нічога з гэтага не выявілі. Таццяна Наскова — медыцынскі тэхнік па прафесіі, пенсіянерка. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года была назіральнікам ад “Аб’яднанай грамадзянскай партыі” у адной з участковых выбарчых камісій у Светлагорску.
Вядома, што 13 студзеня адбыўся суд. За распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, суддзя Інна Шаршнёва 13 студзеня прысудзіла Таццяне Насковай 10 сутак арышту.
У Мінску затрымалі 30-гадовую актывістку і дырэктарку «Генома» Дар’ю Царык. Геном - арганізацыя, якая займаецца дапамогай людзям з рэдкімі генетычнымі нейра-цяглічнымі захворваннямі.
Супрацоўнікі ГУБАЗІКу правялі ў кватэры Царык ператрус, а потым павезлі на допыт. Ужо ў Першамайскім РУУСе на дзяўчыну склалі пратакол па адміністрацыйнай справе, але артыкул пакуль невядомы. Суд над актывісткай адбыўся ў гэты ж дзень. Вынік — 8 сутак адміністрацыйнага арышту.
Вядома, што затрыманая з’яўляецца сяброўкай праўлення арганізацыі “Радзіслава”, якая дапамагае жанчынам і дзецям, якія сталі ахвярамі хатняга гвалту.
Таксама праваабаронцам стала вядома, што акрамя Дар'і Царык, ператрусы таксама прайшлі ў трох прадстаўніц «Радзіславы». Нагадаем, у лістападзе 2021 года затрымалі былую кіраўніцу «Радзіславы» Вольгу Гарбунову — МУС лічыць, што яна кіравала жаночымі маршамі.
12 студзеня: "Новае пакаяльнае відэа"
Аляксандра Петушкова са Слоніма затрымалі супрацоўнікі гродзенскага АМАПу. Пра гэта стала вядома, калі відэа з ім выклалі праўладныя Telegram-каналы.
"У Telegram-чатах пісаў негатыўную інфармацыю па падзеях, якія адбыліся ў Казахстане: па пратэстных настроях таго, што адбылося ў Казахстане, пра змену ўлады, пра ўвод міратворчага кантынгенту ў Казахстан", – сказаў хлопец на «пакаяным» відэа.
11 студзеня: "Пераслед актывістаў і праваабаронцаў"
У чарговы раз затрымалі брэсцкую актывістку Алену Гнаўк. Як паведамілі сваякі жанчыны, яна атрымала 15 сутак за парушэнне рэжыму адбывання «хатняй хіміі» і да 25 студзеня будзе знаходзіцца ў Пружанскім ІЧУ.
У Барысаве быў затрыманы праваабаронца Алег Мацкевіч. Дома ў яго правялі ператрус і канфіскавалі ўсю тэхніку. Вядома, што яго затрымлівалі супрацоўнікі ГУБАЗІКа. Зараз ён на волі.
Праваабаронцам «Вясны» паведамілі пра затрыманне ў Мінску грамадскага актывіста Антося Жылко. Як паспеў паведаміць знаёмым сам актывіст, сілавікі прыйшлі да яго ў балаклавах.
10 студзеня: "Ціск на палітзняволеных і парушэнне забарон Еўрапейскага суда"
Стала вядова, што на палітвязня Эміля Гусэйнава ціснуць у калоніі. У сваіх лістах Эміль піша пра ціск з боку адміністрацыі папраўчай калоніі №15. Ён распавёў, што ў лістападзе яго ўтрымлівалі ў ШІЗА 30 сутак. Потым яго змясцілі ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу). А ў снежні яго зноў пакаралі 10 суткамі ў штрафным ізалятары. Пры гэтым, тэрмін ШІЗА не залічваецца ў тэрмін ПКТ. У памяшканні камернага тыпу Эміль будзе знаходзіцца да 4 лютага 2022. У гэты перыяд яму забаронена атрымоўваць пасылкі і перадачы, мець званкі і спатканні з роднымі.
Эміля абвінавацілі адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 293, ч.1 арт. 342, ч.1 арт. 363. Крымінальную справу супраць палітвязня ўзбудзілі за падзеі 23 верасня 2020, калі ў Мінску прайшла інаўгурацыя Лукашэнкі. Прысудзілі 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Лісты ў ПКТ не забаронены, таму падтрымайце палітвязня добрымі словамі: ПК №15, 213105, г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша 183.
Праваабаронцам стала вядома, што у калоніі ціснуць на палітзняволеную Алену Маўшук. Блізкія хвалююцца за яе жыццё. Жанчыну пазбавілі ўсіх перадач і спатканняў з блізкімі. У нядаўняй тэлефоннай размове з маці яна сказала, што ўсіх любіць, але не вытрымлівае. Палітзняволеная знаходзіцца ў падушаным псіхалагічным стане. Вядома, што ёй перыядычна выпісваюць пакаранні.
«Алена паціху трымаецца. Ёй там вельмі цяжка і сумна, у яе там усё вельмі дрэнна. Я думаю, вы павінны разумець, што гэта значыць», — піша на волю з іншай калоніі яе палітзняволены муж Сяргей. Ён раіць дасылаць жонцы лісты першым класам — «тады можа перададуць».
Палітзняволеныя Сяргей Маўшук і яго жонка Алена Маўшук — фігуранты «пінскай справы». 30 красавіка суд Маскоўскага раёна Брэста асудзіў Сяргея да 6,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а Алену — да 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму. На волі ў іх засталіся трое дзяцей, двое з каторых непаўнагадовыя. Адрас для падтрымкі Алены: ПК №24. 247526, вул. Вытворчая, 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць
Адрас для падтрымкі Сяргея: ПК №8, 211388, Віцебская вобл., г. Орша, вул. Леніна, 195А.
Расія экстрадзіравала на радзіму беларуса Дзмітрыя Падлобнікава. Папярэдне, ён знаходзіцца ў гомельскім СІЗА-3. 25-гадовага хлопца абвінавачваюць у супраціве сілавікам і спробе нанесці ўдары супрацоўніку міліцыі падчас акцыі пратэсту ў дзень прэзідэнціх выбараў у Жлобіне. Яму пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі. Раней Еўрапейскі суд па правах чалавека забараніў Расіі выдаваць Падлобнікава Беларусі.