viasna on patreon

Шэсць палітвязняў па "справе цюкоў" асудзілі да калоніі. На затрыманых сілавікі малявалі свастыку

2022 2022-01-31T10:30:37+0300 2022-01-31T11:52:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/cyki_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Стаўбцоўскага раёна 31 студзеня вынес прысуды па рэзананснай "справе размаляваных цюкоў з саломай" супраць сямі палітвязняў, затрыманых 1 верасня мінулага года ў Дзяржынскім раёне. Суддзя Вікторыя Суднік прызнала ўсіх вінаватымі па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства групай асобаў) і прызначыла ўсім, акрамя Кацярыны Арыка, год калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму – Андрэю Арыку, Максіму Дубешку, Аляксандру Бабко, Вользе Дубовік, Алене Дзядзюлі, Ігару Мысліўцу. Кацярыну асудзілі да 1,5 года "хатняй хіміі" і вызвалілі ў зале суда. Пракурор Яраслаў Ларычаў прасіў суд усіх фігурантаў пазбавіць волі. На судзе стала вядома, на поле 1 верасня сілавікі прыехалі з аўтаматамі, супрацоўнікі на затрыманых малявалі свастыку, некаторых збівалі. Таксама, па словах абвінавачаных, акцыю, па сутнасці, арганізаваў "невядомы хлопец", які прапаноўваў абвінавачаным у тэлеграме размаляваць цюкі пад Дзяржынскам. Сярод затрыманых яго не апынулася. Двое палітвязняў па справе прапаноўвалі следчым цалкам выкупіць размаляваныя цюкі або вымыць іх (бо ў аднаго абвінавачанага ўласная клінінгавая кампанія), але прапановы нават не перадалі дырэктару калгасу. Палітвязні знаходзяцца пад вартай ужо пяць месяцаў. "Вясна" распавядае падрабязнасці гэтай гучнай справы і як праходзіў судовы працэс адразу над сямі палітвязнямі.

Размаляваныя цюкі 1 верасня
Размаляваныя цюкі 1 верасня. Скрыншот відэа МУС

"Намер дэзарганізаваць дарожны рух шляхам адцягнення ўвагі кіроўцаў транспартных сродкаў і пераключэння іх увагі на нанесеныя імі на ўпакоўку цюкоў з сенажом надпісы" – абвінавачванне

Дзеянні ўсіх палітвязняў былі кваліфікаваныя паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса — злоснае хуліганства групай асобаў. Адзінаму палітвязню — Андрэю Арыку — інкрымінаваная ч. 6 арт. 16 ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (дапамаганне ў хуліганстве групай асобаў), бо ён усіх прывёз ноччу 1 верасня 2021 года на поле з цюкамі і чакаў усіх у машыне. Нягледзячы на тое, што справу вялі аддзел СК і пракуратура Дзяржынскага раёна, суд праходзіў у судзе Стаўбцоўскага раёна.

Паводле версіі абвінавачвання, Кацярына Арыка, Аляксандр Бабко, Вольга Дубовік, Максім Дубешка, Алена Дзядзюля і Ігар Мыслівец 1 верасня каля 00.10 гадзін, дзейнічаючы ў групе асоб, на аўтамабілі "Фольксваген" прыбылі да поля, размешчанага паблізу вёскі Клыпаўшчына Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці ўздоўж трасы М1 Е30 Брэст–Мінск–мяжа Расійскай Федэрацыі, дзе накіраваліся да цюкоў з сенажом і, знаходзячыся ў грамадскім месцы на вышэй згаданым полі, дзейнічаючы наўмысна, запланавана і ўзгоднена, беспадстаўна з хуліганскіх меркаванняў з мэтай грубага парушэння грамадскага парадку і выказвання відавочнай непавагі да грамадства, якая адрозніваецца па сваім змесце выключным цынізмам, які выказаўся ў намеры дэзарганізаваць дарожны рух шляхам адцягнення ўвагі кіроўцаў транспартных сродкаў, якія рухаюцца па праезнай частцы названай аўтадарогі, ад кантролю за станам дарожнай абстаноўкі непасрэдна на праезнай часткі і пераключэння іх увагі на нанесеныя імі на ўпакоўку цюкоў з сенажом надпісы, дэманстрацыі вельмі пагардлівага стаўлення да маральных каштоўнасцяў грамадства і патрабаванням добрапрыстойных і законапаслухмяных паводзін, дэманстратыўна супрацьпастаўляючы сябе і ўсведамляючы публічны рэзананс сваіх дзеянняў, грэбуючы агульнапрынятымі нормамі правільных паводзінаў, у мэтах пашкоджання чужой маёмасці, нанеслі фарбавальнікамі чырвонага і чорнага колеру малюнкі рознага зместу на ўпакоўку не менш як трох (пяці, дзесяці) цюкоў з сенажом кожны, дакладную колькасць вызначыць не прадставілася магчымым, тым самым пашкодзіўшы ўпакоўку. 

А ўсяго нанеслі фарбавальнікам чырвонага і чорнага колераў выявы рознага зместу на 82 упакоўкі сенажу, якія належаць ААТ "Крутагор'е-Петкавічы", тым самым пашкодзілі ўпакоўкі, з якіх 82 цюкі з сенажом у выніку парушэння тэхналогіі захоўвання прыйшлі ў непрыдатны для далейшага выкарыстання стан, гэта значыць былі знішчаныя, у выніку чаго прычынілі маёмасную шкоду арганізацыі на агульную суму 1512 рублёў, такім чынам здзейснілі наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць відавочную непавагу да грамадства, суправаджаюцца пашкоджаннем і знішчэннем чужой маёмасці, якое адрозніваецца па сваім змесце выключным цынізмам групай асобаў злоснае хуліганства (ч. 2 арт. 339 КК).

Паводле абвінавачвання, група дзейнічала пры дапамозе Андрэя Арыкі – "чакаў усіх ва ўмоўленым месцы, даставіў усіх на месца".

"На "Дажынках" таксама выстаўляюцца фігуркі". Ці прызналі віну фігуранты справы? 

Кацярына і Андрэй Арыко
Кацярына і Андрэй Арыко

Кацярына Арыка і Вольга Дубовік віну прызналі часткова. Яны растлумачылі, што ў іх не было мэты пашкодзіць маёмасць і дэзарганізаваць рух аўтамабіляў. Часткова віну прызнаў і Ігар Мыслівец. Паводле яго словаў, у яго дзеяннях не было хуліганскіх меркаванняў, не парушаў грамадскі парадак, не хацеў выказаць непавагу да грамадства і не меў мэты парушыць дарожны рух.

Алена Дзядзюля таксама прызнала віну часткова. Яна сказала, што толькі малявала палоскі. Яна не згодная, што поле — грамадскае месца. Таксама яна, як і іншыя, не згодная, што дэзарыентавала рух, "бо на "Дажынках" таксама выстаўляюцца фігуркі, якія таксама дэзарыентуюць кіроўцаў". Не бачыць яна і цынізму ў сваіх дзеяннях. Алена не згодная, што сапсавала сянаж, таму што "сапсавалі самі супрацоўнікі, якія ўскрывалі цюкі".

Аляксандр Бабко таксама часткова прызнаў віну. Ён не прызнаў, што перашкаджаў дарожнаму руху і што меў мэту выказаць непавагу да грамадства, але пагадзіўся з тым, "што фарбаваў цюкі", — пра гэта шкадуе.

Максім Дубешка прызнаў віну цалкам, а Андрэй Арыка віну не прызнаў.

Што казалі на допыце палітзняволеныя муж і жонка?

У якасці абвінавачаных па справе выступалі муж і жонка Андрэй і Кацярына Арыка, у якіх трое непаўнагадовых дзяцей. У першы дзень суда пры сустрэчы ў клетцы яны абняліся. Пасля затрымання 1 верасня іх заключылі пад варту і змясцілі ў жодзінскую турму. 

Андрэй Арыка — адзіны па справе, хто не прызнаў віну — на судзе распавёў, што не быў у курсе планаванага перформансу. Па словах Андрэя на судзе, жонка Кацярына ўвечары 1 верасня — у яе Дзень народзінаў — папрасіла падвезці яе і знаёмых у нейкае месца, а перад гэтым – купіць два балоны з чырвонай фарбай. Ён па просьбе жонкі завёз усіх на поле ў Дзяржынскім раёне, але ён не ведаў, што яны збіраюцца там рабіць. Пасля гэтага Андрэй паехаў на запраўку ў туалет. Па дамоўленасці ён павінен быў вярнуцца праз пяць-дзесяць хвілін, але ў хуткім часе ўсіх затрымалі. Андрэй Арыка сказаў, што толькі ў момант следства даведаўся, што адбывалася на полі.

"Калі б я ведаў — мяне б там не было", — сказаў на судзе пра акцыю Андрэй.

На судзе зачыталі паказанні Андрэя Арыка, якія ён даў пасля затрымання. Па пратаколе яго паказанні былі больш падрабязныя. Згодна з пратаколам допыту ад 2 верасня, вечарам, паклаўшы дзяцей спаць і пакінуўшы іх з сябрамі, яго жонка падышла да яго і папрасіла звазіць па справах, але куды паедуць, сказаць не магла, пасля чаго абвінавачаны зразумеў, што ён нездарма купляў балончыкі з фарбай і, "мабыць, Каця (абвінавачаная жонка) зноў увязалася ў нейкую БЧБ-гісторыю".

Абвінавачаны ў сваіх паказаннях распавядаў пра жонку, што яна "была тады не згодная з вынікамі выбараў і вырашыла адстойваць свой голас, спрачалася па гэтай тэме, казала, што перамагла Святлана Ціханоўская, і што мы не можам сядзець і нічога не рабіць". Абвінавачанаму не падабаліся паводзіны жонкі, бо ў іх трое дзяцей, аднак яна хацела даказаць, што выбары праведзеныя несумленна. Па словах Андрэя, жонка перыядычна хадзіла на нейкія канцэрты, дзе "збіраліся такія ж незадаволеныя выбарамі людзі". Праз гэта муж і жонка пачалі сварыцца і Кацярына нават падала заяву на развод.

"Падстаўны супрацоўнік міліцыі"

Зразумеўшы, што "жонка хоча здзейсніць нешта супрацьзаконнае", абвінавачаны адмаўляўся ехаць, але жонка настаяла на сваім, а ён спалохаўся за яе. Пасля гэтага яна паведаміла, што яны павінны паехаць на Пціч, дзе іх будуць чакаць невядомыя людзі, якіх трэба будзе кудысьці адвезці. Калі Андрэй выйшаў на вуліцу, каб адправіцца на Пціч, то ўбачыў побач з яго жонкай незнаёмага хлопца ў чорнай вопратцы і масцы. Яны ўтрох каля 23 гадзін каля Пцічы забралі астатніх людзей.

Абвінавачаны адзначыў: калі ўсіх даставілі ў РАУС, то сярод іх не было таго хлопца ў цёмным адзенні:

"Мабыць, гэта быў падстаўны супрацоўнік міліцыі".

Што характэрна, пасля затрымання прэс-служба МУС паведамляла, што "1 верасня ў Дзяржынскі РАУС паступіла паведамленне ад відавочцаў, якія звярнулі ўвагу на кампанію ў полі каля трасы М1. Некалькі чалавек размалёўвалі спакаваныя цюкі саломы. Міліцыянты неадкладна выбылі на месца. Нягледзячы на спробу схавацца, удзельнікаў перформансу затрымалі".  

Паводле паказанняў Аляксандра Бабко, на поле прыехалі восем чалавек: тры дзяўчыны і пяць хлопцаў, аднак былі затрыманыя толькі сем чалавек.

Кацярына Арыка падчас допыту на судзе пацвердзіла, што не тлумачыла мужу, куды і навошта яны едуць, толькі сказала, што гэта не зойме шмат часу.
Абвінавачаная распавяла, што чалавека, пра якога яе муж выказаў здагадку пра "падстаўнога супрацоўніка міліцыі", раней не бачыла. Па яе словах, яму было каля 27 гадоў, быў апрануты ў чорную майку. Як распавядае Кацярына, у машыне ён распавядаў "нейкія свае гісторыі, паводзіў сябе крыху дзіўна, вельмі падлізваўся, спрабаваў прысунуцца бліжэй" і гэта "крыху ўстрывожыла" Кацярыну. У руках у гэтага чалавека абвінавачаная нічога не бачыла. Па словах Кацярыны, менавіта ён напісаў ёй загадзя, што яны паедуць на Пціч за іншымі. Ён сказаў, што там будуць усе людзі, а што канкрэтна там павінна быць, яна не ведала. Таксама гэты чалавек сказаў маляваць Кацярыне чырвоныя палоскі.  

Акрамя Андрэя, таксама ў якасці кіроўцы на іншай машыне быў абвінавачаны Максім Дубешка.

Затрымлівалі з аўтаматамі, на спінах намалявалі свастыку

Па словах Кацярыны, яна на цюках малявала толькі чырвоныя паласы. Кажа, што побач стаяла тры цюкі, гэта максімальна, што яна намалявала — "далей не было ні сіл, ні жадання". Потым яна вырашыла вярнуцца на дарогу. Яна патлумачыла гэта тым, што быў туман, брудна і яна ўжо "пашкадавала, што прыперлася туды". Кацярына распавядае, што калі падымалася на дарогу да машыны, то паслізнулася і ўпала ў канаву, ляжала там хвіліны дзве. Потым падышлі супрацоўнікі і паднялі яе. Адвялі на дарогу, паклалі тварам у зямлю і сказалі галаву не падымаць, таму не бачыла, колькі затрымалі, але пачула, што сем чалавек. Аднак на допыце 2 верасня гэтыя падзеі Кацярына распавядала па-іншаму:

"Пасля таго як намалявала палоскі на цюках, пад'ехала іх [мужа] машына. Паднялася да абочыны, адчыніла дзверы і ўбачыла ў салоне мужчын у масках і з аўтаматамі. Яны сталі выбягаць з салона".

Кацярына спрабавала ўцячы, пераскочыла праз парапет і ўпала ў канаву. На судзе абвінавачаная сказала, што ў яе быў вельмі дрэнны стан падчас допыту, не магла толкам адказаць.

Палітзняволеная на працэсе распавяла пра здзекі супрацоўнікаў пры затрыманні:

"Намалявалі [затрыманым — супрацоўнікі] на спінах свастыку. Сказалі, што расстраляюць... Размалявалі рукі, твар. Потым паднялі, павялі на поле, расставілі вакол цюкоў. <нрзб> узялі тэлефон і здымалі на камеру. Потым завялі назад і паклалі тварам у зямлю".

Па словах Кацярыны, ніхто з затрыманых не супраціўляўся. Аднак, як распавялі праваабаронцам, пры затрыманні сілавікі збівалі мужчын.

Неўзабаве пасля затрымання МУС апублікавала "пакаяльнае відэа" з месца падзей з Ігарам Мысліўцом, Кацярынай Арыка, Максімам Дубешкам, Вольгай Дубовік, праўда, прызнальных паказанняў там няма.

Таксама Кацярына распавяла, што з мужам яны перадумалі разводзіцца, таму што памірыліся. Лічыць, што муж знаходзіцца пад арыштам разам з ёй не зусім справядліва. 

З Кацярынай праводзілася праверка паказанняў на месцы. Тады яна распавяла, як вырашыла прыняць удзел у акцыі:

"Увечары 31 жніўня мне ў тэлеграме напісаў невядомы акаўнт з прапановай размаляваць цюкі, размешчаныя на полі паблізу Дзяржынска. Я пагадзілася, бо пасля сходу мой стан быў маральна прыгнечаны. Я распавяла пра гэта мужу, на што ён мне сказаў, што адну мяне не адпусціць і паедзе разам са мной".

Гэты чалавек і сказаў ёй маляваць палоскі на цюках.

"Калі ўжо прыехаў мой муж, я пайшла ў машыну, адчыніла дзверы, адтуль выбеглі супрацоўнікі АУС. Яны нас усіх паклалі на зямлю і пачалі размалёўваць фарбай з балончыкаў. Пасля нас знялі на відэа. Падчас гэтага мяне яшчэ нехта ўдарыў. У мяне ёсць сіняк", – расказвала Кацярына 3 верасня на тым самым полі.

На судзе стала вядома, што супрацоўнікі прыехалі затрымліваць на поле ў масках і з аўтаматамі. Таксама, як стала вядома праваабаронцам, пасля затрымання паўтара тыдня затрыманых мужчын у ІЧУ Дзяржынска ўтрымлівалі без адзення – "вадзілі на допыты ў трусах". Таксама да прад'яўлення абвінавачвання іх утрымлівалі ў камерах з металічнымі нарамі без матрацаў, а з пасцельнай бялізны ў іх была толькі прасціна. Акрамя гэтага, супрацоўнікі будзілі ўначы іх кожную гадзіну.

Кацярыну Арыка і Алену Дзядзюлю выпусцілі 4 верасня на волю, але, калі яны адышлі ад ганка, то супрацоўнік папрасіў іх вярнуцца да "начальніка на размову". Пасля гэтых "пяці хвілін волі" іх змясцілі пад варту.

Невядомы прапанаваў у тэлеграме размаляваць цюкі. А што казалі іншыя фігуранты па справе?

З матэрыялаў справы вынікала, што з Аляксандрам Бабко і Максімам Дубешкам праводзілі таксама праверку паказанняў на месца. З пратаколаў стала вядома, што Бабко, калі ўцякаў ад сілавікоў з Дзядзюляй і невядомым незатрыманым чалавек, упаў у канал з вадой і згубіў свой мабільны тэлефон. Падчас гэтага следчага дзеяння следчыя шукалі з абвінавачаным згублены тэлефон у канаве каля калгаса.

Максім Дубешка распавядаў, як далучыўся да начной акцыі: напярэдадні 31 жніўня раніцай у тэлеграме яму напісаў невядомы акаўнт з прапановай размаляваць некалькі цюкоў за горадам, калі ён пагодзіцца, то падрабязнасці скіне пазней.

"Я сваю згоду даў, сказаў, што трэба паехаць у поле".

Палітвязень Дубешка распавёў і пра непасрэднае затрыманне:

"Усе цюкі, якія былі свабодныя, я пачаў размалёўваць. Размаляваў прыкладна дзесяць цюкоў. Калі фарба скончылася, пабег у бок трасы, дзе павінна была ўжо стаяць машына на аварыйцы. Машына на аварыйцы ўжо стаяла. Калі я падыходзіў, людзі пачалі падымацца наверх і ў гэты час з боку машыны паступіла каманда "Стаяць! Міліцыя!" Людзі пачалі хутка збягаць уніз. Хто прабягаў дзесяць, хто пяць метраў. Я прабег метры тры і спыніўся, стаў на калені і падняў рукі, да мяне падышоў супрацоўнік міліцыі, схапіў мяне за руку і правёў у бок аўтамабіля, дзе я ўжо тварам у падлогу і там жа надзелі кайданкі, нас пратрымалі, пакуль не прывялі ўсіх. Гэта значыць, калі ўжо прывялі ўсіх, нас загрузілі ў машыну па чатыры чалавекі ў міліцэйскую газель і адвезлі ў РАУС".

Што па шкодзе калгасу?

Ігар Мыслівец пры затрыманні
Аляксандр Бабко пры затрыманні

Сума шкоды калгасу склала 1512 рублёў.

"Сваімі дзеяннямі абвінавачаныя пашкодзілі 82 ўпакоўкі цюкоў, з-за чаго была парушаная тэхналогія захоўвання сенажу і ён прыйшоў у непрыдатны для выкарыстання стан", — абгрунтоўвалася шкода.

Усе сем палітвязняў да суда пакрылі шкоду калгасу па 216 рублёў.

На працэсе дырэктар калгасу прад'явіў акты аб утылізацыі 82 цюкоў сенажу ад 15 кастрычніка. Аднак на працэсе высветлілася, што яны былі падпісаныя, калі суд пачаўся ўжо. Акрамя таго, на судзе дапыталі работнікаў калгасу, якія распавялі, што сянаж не знішчалі, а склалі ў гурты для кампаставання.

Дырэктар ААТ "Крутагор'е-Петкавічы" Юрый Клімаш на судзе сцвярджаў, што сянаж з размаляваных цюкоў нельга было выкарыстоўваць для подсцілу жывёлам, бо "фарбавальнік мог пракрасціся ў сена і атруціць жывёл, якія жуюць падсцілку". А трава, якая не прасілкавалася экскрыментамі жывёл, не нясе нічога карыснага пры кампаставанні, толькі павялічвае аб'ём, таму ўсе цюкі знішчаны.

На судзе стала вядома, што пасля затрымання адзін з абвінавачаных прапаноўваў адмыць плёнку ад фарбы (у яго ўласная клінінгавая кампанія), а другі адразу ж прапаноўваў выкупіць усе сапсаваныя цюкі ў калгаса, каб пытанне аб шкодзе нават не ўзнікала, але следства адмовілася нават паведаміць пра гэта ў ААТ "Крутагор'е-Петкавічы".

Па справе экспертыза не праводзілася, рашэнне аб непрыдатнасці сенажу прынялі супрацоўнікі калгаса. Следства дазволіла цюкі ўтылізаваць, не прызнала іх рэчавымі доказамі. У рэчыўных доказах не было ніводнага кавалка зрэзанай плёнкі, таму не было зразумела, ці прасачылася фарба праз плёнку.

Што сказалі ў апошніх словах палітвязні і чым усё скончылася?

Суд доўжыўся ў судзе Стаўбцоўскага раёна два тыдні з 14 студзеня. Да яго ўсе сем палітвязняў пяць месяцаў утрымліваліся пад вартай у жодзінскай турме. Падчас суду іх трымалі ў ІЧУ Дзяржынскага і Стаўбцоўскага РАУС. Палітзняволеным жанчынам у ІЧУ забаранілі перадачы і забралі вопратку з прычыны таго, што няма жанчын-супрацоўніц, каб іх даглядаць.

27 студзеня адбыліся спрэчкі. Пракурор Яраслаў Ларычаў крыху змяніў фармулёўку абвінавачвання. "Асаблівы цынізм" цяпер палягае не ў жаданні дэзарганізаваць дарожны рух, а ў нанясенні незарэгістраванай сімволікі. Такім чынам, дзяржабвінавачанне прасіла прызнаць усіх вінаватымі па ч. 2 арт. 339 КК і запрасіла тэрміны для ўсіх: мужу і жонцы Андрэю і Кацярыне Арыка, іх суседу Максіму Дубешку — 1 год калоніі, Аляксандру Бабко, Вользе Дубовік, Алене Дзядзюлі, Ігару Мысліўцу — 1 год і 1 месяц калоніі.

Падчас апошняга слова Андрэй Арыка сказаў:

"Калі вам трэба кагосьці пасадзіць з нашай сям'і, то саджайце мяне, а Каця хай будзе дома з дзецьмі".

Палітзняволены Ігар Мыслівец на судзе размаўляў на беларускай мове і падчас апошняга слова сказаў, што акцыяй на полі выказваў сваю грамадзянскую пазіцыю.

Алена Дзядзюля сказала, што заўсёды добрасумленна выконвала свой грамадзянскі абавязак, выхавала трох годных дзяцей, працавала прыёмнай мамай, выхавала двух выдатных прыёмных дзяўчынак, выхавала годных грамадзян сваёй краіны і заўсёды вучыла іх, што нельга хлусіць.

"У той час як бачыла ў судзе, што нават дакументы былі падпісаныя тыдзень таму", — узгадала акты аб утылізацыі цюкоў Алена.

Падчас апошняга слова яна папрасіла прабачэння ў мужа.

dziadzylia_alena.jpeg
Алена Дзядзюля

Падчас зняволення ў палітвязня Максіма Дубешкі нарадзілася дзіця – жонка прывозіла ў першы дзень суда паказаць яго бацьку. Падчас апошняга слова Максім сказаў, што калі б была магчымасць, то змяніў бы сваё рашэнне 31 жніўня і не пакінуў бы дома адну цяжарную жонку і маленькае дзіця. Ён папрасіў прабачэння ў сям'і.

Аляксандр Бабко таксама выбачыўся перад сям'ёй і папрасіў не караць яго строга, абяцаў дапамагаць бацькам і выхоўваць сына.

У выніку, суддзя Вікторыя Суднік 31 студзеня прызначыла пакаранне: год калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму – Андрэю Арыку, Максіму Дубешку, Аляксандру Бабко, Вользе Дубовік, Алене Дзядзюле, Ігару Мысліўцу, а Кацярыне Арыка – 1,5 года "хатняй хіміі". Жанчыну вызвалілі ў зале суда.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства