Следчыя знайшлі дзяржсакрэты ў дзеяннях міліцыянтаў, датычных да катаванняў
Следчы камітэт працягвае адмаўляць ва ўзбуджэнні крымінальных спраў па фактах катаванняў грамадзянаў, затрыманых на пратэстах пасля абвяшчэння вынікаў выбараў прэзідэнта, што адбыліся 9 жніўня 2020 года.
Як і шматлікія іншыя пацярпелыя, Зміцер (імя зменена) звярнуўся ў Следчы камітэт з заявай аб узбуджэнні крымінальнай справы за ўчынены ў дачыненні да яго гвалт супрацоўнікамі праваахоўных органаў.
Гісторыя звароту ў Следчы камітэт па абарону
10 жніўня 2020 года Змітра жорстка затрымалі і моцна збілі супрацоўнікі АМАП, а супрацоўнікі у ЦІП на Акрэсціна катавалі. Апроч збіцця і асабістых абразаў, Зміцера ўтрымлівалі ў васьмімясцовай камеры з 65-цю іншымі затрыманымі. За трое сутак на Акрэсціна яго пакармілі толькі два разы.
Пасля вызвалення Зміцер зафіксаваў ў шпіталі свае траўмы. У выніку збіцця ў мужчыны медыкі зафіксавалі ўдар мяккіх тканінаў грудной клеткі па задняй паверхні, запясця, галёнак, гематомы на ягадзіцах, сцёгнах і галёнках.
З дапамогай юрыстаў ПЦ “Вясна” пацярпелы ад дзеянняў сілавікоў склаў і падаў заяву на ўзбуджэнне крымінальнай справы па фактах нанясення цялесных пашкоджанняў і перавышэнні службовых паўнамоцтваў.
Праз два месяцы, у кастрычніку 2020 года, Зміцер атрымаў першую адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Тады следчы прыйшоў да высновы, што супрацьпраўных дзеянняў з боку міліцыянтаў не выяўлена, вінаватых не маецца, а склад злачынства адсутнічае.
На працягу года праверку па заяве неаднаразова аднаўлялі і зноў прыпынялі з розных нагод, напрыклад, з-за адсутнасці экспертных заключэнняў, што былі зроблены падчас першай праверкі, перанакіроўвалі з аднаго аддзела Следчага камітэта ў іншы, і г.д.
Пацярпелы ад катаванняў і жорсткага абыходжання працягвае весці фармальнае ліставанне са Следчым камітэтам: падае скаргі і заявы, атрымлівае адпіскі.
Што цяпер?
Апошняя пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы датуецца кастрычнікам 2021 года. Але на гэты раз Зміцеру прыйшло толькі апавяшчэнне, а не паўнавартасная пастанова, бо ў ёй змяшчаюцца дзяржаўныя сакрэты, а гэта значыць, што такая пастанова заяўніку ўвогуле не накіроўваецца. Зміцер не можа азнаёміцца з тым, на падставе чаго была вынесена чарговая адмова ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.
Хаця ў апавяшчэнні і растлумачаны парадак абскарджання пастановы, прааналізаваць новыя следчыя дзеянні, якія былі праведзеныя падчас адноўленай праверкі, немагчыма. Такім чынам, якія былі праведзены дзеянні следчымі і што стала вядома з моманту аднаўлення праверкі застаецца невядомым.
Якой павінна быць законная адмова ва ўзбуджэнні крымінальнай справы?
Адмова ва ўзбуджэнні крымінальнай справы павінна ўтрымліваць дакладнае ўстанаўленне адной з акалічнасцяў, якая выключае крымінальны працэс (артыкул 29 КПК):
- Адсутнасць дзеяння, якое можа быць трактавана як злачынства.
- Адсутнасць складу злачынства ў дзеянні, якое мела месца насамрэч.
- Сканчэння тэрмінаў даўніны.
Юрысты ПЦ “Вясна” настойваюць на правядзенні расследавання, а не фармальнай праверкі. Пры расследаванні могуць і павінны быць дапытаныя сведкі, якія папярэджваюцца пра крымінальную адказнасць за дачу заведама ілжывых паказанняў ці за адмову ад дачы паказанняў, праведзеныя апазнанні і вочныя стаўкі. У большасці выпадкаў, вядомых праваабаронцам, ніхто не высвятляў асобы і не апытваў датычных да катаванняў супрацоўнікаў сілавых ведамстваў; не збіраліся доказы вінаватасці пэўных супрацоўнікаў у катаваннях і іншых службовых злачынствах.
Што не так з адмовай, якую атрымаў Зміцер?
У апавяшчэнні, якое атрымаў Зміцер, азначаецца, што падставай для адмовы ва ўзбуджэнні крымінальнай справы з’яўляецца адсутнасць у дзеяннях міліцыянтаў складу злачынства. Следчы прыйшоў да такой высновы, нават нягледзячы на відавочныя супрацьлеглыя факты: вынік судовай экспертызы, сведчанні заяўніка, наяўнасць некалькіх сотняў аналагічных заяваў і публікацыі пра катаванні ў СМІ.
А ў першай адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы значылася, што следчыя дзеянні ў межах праверкі абмежаваліся толькі судова-медыцынскай экспертызай, білінгам тэлефона пацярпелага, адказамі на запыт з міліцыі аб правапарушэннях, з дыспансераў, паліклінікі і бальніц. Ніякіх дзеянняў, накіраваных на вызначэнне і праверку асобаў, што неслі службу ў канкрэтныя даты і ў канкрэтных месцах, зроблена не было.
Не было таксама прадпрынята і іншых следчых дзеянняў, што сведчаць аб правядзенні ўсебаковай праверкі: не былі прагледжаныя запісы з камераў відэаназірання, не былі апытаныя сведкі і інш.
Як абскардзіць пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы?
Каб абскардзіць пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, звяртайцеся да юрыстаў і юрыстак ПЦ “Вясна”: у тэлеграме - @zvarot96 ці па пошце - zvarot@spring96.org.
Калі вы падавалі заяву на катаванні ці бесчалавечнае абыходжанне з боку сілавікоў пасля падзеяў жніўня 2020 года, атрымалі адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы і ў вас ёсць копія пастановы, запоўніце кароткую форму.
Калі ў вас няма копіі пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы (як правіла, заяўніку высылаюць толькі апавяшчэнне), то яе можна атрымаць у Следчым камітэце асабіста ці па пошце. Юрысты “Вясны” дапамогуць скласці неабходны запыт у СК, а таксама абскардзіць адмову.
Калі вы гатовыя распавесці пра сваю гісторыю затрымання і катаванняў (публічна ці канфідэнцыйна) — звяжыцеся з камандай дакументавання праз тэлеграм-акаўнт @viasnadoc.