viasna on patreon

Чарговы тэрмін палітвязню: тры гады калоніі за паведамленні і здымкі ў сацсетках

2022 2022-01-13T19:06:13+0300 2022-01-13T19:49:44+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dubik_s.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Дубік

Сяргей Дубік

12 студзеня суд Іванаўскага раёна скончыў разгляд справы Сяргея Дубіка.

Судовае пасяджэнне ўзначаліў суддзя Стасевіч. Бок абвінавачвання падтрымліваў маёр юстыцыі Жуковіч.

Пра абвінавачанага вядома, што яму 35 гадоў, разам з жонкай выхоўвае траіх малалетніх дзяцей: старэйшаму — 8 гадоў, малодшаму — паўтара года. Пражывае ў Іванаве. Сяргея Дубіна затрымалі 13 кастрычніка 2021 года, з тых часоў мужчына знаходзіцца пад вартай. Праваабаронцы прызналі яго палітзняволеным.

"Не ведаў, што за гэта прадугледжаная адказнасць"

Сяргею Дубіку прад'явілі абвінавачванні адразу паводле чатырох крымінальных артыкулаў.

Абвінавачванне паводле ч. 2 арт. 367 КК РБ ("Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь") звязанае з тым, што з 25 чэрвеня 2019 па 17 чэрвеня 2021 года "з нявызначанага месца і нявызначанай прылады з мэтай распаўсюду звестак, якія ганяць дзейснага прэзідэнта РБ, шляхам капіявання, загрузкі і рэпостаў, Дубік апублікаваў на сваёй персанальнай старонцы ў сацсетцы інфармацыю пра прэзідэнта з абвінавачваннем яго ў здзяйсненні цяжкіх злачынстваў".

Згодна з абвінавачваннем паводле ч. 2 арт. 368 КК РБ ("Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь"), з 15 чэрвеня 2020 года па 26 сакавіка 2021 года Сяргей Дубік "шляхам капіявання, загрузак і рэпостаў апублікаваў на сваёй старонцы ў ВК інфармацыю пра прэзідэнта РБ, якая змяшчае негатыўную ацэнку апошняга, вінавацячы ў здзяйсненні асабліва цяжкіх злачынстваў і выкарыстоўваючы выразы "паталагічны ілгун", "псіхічна няўстойлівы", "схільны да гвалту", "схільны да пагрозаў састарэлым людзям, жанчынам і дзецям" і т.д".

Таксама, паводле версіі абвінавачвання, з 4 верасня 2020 года па 20 верасня 2020 года на сваёй старонцы ў "ВКонтакте" Дубік публічна абразіў начальніка Глыбоцкага РАУС падпалкоўніка міліцыі Валерыя Круклінскага. Па гэтых дзеяннях Дубіку выставілі абвінавачванні паводле арт. 369 КК РБ ("Абраза прадстаўніка ўлады").

Інкрымінаваны яму арт. 188 КК РБ ("Паклёп") звязаны з тым, што з 4 верасня 2020 па 20 верасня 2020 года на старонцы ў "ВКонтакте" абвінавачаны "наўмысна распаўсюдзіў загадзя ілжывыя звесткі, якія ганяць начальніка Глыбоцкага РАУС, падпалкоўніка Валерыя Круклінского".

Пацярпелы Круклінскі ў суд не з'явіўся. Але ў справе быў ягоны пазоў на суму 2000 рублёў, якія ён запатрабаваў сплаціць яму ў якасці маральнай кампенсацыі.

Абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну, раскаяўся, прызнаў пазоў у поўным аб'ёме. Сваякі ўжо выплацілі палову гэтай сумы.

"Ці не сорамна вам перад бацькамі, дзецьмі, сабакамі?"

Падчас допыту дзяржабвінаваўца запытаўся, чаму да вобшуку абвінавачаны не выдаліў здымкі, хоць да гэтага моманту ён ужо ведаў, што на яго заведзеная крымінальная справа.

Дубік адказаў, што не рабіў гэтага, таму што не ведаў, што за гэта прадугледжаная адказнасць. Паводле абвінавачанага, ён быў упэўнены, што калі ён гэтага не пісаў, а толькі зрабіў рэпост — гэта не злачынства.

Дзяржабвінаваўца: "Персанальная старонка — не асабісты дом, яна прадугледжвае публічнасць. Сябры бачылі фатаграфіі, маглі лайкі ставіць. Слова "хапаў" і "кідаў" — гэта паклёп, а "вырадак" — абраза.

Падсудны паўтарыў, што на той момант так не лічыў.

Дзяржабвінаваўца: "Ты што, лічыш, што "вырадак" — гэта звычайнае слова? Ты бачыў, што чалавек у форме выяўлены, і там тэкст такі. Не пабаяўся размясціць?"

Суддзя: "Вам самому не сорамна за тое, што вы размяшчаеце? Вам не сорамна перад бацькамі, дзецьмі, сабакамі? Бацька сядзіць — галава сівая, маці прыйшла. Дагуляліся! Жонцы паказвалі? Жонка бачыла? Дзеля чаго вы рабілі гэта?"

Абвінавачаны: "У словах не было благога намеру".

Суддзя: "Прыемна было начальніку РАУС, ягоным родным, блізкім чытаць такую інфармацыю?"

Абвінавачаны: "Канечне, не".

Адвакат спытаў у свайго падабароннага, ці можа той даць абяцанне суду, што такога больш не паўторыцца. Мужчына адказаў сцвярджальна. Пасля гэтага абаронца спытаў у Дубіка пра ягоныя планы на жыццё. Той адказаў, што мае намер жыць у Беларусі, у замежжа не збіраецца. Пазней абаронца спытаў пра антыўрадавыя настроі. Абвінавачаны сказаў, што падтрымлівае дзяржаўную ўладу, апазіцыю ніколі не падтрымліваў.

Иллюстративное фото

"Такіх паказанняў я не даваў"

Першым сведкам па справе, якога апыталі ў зале суда, быў оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку. Ён распавёў, што "падчас маніторынгу інтэрнэту ў "ВКонтакте" было выяўлена, што на публічнай старонцы абвінавачанага была размешчаная выява ў дачыненні да дзейснага прэзідэнта РБ і супрацоўніка міліцыі. Была прызначаная лінгвістычная экспертыза, якая паказала, што ў выявах утрымлівалася негатыўная ацэнка вышэйзгаданых людзей".

Адказваючы на пытанне суддзі, сведка распавёў, што ён дапытваў абвінавачанага і той яму пацвердзіў, што сапраўды размяшчаў у інтэрнэце выявы, пра якія ідзе гаворка ў матэрыялах справы.

Другой сведкай па справе была жонка абвінавачанага.

Суддзя: "Пра тое, што вашага мужа раней прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці, вам штосьці вядома?"

Жонка абвінавачанага: "Да якой?"

— "Распаўсюд фашысцкай сімволікі, у 2017 годзе".

— "Вядома, але там быў не распаўсюд, а проста ў яго на старонцы там штосьці было. Ён не распаўсюджваў".

"Ну, можна ж было туды ўвайсці і паглядзець камусьці? Глядзелі тэлефон мужа?"

"У нас даверныя адносіны, чаго туды зазіраць?"

Суддзя растлумачыў, што меў на ўвазе, ці не паказваў муж штосьці ў тэлефоне. Жанчына адказала, што "магчыма, штосьці мімаходам бачыла, але нічога не чытала".

Падчас апытання жанчына распавяла, што праз утрыманне мужа пад вартай сям'і даводзіцца вельмі цяжка ў матэрыяльным плане. Цяжка было пакрыць нават частку кампенсацыі маральнай шкоды пацярпеламу.

Трэці сведка паведаміў суду, што з абвінавачаным ён пазнаёміўся ў 2018 годзе, ездзіў з імі на заробкі, і даў Дубіку станоўчую характарыстыку.

Чацвёрты сведка — знаёмы абвінавачанага. Ён распавёў, што бачыў ягоныя допісы ў інтэрнэце, але надта іх не памятае. Суддзя ўдакладніў, ці тэлефанаваў ён абвінавачанаму і ці прасіў выдаліць пост. Той сказаў, што не тэлефанаваў і не прасіў. Суддзя заявіў, што ў сувязі з супярэчнасцямі апавяшчае пратакол допыту сведкі:

"Пазнаёміўся з абвінавачаным на заробках, кантактаваў з ім з дапамогай старонкі "ВКонтакте". Бачыў, што абвінавачаны выкладваў абразлівыя матэрыялы ў адрас прэзідэнта і начальніка Глыбоцкага РАУС".

Калі сведка пачуў тое, што зачытвае суддзя, заявіў, што такога не казаў. У адказ на гэта суддзя настаяў, што інфармацыя праўдзівая, і адзначыў, што пад пратаколам стаіць подпіс сведкі. У зале суда разгарнулася дыскусія з нагоды таго, ці сапраўды сведка даваў тыя паказанні, якія зачытвае суддзя. Суддзя месцамі падвышаў тон, а ў канцы спытаў: "Ты чытаў яго [пратакол]?"

Сведка настаяў на тым, што бачыў толькі здымак, а інфармацыю ў дачыненні да начальніка Глыбоцкага РАУС — не.

Иллюстративное фото. Источник: nv-online.info

"Жонка абвінавачанага вымушаная пакідаць маленькіх дзяцей і мыць падлогі ў пад'ездзе"

Падчас судовых спрэчак пракурор настаяў на тым, што "кваліфікацыя дзеянняў абвінавачанага названая правільна. Што тычыцца даказанасці віны абвінавачанага ў здзяйсненні злачынстваў, то ягоная віна даказаная ў цяперашнім судовым пасяджэнні, пацвярджаецца не толькі ягонымі прызнавальнымі паказаннямі, але і шэрагам працэсуальна-следчых дакументаў". Таксама дзяржабвінаваўца адзначыў, што ў справе няма абцяжваючых акалічнасцяў. Улічваючы змякчальныя акалічнасці — а гэта прызнанне віны, раскаянне, наяўнасць траіх малалетніх дзяцей — абвінавачванне запатрабавала паводле арт. 188 КК РБ 2 гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ, паводле ч. 2 арт. 367 КК РБ — 3 гады пазбаўлення волі, паводле ч. 2 арт. 368 КК РБ — 2,5 гады пазбаўлення волі. Паводле арт. 369 КК РБ — 2 гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ. Па сукупнасці злачынстваў, шляхам паглынання меней строгага пакарання больш строгім, канчаткова прызначыць 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Пазоў пацярпелага задаволіць у поўным аб'ёме.

Адвакатка прамовіла:

"Высокі суд, мой абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну, раскаяўся і абяцаў у будучыні не здзяйсняць падобных дзеянняў […]. Хацела б звярнуць увагу на тое, як складана сям'і Дубік у гэты час, пакуль Сяргей Васільевіч знаходзіцца пад вартай. Трое дзетак, дзеткі вельмі маленькія, малодшаму толькі паўтара гадка, пражыць на дзіцячую дапамогу без даходу мужа сям'і вельмі складана. У цяперашні час жонка абвінавачанага вымушаная пакідаць маленькіх дзяцей і ісці мыць пад'езды. І гэта толькі каб дзяцей пракарміць. Таму, Высокі суд, вызначаючы пакаранне і згаджаючыся з бокам абвінавачвання, вы фактычна пагаджаецеся з тым, што сям'я будзе знаходзіцца ў такім цяжкім матэрыяльным становішчы".

У якасці пакарання адвакатка запрасіла для Дубіка абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на той тэрмін, які суд палічыць неабходным, а таксама прапанавала вызваліць Сяргея Дубіка з-пад варты.

У сваім апошнім слове абвінавачаны сказаў:

"Віну сваю цалкам прызнаю, шчыра раскайваюся, найперш хачу папрасіць прабачэння ў прэзідэнта РБ Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі за тое, што зняважыў гонар і годнасць кіраўніка дзяржавы, таксама ў начальніка Глыбоцкага РАУС. Папрасіць прабачэння ў блізкіх, у бацькоў, жонкі, дзяцей. Даю слова надалей не парушаць закон РБ. Прашу вялікі суд не пазбаўляць волі, даць магчымасць выправіцца і выхоўваць дзяцей. Усё".

12 студзеня суд прызнаў Сяргея Дубіка вінаватым у здзяйсненні злачынстваў паводле ч. 2 арт. 367 ("Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь"), ч. 2 арт. 368 ("Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь"), арт. 369 ("Абраза прадстаўніка ўлады"), арт. 188 ("Паклёп") і асудзіў да 3 гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Пазоў пацярпелага суд пастанавіў задаволіць у поўным аб'ёме. Прысуд законную сілу не набыў і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства