viasna on patreon

Палітвязні, пенсіянеркі, хворыя: каго адпраўлялі ў калонію і на "хімію" па дыфамацыйных артыкулах у апошні час

2022 2022-01-14T18:11:47+0300 2022-01-14T18:15:31+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/volnich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцы і валанцёры "Вясны" працягваюць маніторыць судовыя пасяджэнні па крымінальных справах, звязаных з нецярпімасцю беларускіх уладаў да любых формаў праяваў пратэсту. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, самым распаўсюджаным інструментам рэпрэсій сёння з'яўляецца крымінальны пераслед па дыфамацыйных артыкулах: за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за здзек з дзяржаўных сімвалаў (арт. 368, 369, 370, 391 КК). "Вясна" распавядае, каго і за што ў Беларусі судзілі па гэтых артыкулах з 20 снежня 2021 года па 14 студзеня гэтага года.

"Вясна" збірае інфармацыю з "палітычных" судовых пасяджэнняў, што адбываюцца па ўсёй краіне. Калі ласка, дасылайце нам аўдыё і тэкставую інфармацыю ў Telegram: @ViasnaSOS@spring96info і Email: viasna@spring96.org

Дыфамацыйныя артыкулы ў Крымінальным кодэксе Беларусі: адказваем на пытанні

Міжнародныя арганізацыі па правах чалавека разглядаюць дыфамацыю ў кантэксце права на выказванне меркавання і права на свабоду слова. Дэкрыміналізацыя дыфамацыйных правапарушэнняў з'яўляецца стандартам, сфармуляваным і абгрунтаваным у рашэннях шэрагу міжнародных арганізацый.

2,5 гады калоніі і штраф — другі прысуд палітвязню Шчурко 

Дзмітрый Шчурко ў судзе.
Дзмітрый Шчурко ў судзе

Як паведамляюць брэсцкія праваабаронцы, 13 студзеня ў судзе Маскоўскага раёна Брэста суддзя Яўген Брэган асудзіў палітзняволенага Дзмітрыя Шчурко, які знаходзіцца пад вартай у брэсцкім СІЗА з 3 лістапада мінулага году. 

На гэты раз берасцейца абвінавачвалі па трох артыкулах КК:

  • 188 (паклёп) — за тое што на Youtube-канале "Берестеец2" апублікаваў відэа пра выклікі ў СК. У роліку Шчурко таксама кажа пра свой першы суд (за нібыта скрадзеную ў амапаўца рацыю на акцыі пратэсту 20.09.2020 у Берасці): "Старэйшы следчы Шулькін сумесна з пракуратурай сфабрыкавалі справу".

Пацярпелымі па дадзеным эпізодзе праходзяць старшы следчы Віктар Шулькін і старшая пракурорка Таццяна Цыбуля. Аргументам таго, што Зміцер "абгаварыў" дадзеных людзей, на судзе выглядаў прыкладна так: "Апелляцию подавали? Суд постановил, что это была кража, значит так это и есть. Значит, вы клевещете, что дело сфабриковано".

  • 368 (абраза прэзідэнта) — за паведамленне ў Viber-чаце пра страйкбол: "Ты выполняешь приказы шизика".
  • 369 (абраза прадстаўніка ўлады) — за каментар у телеграм-чаце "Брэст 97%" пад постам пра падпалкоўніка міліцыі Аляксандра Тарасевіча. У пасце абвінавачвалі міліцыянта да катавальных умоваў у ізалятарах, а таксама да разгону пінскай акцыі пратэсту ў 2020 годзе.

Шчурко, паводле абвінавачвання, з акаўнта "Мітра берасцеец" пакінуў абразлівы каментар, назваўшы супрацоўніка "злачынцам".

На гэты раз дзяржабвінавачанне запытвала для Дзмітрыя Шчурко 2 гады 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму і 50 базавых штрафу (па першым прысудзе за рацыю яму было прызначана 2 гады "хатняй хіміі"). Суддзя Брэган пастанавіў прызначыць менавіта такое пакаранне. Дома ў Дзмітрыя засталіся двое маленькіх дзяцей.

Адзін год "хатняй хіміі" за каментар — магіляўчанцы з анказахворваннем

Як паведамляюць магілёўскія праваабаронцы, 5 студзеня ў судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва была разгледжаная крымінальная справа па арт. 369 КК (абраза супрацоўнікаў міліцыі). Справу разглядала суддзя Наталля Крашкіна. Пацярпелыя — старшы інспектар прафілактыкі АПП Дубровенскага РАУС Аляксандр Шлупакоў і оперупаўнаважаны групы па барацьбе з наркакантролем і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Дубровенскага РАУС Сяргей Шрамаў.

Абвінавачаная — 50-гадовая магіляўчанка Святлана Зотава. Вядома, што жанчына перанесла аперацыю па выдаленні пухліны галаўнога мозгу і цяпер праходзіць найскладанейшую рэабілітацыю.

18 лютага 2021 года Святлана пакінула каментар у групе "Движ" у сацыяльнай сетцы "Вконтакте". У гэтай групе быў размешчаны пост з выявай Шлупакова і Шрамава з подпісам "гэтыя супрацоўнікі міліцыі, рызыкуючы жыццём, канфіскавалі паветраныя шары".

З матэрыялаў справы стала вядома, што дадзеныя супрацоўнікі міліцыі 15 студзеня 2021 года канфіскавалі ў жыхара Дуброўна 4 белых і 2 чырвоных паветраных шарыка, якія былі размешчаны на вокнах яго дома. 

Пад дадзеным пастом Святлана і пакінула каментар:

"Каждому херою медаля".

На судзе жанчына віну прызнала часткова. Факт таго, што каментар быў адпраўлены з яе мабільнага тэлефона, яна не адмаўляла.

А вось момант напісання каментара жанчына не памятае. Звязана гэта з яе захворваннем. На той момант яна праходзіла курс гарманальнай тэрапіі для падрыхтоўкі да аперацыі, суправаджалася гэта жудаснымі галаўнымі болямі і, як сцвярджала на судзе сама Святлана, часта яна не магла аддаваць справаздачу сваім дзеянням і, каб пісала якія-небудзь каментары, не памятае. Сацыяльную сетку выкарыстала для прагляду фільмаў і віншаванняў блізкім.

"У палітыку я ніколі не лезу, мэты кагосьці абражаць ніколі не было, ды і стыль напісання не мой", — сцвярджала Святлана.

Аднак пракурор Раман Парфёнаў настойваў на тым, што калі абвінавачаная не можа ўпэўнена выключыць факт напісання гэтага каментара, значыць магла напісаць. 

Самі пацярпелыя на суд не з'явіліся, абгрунтаваўшы гэта доўгай дарогай да суда. У пазоўных патрабаваннях абодва запрашвалі па 500 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. Аднак, як заўважыў абаронца Зотавай, паказанні пацярпелых былі напісаныя ідэнтычна, абодва ў сацыяльнай сетцы не зарэгістраваныя, тэкст паста не чыталі, даведаліся пра яго ад трэціх асоб, тады якія маральныя пакуты яны маглі выпрабаваць?

У выніку дзяржаўны абвінаваўца, не знайшоўшы ў справе змякчальных абставінаў, але ўлічваючы сур'ёзнае захворванне абвінавачванай, запрасіў пакаранне ў выглядзе 2 гадоў "хатняй" хіміі і поўную кампенсацыю пазоваў. Пазовы Зотава таксама прызнала часткова. У выніку, суд пакараў жанчыну адным годам "хатняй хіміі" і пастанавіў спагнаць па 300 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды кожнаму пацярпеламу.

Два гады калоніі і вялікі штраф — першы прысуд па "справе Зельцэра"

Магілёўскім праваабаронцам "Вясны" сталі вядомыя падрабязнасці гэтай справы і судовага працэсу.

Год "хіміі" — за адно слова ў адрас Лукашэнкі

11 студзеня ў судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва быў вынесены прысуд Марыя Кісляк. Дзяўчыну абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі. Судовы працэс па крымінальнай справе па арт. 368 КК праводзіла суддзя Жанна Пушкіна.

Вядома, што Марыя пакінула каментар у адным з "экстрэмісцкіх" телеграм-каналаў 26 траўня 2021 года. Ён быў звязаны з экстраннай пасадкай самалёта Ryanair, на борце якога знаходзіўся Раман Пратасевіч, былы галоўны рэдактар таго самага канала, дзе напісала каментар Марыя.

Навіной пра затрыманне Пратасевіча грымеў увесь інтэрнэт і дзяўчына вырашыла зайсці, даведацца падрабязнасці. Убачыўшы пост з выявай Аляксандра Лукашэнкі, яна адкрыла каментары і пачала чытаць. Як заявіла сама Марыя на судзе, тое, што адбылося з Пратасевічам вельмі напалохала і ўсхвалявала яе. На гэтым фоне яна не змагла стрымаць эмоцый і, паддаўшыся ім, напісала свой каментар, абазваўшы Аляксандра Лукашэнку "шызікам".

1 ліпеня яе наведаў участковы інспектар міліцыі Кастрычніцкага РАУС Аляксандр Круцікаў, якому папярэдне паступілі матэрыялы для праверкі гэтага эпізоду. Круцікаў выступаў на судзе ў якасці сведкі. Падчас апытання ўчастковага Марыя адмаўляла, што напісала каментар на адрас Лукашэнкі. На той момант яна ўжо выдаліла свой уліковы запіс і дадатак Telegram.

Аднак у кастрычніку Марыя была затрыманая, была ўзбуджаная крымінальная справа і з 4 па 7 кастрычніка дзяўчына знаходзілася ў ізалятары часовага ўтрымання. На папярэднім допыце ў следчага, у сваіх паказаннях, яна пазначыла, што каментар ставіўся не да Лукашэнкі, а быў адрасаваны папярэдняму каментатару, які напісаў "хутчэй бы нас далучылі да Расіі і тады ў нас быў бы парадак", забыўшыся пры гэтым згадаць яго нік.

Таксама Марыя паказвала, што ніякага негатыўнага стаўлення да дзеючай улады яна не адчувала і хто такі Раман Пратасевіч, яна не ведае.

Між тым, судовая экспертыза пацвердзіла, што аб'ектам каментара, пакінутага Марыяй, з'яўляецца Аляксандр Лукашэнка і паведамленне носіць негатыўны характар.

На судзе сваю віну дзяўчына прызнала цалкам і ў зробленым раскаялася. На пытанне суддзі, чаму дзяўчына змяніла свае першапачатковыя паказанні, Марыя адзначыла, што на момант правядзення следчых дзеянняў спалохалася крымінальнай адказнасці.

Падчас спрэчак дзяржаўны абвінаваўца запатрабавала для абвінавачанага год калоніі агульнага рэжыму, улічачы пры гэтым змякчальнае акалічнасць — прызнанне віны. Сама Кісляк прасіла суд не караць яе строга і абмежавацца спагнаннем штрафу. У выніку, суд пакараў дзяўчыну годам "хіміі".

Пенсіянерку з Бярозы пакаралі двума гадамі “хатняй хіміі” за каментар у „Аднакласніках”

Як піша "Радыё Рацыя", старшыня Бярозаўскага суда Наталля Вакульчык па прапанове пракурора Аляксандра Круцько пакарала 59-гадовую пенсіянерку з Бярозы Алу Віцязь двума гадамі “хатняй хіміі” за абразу супрацоўніка Ганцавіцкага РАУС Ігара Вольніча. Таксама суд спагнаў з яе 1000 рублёў маральнай кампенсацыі. 

Нагодай для крымінальнай справы стала слова “казлішча” у каментары пад здымкам Вольніча ў “Аднакласніках”, нібыта напісанае Алай Віцязь. На здымку Вольніч прымяняе удушаючы прыём, націснуўшы каленам на шыю ляжачаму на зямлі ўдзельніку акцыі, якога з двух бакоў трымаюць калегі Вольніча.

Ала Віцязь віны не прызнала. Па яе словах, яна жонка ваеннага пенсіянера, сама 27 гадоў прапрацавала ў пазаведамаснай ахове Бярозаўскага РАУС, "для яе пагоны – гэта святое". Пракурор Аляксандр Круцько ў судовых спрэчках заявіў:

"Віцязь здзейсненага злачынства не прызнала. І тлумачыла, што гэты каментар яна не пакідала і адпаведна гэтага злачынства не здзяйсняла. Абвінавачванне лічыць, што віна яе, нягледзячы на яе адмаўленне, цалкам даказана".

Суддзя пагадзілася з довадамі пракурора.

За слова "тварь" пра ўчастковую — паўтара гады хатняй хіміі

Як паведамляюць брэсцкія праваабаронцы, 12 студзеня ў судзе Маскоўскага раёна Брэста асудзілі па арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) Аляксея Круца. Справу разглядала суддзя Іна Клышпач, дзяржабвінавачанне падтрымлівала Алена Шырко.

Крымінальная справа на Аляксея была заведзеная за каментар у тэлеграме. Пад пастом у тэлеграм-канале "Карнікі Беларусі" 22 лістапада 2021 быў пакінуты каментар "тварь" пра ўчастковую інспектарку па справах непаўналетніх з Барысава Наталлю Ярмолінскую.

За дадзенае паведамленне дзяржабвінаваўца запрасіла паўтара года абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову ("хатняя хімія"). Суддзя з довадамі абвінавачвання пагадзілася і вынесла менавіта такі прысуд. Пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды супрацоўніца міліцыі Ярмолінская не прад'яўляла.

Два прысуды напрыканцы 2021 года ў Брэсце за каментары ў "Аднакласніках"

Яшчэ адна справа міліцыянта Вольніча: гэтым разам два гады “хатняй хіміі” 57-гадовай жанчыне за яго абразу.

Як паведамляе brestspring.org, 28 снежня 2021 года ў судзе г. Івацэвічы суддзя Васіль Аўрусевіч разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да Аляксандра Шалюціна.

Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ў чэрвені 2020 года ён пакінуў абразлівы каментар пад пастом з фатаграфіяй супрацоўніка ганцавіцкага ДАІ Ігара Вольніча, каленам прыціскае галаву ляжачага на зямлі пратэстоўца.

Суддзя Аўрусевіч вынес прысуд: прызнаць Шалюціна вінаватым па арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады), прызначыць пакаранне ў выглядзе 2 гадоў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову. Акрамя таго, суддзя пастанавіў заплаціць 1500 рублёў маральнай кампенсацыі ганцавіцкаму міліцыянту і канфіскаваць у даход дзяржавы ноўтбук абвінавачанага як сродак здзяйснення злачынства.

22 і 24 снежня 2021 года ў Баранавіцкім судзе разглядалася крымінальная справа паводле арт. 369 КК РБ (абраза прадстаўніка ўлады). Абвінавачаны Кандрашоў Аляксандр Аркадзьевіч, суддзя Кміта.

Паводле абвінавачання, Кандрашоў ў "Аднакласніках" размясціў абразлівы каментар пра амапаўца. С. Да прысуду абвінавачваны ў добраахвотным парадку заплаціў таго 1000 рублёў маральнай кампенсацыі. А прыгаворам суда Аляксандра прызналі вінаватым, прызначылі паўтара года абмежавання волі без накіравання ў ВУАТ і даплаціць яшчэ 200 рублёў міліцыянту за маральную шкоду (усяго 1200 рублёў кампэнсацыі міліцыянту).

1,5 года «хіміі» за ролікі ў TikTok — брэсцкаму палітвязню

27 снежня ў Маскоўскім судзе Брэста абвясцілі прысуд палитвязню Яўгену Паку, якога абвінавачвалі ў размяшчэнні ў лістападзе 2020-га ў сацсетцы TikTok трох відэаролікаў, у якіх ён «публічна абразіў Аляксандра Лукашэнку».

Суддзя Марыя Аліферук прызнала мужчыну вінаватым па ч.1 арт.368 КК РБ і прызначыла пакаранне ў выглядзе 1 года і 6 месяцаў «хіміі». Таксама яна пастанавіла канфіскаваць у даход дзяржавы тэлефон Яўгена як сродак учынення злачынства. Пасля абвяшчэння прысуду палітвязня вызвалілі з-пад варты.

"Хатнія хіміі" ў Магілёве за абразы

8 снежня суд Ленінскага раёна Магілёва асудзіў Аляксандра Гайкова да двух гадоў “хатняй хіміі” паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса. Мужчына прызнаў віну і сплаціў суму маральнай шкоды. Прысуд вынесла суддзя Вера Палякова. 20 снежня ў гэтым жа судзе Элу Заверухіну асудзілі да 1,5 гадоў “хатняй хіміі” паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса. Прысуд вынесены суддзёй Т. Касцюк.


"Вясна" збірае інфармацыю з "палітычных" судовых пасяджэнняў, што адбываюцца па ўсёй краіне. Калі ласка, дасылайце нам аўдыё і тэкставую інфармацыю на Telegram: @ViasnaSOS@spring96info і Email: viasna@spring96.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства