viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Травень 2021

2021 2021-06-01T15:15:35+0300 2021-06-02T17:40:17+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vokladka_may_2021.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы:

  • на працягу месяца ўлады працягвалі актыўна ўжываць крымінальны пераслед грамадзянаў па палітычных матывах. Па дадзеных Генеральнай пракуратуры, за перыяд са жніўня 2020 г. было распачата больш за тры тысячы крымінальных спраў за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў і акцый пратэсту;
  • па дадзеных ПЦ "Вясна", на працягу месяца судамі былі вынесены прысуды ў дачыненні да не менш за 109 чалавек па палітычна матываваных крымінальных справах. Маніторынг судовых працэсаў, які праводзіўся валанцёрамі і юрыстамі ПЦ "Вясна", засведчыў шматлікія парушэнні прынцыпаў справядлівага судовага разбяральніцтва і працэсуальных правоў і гарантый абвінавачаных;
  • у месцах несвабоды знаходзяцца 454 палітвязняў і іх колькасць працягвае павялічвацца;
  • працягваюцца затрыманні ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту, а таксама адвольныя затрыманні грамадзянаў за выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі, у тым ліку ў прыватным жытле і тэрыторыях. Усяго за травень ПЦ "Вясна" валодае інфармацыяй аб затрыманні 332 чалавек (з іх у Мінску 257) і аб вынясенні каля 240 судовых пастаноў: у 160 выпадках накладзены адміністрацыйны арышт, у 77 – штраф;
  • 18 траўня супрацоўнікамі ДФР КДК былі праведзеныя ператрусы ў офісах ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» (у тым ліку рэдакцыі партала), а таксама па месцы пражывання супрацоўнікаў і журналістаў. Адначасова Мінінфармам быў заблакаваны доступ да сайта TUT.by. У выніку дадзенай спецаперацыі беларускіх спецслужбаў былі затрыманы 15 супрацоўнікаў кампаніі і журналістаў, у тым ліку ўдава стваральніка рэсурсу Юлія Чарняўская. ПЦ "Вясна" ацэньвае дадзены крымінальны пераслед як чарговую атаку ўладаў Беларусі на незалежную журналістыку ў краіне, накіраваную на знішчэнне аднаго з самых папулярных і ўплывовых інфармацыйных інтэрнет-парталаў;
  • 24 траўня ў выніку гвалтоўнай, з ужываннем знішчальніка ВПС Беларусі, пасадкі самалёта кампаніі Ryаnair ў Нацыянальным аэрапорце г. Мінска спецслужбамі Беларусі быў затрыманы блогер Раман Пратасевіч і студэнтка ЕГУ, грамадзянка Расіі Сафія Сапега. Дадзеныя дзеянні афіцыйнага Мінска прывялі да рэакцыі ў адказ краін ЕС, ЗША, Вялікабрытаніі і Украіны, што прывяло да забароны палётаў авіякампаній гэтых краін у Беларусь і праз паветраную прастору Беларусі, а таксама забароны палётаў нацыянальнай авіякампаніі «Белавія» ў краіны ЕС і іншых негатыўных наступстваў;
  • выклікаюць занепакоенасць шматлікія факты жорсткага абыходжання ў дачыненні да грамадзян, затрыманых і падвергнутых адміністрацыйнаму арышту за ўдзел у мірных сходах. Наўмысна створаныя адміністрацыямі ЦІП і ІЧУ бесчалавечныя ўмовы ўтрымання для дадзенай катэгорыі арыштаваных расцэньваюцца экспертамі ПЦ "Вясна" як катаванні. Пры нявысветленых абставінах у папраўчай калоніі ў г. Шклове памёр палітвязень Вітольд Ашурак;
  • на працягу месяца сітуацыя з правамі чалавека ў краіне працягвала значна пагаршацца.

Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны крымінальны пераслед

Крымінальны пераслед па палітычных матывах застаецца асноўнай формай рэпрэсій і набывае ўсё больш і больш масавы характар.

Па абноўленых дадзеных Генеральнай пракуратуры, пачынаючы са жніўня 2020 г. пракурорамі накіравана ў суды 667 крымінальных спраў у дачыненні да 944 асобаў “па фактах іх удзелу ў масавых беспарадках, здзяйснення дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак і звязаных з невыкананнем законных патрабаванняў прадстаўнікоў улады, гвалту і пагрозаў яго прымянення да праваахоўнікаў, іх публічнай абразы, апаганьвання надпісамі чужой маёмасці, хуліганства, здзеку з дзяржаўнай сімволікі”. 682 з іх ужо асуджаны.

ПЦ "Вясна" вядома пра не менш за 109 асуджаных у ходзе палітычна матываваных крымінальных судовых працэсаў, якія прайшлі ў краіне на працягу месяца.

Колькасць палітвязняў па стане на 1 чэрвеня склала 454 чалавекі, і гэтая лічба працягвае павялічвацца.

У траўні прайшоў шэраг рэзанансных групавых крымінальных працэсаў у дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў і прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі.

Так, у выніку закрытага судовага працэсу пад старшынствам суддзі Ірыны Ланчавай у Магілёўскім абласным судзе да працяглых тэрмінаў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК) былі асуджаныя сустаршыня партыі БХД Павел Севярынец , актывісты руху «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель, Павал Юхневіч, Максім Вінярскі, Андрэй Войніч, блогер Дзмітрый Казлоў і актывістка Ірына Шчасная.

4 траўня суд Чыгуначнага р-на г. Гомеля асудзіў да пазбаўлення волі сяброў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай па абвінавачваннях ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК) і захопе будынкаў і збудаванняў (арт. 292 КК). Юрый Уласаў (быў таксама асуджаны па ч. 1 арт. 369 КК) быў прысуджаны да шасці з паловай гадоў пазбаўлення волі, Таццяна Канеўская, Дзмітрый Івашка і Аляксандр Шабалін – да шасці гадоў пазбаўлення волі.

21 траўня суд Ленінскага р-на г. Брэста прысудзіў да пазбаўлення волі трынаццаць абвінавачаных па ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках). Двое з іх – непаўналетнія. Яны асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі і ўзятыя пад варту ў зале суда.

14 траўня ў судзе Савецкага р-на г. Мінска (справа разглядаецца ў памяшканні суда Кастрычніцкага р-на г. Мінска ў Доме правасуддзя) распачаўся судовы працэс па абвінавачванні адзінаццаці студэнтаў і выкладчыцы універсітэтаў па абвінавачванні ў арганізацыі і актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК). Усе абвінавачаныя знаходзяцца пад вартай у СІЗА з лістапада 2020 г.

У Гомель для ўдзелу ў судовым працэсе былі этапаваныя палітык Мікалай Статкевіч, блогеры Сяргей Ціханоўскі і Ігар Лосік.

Рэзананснымі падзеямі месяца сталі затрыманні журналістаў і супрацоўнікаў самага папулярнага ў краіне незалежнага інфармацыйнага партала TUT.by і затрыманне ў Нацыянальным аэрапорце Мінска блогера Рамана Пратасевіча і студэнткі ЕГУ Сафіі Сапегі.

Затрыманні журналістаў і супрацоўнікаў партала TUT.by 18 траўня суправаджаліся ператрусамі як у офісе выдання, так і ў офісах іншых асацыяваных з TUT.by арганізацый і выданняў (av.by, hoster.by і інш.), а таксама па месцы пражывання затрыманых. Таксама ператрусы прайшлі ў офісах TUT.by у Брэсце і Гомелі.

Адначасова з затрыманнямі і ператрусамі Мінінфармам па ўказанні Генпракуратуры быў заблакаваны доступ да сайта TUT.by па прычыне парушэння заканадаўства аб СМІ – размяшчэнні інфармацыі аб дзейнасці ініцыятывы BYSOL, якая не прайшла дзяржаўнай рэгістрацыі ва ўстаноўленым законам парадку.

Падставай для затрыманняў стала распачатая крымінальная справа па ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры) у дачыненні да службовых асобаў ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ».

У выніку дадзенай спецаперацыі беларускіх спецслужбаў былі затрыманыя 15 чалавек, дванаццаць з якіх на дадзены момант знаходзяцца па вартай у СІЗА, а ў дачыненні да трох, уключаючы ўдаву заснавальніка TUT.by Юлію Чарняўскую, абраная мера стрымання ў выглядзе хатняга арышту.

Затрыманні журналістаў і супрацоўнікаў TUT.by выклікалі негатыўную рэакцыю з боку беларускіх і міжнародных журналісцкіх і праваабарончых арганізацый, а таксама АБСЕ, Савета Еўропы, краін ЕС і ЗША. Усе пятнаццаць затрыманых былі прызнаныя палітычнымі вязнямі беларускімі праваабарончымі арганізацыямі. Па заканчэнні дзесяці дзён ніхто з затрыманых не выйшаў на свабоду, з чаго можна зрабіць выснову аб прад'яўленні ім абвінавачванняў. Сітуацыя пагаршаецца тым, што адвакаты затрыманых знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні матэрыялаў папярэдняга следства і не паведамляюць падрабязнасці прад'яўленых абвінавачанняў.

Вядома, што галоўную рэдактарку TUT.BY Марыну Золатаву і журналістку партала Алену Талкачову абвінавачваюць у саўдзеле ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 1 арт. 16 ч. 2 арт. 243 КК). Санкцыя артыкула прадугледжвае да 5 гадоў абмежавання волі або ад 3 да 7 гадоў пазбаўлення волі.

24 траўня ў выніку прымусовай пасадкі беларускімі ўладамі пасажырскага авіялайнера кампаніі Ryanair ў Нацыянальным аэрапорце г. Мінска прадстаўнікамі спецслужбаў Беларусі быў затрыманы вядомы блогер Раман Пратасевіч, а таксама студэнтка ЕГУ, грамадзянка РФ Сафія Сапега, якая ляцела разам з ім.

Самалёт накіроўваўся з Афінаў у Вільню і быў вымушаны адхіліцца ад маршруту ў сувязі з паступленнем ад дыспетчараў мінскага аэрапорта інфармацыі аб мініраванні самалёта і рэкамендацый здзейсніць пасадку не ў пункце прыбыцця, а ў Мінску. Таксама “для суправаджэння” грамадзянскага самалёта ў паветра па асабістым загадзе А. Лукашэнкі быў узняты знішчальнік ВПС Беларусі МІГ-29.

Пры даглядзе самалёта, пасажыраў і багажу пасля прызямлення ў Мінску ніякага выбуховага прыстасавання выяўлена не было, а абвешчаны ў міжнародны вышук і унесены беларускімі ўладамі ў нацыянальны спіс тэрарыстаў Раман Пратасевіч, а таксама Сафія Сапега, былі затрыманыя.

Пазней стала вядома, што Раман Пратасевіч і Сафія Сапега ўзятыя пад варту і змешчаныя ў СІЗА па абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 2 арт. 293 КК), групавых дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК) і ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варажнечы).

Прымусовая пасадка самалёта пры задзейнічанні баявой авіяцыі ў мэтах затрымання двух апазіцыйных блогераў выклікала жорсткую негатыўную рэакцыю з боку краін ЕС, ЗША, Вялікабрытаніі і Украіны, што выявілася, акрамя іншага, у забароне палётаў над Беларуссю, у Беларусь і з Беларусі. Таксама ЕС заявіў аб падрыхтоўцы чацвёртага пакета санкцый у дачыненні да кіраўніцтва Беларусі, у тым ліку і магчымыя эканамічныя санкцыі.

Парушэнні свабоды мірных сходаў

Працягваецца крымінальны і адміністрацыйны пераслед удзельнікаў мірных пратэстаў.

3 траўня суд Першамайскага раёна г. Мінска вынес прысуд 18-гадоваму Мацвею Будніцкаму. Па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса яго асудзілі на два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Суддзя Анастасія Кулік прызнала яго вінаватым у тым, што 4 кастрычніка на праспектах Машэрава і Пераможцаў, а таксама вуліцах Прытыцкага, Любімава, Сурганава, Кальварыйскай і Прылуцкай ён прыняў актыўны ўдзел у масавым мерапрыемстве, “дзейнічаў сумесна і ўзгоднена ў групавых дзеяннях, з выкарыстаннем рупара”. Паводле абвінавачання, гэта пацягнула парушэнне працы транспарту і прадпрыемстваў.

7 траўня ў судзе Маскоўскага раёна г. Брэста асудзілі яшчэ чатырнаццаць фігурантаў па “справе карагодаў” па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу за ўдзел 13 верасня ў акцыі на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава, калі пратэстоўцы былі разагнаныя вадамётам. Суддзя Іна Клышпач прызнала ўсіх вінаватымі і прызначыла ім пакаранне ад 18 месяцаў абмежавання волі да аднаго года калоніі. Колькасць абвінавачаных па “справе карагодаў” ужо больш за 70 чалавек. Гэта адна з самых масавых палітычных справаў у Беларусі. Брэсцкія суды асудзілі па гэтай справе ўжо 32 чалавекі.

21 траўня ў Ленінскім судзе г. Брэста вынеслі прысуд трынаццаці берасцейцам па крымінальнай справе аб “масавых беспарадках” пасля выбараў (ч. 2 арт. 293 КК). Суддзя Андрэй Грушко асудзіў адзінаццаць палітвязняў на тэрміны ад трох з паловай да пяці гадоў калоніі, дваіх непаўналетніх – на тры гады ў выхаваўчай калоніі. У сакавіку па гэтай справе на такія ж тэрміны асудзілі першых дзевяць чалавек. Усяго ў калонію па справе жнівеньскіх “беспарадкаў” брэсцкія суды адправілі ўжо 22 чалавекі. Суды над астатнімі фігурантамі гэтай справы яшчэ чакаюцца.

У судзе Цэнтральнага раёна г. Мінска суддзя Вікторыя Шабуня асудзіла да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі палітвязня, сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі Сяргея Капанца. За падзеі 9-11 жніўня ў Мінску яго абвінавацілі ў дапамаганні Сцяпану Пуцілу, Раману Пратасевічу і іншым асобам у арганізацыі масавых беспарадкаў, што выявілася ў перадачы ў бот телеграм-канала тэкставай інфармацыі і відэа аб перамяшчэнні спецтэхнікі сілавікоў 9 жніўня, а таксама ў распаўсюдзе ўлётак, перададзеных яму Юрыем Васкрасенскім, і каардынаванні руху людзей ад ГЦ «Спектр» да адміністрацыі Першамайскага раёна пасля закрыцця ўчасткаў для галасавання 9 жніўня. Таксама Капанца асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту 10 і 11 жніўня на вуліцы Прытыцкага і праспекце Пушкіна ў Мінску.

Супрацоўнікі міліцыі забіраюць прадстаўнікоў самых розных прафесій і сацыяльных груп з хаты, затрымліваюць на працы; адбываюцца ператрусы і допыты. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў. У судах Мінска і ў рэгіёнах праходзяць разгляды адміністрацыйных справаў у дачыненні да грамадзян, якіх затрымлівалі за сцягі і налепкі на вокнах, вывешванне нацыянальных сцягоў і іншай сімволікі, а таксама іншыя формы пратэсту ці выказвання меркаванняў.

Усяго за травень былі затрыманыя 332 чалавекі (257 – у Мінску). Асуджаныя каля 240 чалавек: не менш за 160 да арышту, не менш 74 (не менш 77 выпадкаў) да штрафу (з іх 24 чалавекі ў памеры 100 базавых велічынь – 2 900 руб., двое ў памеры 200 базавых велічынь – 5 800 руб.).

Парушэнні свабоды выказвання меркаванняў

26 красавіка суд Аршанскага раёна і г. Оршы асудзіў на адзін год і шэсць месяцаў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу жыхарку горада Лідзію Папову за паклёп (арт. 188 КК) у адрас старшыні выбарчай камісіі Таццяны Аланцьевай. Суддзя Юлія Вяршыніна пагадзілася з абвінавачваннем, якое сцвярджала, што абвінавачаная размясціла ў тэлеграм-чаце «Орша 97%» публікацыю з фота і тэкстам, якая утрымлівала звесткі аб падпісанні пацярпелай пратакола з сфальсіфікаванымі вынікамі падліку галасоў выбаршчыкаў падчас выканання абавязкаў у якасці старшыні ўчастковай камісіі на выбарчым участку №33 г. Орша. Лідзія Папова сваю віну не прызнала і заявіла, што давала паказанні следчаму пад псіхалагічным ціскам. Суддзя прыйшла да высновы, што апублікаваныя звесткі падрываюць “давер да выбарчай сістэмы Рэспублікі Беларусь у цэлым”.

4 траўня ў судзе Маскоўскага раёна г. Мінска суддзя Сяргей Кацер асудзіў на 2 гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ тэхніка Інстытута мяса-малочнай прамысловасці Андрэя Цемяноўскага па арт. 369 Крымінальнага кодэкса за абразу ў телеграм-канале “Карнікі Беларусі” камандзіра АМАПа ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрыя Балабы. Пацярпелы ацаніў маральную шкоду ў 1 000 рублёў. Таксама суд вынес прыватнае вызначэньне кіраўніцтву Інстытута, дзе працуе абвінавачваны, у якім, на думку суда, “недастатковая прафілактычная і тлумачальная праца ў калектыве аб недапушчальнасці здзяйснення злачынстваў і правапарушэнняў”. Абцяжарваючай акалічнасцю была прызнаная “палітычная і ідэалагічная варожасць” як матыў здзяйснення злачынства.

У розных гарадах Беларусі вынесены прысуды за публікацыю ў сацыяльных сетках негатыўных, у тым ліку абразлівых («скот») каментарыяў да публікацый пра супрацоўнікаў МУС у сувязі з іх удзелам ці меркаваным ўдзелам у падаўленні мірных пратэстаў. Прысуды, як правіла, абмежаванне волі.

У Пружанах суддзя Вадзім Мазоль прысудзіў 53-гадовую Людмілу Кузняцову да года пазбаўлення волі за абразу прэзідэнта па ч. 1 ст. 368 КК. Жанчына была арыштаваная ў зале суда, а ў яе дома засталося каля 80 жывёл. Паводле абвінавачання, жанчына 12 жніўня 2020 г. размясціла ў запісе мужа ў сацсетцы “Вконтакте” доўгае паведамленне з выслоўямі ў адрас Лукашэнкі.

31 траўня суддзя Юльяна Шчэрба з суда Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы асудзіла 47-гадовага Вячаслава Кульбу па абвінавачванні ў публічнай абразе прэзідэнта (ч. 1 арт. 368 КК) на два гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ. Паводле абвінавачання, Кульба 20 лістапада 2020 года “наўмысна, маючы мэту публічнай абразы дзеючага прэзідэнта А.Р. Лукашэнкі, усведамляючы зневажальны характар ​​свайго выказвання, разлічваючы на ​​тое, што ў наступным запіс стане даступны нявызначанаму колу асоб, у кнізе заўваг і прапаноў АЗС ўласнаручна пісьмова ўчыніў запіс, які змяшчае інфармацыю абразлівага характару: «Скаргаў няма. Не разумею калектыў вашай АЗС, які падтрымлівае рэжым узурпатара Лукашэнкі».

7 траўня ў Мінскім абласным судзе вынесены прысуды фігурантам справы телеграм-канала «Армія з народам». Асуджаныя пяць чалавек: актывіст партыі “Народная грамада” Сяргей Спарыш, удзельніца руху “Краіна для жыцця” Антаніна Канавалава, блогеры Сяргей Ярашэвіч, Сяргей Коршун і Яўген Прывалаў. Іх прызналі вінаватымі ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках, у падрыхтоўцы беспарадкаў, а Спарыша таксама ў тым, што перашкаджаў працы Цэнтрвыбаркама. Суддзя Сяргей Епіхаў прызначыў ім ад чатырох з паловай да шасці гадоў пазбаўлення волі.

14 траўня Вярхоўны суд прысудзіў Дзяніса Урада да 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за здраду дзяржаве. Таксама яго пазбавілі звання. Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Прысуд абскарджанню не падлягае. Паводле інфармацыі праўладных СМІ, 14 сакавіка на дзяжурстве Дзяніс сфатаграфаваў сакрэтны ліст ад міністра ўнутраных спраў міністру абароны аб выкарыстанні вайскоўцаў у падаўленні пратэстаў і адправіў телеграм-каналу Сцяпана Пуцілы. Раней праваабаронцы прызналі Урада палітвязнем, падкрэсліўшы, як і раней Камітэт па правах чалавека ААН, што парушэннем п. 3 арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах будзе спасылка на законы аб дзяржаўнай здрадзе і аналагічныя акты, якія тычацца нацыянальнай бяспекі, службовай таямніцы, барацьбы з падрыўной дзейнасцю, з тым, каб утрымаць ці ўтаіць ад шырокай грамадскасці інфармацыю, якая прадстаўляе законны грамадскі інтарэс і не пагражае нацыянальнай бяспецы, а таксама, каб пераследваць журналістаў, даследчыкаў, абаронцаў навакольнага асяроддзя, праваабаронцаў ці іншых асоб за распаўсюд такой інфармацыі.

Гэтыя і іншыя выпадкі сведчаць аб працягу практыкі рэпрэсій за выказванні ў сацыяльных сетках і іншыя формы выказвання меркаванняў.

Ціск на журналістаў і медыя

У месцах пазбаўлення волі на канец траўня, па дадзеных БАЖ, знаходзіліся 34 журналісты.

Журналістаў рэгулярна адвольна затрымліваюць, абшукваюць і падвяргаюць пазбаўленню волі за выкананне прафесійных абавязкаў.

Рэпрэсіі не абмяжоўваюцца пазбаўленнем волі прадстаўнікоў медыя і незалежных журналістаў: у месцах зняволення тыя падвяргаюцца дадатковаму ціску ў выглядзе змяшчэння ў карцар, стварэння невыносных умоваў адбыцця арышту або знаходжання пад вартай. Уладамі штучна ствараецца інфармацыйны вакуум вакол ахвяраў пераследу па палітычных матывах: адвольна абмяжоўваецца ліставанне, адвакатам забараняецца паведамляць самыя базавыя звесткі пра лёс падабаронных – сутнасць абвінавачвання, месца ўтрымання і г.д.

Незалежны журналіст, палітвязень Дзяніс Івашын, які супрацоўнічае з «Новым часам», знаходзіцца ў турме №1 Гродна з 12 сакавіка 2021 года. У пачатку траўня апублікаваная інфармацыя, што журналіст знаходзіцца ў карцары і яму забароненыя перадачы і спатканні з адвакатам. Івашын займаецца расследаваннямі. Апошні яго матэрыял быў пра тое, як былыя ўкраінскія “беркутаўцы” паспяхова ўладкаваліся на службу ў беларускую міліцыю. Сваякі і калегі лічаць, што затрыманне Івашына звязана менавіта з гэтым. Івашыну адвольна прад'яўленае абвінавачванне па арт. 365 Крымінальнага кодэкса – “Умяшанне ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў”.

15 траўня ў Магілёве асуджаныя журналісты Аляксандр Буракоў і Уладзімір Лапцэвіч. Іх затрымалі 12 траўня каля будынка Магілёўскага абласнога суда, дзе пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да актывістаў апазіцыі, і асудзілі на 20 сутак арышту кожнага. Як піша телеграм-канал MAYDAY, на пасяджэнні Аляксандр Буракоў распавёў, што ён падвяргаецца катаванням і бесчалавечнаму абыходжанню ў ІЧУ УУС Магілёўскага аблвыканкама. Затрыманаму не давалі нармальна спаць некалькі начэй, рэгулярна ладзячы праверкі з распрананнем дагала ў калідоры, а таксама не перадалі перадачу ад сваякоў.

Да гэтага часу, з лістапада 2020 года, не можа аднавіць выпуск друкаванага выдання рэдакцыя «Народнай волі»: друкарні ў Беларусі адмаўляюць у друку выпускаў газеты.

Генпракуратура вынесла папярэджанне галоўнаму редактару газеты «Новы час». Папярэджанне атрымана за публікацыі “Не вельмі заўважнае, але важнае”, апублікаваную 26 лютага, “Дымавая заслона з наступствамі” і “Складаней за ўсё прымаць беззаконне” з нумара газеты за 9 красавіка.

Катаванні. Жорсткае, бесчалавечнае, прыніжальнае абыходжанне

Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці (IAPB) перадасць сабраныя сведчанні для далейшага расследавання пад эгідай ААН. IAPB была створана для збору, праверкі і захоўвання дадзеных аб сур'ёзных парушэннях правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх, каб затым выкарыстоўваць іх для незалежнага крымінальнага расследавання і пакарання вінаватых. Платформа аб'ядноўвае праваабарончыя арганізацыі ў асноўным з краін Еўропы. Узначальвае яе дацкі інстытут супраць катаванняў Dignity.

Абвінавачаныя ў судах па палітычна матываваных справах заяўлялі пра ўжыванне да іх катаванняў для атрымання звестак, прызнальных паказанняў і прымусу да ўдзелу ў здымкам прапагандысцкіх відэаролікаў, дзе затрыманыя прызнаваліся ў здзяйсненні супрацьпраўных дзеянняў і раскайваліся. Аб шакавальных сваёй выбарчай жорсткасцю ўмовах утрымання палітычных зняволеных у ізалятарах распавядаюць затрыманыя і асуджаныя па адміністратыўных справах.

22 траўня ў ПК №17 г. Шклова памёр Вітольд Ашурак, якога 18 студзеня ў Лідзе на закрытым працэсе асудзілі на 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Следчы камітэт, жадаючы абвергнуць версію аб гвалтоўным характары смерці, паспяшаўся апублікаваць каментар і відэазапісы, дзе відаць, што зняволены напярэдадні смерці згубіў прытомнасць ў камеры, але своечасовая медыцынская дапамога ў поўным аб'ёме яму не аказвалася. Гэта Следчы камітэт патлумачыў адмовай зняволенага ад шпіталізацыі.

Смяротнае пакаранне

4 траўня ў Вярхоўным судзе разгледжана апеляцыйная скарга асуджанага да смяротнага пакарання Віктара Скрундзіка. Калегія па крымінальных справах пакінула апеляцыйную скаргу без задавальнення. Цяпер у асуджанага засталася апошняя магчымасць пазбегнуць пакарання – памілаванне ад імя Лукашэнкі.

30 чэрвеня 2020 года калегія Вярхоўнага суда па крымінальных справах адмяніла ранейшы прысуд. Справу вярнулі на новы разгляд у Мінскі абласны суд, які, нягледзячы на ​​апраўданне Скрундзіка па адным з эпізодаў, у другі раз прысудзіў яго да смерці.

Гарантыі справядлівага суда

У сувязі са шматлікімі фактамі парушэнняў працэсуальных правоў і гарантый абвінавачаных, а таксама іх абаронцаў па палітычна матываваным крымінальных справах праваабарончыя арганізацыі Беларусі выступілі з заявай. У прыватнасці, некаторыя крымінальныя справы без дастатковых падстаў разглядаюцца ў закрытым рэжыме.

5 траўня ў судзе Заводскага раёна пачаўся суд над чатырма адміністратарамі телеграм-канала і чата “Кіроўцы 97”. Абвінавачаныя па справе – палітвязні Дзяніс Гуцін, Ганна Вішняк, Вікторыя Кульша, а таксама Таццяна Ш., якая не знаходзіцца пад вартай. Іх абвінавачваюць па ч. 1 і 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і падрыхтоўка альбо навучанне такой дзейнасці). Паводле тэксту абвінавачванняў, усе яны, дзейнічаючы ў злачыннай змове, наўмысна заклікалі да масавых беспарадкаў, блакаванні дарог у сувязі з незадаволенасцю уладай і фальсіфікацыяй выбараў. Яшчэ да пачатку працэсу суд зрабілі закрытым.

У дачыненні да асуджанага да двух гадоў пазбаўлення волі фігуранта справы аб пашкоджанні аўтамабіля супрацоўніка МУС Арцёма Анішчука ў магілёўскай ПК-15 завялі новую крымінальную справу – па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Папярэдняя прычына новай справы – Анішчук нібыта парушыў рэжым: двойчы адмовіўся рабіць уборку. Але некалькі тыдняў ні родныя, ні адвакат не могуць з ім звязацца, ад самага асуджанага не паступае ніякіх звестак. Пацярпелым па першай крымінальнай справе стаў намеснік начальніка аддзела арганізацыі аператыўна-рэжымнай работы ў ПК, ВК, ЛПП Дэпартамента выканання пакарання МУС.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства